Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі разам з мясцовымі вернікамі маліўся за Святога Айца ў гадавіну яго абрання

13 сакавіка, у сёмую гадавіну абрання Папы Францішка на пасад святога Пятра, яго прадстаўнік у нашай краіне Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены.

Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас

Вітаючы высокага госця на пачатку святой Імшы, пробашч парафіі ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк адзначыў, што ўдзел прадстаўніка Папы Францішка ў Эўхарыстыі з’яўляецца выразным знакам еднасці Касцёла на Беларусі з бачным галавою паўсюднага Касцёла, Папам. Разам з ксяндзом Махэрам Шаммасам Эўхарыстыю ў інтэнцыі Святога Айца цэлебравалі Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў айцец архімандрыт Сяргей Гаек і святары рыма- і грэка-каталіцкага абрадаў.

Цэлебруючы святую Імшу на добрай беларускай мове, прадстаўнік Папы ў нашай краіне паказаў, з якою сапраўды апостальскаю павагаю ставіцца ён да вернікаў мясцовага Касцёла.

На пачатку гаміліі ён папрасіў прабачэння за тое, што пакуль яшчэ не можа прамовіць Божае слова па-беларуску, таму скарыстаўся паслугай перакладчыка.

Перадусім ксёндз Махэр Шаммас нагадаў, што Папа Францішак заўсёды просіць вернікаў маліцца за яго. Гадавіна абрання яго біскупам Рыма і кіраўніком усяго паўсюднага Касцёла – гэта асабліва важная нагода для такой малітвы, адзначыў святар.

Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас

У гаміліі ён засяродзіўся на пакліканні да святасці і растлумачыў, якім чынам яго можна рэалізаваць у жыцці. Ксёндз Махэр Шаммас звярнуў увагу на тое, што святасць дасягаецца не тым, што чалавек сам намагаецца зрабіць. Святасць перадусім залежыць ад здольнасці даць у жыцці месца Езусу і Яго збаўчай любові. Менавіта Яго бязмежная любоў дае магчымасць вызваліцца ад усялякага зла і адкрыць сэрца для Бога і для бліжніх.

«Калі хтосьці мае такую любоў, няхай радуецца і дзякуе за гэта Богу. Калі ж яшчэ не мае – няхай у малітве просіць Езуса аб гэтай ласцы, неабходнай для дасягнення святасці ў штодзённым жыцці», – падкрэсліў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне.

Па паходжанні ліванец, ксёндз Махэр Шаммас з усмешкаю адзначыў, што першага суайчынніка на беларускай зямлі сустрэў менавіта ў Чырвоным касцёле. На алтары святыні знаходзяцца рэліквіі святога Шарбэля Маклуфа, ліванскага манаха, чыё заступніцтва перад Богам мае вялікую моц.

Тое, з якою пашанаю беларускія вернікі ставяцца да святога Шарбэля, яшчэ больш збліжае прадстаўніка Папы з католікамі нашай краіны і падкрэслівае адзінства ў разнастайнасці паўсюднага Касцёла ва ўсім свеце, аб’яднанага пад адным бачным галавою – біскупам Вечнага горада Рыма.

Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас

Тэкст і фота: дк. Мікола Гракаў
Паводле catholic.by

-03-13-chk-
-03-13-chk-
-03-13-chk-
-03-13-chk-
-03-13-chk-
-03-13-chk-
-03-13-chk-
-03-13-chk-

Меткі: Парафія, кс. Уладзіслаў Завальнюк, святары і законнікі, Літургія, Госці, прадстаўнік Папы