Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная
  • Парафія
  • Навіны
  • «Трэба палюбіць неба»: як пробашч з Чырвонага касцёла атрымаў пасведчанне пілота грамадзянскай авіяцыі

«Трэба палюбіць неба»: як пробашч з Чырвонага касцёла атрымаў пасведчанне пілота грамадзянскай авіяцыі

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк дасягае новых вышыняў. Гэтым разам у літаральным сэнсе: нядаўна ён стаў першым каталіцкім святаром у Беларусі, які атрымаў пасведчанне пілота-аматара грамадзянскай авіяцыі.

Неба, самалёт... і пробашч

Падчас першага лётнага занятку на маламерным самалёце ён зусім не хваляваўся. Маўляў, проста назірай за інструктарам і запамінай. Але ўсё пайшло не так...

«Інструктар даў мне ў рукі ключы і кажа: вы — першы пілот. Сядайце, а я буду расказваць, што тут і як працуе. Часу для роздуму не было, у лётнай школе трэба залічыць 40 гадзін: чым раней пачнеш лятаць, тым лепш».

Ксёндз Уладзіслаў упэўнены, што авіяцыя — новыя магчымасці для Касцёла і патрабаванне часу, на якое трэба адказваць.

«Летась мы распачалі верталётныя пілігрымкі у Будслаў, у Жыровічы. У кабіну можа змясціцца да сямі чалавек, таму гэта больш турыстычны тур, але і ён павінен мець сваіх душпастыраў», — зазначае святар.

Палёт у Будслаў

«Я пабачыў зацікаўленасць такімі турамі ў прадстаўнікоў дзяржавіяцыі і адчуў, што справа мне вельмі блізкая і я гатовы яе папулярызаваць», — дадае пробашч з Чырвонага касцёла.

Цяпер кс. Уладзіслаў мае права на кіраванне маламернымі самалётамі і занядбоўваць лётную практыку не збіраецца. На самалёце, прызнаецца ён, можна пабачыць палову Беларусі за дзве-тры гадзіны:

«Гэта эканоміць час і адкрывае вялікія магчымасці, таму што ў самыя аддаленыя санктуарыі Беларусі больш не трэба ехаць аўтамабілем: туды можна даляцець. Атрымаецца паветраная пілігрымка, якую асабліва важна прапанаваць турыстам з-за мяжы, якія прыбываюць да нас без візы на пяць дзён».

Правы на асноўныя катэгорыі наземнага транспарту ў святара ўжо былі. Каб атрымаць пасведчанне пілота-аматара, ён спачатку наведваў заняткі па тэорыі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, а пасля праходзіў лётную практыку.

«Вучыцца мне падабалася. Галоўнае — палюбіць неба, астатняе прыйдзе. Там такі прастор! Гэта незабыўна!» — не хавае эмоцый ён.

Як становяцца пілотамі-аматарамі

Як расказалі ў Авіяцыйным вучэбным цэнтры «Дайманд», які праводзіць заняткі на базе аэрадрома Мачулішчы, будучым пілотам-аматарам спачатку трэба прайсці ўрачэбна-лётную медкамісію.

Адзінай установай у Беларусі, якая пацвярджае здароўе пілотаў, з’яўляецца «Медыцынская служба грамадзянскай авіяцыі». Каштуе гэта паслуга каля 100 рублёў.

Пасведчанне пілота-любіцеля

Для людзей, старэйшых за 55 гадоў, камісію трэба пацвярджаць кожны год.

Для пілотаў-аматараў прадугледжана 2-я ступень годнасці, для якой патрэбна добрае здароўе: з артэрыяльнай гіпертэнзіяй (павышаным ціскам) стаць пілотам не атрымаецца, высокія патрабаванні і да зроку — пры праверцы ў акуліста трэба бачыць шэсць радкоў.

Калі пілот плануе лятаць толькі ў Беларусі і рускамоўных краінах, яму неабавязкова ведаць англійскую мову. Калі запланаваны палёты ў Заходнюю Еўропу, у Акадэміі авіяцыі Беларусі трэба прайсці адмысловы курс «англійскай мовы для пілотаў».

Пасведчанне пілота-аматара выдаецца толькі на той тып самалёта, на якім чалавек вучыўся. Калі пілот хоча кіраваць двума відамі самалётаў, ён праходзіць перападрыхтоўку.

Навучанне складаецца з тэорыі і практыкі. Тэарэтычны курс можа быць вочным і завочным. Завочны курс — каля паўтара месяца, вочны — каля месяца.

кс. Уладыслаў каля самалёта

У Авіяцыйным вучэбным цэнтры «Дайманд» практычная частка складаецца з 16 гадзін наземнай падрыхтоўкі (каля трох дзён), 17 гадзін заняткаў на трэнажоры і 41 гадзіны налётаў (каля 20 працоўных дзён). Пры паспяховай здачы выдаецца пасведчанне пілота-аматара.

Але без пастаяннай практыкі яно не дапаможа. Калі перапынак у палётах большы за месяц, давядзецца праходзіць абавязковую лётную праверку з інструктарам.

Ілья Лапато
Фота Віталія Палінеўскага
Паводле catholic.by

Меткі: кс. Уладыслаў Завальнюк

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"