Прэзідэнт Кубы ў першы дзень візіту ў Беларусь наведаў касцёл і сустрэўся з арцыбіскупам Кандрусевічам
22 кастрычніка мінскі Чырвоны касцёл наведаў прэзідэнт Рэспублікі Куба Мігель Дыяс-Канель, які прыехаў у Беларусь з афіцыйным візітам і ў першы ж дзень выявіў жаданне наведаць каталіцкую святыню.
Прэзідэнта разам з жонкай і афіцыйнай дэлегацыяй прывітаў ля ўваходу ў касцёл арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Гасцей з Кубы ўрачыста сустракаў і пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, іншыя святары, што працуюць у парафіі, і хлопцы з дзяўчатамі ў шляхецкіх і беларускіх народных строях.
Пасля прывітання прэзідэнта правялі да месца пахавання беларускага каталіцкага мецэната і грамадскага дзеяча Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла св. Сымона і св. Алены, які сёння з’яўляецца адной з найбольш пазнавальных архітэктурных дамінантаў сталіцы.
Гасцям расказалі пра вялікае значэнне гэтага чалавека для католікаў горада Мінска, а таксама пра тое, што Эдвард Вайніловіч можа стаць першым свецкім святым у Касцёле на Беларусі.
Арцыбіскуп Кандрусевіч запрасіў кубінскага прэзідэнта прайсці да галоўнага алтара касцёла.
Мігель Дыяс-Канель разам з жонкаю пакінулі запіс у кнізе наведвальнікаў Чырвонага касцёла, а таксама паставілі запаленую свечку каля вялікай фігуры Маці Божай, якая знаходзіцца пры алтары.
Вось што напісаў Мігель Дыяс-Канель у кнізе ганаровых гасцей святыні:
«Для мяне вялікі гонар мець магчымасць наведаць такі прыгожы горад, як Мінск, быць на гэтай плошчы і ў гэтым касцёле, які захоўвае ў сабе багатую гісторыю і культуру. Вялікі дзякуй за тое, што нас прынялі, за вашую дабрыню».
«За 30 гадоў майго біскупскага служэння, у тым ліку ў Расіі, толькі некалькі разоў прэзідэнты наведвалі касцёл падчас афіцыйнага візіту ў краіну, — пракаментаваў сустрэчу ўжо пасля развітання з дэлегацыяй арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. – Таму прыезд прэзідэнта Кубы ў Чырвоны касцёл – рэдкая падзея, якая ўвойдзе ў гісторыю Касцёла ў Беларусі. Сітуацыя Касцёла на Кубе шмат гадоў заставалася вельмі складанаю. Сёння мы ўспамінаем святога Яна Паўла ІІ, а менавіта ён калісьці прыляцеў на Кубу і сустрэўся з Фідэлем Кастра, пасля чаго пачаліся добрыя змены для мясцовага Касцёла. Потым ужо і Бэнэдыкт XVI наведваў Кубу, і, як памятаем, сустрэча папы Францішка і патрыярха Кірыла адбылася менавіта на Кубе».
Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату таксама адзначыў, што візіт прэзідэнта Кубы ў Чырвоны касцёл – гэта не проста прыемная сустрэча.
Гэты жэст, на думку іерарха, азначае, што, наведваючы нашую краіну, прэзідэнт хацеў пазнаёміцца з католікамі Беларусі, выказаць сваю павагу людзям.
Арцыбіскуп заўважыў, што прэзідэнт перад уваходам у касцёл пацікавіўся, ці не адбываецца цяпер там якое-небудзь набажэнства, каб не перашкодзіць вернікам.
Тэкст: Вольга Качалка
Фота: Віталій Палінеўскі
Паводле Catholic.by
Меткі: Госці, Мерапрыемствы, Парафія, бп. Тадэвуш Кандрусевіч