Рахунак сумлення для моладзі
Вельмі часта сустракаюся з сітуацыяй, якая мяне як спаведніка вельмі непакоіць: шмат людзей, як моладзі, так і дарослых, прыходзіць на споведзь з малітоўнікамі для набажэнстваў, якія яны атрымалі падчас першай святой Камуніі, забываючыся, што тыя малітоўнікі былі адаптаваны спецыяльна для дзяцей і ўсё, што там падаецца – таксама і ў справе рахунку сумлення — разлічана на дзяцей.
Моладзь, а таксама дарослыя людзі, якія жывуць у шлюбе, павінны шукаць такі малітоўнік, у якім будзе пададзены рахунак сумлення, адпаведны іх узросту і стану жыцця.
З чаго спавядацца?
Магчыма, яшчэ раней трэба запытаць: як спавядацца? Гэта вельмі важнае пытанне, таму што ад спосабу споведзі залежыць у вялікай ступені тое, што перажываеш, а менавіта – ці будзе гэта сустрэча з Хрыстом у сакрамэнце пакаяння і паяднання, ці толькі страх перад тым, што скажа святар.
Я хацеў бы, каб кожны, хто чуе зараз гэты рахунак сумлення, пагадзіўся спачатку на адну праўду: каб добра паспавядацца, трэба найперш мець час.
Нават калі ў касцёл вы прыйшлі ў кампаніі калег ці сяброў, то на час падрыхтоўкі і самой споведзі трэба забыцца пра іх. Кожны мае акрамя назвы праблемы і іншыя грахі, менавіта таму аднаму на рахунак сумлення і споведзь трэба больш часу, а іншаму менш.
Зараз ты падыдзеш да канфесіянала. Укленчы перад Езусам, укрытым у Найсвяцейшым Сакрамэнце, раскажы Яму пра свае праблемы, пра тое, з чым не можаш справіцца, і раскажы, што вельмі хацеў бы змяніць – у чым хочаш выправіцца… А пасля з падрыхтаваным рахункам сумлення ідзі да канфесіянала. Час чакання выкарыстай на малітву.
Рахунак сумлення для моладзі
Аднак вернемся да першага пытання: з чаго хацеў бы паспавядацца? Споведзь датычыць найперш смяротных грахоў. Мы сутыкаемся з імі тады, калі выконваем тры ўмовы: было парушана Божае права ў важнай справе (гэта т.зв. цяжкая матэрыя), — дзеянне было зроблена з усведамленнем злога ўчынку (трэба бачыць, ці гэтае дзеянне з’яўляецца злым і абмяжоўвае Божае права ў важнай справе), — грэх павінен быць учынены дабравольна (з уласнай волі, без прымусу).
Калі якая-небудзь з гэтых умоў не мела месца, грэх будзе мець характар штодзённы (парушэнне Божай волі ў малых рэчах або ў важнай рэчы, але не цалкам свядома або дабравольна). І яшчэ раз нагадаем сабе!
Каб споведзь была добрай, павінны быць выкананы пяць умоў, сярод якіх найважнейшай з’яўляецца жаль за грахі. Калі хтосьці не шкадуе за ўчынены грэх, то гэты грэх не будзе адпушчаны чалавеку.
Усіх, хто будзе карыстацца гэтым рахункам сумлення, я прашу: не забывайце, што ён не з’яўляецца рахункам сумлення на ўсё жыццё. Гэта рахунак сумлення для моладзі. Калісьці трэба будзе знаёміцца з іншай формай рахунку сумлення.
Праблемы з ім прадстаўлены ў сувязі з адбіткам таго, з чым мне як святару даводзіцца сутыкацца найчасцей на катэхізацыі і ў канфесіянале. Для тых, хто ўжо, будучы ў сярэдняй школе, дасягнуў высокага ўзроўню духоўнага жыцця, хто жыве глыбокім рэлігійным жыццём, я прапаную таксама пашукаць штосьці новае. Не бойцеся – Бог добры!
1 запаведзь
кажа пра месца Бога ў нашым жыцці. Патрэбна спытацца ў сябе: ці час для Бога не адсунуты толькі на канец дня? Ці не бракуе нам штодзённай малітвы і як гэтая малітва выглядае? Можа, гэта толькі прагаворванне малітваў – на бягу і без паглыблення ў сэнс? Ці вера ў Бога развіваецца ў чалавеку (праз чытанне Святога Пісання ці рэлігійных кніг і часопісаў)?
Ці тое, што я чытаю, гляджу, а таксама людзі, якіх сустракаю, дапамагае мне набліжацца да Бога, ці наадварот – аддаляе мяне ад Яго? Ці ўмею я вызнаваць сваю веру і супрацьстаяць злу там, дзе яго сустракаю?
2 запаведзь
гаворыць пра пашану ў адносінах да Бога і таго, што святое. Варта, аднак, спытацца ў сябе: ці не адкідаю Божую волю, выражаную ў запаведзях і навуцы Касцёла (напрыклад, праз словы: «для мяне гэта не грэх»)? Ці не адкідаю Бога праз маё доўгатэрміновае адкладанне святой споведзі і жыццё ў смяротным граху?
Ці не прысягаў без патрэбы, фальшыва, або ці выканаў прысягу? Ці не высмейваў Касцёл, людзей, якія штодня вызнаюць сваю веру? Ці шанаваў святыя імёны і рэчы?
3 запаведзь
кажа пра выкананне рэлігійных абавязкаў. У сувязі з гэтым варта задаць сабе пытанне пра ўдзел у святой Імшы ў нядзелі і святы (у выпадку, калі здараліся пропускі святой Імшы, трэба сказаць пра колькасць і прычыну), тое, як я ўдзельнічаю ў святой Імшы (слуханне ці актыўны ўдзел у супольнай малітве). Ці не парушаю святочны характар нядзелі непатрэбнай працай?
Ці імкнуся ўзбагаціць перажыванне нядзельнага дня чытаннем Бібліі, добрых кніг, праглядам добрых праграм па тэлебачанні або цікавымі сустрэчамі? Ці прыгадваю іншым членам сям’і пра абавязак святой Імшы і годнае перажыванне нядзелі? Ці захоўваю пост, прыняты ў Касцёле? Ці ўстрымліваўся ад удзелу ў забавах і дыскатэках у час Адвэнту і Вялікага посту? Ці прыступаў да споведзі і святой Камуніі ў велікодны перыяд?
4 запаведзь
з’яўляецца напамінам пра выказванне пашаны і ўдзячнасці бацькам, настаўнікам і настаяцелям. Гэтая запаведзь закранае наступныя праблемы: стаўленне да вышэйзгаданых асобаў, павага, адсутнасць хлусні ў адносінах да іх, клопат пра іх добрае імя, выкананне штодзённых абавязкаў – хатніх і школьных – гатоўнасць узяць адказнасць за хатнія і сямейныя справы (напр. дапамога па ўборцы дома, іншыя хатнія заняткі).
5 запаведзь
заклікае нас да шанавання і абароны свайго жыцця і жыцця іншых людзей. У сувязі з гэтым запаведзь нагадвае: шанаваць і бараніць жыццё на кожным этапе яго існавання (ад зачацця ажно да смерці), не згаджацца на яго знявагу (асабліва ў дыскусіях на тэму пазбаўлення ад ненароджаных дзяцей), клапаціцца пра здароўе (не ўжываць наркотыкі, алкаголь, не курыць, адпаведна апранацца, не калечыць сябе).
Грахом з’яўляцца таксама: зневажанне іншага чалавека словам або ўчынкам, нянавісць і злосць у дачыненні да іншых, нежаданне імкнуцца да згоды, неахвотнае прабачэнне, спроба самагубства, уцёкі з дому, мучэнне жывёл, знішчэнне прыроды і, вядома, забойства.
6 запаведзь
стаіць на варце годнасці чалавека і шанавання ў справе перадачы жыцця. Грахі, якія парушаюць гэтую запаведзь: сумеснае жыццё перад шлюбам, абуджэнне пажадлівасці праз петынг і пацалункі, нясціплыя ўчынкі ў адзіноце (самагвалт, ці мастурбацыя, ананізм), нясціплыя размовы, абуджэнне пажадлівасці і нясціплых думак праз чытанне, прагляд парнаграфічных фільмаў або часопісаў, у таксама ўвядзенне ў спакусу нячыстасці іншых людзей праз словы ці ўчынкі.
7 запаведзь
стаіць на варце ўласнасці іншага чалавека, а таксама агульнай уласнасці. У сферу гэтай запаведзі ўваходзяць наступныя справы: крадзёж, знішчэнне ўласнасці іншых або супольнай уласнасці; неаддаванне скрадзеных або прысвоеных рэчаў, калі ведаем іх уладальніка; ашуканства, чорны прыбытак. У гэтай запаведзі варта таксама акрэсліць, наколькі вялікай была шкода, нанесеная праз учынены грэх.
8 запаведзь
кажа пра адказнасць за слова. Трэба спытаць у сябе пра праўду і зман у жыцці, тое, ці не карыстаюся частковай праўдай. Ці не нашкодзілі мы камусьці праз паклёп (праз тое, што казалі няпраўду), абгаворванне (раскрыццё перад кімсьці слабасцяў іншага чалавека), плёткі, абвінавачванне?
Як выглядала выкананне абяцанняў і ці трымалі мы тайну, даручаную нам іншым чалавекам? Ці не кіруюся ў жыцці крывадушшам? Ці ў стане я ўсведамляць уласныя памылкі і шанаваць годнасць іншых?
9 запаведзь
ахоплівае грахі, якія з’яўляюцца знакам нашай унутранай неўпарадкаванасці ў сэксуальнай сферы. Многія з гэтых грахоў могуць з’явіцца ў час палавога выспявання. Варта звярнуць увагу: ці дазваляю сабе свабодна і дабравольна нясціплыя думкі, уяўленні і жаданні?
Ці атрыманне ведаў у сэксуальнай сферы, якая з’яўляецца чымсьці патрэбным, не прыводзіць да разварушвання і абуджэння гэтай сферы жыцця? Ці не адбываюцца размовы, якія прыводзяць да абуджэння пажадлівасці? Ці не шукаю таго, што прыводзіць да граху нячыстасці? Ці свядома і дабравольна не падтрымліваю ў сабе нясціплых думак, прагненняў і вобразаў? Ці не з’яўляюся для іншых нагодай да нясціплых думак і ўяўленняў праз сваю прысутнасць, слова або вопратку? Ці не апранаю занадта “правакуючае” адзенне?
10 запаведзь
звяртае ўвагу на сферу неўласцівых прагненняў, якія з’яўляюцца ў чалавека, калі ён бачыць, чым валодаюць іншыя людзі. Трэба звярнуць увагу на з’яўленне пачуцця зайздрасці: ці не абуджае ўласнасць іншых ува мне пачуцця нянавісці, нядобразычлівасці і ці не прыводзіць да падазрэнняў, абгаворвання?
Ці ўмею радавацца і дзякаваць Богу за тое, чым валодаю я? Ці ўмею дзяліцца з іншымі тым, што маю? Ці звяртаю ўвагу на патрэбы іншых, ці заўважаю іх патрэбы? Ці я расставіў у сваім жыцці акцэнты ў іерархіі каштоўнасцяў (ці не засланяюць матэрыяльныя справы таго, што вядзе да Бога і людзей)?
Малітва падзякі
Божа мой, дзякую Табе за Тваю вялікую дабрыню, за прабачэнне грахоў. Дзякую Табе за ласку жыцця, якое Ты мне даў. Ты ўмацаваў мяне ў барацьбе з грахом. Прагну памятаць, якую цану заплаціў Хрыстус, каб адарыць мяне дабром. Дапамажы мне вытрымаць у пастановах і больш не грашыць. Амэн.
Паводле Catholic.by
Меткі: Рахунак сумлення, Споведзь