Духоўная радасць ад спасціжэння сэнсу Бібліі Францыска Скарыны
13 мая ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбылося выступленне лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне”, кандыдата культуралогіі Алеся Сушы на тэму: “Біблія Францішка Скарыны – бясцэнны скарб беларускага народа”.
На пачатку імпрэзы прагучаў гімн Францыска Скарыны “Понеже от прирожения” у выкананні выкладчыка БДУ Ягора Уладзіміравіча Прыстаўкі і яго дзяцей: Цімафея, Дамінікі і Францішкі.
Сустрэчу адкрыў уступным словам ксёндз-пробашч Чырвонага касцёла Уладыслаў Завальнюк: “6 жніўня 2017 года ў касцёле праходзіла духоўна-асветніцкае свята ў гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. На ім Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў нас перачытаць Біблію, вечна жывое і дзейснае Слова Божае, дадзенае нам з мэтай нашага ўнутранага перамянення. Біблія Францішка Скарыны – бясцэнны скарб беларускага народа. Праз яе друкаванне наш асветнік паўстае менавіта як місіянер і катэхізатар Слова Божага. Таму настаў час ацаніць яго працу і цярпенні, зазірнуць у яго духоўны свет веры хрысціянскага жыцця і дзеяў, якія ён прысвяціў хвале Божай, дабру паспалітага народа бацькаўшчыны.”
Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Аляксандравіч Суша, які разам з усім калектывам бібліятэкі з 2013 па 2017 гады займаўся стварэннем факсімільнага ўзнаўлення кніг Бібліі, надрукаваных Скарынам, распавёў пра розныя накірункі дзейнасці беларускага асветніка: як лекара, перакладчыка, паэта, першадрукара, сакратара караля Даніі і памочніка віленскага біскупа Яна.
На сустрэчы былі прадэманстраваны фундаментальныя выданні, прысвечаныя духоўнай спадчыне беларускага асветніка: “Сусветная спадчына Францыска Скарыны”, выдадзеная калектывам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з удзелам Алеся Сушы, а таксама тры тамы факсімільнага ўзнаўлення твораў першадрукара.
Алесь Аляксандравіч распавёў пра шматлікія прэзентацыі гэтых выданняў у краінах Еўропы і свету: ЗША, Аўстрыі, Балгарыі, Румыніі, Іспаніі. “Беларусы сапраўды могуць ганарыцца сваёй духоўнай і кніжнай спадчынай!”, –адзначыў даследчык. Кнігі былі перададзены ва ўсе абласныя бібліятэкі на Беларусі, у Пінскую міждыяцэзіальную духоўную семінарыю імя Тамаша Аквінскага і ўстановы культуры краіны.
На сустрэчы прагучалі ўрыўкі з унікальных прадмоваў Францыска Скарыны да Бібліі, з якімі чытачы пазнаёміліся ўпершыню. У сваім каментаванні Бібліі Францыск Скарына імкнуўся паказаць сімвалічную сувязь Старога і Новага Запаветаў. Як медык, ён імкнуўся даць народу “усе лекі для душы і цела”, якія можна знайсці ў Псалмах і Прытчах цара Саламона, прынесці суцяшэнне ў выпрабаваннях і пакутах, якое дае чытанне кнігі Іова. Неаднаразова сведчыў багаслоў і перакладчык пра “ бязмежную міласэрнасць Божую да тых, хто усім сэрцам заклікае Яго”. Чытачы бібліятэкі змаглі пазнаёміцца яшчэ з трыма папулярнымі энцыклапедыямі для дзяцей: “Францыск Скарына – чалавек свету”, “Францыск Скарына – чалавек-легенда” і ”Францыск Скарына – чалавек-энцыклапедыя”, якія выпусціў Алесь Суша ў 2016-17 гадах.
Даследчык адказаў на пытанні, якія цікавілі чытачоў. Госці іпрэзы ад усёй душы падзякавалі спадару Алесю за яго велічную працу па захаванні і папулярызацыі спадчыны вялікага беларускага асветніка.
На сустрэчы выступіла паэтка і мастачка Святлана Раманава, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яна прадэманстравала сваю карціну, якую напісала ў юбілейны год беларускага кнігадрукавання, і прачытала верш “Я той нашчадак”. Сваімі ўражаннямі падзяліліся філолаг Валянціна Карлаўна Раманцэвіч і лекар-анестэзіёлаг Ганна Пятроўна Васільцава. Сустрэча з вядомым навукоўцам прынесла вялікую духоўную радасць прыхаджанам касцёла і наведвальнікам бібліятэкі імя А. Міцкевіча.
Эла Дзвінская, фота аўтара
Меткі: Бібліятэка