Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • «Мы не лезем у палітыку: мы проста молімся за свой народ». У Мінску маліліся за пацярпелых на мірных акцыях пратэсту ў Беларусі

У Чырвоным касцёле адкрылася выстава да юбілею хросту Польшчы

26 верасня ў Мінскім Чырвоным касцёле адкрылася выстава, прысвечаная 1050-годдзю хросту Польшчы. На ўрачыстай Імшы падзякі за дар хросту краіне прысутнічалі амбасадар Польшчы Конрад Паўлік і прадстаўнікі Чэшскай і Славацкай амбасадаў.

Частка гістарычнай экспазіцыі“Не так даўно юбілеі хросту сваіх краін адзначалі Літва і Латвія, — заўважыў пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Завальнюк. — Важным чынам для кожнай з еўрапейскіх краін з’яўляецца станаўленне дзяржаўнасці і здабыццё незалежнасці. А другім па значэнні фактарам з’яднання народа з’яўляецца прыняцце хросту. Дух Святы адкрывае народам вочы і розум, распачынае глыбокую асветніцкую і адукацыйную працу. Фарміруюцца дзяржаўныя інстытуты, будуюцца касцёлы і цэрквы, ствараюцца бібліятэкі і ўніверсітэты".

Святар падкрэсліў у сваёй прамове, што "суседняя нам Польшча мае вялікі плён у дзейнасці такіх асобаў, як Папа Ян Павел II, які наведаў 126 краін свету падчас свайго пантыфікату, кардынал Стэфан Вышынскі, сястра Фаўстына Кавальская, заснавальніца культу Божай Міласэрнасці, святар і выдавец хрысціянскіх часопісаў Максімільян Кольбэ і іншыя”.

Датай прыняцця краінай хросту лічыцца дзень хросту князя Мешкі I, членаў яго сям’і і эліты краіны. Хрост простых людзей было працяглым працэсам.

З якой прычыны і якім чынам прыняў хрост ў 966 годзе князь Мешка I? На гэтыя пытанні адказвае пазнавальная гістарычная прэзентацыя на 10 палотнах, разгорнутая ў сценах Чырвонага касцёла.

Князя, які да гэтага быў паганцам і пакланяўся розным багам, уразілі поспехі суседніх хрысціянскіх дзяржаў. Уплывала мураваная архітэктура, прыгажосць літургіі, багатае аздабленне хрысціянскіх храмаў. Ён даверыўся магутнай моцы хрысціянскага Бога. Князя Мешку I у баптыстэрыі праз трохкратнае пагружэнне хрысціў біскуп, які пасля ажыццявіў памазанне новага верніка, крэслячы алеем знак крыжа на ілбе. Пасля ўрачыстасцяў князь з жонкай і дружынай адправіліся на пір. “Мesco dux baptizatur” (“Князь Мешка ахрышчаны”) было запісна на латыні ў старажытным летапісе ХII стагоддзя.

Гістарычная традыцыя прыпісвае важную ролю ў хрысціянізацыі князя і яго асяроддзя яго жонцы Дубраўцы з чэшскага роду Пржамыславічаў. У 965 годзе яна выйшла замуж за Мешку і замацавала чэшска-польскі саюз. У Мешкі і Дубраўкі нарадзіліся сын Баляслаў, які стаў польскім каралём, і дачка Святаслава-Сігрыд, якая стала каралевай Швецыі і Даніі.

Частка гістарычнай экспазіцыіПанаванне Мешкі I і яго сына Баляслава Храбрага было перыядам аб’яднання польскіх плямёнаў і закладання асноў цэнтралізаванай дзяржавы, з якой пачалі лічыцца на міжнароднай арэне.
Мешка I з роду Пястаў, быў мудрым валадаром, які заключыў саюз з Чэхіяй, прыняў хрысціянства і наладзіў дыпламатычныя адносіны з імператарам Отанам I. Ён змог перамагчы валінян і саксонскага маркграфа Одана. Чарговым яго поспехам стала прыбыццё ў краіну першага біскупа ў 968 годзе. Князь спансаваў будаўніцтва касцёлаў у сваёй дзяржаве.

На ўрачыстай святой Імшы кс. Уладзіслаў Завальнюк падкрэсліў, што варта не толькі прыняць аднойчы сакрамэнт хросту, але і застацца верным Хрысту на ўсё жыццё, што патрабуе мужнасці і стойкасці, але дае багатыя духоўныя плады як асобным людзям, так і цэлым народам. Хрысціянская вера паспрыяла развіццю асветы, культуры, мастацтва і архітэктуры як ў Польшчы, так і ва ўсёй Еўропе.

Паводле: krynica.info

Эла Дзвінская
На здымках: Частка гістарычнай экспазіцыі