Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Дзень роднай мовы ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча

У сувязі з міжнародным Днём роднай мовы 21 лютага ў нашым касцёле распачаўся тыдзень беларускай мовы. У рамках 11-й агульнанацыянальнай дыктоўкі ў гэты дзень у бібіліятэцы імя Адама Міцкевіча па традыцыі праводзілася акцыя “Пішам дыктоўку па-беларуску”, якая заўсёды збірае шмат удзельнікаў. У гэтым годзе паспрабаваць свае здольнасці ў напісанні прыйшлі 23 нашых чытача.

Блаславіў гэтую добрую справу і асвяціў прысутных кс. Дзмітрый Іваноў, які пажадаў поспехаў у напісанні дыктоўкі, нагадаўшы, што мова аб’ядноўвае людзей і з’яўляецца адной з ключавых прыкмет нацыянальнай культуры. Валоданне роднай мовай паказвае ўзровень культуры грамадства ў цэлым.

Дыктоўка праводзіцца пад знакам 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і выдання Ф. Скарынам, беларускім асветнікам,  першай кнігі Бібліі на ўсходнеславянскіх землях. Прысвячалася светлай памяці Вялікага Скарыны.

Напачатку мерапрыемства ўдзельнікі праслухалі “Гімн Скарыны” на яго словы з прадмовы да Кнігі Юдыты “Понеже от прирожения”, музыку да якога напісаў Алег Чыркун. Потым для прыстуных быў прадстаўлены ўрывак з тэатралізаванага выступлення вядучага майстра сцэны Беларускага паэтычнага тэатра “Зніч” Белдзяржфілармоніі Вячаслава Анатольевіча Шакаліды.

Свае вершы прачытала член Саюза пісьменнікаў Беларусі паэтка Людміла Круглік. Асаблівае ўражанне слухачы атрымалі ад верша “Ля сцен Чырвонага касцёла”.

Ля сцен Чырвонага касцёла вартуе ноч стагоддзя цень,
Па Боскай волі два анёлы аберагаюць новы дзень.
Тры вежы ў велічным спакоі глядзяць з мінулага на свет.
Да неба дастаюць рукою, каб на зямлі не мелі бед.
Дзве бакавыя – брат з сястрою – жыцця кароткія шляхі,
А з трэцяй – з болем і тугою вачэй не зводзяць іх бацькі.
І на каменныя іх плечы злятаюць птушачкі з нябёс,
Гучыць арган, міргаюць свечы, гадзіннік хутка лічыць лёс.
Бароніць храм ад злой напасці святы архангел Міхаіл.
Дзіда тырчыць у д’ябла з пашчы, каб чалавек у шчасці жыў.
Стаю ля сцен я ў задуменні, дзе час сцяжынкі лёсаў звёў,
Схіляю да зямлі калені за тых, хто будаваў касцёл!

Затым прагучалі “Малітва за Беларусь” Наталлі Арсенневай, “Родная мова” Максіма Танка і іншыя вершы. З вялікай зацікаўленасцю прысутныя паслухалі актыўную чытачку бібліятэкі  Валерыю Іванаўну Навуменка, якая падзялілася сваімі ўражаннямі ад прачытаных кніг. У часе кароткай дыскусіі прысутныя актыўна выказвалі свае думкі аб ролі беларускай мовы і літаратуры ў жыцці сучаснага грамадства і асобных людзей.

Таксама ўвазе прысутных была прапанавана тэматычная кніжная выстава.

Затым адбылося напісанне дыктоўкі. Быў прапанаваны тэкст паводле Міколы Купавы “Партрэт Францыска Скарыны”. У наглядную дапамогу кожны ўдзельнік меў графічны партрэт Ф. Скарыны, які і апісаў мастак М. Купава. На жаль, сёння мы не вельмі часта размаўляем, а тым больш пішам па-беларуску. Таму пэўныя хваляванні і нерашучасць у напісанні тых ці іншых слоў, канечне, былі. Але, як паказала праверка напісанага, з заданнем удзельнікі справіліся добра. А пяць чалавек напісалі дыктоўку на “выдатна”. На заканчэнне вынікі актыўна абмяркоўваліся за гарбатай і кавай. Многія ўдзельнікі пажадалі ўзяць свае работы дадому, каб такую дыктоўку правесці ў сваіх сем’ях.

Праграма ўшанавання роднай мовы ў Чырвоным касцёле будзе працягвацца яшчэ некалькі дзён:

22 лютага – Конкурс-віктарына “Ці ведаеце вы беларускую літаратуру?”
23 лютага – Міцкевічаўскія чытанні “Балады”
24 лютага – Вечарына “Беларускія паэты замежжа”
25 лютага – Конкурс вершаў сярод дзяцей

Падобныя мерапрыемствы бібліятэка імя Адама Міцкевіча плануе праводзіць не толькі да дня роднай мовы, але і ў сувязі з парафіяльнымі святамі і іншымі грамадска значнымі падзеямі ў культурным жыцці краіны.

Ванда Іваноўская, Галіна Івуць
Фота Валерыя Козуба

IMG
IMG 5374-
IMG 5386-
IMG
IMG
IMG 5407-
IMG 5410-
IMG
IMG
IMG 5442-
IMG 5445-
IMG
IMG
IMG
IMG
IMG
IMG

Меткі: Бібліятэка

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.