Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Паэтка і хрысціянка Алена Ігнацюк прадставіла сваю творчасць у бібліятэцы імя Адама Міцкевіча

Творчая вечарына літаратаркі і культуролага, дацэнта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата філалагічных навук Алены Ігнацюк з поспехам прайшла 24 мая ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла. Гасцямі вечарыны сталі чытачы бібліятэкі, сябры ТБМ імя Ф. Скарыны, паэты, пісьменнікі і літаратары. На імпрэзе прысутнічаў ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк. Паслухаць літаратарку прыйшлі Міхась Скобла, Вера Буланда і іншыя знакамітыя паэты.

Добра вядомая ў Пінску аўтарка прадставіла сваю творчасць разам са сваімі студэнткамі, якія чыталі яе творы і выконвалі спевы на яе вершы.

Алена Аляксандраўна Ігнацюк нарадзілася 23 лютага 1962 года ў вёсцы Восаўцы Драгічынскага раёна. Яна скончыла філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя Пушкіна. Вершы Алены Ігнацюк друкаваліся ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”,“Роднае слова”, “Нёман”, “Дзеяслоў”, “Бярозка”, у газеце “Літаратура і мастацтва”. Алена Аляксандраўна з’яўляецца аўтаркай кніг паэзіі “Нота “ля” (2000), “Летаргія” (2006), ”Будзе ўсё наадварот” (2016) і кнігі прозы “Дыярыюш для дзівалова” (2018). Яе творы высока ацэньвалі Адам Мальдзіс, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Анатоль Кудравец. Багаты свет фантазіі, мастацкае адчуванне прасторы і часу, эстэтычная насычанасць вылучаюць удумную лірыку Алены Ігнацюк.

"Мая матуля, Аляксандра Уладзіміраўна Дарагуш, родам з Міншчыны. Яна была ганаровым доктарам, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, ўзнагароджана ордэнам Леніна. Яна пабудавала бальніцу ў Восаўцах у свой час. А тата, Аляксандр Андрэеввіч Ігнацюк, быў старшынёй мясцовага савета, вельмі таленавітым чалавекам, спяваў, іграў на гітары. Тата перадаў мне дар успрыняцця паэзіі. Близкай для мяне была няня Фруза, любімая, як другая мама. Яна пражыла сто гадоў і адыходзіла ў той свет, як птушка, на Пасху. Пазвалі святара на споведзь, і яна пражыла пасля гэтага яшчэ два гады. Яна паўплывала на мой лёс, пабудавала на зямлі маё шчасце. Тады ў маім жыцці з’явіўся Алесь Іллін, мой муж".

Гасцям імпрэзы быў прадстаўлены відэафільм 1999 года, у якім паэт і тэлежурналіст, адзін з заснавальнікаў берасцейскай грамадска-культурнай сябрыны “Край” Мікола Пракаповіч разважаў разам з Аленай Ігнацюк пра вытокі яе паэзіі. Дзякуючы відэафільму слухачам было лягчэй адчуць свет вобразаў самой аўтаркі і вярнуцца ў часы яе маладосці. Частка вершаў Алены напісана на палескім дыялекце. Гэтыя творы ўвайшлі ў кнігу “До тебе, світэ”.

У паэзіі Алены Ігнацюк гучаць светлыя хрысціянскія матывы. На імпрэзе ўзгадваліся вершы розных гадоў: “Свята Ганны”, “Такі, як неба”, “Барочныя жаданні”, прагучалі радкі з паэмы “Вербны коцік”. Спадарыня Алена прачытала верш, прысвечаны Чырвонаму касцёлу. У рэцэнзіі на кнігу Алены Ігнюцюк у часопісе “Дзеяслоў” Уладзімір Сівіцкі адзначаў: ” Кніга вершаў “ Будзе ўсё наадварот” прадстаўляе новую паэзію Алены Ігнацюк – па-ранейшаму светла-таленавітую, насычана-таямнічую і мэтанакіравана-свабодную, адметную хараством ацалення і ацаляючую лірычнае светаўспрыманне аўтара”.

На вечарыне выступіў сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Бельскі: “Алена нібы птушка-вяснянка завітала ў бібліятэку, каб наладзіць свята паэзіі. Яе эмацыйна-пачуццёвая лірыка перадае высокую красу! Яе паэзія інтуітыўная, медытатыўная, культуралагічная. Па стылю Алену Ігнацюк можна назваць нэарамантыкам і імпрэсіяністкай у паэзіі”.

Студэнткі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта выканалі вершы Алены Ігнацюк розных гадоў: ”Пеўнік мой залаты”, “Радзімка”,”Несупадзенне”, “Размова з Радзімай”. Для Алены пад акампанемент гітары заспявала бард Ала Бяляўская. Музычны падарунак паэтцы перадала кампазитар, выкладчыца музыкі Вольга Воінская, якая напісала песню “Пасвячэнне Ф. Скарыне” на вершы Алены Ігнацюк. Паслухалі выступленне спевака Аляксандра Шукшына.

Цёплыя словы пра Алену Ігнацюк выказала куратар бібліятэкі імя А. Міцкевіча Галіна Івуць: “Я працавала з Аленай у былым Скарынаўскім цэнтры, дзе яна была старшым навуковым супрацоўнікам. Яна вельмі сціплы і добры чалавек, сапраўдная хрысціянка. Яна вельмі любіць прыроду, людзей. Я з задавальненнем чытала яе першыя кніжачкі і здзіўлялася: з якім чалавекам я працую разам! Зараз яна – член Саюза беларускіх пісьменнікаў і аб’ядноўвае усіх, хто любіць беларускую паэзію”.

Творчая імпрэза пакінула светлае ўражанне ў душах наведвальнікаў бібліятэкі імя Адама Міцкевіча.

Эла Дзвінская
Фота Міхаіла Крыжаноўскага

DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC
DSC

Меткі: Бібліятэка

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"