Сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшла ў Чырвоным касцёле
18 кастрычніка ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску прайшла пастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Спачатку адбылася канферэнцыя, якую прамовіў кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч на тэму «Быць святаром сёння». Разважаючы аб гэтым, ксёндз прэлат адзначыў, што, паколькі святар з’яўляецца чалавекам, то яму трэба спачатку ўпарадкаваць сваё жыццё, каб стаць выхаваўцам для іншых.
З іншага боку, як дадаў кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, у святарах, біскупах і нават Папу «мы схільныя бачыць людзей, а не Хрыста». «Нам не хочацца прыходзіць да святара, у якога брудныя рукі: брудныя не ў прамым сэнсе, а ў пераносным, – звярнуў увагу ён. – Але, калі нават святар не з’яўляецца прыкладам, то ўсё роўна сакрамэнты, якія ён удзяляе, дасканалыя».
Затым адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі ён працягнуў тэму канферэнцыі і адзначыў: «Часта бывае так, што мы, святары, можам казаць нешта дрэннае пра іншага святара і такім чынам настройваць людзей супраць яго».
«Але давайце паглядзім з іншага боку, што адбываецца: праз такія ўчынкі людзі часам губляюць веру і пачынаюць сварыцца адзін з адным, – заўважыў іерарх. – А толькі гэтага і жадае злы дух. Гэта яго справа, каб падзяліць нас: ён хоча, каб людзі адыходзілі ад веры, ад Касцёла, ад сакрамэнтаў. Таму мы павінны вельмі дбаць пра нашу еднасць, каб не даваць яму месца».
Потым пачалася пастырская сустрэча, падчас якой былі абмеркаваныя планы на бягучы месяц.
Фота: Аляксандры Шчыглінскай
Паводле catholic.by
Меткі: Хрысціянства, Адарацыя, бп. Юрый Касабуцкі