Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Пастырская сустрэча духавенства Мінска і вобласці прайшла ў сталіцы: «Будзем спрыяць таму, каб людзі пазнавалі Бога»

19 красавіка ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены адбылася пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія служаць у Мінску і Мінскай вобласці. Лейтматывам сустрэчы стала ўсеагульнае пакліканне да святасці, чаму прысвечана апошняя апостальская адгартацыя папы Францішка Gaudete et exsultate.

Пастырская сустрэча духавенства

Малітоўную частку сустрэчы распачала малітва апоўдні Літургіі гадзінаў, пасля чаго адказны за пастаянную фармацыю духавенства архідыяцэзіі кс. пралат Андрэй Стэцкевіч у духоўным настаўленні зрабіў агляд апошняга дакумента папы Францішка – апостальскай адгартацыі Gaudete et exsultate («Радуйцеся і весяліцеся»).

Кс. Андрэй перадусім звярнуў увагу духавенства на неабходнасць вучыцца даваць, а не браць, а таксама быць не толькі прыладамі перадачы Божай ласкі, а самім чэрпаць з яе крыніцаў – святых сакрамэнтаў Касцёла, устаноўленых Езусам Хрыстом. Такі падыход да служэння дапаможа ўсім пакліканым да яго пазбегнуць старажытных, але ўсё яшчэ актуальных небяспекаў для веры, пра якія Святы Айцец гаворыць у адгартацыі: неапелагіянства і неагнастыцызму. На заканчэнне кс. пралат заклікаў усіх удзельнікаў сустрэчы уважліва чытаць апошні дакумент папы Францішка, пасля чаго адбылося выстаўленне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Цэлебрацыю св. Імшы, да якой далучыліся ўсе прысутныя святары і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі, разважаючы над чытаннямі чацвярга Трэцяй велікоднай нядзелі, арцыпастыр адзначыў, што яны «вельмі ясна нагадваюць аб неабходнасці навяртання, веры і святасці і тых магчымасцях, якія Бог дае нам для гэтага».

У першым чытанні на гэты дзень гаворыцца, як Дух Божы прывёў апостала Філіпа да еўнуха каралевы эфіопаў, каб яго ахрысціць, і так сталася. У Евангеллі Езус кажа аб тым, што ніхто не можа прыйсці да Яго, калі не пакліча Нябесны Айцец.

«Вядомы нямецкі тэолаг Карл Ранэр кажа, што свабоднае вяртанне чалавека да Бога – гэта не што іншае, як адказ на Божую ласку і Яго заклік. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што навяртанне – гэта найперш дзеянне Божай ласкі, якая вядзе нашы сэрцы да Бога. Бог дае нам моц усё распачаць нанава. Нам толькі неабходна выкарыстаць гэтую ласку», – сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Такім чынам, навяртанне – гэта Божая ініцыятыва, якая, аднак, патрабуе нашага ўдзелу», – дадаў іерарх.

«Словы Езуса з сённяшняга Евангелля аб тым, што ніхто не можа прыйсці да Яго без паклікання Нябеснага Айца, таксама азначаюць веру. Нябесны Айцец заклікае нас верыць у Езуса і Ягоны Касцёл, – працягваў арцыбіскуп Кандрусевіч. – Вера – гэта ініцыятыва Бога, якая ажыццяўляецца найперш у сакрамэнтах хрысціянскай ініцыяцыі: хросце, канфірмацыі і Эўхарыстыі. Хрост робіць нас здольнымі прыняць усе іншыя сакрамэнты і Божую ласку».

Аднак, як заўважыў арцыбіскуп, наша вера не можа быць падобная да веры аднаго студэнта, які сказаў прафесару: «Я больш не магу верыць у Бога». Тады прафесар сказаў: «Можа, мне трэба павіншаваць вас з такім рашэннем?» «Што вы маеце на ўвазе?» – спытаў студэнт. «Тое, што ідэя Бога, якая ёсць у вашым розуме з’яўляецца скажонай, і таму вы павінны адмовіцца ад яе», – адказаў прафесар.

Пастырская сустрэча духавенства

«Так ужо ёсць у жыцці, што часта тыя, хто не верыць у Бога, не ведаюць сапраўднага Бога, якога абвяшчае Езус, – дадаў Тадэвуш Кандрусевіч. – Іх Бог – гэта проста прадукт іх уласнага ўяўлення, які прадстаўляе скажоны вобраз Бога. Калі мы хочам адкрыць сапраўднага Бога, то павінны звярнуцца да Езуса. Ён уяўляе Бога з чалавечым тварам і сэрцам».

Як падкрэсліў іерарх, словы Езуса, што да Яго прыходзіць толькі пакліканы Ягоным Айцом, азначаюць таксама заклік да святасці. «Езус кажа, што мы пакліканы да святасці не з-за таго, што маем нейкія асаблівыя якасці, што больш папулярныя ці разумныя. Мы пакліканы да святасці, бо ўсё, што маем, паходзіць ад Бога. Ён адзіны з’яўляецца крыніцай святасці, да якой наблізіцца мы пакліканы. Мы створаны па вобразу і падабенству Божаму і павінны такімі быць, а гэта азначае – павінны быць святымі», – патлумачыў арцыбіскуп.

Рэвалюцыйным, па словах арцыпастыра, стала вучэнне Другога Ватыканскага Сабору аб паўсюднасці паклікання да святасці. «Святасць – не толькі для духоўных асобаў, але і для простых людзей», – адзначыў іерарх і нагадаў, што вучэнне Сабору далей развівалі Пантыфікі Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. Асабліва на гэта звярнуў увагу папа Францішак у апошняй Апостальскай адгартацыі «Gaudete et Exsultate» («Радуйцеся і весяліцеся»). «Ён падкрэслівае праўду аб тым, што святы таксама мог быць грэшнікам, але знайшоў шлях да Бога. Нездарма кажуць, што святыя маюць мінулае, а грэшнікі – будучыню», – сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пастырская сустрэча духавенства

«Дарагія святары і кансэкраваныя асобы, Бог даверыў нам духоўнае кіраванне людзьмі, – звярнуўся іерарх да ўдзельнікаў пастырскай сустрэчы. – І ад таго, як мы будзем выконваць наш абавязак, залежыць, ці навучым людзей практыцы вяртання да Бога, веры ў Яго і імкнення да святасці».

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што падчас Сусветных дзён моладзі ў Юбілейным 2000 годзе св. Ян Павел II звярнуўся да маладых людзей з заклікам: «Не бойцеся быць святымі XXI стагоддзя». «Няхай наша пастырская актыўнасць спрыяе таму, каб людзі пазнавалі Бога і вярталіся да Яго з мэтай паглыбляць нашу веру і імкнуцца да святасці», – пажадаў іерарх.

Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы была звернута ўвага на нявырашаную да гэтага часу праблему служэння ў архідыяцэзіі святароў і кансэкраваных асобаў з-за мяжы, без чаго на сённяшні дзень немагчыма забяспечыць нармальнае душпастырства ў мясцовым Касцёле. Аб вырашэнні гэтай вострай і надзённай праблемы арцыбіскуп заклікаў усіх удзельнікаў сустрэчы маліцца, каб Бог сваёю моцаю дапамог пераадолець усе перашкоды на шляху абвяшчэння Евангелля на нашай зямлі.

Фота: кс. Кірыл Бардонаў
Паводле catholic.by

Меткі: святары і законнікі, бп. Тадэвуш Кандрусевіч

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"