Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  •  Напоўніць свет праўдай уваскрасення заклікаў вернікаў арцыбіскуп Кандрусевіч Велікоднай раніцай

Рахунак сумлення

Як спавядацца? Гэта вельмі важнае пытанне, таму што ад спосабу споведзі залежыць у вялікай ступені тое, што перажываеш, а менавіта – ці будзе гэта сустрэча з Хрыстом у сакрамэнце пакаяння і паяднання, ці толькі страх перад тым, што скажа святар. Каб добра паспавядацца, трэба найперш мець час.

Нават калі ў касцёл вы прыйшлі ў кампаніі калег ці сяброў, то на час падрыхтоўкі і самой споведзі трэба забыцца пра іх. Кожны мае акрамя назвы праблемы і іншыя грахі, менавіта таму аднаму на рахунак сумлення і споведзь трэба больш часу, а іншаму менш.

Зараз ты падыдзеш да канфесіянала. Укленчыш перад Езусам, укрытым у Найсвяцейшым Сакрамэнце, раскажаш Яму пра свае праблемы, пра тое, з чым не можаш справіцца, і раскажаш, што вельмі хацеў бы змяніць – у чым жадаеш выправіцца… А пасля з падрыхтаваным рахункам сумлення ідзі да канфесіянала. Час чакання выкарыстай на малітву.

Малітва ў касцёле

З чаго хацеў бы паспавядацца? Споведзь датычыць найперш смяротных грахоў. Мы сутыкаемся з імі тады, калі выконваем тры ўмовы: было парушана Божае права ў важнай справе (гэта т.зв. цяжкая матэрыя), – дзеянне было зроблена з усведамленнем злога ўчынку (трэба бачыць, ці гэтае дзеянне з’яўляецца злым і абмяжоўвае Божае права ў важнай справе), – грэх павінен быць учынены дабравольна (з уласнай волі, без прымусу).

Калі якая-небудзь з гэтых умоў не мела месца, грэх будзе мець характар штодзённы (парушэнне Божай волі ў малых рэчах або ў важнай рэчы, але не цалкам свядома або дабравольна).

Прапануем некалькі варыянтаў іспыту сумлення – хутчэй абагульненых, якія пакідаюць шмат месца для "хатняй працы" над сумленнем.

1. Штодзённы, у плюс і ў мінус

Гэта часты, нават штодзённы, кароткі іспыт. Здаецца мне, што гэта выдатная асабістая малітва на завяршэнне дня, з агаворкай і заахвочваннем, каб гэты рахунак рабіць "ў плюс" і "у мінус".

Што прынёс дзень, што было добрага (якое дабро прыйшло да мяне і якое дабро выйшла ад мяне). Трэба гэта назваць і падзякаваць за гэта Богу.

А што было дрэннага – таксама назваць па імені, імкнучыся зрабіць гэта максімальна канкрэтна. Назваць і папрасіць у Бога прабачэння.

2. Я, ты, Ён

Калі найважнейшая запаведзь гэта "любіць Бога, любіць бліжняга, любіць сябе самога", то па гэтых катэгорыях можна зрабіць рахунак сумлення і шукаць тое, у чым правініўся.

У адносінах да Бога: нявернасць у малітве і сакрамантах, грэбаванне Божым Словам і голасам сумлення, падазронасць у адносінах да Бога, інфантыльнасць у веры (кідацца ў скрайнасці, або калі дарослы чалавек на споведзі кажа "Божанька", "касцёльчык", "грашок", успрыманне Бога як "выканаўцу" маіх патрэбаў, духоўны мінімалізм, застой і згода на скажоны вобраз Бога.

Да бліжняга: "усё, што зрабілі, і ўсё, чаго не зрабілі". Тут спецыяльная заўвага: "Самай вялікай супрацьлегласцю любові не з’яўляецца нянавісць, а інструментальнае стаўленне да іншага чалавека" (св. Ян Павел II). Гэта азначае, што іншага чалавека ты заўважаеш і ўваходзіш з ім у кантакт толькі тады і толькі настолькі, наколькі з яго можна мець нейкую карысць - матэрыяльную, псіхалагічную, нават духоўную.

Да сябе: коратка кажучы, мы павінны пра сябе клапаціцца. Не толькі не шкодзіць свайму здароўю, бо гаворка ідзе таксама і пра маладушнасць (гэта значыць, згода на пасрэднасць, адмаўленне ад свайго развіцця, невыкарыстанне Богам дадзеных здольнасцей, магчымасцей, талентаў, часу, адсутнасць працы над сваім эгаізмам, недахоп адпачынку, адсутнасць гармоніі ў звычайным штодзённым функцыянаванні).

3. Рахунак "Імшальны"

Выдатную дапамогу ў рахунку сумлення прадастаўляе імшальны акт пакаяння: "спавядаюся ... што зграшыў я думкай, словам, учынкам і занядбаннем". Гэтыя чатыры катэгорыі прадастаўляюць пэўную структуру пазнання сумлення. Вось некалькі прыкладаў таго, што можа ўтрымлівацца ў гэтых катэгорыях:

Думкамі:

відавочна, адразу з'яўляецца асацыяцыя з "нячыстымі думкамі", але тут могуць аказацца і іншыя справы, напрыклад, чорныя думкі з серыі "упэўнены, што не атрымаецца", "няма сэнсу","я нічога не варты", "я / ён / яна ніколі не зменіцца"; падазронасць, прэтэнзіі, патрабаванні, у рэшце рэшт - неразважлівасць, пражыванне жыцця раслінным спосабам, або "як мул і конь без розуму" (Пс 32, 9).

Словам:

паклёп, ачарненне, плёткі, нараканні (вельмі атрутныя для сябе і іншых), балбатлівасць, якая не пакідае месца выслухаць іншых (і сябе самога); але таксама і недахоп добрых слоў. "Ні адно дрэннае слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае, што можа ў неабходнасці павучыць, і каб гэта выйшла на карысць тым, якія чуюць яго" (Эф 4, 29), што азначае: перапрасіць за словы, якія мы маглі сказаць і не сказалі, за словы падзякі, хвалы, падтрымкі, тлумачэня, прызнанні ў каханні, пратэсту супраць зла і т. д. - мы таксама будзем судзімыя.

Учынкам:

верагодна, не трэба спецыяльных тлумачэнняў, магу паўтарыць сказанае вышэй: "усё, што вы зрабілі ..."(варта перачытаць Мц 25, 31-46).

Занядбаннем:

для людзей, якія імкнуцца жыць прыстойна ці больш духоўна, у гэтай катэгорыі можа ўтрымлівацца больш спраў для раскрыцця і тлумачэнняў. Як Хрыста, так і хрысціяніна больш павінна цікавіць дабро, а не толькі пазбягаанне зла, таму фармулёўка "не забіў", "не ўкраў", "не чужаложыў" яшчэ ні пра што не сведчыць. Бо мы павінны запытацца ў сябе, ці выкарысталі магчымасці дапамагчы або ці дзяліліся тым, што маем: часам, верай, ведамі. Ці я развіваюся? Ці развіваю свае магчымасці, веды, адносіны з іншымі, сваю веру, любоў? Ці я далучаюся да хатніх спраў,спраў у сям'і, суполцы, на працы, у касцёле?

Споведзь

Прыклад рахунку сумлення

Гэтыя пытанні дапамогуць выпрабаваць сумленне і ўзгадаць свае грахі, а таксама пераасэнсаваць жыццёвыя пазіцыі. Робячы рахунак сумлення, не абавязкова карыстацца менавіта гэтымі пытаннямі. Зрэшты, імі ўвогуле можа не карыстацца той, хто спавядаецца рэгулярна і дастаткова часта.

Грахі супраць Бога

Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё (Мц 6, 21)

  • Дзе знаходзіцца твой скарб, або што ёсць для цябе найбольшым клопатам у жыцці, найбольшай любоўю, гарачым жаданнем? Гэта Бог або таксама іншая асоба, іншы клопат, іншая рэч?
  • Ці заўсёды ў больш або менш важным рашэнні ты свядома лічышся з воляю Бога? А можа, забываешся пра Яго ці ўспамінаеш занадта позна?
  • Ці памятаеш пра прысутнасць Бога ў розных сітуацыях твайго жыцця? Ці задаеш сабе пытанне аб тым, што Бог кажа табе праз розныя жыццёвыя акалічнасці?
  • Ці давяраеш ты варажбе, гараскопам, лёсавызначанасці мацней, чым Богу?
  • Які для цябе вобраз Бога? У першую чаргу ты Яго баішся або любіш?
  • Ці верыш у Яго міласэрнасць?
  • Ці злоўжываеш Божай міласэрнасцю і ці грашыш, разлічваючы на лёгкае дараванне?

Няспынна маліцеся (1 Тэс 5, 17)

  • Ты молішся рэгулярна ці ў залежнасці ад выпадку, калі ёсць на тое ахвота ці маеш нейкую патрэбу?
  • Ці ўзбагачаеш сваю малітву чытаннем Святога Пісання, тэкстаў дасведчаных у малітве святых і рэлігійных пісьменнікаў? Ці выконваеш абяцанні, дадзеныя Богу пасля рэкалекцый?
  • Як выглядае твой удзел у святой Імшы? Ці рэгулярна ўдзельнічаеш у Эўхарыстыі, наколькі актыўна прымаеш у ёй удзел?
  • Ці клапоцішся аб тым, каб твая вера была ўсё глыбейшай, сталела? Ці рэгулярна ты разважаеш над Святым Пісаннем, ці паглыбляешся ў пазнанне таго, кім быў Езус Хрыстус?
  • А можа, ты знаходзішся на абломках тых рэлігійных ведаў, якія засталіся ў тваёй галаве з дзіцячага катэхізісу? Ці чытаеш ты рэлігійную літаратуру?І

    Вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку (Мц 28, 20)

  • Якое стаўленне ў цябе да Касцёла? Ці адчуваеш ты сябе адказным за Касцёл?
  • Ці абараняеш яго ад ад несправядлівай крытыкі? Ці молішся за святыя пакліканні да святарскага і манаскага жыцця?
  • Ці молішся ты за свайго пробашча і біскупа, за Святога Айца?
  • А заўважаючы зло ў Касцёле, ці молішся за тых, хто яго чыніць?
  • Ці просіш Бога, каб Ён захоўваў нас ад нападкаў тых, хто не раздзяляе нашай веры?

Грахі супраць іншага чалавека

Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі (Мц 7, 12)

    • Ці лічышся ты ў сваіх учынках з гэтымі словамі?
    • Як ты паводзіш сябе ў сям’і? Як ставішся да самых блізкіх, з якімі пражываеш паўсядзённае жыццё і важныя моманты? Ці не прыносіш ты ў дом свае расчараванні, напружанасць, няўдачы, выплёскваючы ўсё на самых блізкіх?
    • Ці ўдзяляеш час сваёй жонцы або мужу, ці клапоцішся пра развіццё вашага кахання? Ці ўмееш ты знайсці добрае слова для каханага? Ці робіш кампліменты сваёй жонцы, і ці размаўляеце вы адно з адным на ўсе цяжкія тэмы вашага жыцця?
    • Ці маеш час і сэрца для сваіх дзяцей, ці размаўляеш з імі, ці ўнікаеш у іх развіццё, іх праблемы, іх стасункі з аднагодкамі?
    • Які ты з бацькамі? Як ты ставішся да старэйшых членаў тваёй сям’і?

Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны (Мц 5, 6)

  • Які ты на працы? Ці з’яўляецца для цябе праца і заробак найважнейшай справай, якой аддаеш усе свае сілы і час? Калі ты з’яўляешся кіраўніком якое тваё стаўленне да супрацоўнікаў? Ці справядлівы ты ў размеркаванні працы і даходаў? Ці дбаеш ты на сваім месцы працы пра добрую атмасферу, належныя стасункі між людзьмі? Якім чынам ты размяркоўваеш прыбытак, ці інвестуеш яго для павелічэння працоўных месцаў? Ці сумленна плаціш падаткі? А можа, ты ўдзельнічаеш ў нелегальных фінансавых аперацыях? Даеш або бярэш хабар?
  • Калі ты з’яўляешся працаўніком – ці сумленна працуеш? Ці развіваешся ты прафесійна або, можа, застаешся з тым, што ведаеш «ад пачатку»? Ці стараешся ты падтрымліваць добрую атмасферу на працы? Ці добразычлівы ты?
  • Ці кіруешся ты ў адносінах з іншымі справядлівасцю, а менавіта, ці даеш кожнаму тое, што яму па праву належыць? Ці не пазбаўляеш чалавека добрага імені праз паклёп, плёткі, хлусню? Ці становішся ты ў абарону таго, каго пакрыўдзілі, або, наадварот, баязліва адступаеш дзеля ўласнага «душэўнага спакою»? Ці выказваеш свядома такія перакананні, што пэўныя групы людзей (напрыклад, габрэі і г.д.) адказныя за ўсё зло на свеце?
  • Ці не рызыкуеш жыццём сваім і іншых, парушаючы правілы дарожнага руху? Ці не кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане? Ці не спрабаваў падкупіць праваахоўнікаў?

А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім (Мц 5. 28)

    • Як ты ставішся да людзей супрацьлеглага полу? Ці не глядзіш ты на жанчыну або мужчыну як на аб’ект сексуальнай пажадлівасці? Ці не маеш пазашлюбных стасункаў? Ці кантралюеш сваю сексуальную сферу?
    • Ці не шукаў ты парнаграфічных матэрыялаў? А можа, прапаноўваў камусьці матэрыялы парнаграфічнага зместу?

Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць (Мц 5, 7)

  • Ці падтрымліваеш ты арганізацыі, якія займаюцца дапамогай убогім і пакінутым? Ці дзелішся тым, што маеш з лішкам, і ці можаш адмовіць сабе ў нечым, каб падзяліцца з тым, хто знаходзіцца ў большай патрэбе? Ці не ставішся абыякава да сапраўды бедных людзей, якім неабходна падтрымка?
  • Ці не злоўжываў дабрынёй іншых людзей? А можа, ты вымагаў грошы ці падарункі? Ці задумваўся над тым, што многія іншыя знаходзяцца ў большай нястачы, чым ты?

Міласэрная любоў да бліжняга

Ці гатовы ты прабачыць так, як прабачае нам наш Айцец? Або, можа, ты ўтойваеш абразы і з’яўляешся помслівым? Ці не дабіваешся свайго несправядлівым чынам? Ці молішся за непрыяцеляў і за тых, хто цябе пакрыўдзіў?

Грахі супраць самога сябе

Любі бліжняга свайго, як самога сябе (Мц 19, 19)

Каб любіць Бога і бліжняга, трэба быць у згодзе з сабім сабою, трэба любіць сябе.

  • Ці ўмееш добра і мудра любіць сябе? Ці знаходзішся ты ў згодзе з сабою і са сваім жыццём? А гэтая згода не перашкаджае табе быць адносна сябе больш патрабавальным, рашучым? Ці, можа, ты вечна незадаволены сабою і іншымі?
  • Ці адказны ты за сваё жыццё і здароўе? Ці не знішчаеш жыццё праз злоўжыванне алкаголем, нікацінам, наркотыкамі? Ці паслухмяны ты ўказанням лекара і ці ўжываеш прапісаныя ім лекі? А можа, наадварот, тваім адзіным клопатам з’яўляецца здароўе і ты мучаеш сябе і ўсё сваё атачэнне сваімі недамаганнямі і аповедамі пра іх?
    Ці ўмееш ты добра выкарыстоўваць свой час? Ты працавіты? Або ўвесь свой вольны час марнуеш перад тэлевізарам, камп’ютэрам або смартфонам? Ты разважлівы ў дачыненні да расходаў або з’яўляешся марнатраўным?
  • Ці прымяняеш ты свае таленты і здольнасці, атрыманыя ад Бога? А можа, у ляноце легкадумна іх марнуеш?

Ойча, дзякуючы Твайму святлу я распазнаў свой грэх, выявіў сваю слабасць. Я пазнаў, наколькі далёка я – марнатраўны сын – ад Цябе адышоўся. Дай мне цяпер сілы, каб я адважыўся да Цябе вярнуцца, а таксама перад Табою, перад Тваім Касцёлам вызнаць свае грахі. Дай мне ласку поўнага пакаяння за свае грахі, дай ласку выпраўлення ўсіх крыўдаў. Праз Муку Езуса Хрыста, Твайго Сына і майго Пана, прабач мне мае грахі.
Узмацні сваёй Любоўю маю пастанову жыць у згодзе з Табою і ўсімі маімі братамі і сёстрамі, дай мне ласку ўнутранага супакою. Будзь заўсёды са мною, Ойча маёй надзеі!

 

Паводле Grodnensis.by, Catholic.by, Ave Maria

Меткі: Рахунак сумлення, Споведзь