Гучыць родная мова ў касцёле!
«Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Чырвоным касцёле», які быў прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы па рашэнню ЮНЕСКА, завяршыўся 23 лютага літаратурным конкурсам сярод дзяцей на лепшае выкананне вершаў беларускіх паэтаў. Гэта было сапраўднае свята як для дзяцей, так і для іх бацькоў. Паважанае журы, у саставе якога быў пробашч касцёла, ксёндз-канонік Уладзіслаў, выдзеліла для 39 удзельнікаў конкурсу прызы па сямі намінацыях. Вельмі ўразіла тое, што дзеці любяць беларускую мову і ведаюць класікаў беларускай літаратуры, вершы якіх прагучалі на свяце.
За гэты тыдзень у касцёле праводзіліся розныя мерапрыемствы, выставы; чулася беларуская мова, беларускія спевы, вершы, праводзіліся літаратурныя сустрэчы, канферэнцыі, спектаклі, канцэрты, конкурсы.
З вялікай зацікаўленасцю прайшла канферэнцыя «Застаўся ў памяці народнай», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння беларускага святара- паэта Казіміра Сваяка. Актыўна прайшла літаратурная сустрэча «Узводзьма ў сэрцах Госпаду храмы», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна.
З вялікім пад’ёмам прайшла, як заўсёды, традыцыйная беларуская дыктоўка, на якую прыйшло шмат беларусаў усіх узростаў.
Бібліятэку імя Адама Міцкевіча наведала каля тысячы чалавек. Вельмі прыемна, што наведвальнікі былі не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі сустрэч і мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы. На гэтых тэматычных сустрэчах прысутнічалі хрысціяне розных канфесій. Усім было ўтульна у ветлівых сценах нашага касцёла, аб чым сведчаць водгукі ў кнізе пажаданняў.
«Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Чырвоным касцёле» паказаў, што беларуская мова не замірае ў святыні, яна часцей ўжываецца, развіваецца і праяўляецца ў жывой актыўнасці нашых парафіян.
Галіна Бельская
Меткі: Бібліятэка