Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Урачыстасць у гонар маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) – нематэрыяльная культурная сусветная спадчына

31 сакавіка ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла адбылася святочная вечарына, прысвечаная ўключэнню Будслаўскага фэста ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Больш 400 гадоў святыня ў Будславе прыцягвае да сябе сотні вернікаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі. Касцёл бернардынцаў, пабудаваны ў 1783 годзе, ікона, як мастацкая і духоўная каштоўнасць, дзённыя і начныя набажэнствы, казанні святароў, пілігрымкі вернікаў, якія ідуць з розных гарадоў і мястэчак, працэсія, ярмарка мастацкіх вырабаў, фестываль каталіцкага і праваслаўнага друку, канцэрты моладзевых гуртоў, намёты і шчырыя размовы моладзі ля вогнішча – усе гэтыя з’явы ствараюць непаўторны каларыт штогадовага Будслаўскага фэста.

Пра пабудову санктуарыя Маці Божай у Будславе і гісторыю цудадзейнага абраза нагадаў прысутным кандыдат гістарычных навук, пробашч Чырвонага касцёла, ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк. Гэтай тэме ён прысвяціў навуковую працу ў час заканчэння вучобы ў Варшаўскай тэалагічнай акадэміі і выдаў пазней асобную кнігу “Будслаўскі касцёл – святыня Беларусі”. Шчырыя споведзі, адпусты, ачышчаюць і прасвятляюць душы вернікаў. Супольная малітва на роднай беларускай мове аб’ядноўвае і мабілізуе народ, стымулюе развіццё культуры і турызма. “З Будслаўскім фэстам мы будзем такім народам, якім Бог хоча бачыць нас! – прамовіў ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк. – Важна, каб усе адчулі, што на Беларусі ёсць такая святыня, якая прызнана ўсім светам!” 6 гадоў таму ўзнікла ініцыятыўная група, каб надаць сапраўднае шанаванне Будслаўскаму фэсту. Мы пачалі рыхтаваць збор дакументаў. Экспертам па гэтым пытанні запрасілі прафесара Уладзіміра Іосіфавіча Навіцкага. Камісія пры Міністэрстве Культуры правяла спецыяльнае пасяджэнне, прысвечанае гэтаму пытанню, на якой было вырашана ўключыць Урачыстасці, прысвечаныя Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст), у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як нематэрыяльную культурную спадчыну (НКС) Беларусі. Некалькі гадоў ішла падрыхтоўчая праца для падачы дасье на разгляд міжурадавай камісіі ЮНЕСКА.

кс. Уладзіслаў Завальнюк

Пра значэнне Будслаўскага фэста распавяла Ала Барысаўна Сташкевіч, член Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, старшыня фонда "Культурная спадчына і сучаснасць". “У 2003 годзе ЮНЕСКА прыняла Канвенцыю аб захаванні духоўнай спадчыны, якую падпісалі 175 краін, у тым ліку і Беларусь. У 2015 годзе Рэспубліка Беларусь прадаставіла пакет дакументаў, у якіх захоўвалася апісанне ўсіх каштоўнасцей Будслава і свята, якое праводзіцца штогод. На гэтым свяце прысутнічае сярэднявечная гісторыя, ікона з’яўляецца ўзорам мастацтва і захоўваецца ў храме, адбываецца ўрачыстая рэлігійная цырымонія. Будслаўскі фэст – гэта тое, што нас адрознівае ад іншых народаў, што нас яднае, цэментуе нацыю, выхоўвае ў духу салідарнасці. Фэст можа паслужыць далейшаму развіццю культуры, росквіту народных рамёстваў, упрыгожанню мясцовасці, паспрыяе устойліваму турызму.

Ала Барысаўна Сташкевіч

Пра арганізацыйную працу распавяла куратар бібліятэкі імя Адама Міцкевіча – Галіна Івуць. Яна наведвала Францыю ў 2015 годзе і была запрошана ў Беларускі культурны цэнтр пры беларускай амбасадзе ў Францыі. Беларуская дыяспара праводзіла мерапрыемствы “Духоўная спадчына Беларусі”, падчас якіх Пані Галіна перадала спіс Будслаўскага абраза ў Кафедральны Храм Трох Свяціцеляў у Парыжы. Таксама адбылася цёплая і ў той жа час рабочая сустрэча ў штаб-кватэры ЮНЕСКА з сакратаром Камісіі па нематэрыяльнай культурнай спадчыне па Будслаўскім пытанні. І вось на пасяджэнні Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА, якое адбывалася ў далёкай краіне Маўрыкій, 28 лістапада 2018 года было прынята канчатковае рашэнне аб уключэнні Будслаўскага фэста ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Галіна Івуць

Сведчаннем пра пешыя посныя пілігрымкі ў Будслаў, якія надаюць здароўя і бадзёрасці, падзялілася паэтка Ядвіга Іванаўна Рай, аўтарка кнігі “Малітва ў дарозе”. Пані Ядвіга ходзіць у пілігрымкі больш дзесяці гадоў і занатоўвае ўсе падзеі і ўражанні аб падарожжах да святыні.

Ядвіга Іванаўна Рай

З прывітаннем да грамады звярнуліся жыхаркі Будслава Ірына Пятровіч і Яніна Дземідовіч, якія штогод гасцінна прымаюць і сустракаюць пілігрымаў. Пані Яніна, якая працуе ў школе і выкладае беларускую мову і літаратуру, падзялілася сваім вершам пра Будслаўскую святыню.

Жыхарка Будслава

З прыгожымі спевамі пра Маці Божую выступілі Таццяна Дробыш і ўдзельнікі дзіцячай студыі “Неспадзянка”. Удзельнікі суполкі “Легіён Марыі” выканалі песню, якая нарадзілася падчас пілігрымкі: “Прысяга каралеве Беларусі”.

Госці вечарыны прагледзілі фільм рэжысёра Уладзіміра Арлова пра Будслаўскі фэст і пазнаёміліся з выставай мастацкіх прац фатографа Віктара Ведзеня “Дарогі, якімі мы Бога шукаем” у дольняй залі касцёла.

Эла Дзвінская

Фота Міхаіла Крыжаноўскага

Меткі: Будслаў, Бібліятэка