Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

У Мінску 120 дзяцей прынялі Першую Камунію з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

У нядзелю 19 мая ў сталічнай парафіі св. Сымона і св. Алены адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі, якую з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прынялі 120 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Уздоўж усяго Чырвонага касцёла ў сярэдзіне святыні – два шэрагі анёлаў з сэрцамі на далонях. На іх – імёны тых, хто ў гэты дзень упершыню прыняў вуснамі Цела Хрыста і адкрыў для Збаўцы сваё сэрца.

першая Святая Камунія 2019

Для таго, каб дайсці да гэтага радаснага дня, спатрэбіліся два гады падрыхтоўкі, падчас якой дзеці вучылі малітвы і пазнавалі асноўныя праўды хрысціянскай веры. Цэнтральная з іх – гэта вучэнне Касцёла пра сапраўдную, рэальную і істотную прысутнасць жывога Хрыста ў белай Гостыі – прэсным пшанічным хлебе, які ў сакрамэнце Эўхарыстыі падчас св. Імшы пераісточваецца ў Яго святое Цела.

Нядзельнай раніцай вялікая група са 120 дзяцей у прыгожых белых строях разам са сваімі бацькамі і хроснымі сабралася каля ўваходу ў Чырвоны касцёл.

Пасля кароткага прывітання і малітвы пробашч парафіі кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк акрапіў сабраных асвячанай вадой, а арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, урачыста ўвёў іх у святыню, дзе дзеці ўпершыню ўзялі поўны ўдзел у св. Імшы.

На пачатку цэлебрацыі іерарх асаблівым чынам прывітаў дзяцей, іх бацькоў і блізкіх і выказаў радасць ад таго, што так шмат хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты дзень упершыню прымаюць у свае сэрцы Езуса ў святой Эўхарыстыі. Арцыбіскуп падзякаваў катэхетам, якія рыхтавалі дзяцей да гэтай важнай у іх жыцці падзеі, а таксама выказаў словы падзякі бацькам, якія паклапаціліся аб адпаведным духоўным выхаванні сваіх дзетак.

першая Святая Камунія 2019

У гаміліі пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі нагадаў прысутным, што чытанні пятай Велікоднай нядзелі гавораць пра новыя рэчы: новы Ерузалем, новую зямлю і новае неба, а таксама пра новы закон Езуса: любіць бліжняга, як самога сябе.

Першае чытанне з Дзеяў апосталаў распавядае пра адраджэнне жыцця хрысціянскіх супольнасцяў праз практыку ахвярнай любові. У другім чытанні св. апостал Ян тлумачыць, як у літургіі аднаўляецца Касцёл – Новы Ерузалем, які сыходзіць з неба ад Бога. У Евангеллі Езус кажа пра новы закон: любіць адзін аднаго так, як Ён палюбіў нас.

«Сённяшняя ўрачыстасць Першай святой Камуніі з’яўляецца прыкладам будавання новага Ерузалема, новага маладога Касцёла, які прадстаўляюць сабою гэтыя дзеці», – адзначыў іерарх.

Ён дадаў, што дзень Першай Камуніі для іх – гэта дзень асаблівай радасці, паколькі яны завяршылі падрыхтоўку, паспяхова здалі экзамен і нарэшце сустракаюцца з Езусам.

«Гэта таксама радасць для сем’яў гэтых дзяцей і для ўсёй парафіі. Але ўрачыстасць Першай Камуніі і яе радасць не можа застацца толькі на фотаздымках ці ў нашай памяці. Яна павінна мець свой працяг у практыцы хрысціянскага жыцця, гэта азначае ў частай споведзі і святой Камуніі», – заахвоціў прысутных іерарх.

першая Святая Камунія 2019

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што зазвычай з нагоды Першай Камуніі дзеці атрымліваюць падарункі.

«Але пры гэтым трэба памятаць, што найбольш каштоўным падарункам для іх з’яўляецца Езус, які прыходзіць у іхнія сэрцы. Ён палюбіў нас да таго, што аддаў сваё жыццё, каб нас збавіць праз смерць на Крыжы. І сёння Ён нас не перастае любіць, бо ў Эўхарыстыі становіцца хлебам вечнага жыцця.

Мы таксама павінны любіць Яго, гэта азначае жыць паводле Яго вучэння. Таму Першая Камунія для дзяцей з’яўляецца шанцам перажываць свята любові Бога да чалавека», – падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

першая Святая Камунія 2019

Акрамя таго, ён звярнуў увагу бацькоў на тое, што з Першай св. Камуніяй духоўнае выхаванне дзяцей не заканчваецца, а павінна працягвацца, і што ў гэтым вялікая роля і адказнасць бацькоў, якія павінны прыкладам свайго хрысціянскага жыцця дапамагаць дзецям. Гэта азначае, што яны самі разам з дзецьмі павінны прымаць удзел у нядзельнай Эўхарыстыі, часта спавядацца і прымаць св. Камунію, штодзённа разам маліцца.

«Толькі тады радасць Першай св. Камуніі будзе працягвацца, а не застанецца толькі прыемным успамінам з мінулага», – завяршыў сваё настаўленне арцыпастыр.

Іерарх ад усяго сэрца пажадаў дзецям, якія прынялі Першую Камунію, каб гэты дзень быў для іх сапраўды вельмі радасным і каб радасць сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі паўтаралася ў іх жыцці як мага часцей.

Фота Таццяны Багамазавай
Паводле catholic.by

-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-
-05-19-chyrvony-

Меткі: Першая Святая Камунія, Літургія, Дзеці, Мерапрыемствы, Парафія, бп. Тадэвуш Кандрусевіч