Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

«Моладзь — надзея Касцёла і грамадства»: Пастырскае пасланне Мітрапаліта Кандрусевіча на 2018 год

Трэба памятаць аб тым, што хрысціянскае жыццё — гэта шлях, на які нас паклікаў Бог і якім Ён вядзе, а не шлях, які нам указваюць варажбіты, экстрасэнсы і гараскопы або спецыяльныя тэле- і радыёпраграмы ды фільмы, якія не нясуць у сабе ніякага духоўнага паслання.

Мітрапаліт Кандрусевіч

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагая моладзь!

1. 2018 год, які мы зусім нядаўна распачалі, у Каталіцкім Касцёле на Беларусі прысвечаны моладзі, якая ў сучасным секулярным свеце часта з’яўляецца згубленай і таму патрабуе большай духоўнай апекі.

Ад выхавання маладога пакалення і падрыхтоўкі яго да самастойнага жыцця залежыць будучыня свету. Нездарма св. Ян Павел II кажа, што моладзь — гэта надзея Касцёла і будучыня свету (пар. http://www.wieczernik.oaza.pl/artykul/nadzieja-swiata_id142).

Менавіта таму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла 2018 пастырскі год прысвяціць моладзі як надзеі Касцёла і грамадства.

Няўзброеным вокам бачна, што сучасны малады чалавек перажывае шмат крызісаў. Ён хоча быць шчаслівым. Нічога, аднак, не даецца задарма, за ўсё трэба змагацца. У той самы час многія хочуць дасягнуць поспеху малой крывёй, калі так можна выказацца, і задавальняюцца ілюзорным шчасцем, забываючыся аб тым, што яно мінае як туман, пакідаючы пасля сябе расчараванне.

2. Адным з найбольш распаўсюджаных у наш час крызісаў з’яўляецца нязмерна большая зацікаўленасць моладзі спажывецтвам і задавальненнямі, чым ідэаламі.

Небяспечным з’яўляецца крызіс прыняцця рашэнняў і адказнасці. Маладыя людзі доўга вагаюцца ў выбары жыццёвага шляху, аб чым добра сведчыць, напрыклад, павелічэнне ўзросту, у якім яны вырашаюць заснаваць сям’ю.

Інертнасць і адсутнасць яснага бачання будучага вядуць да таго, што многія маладыя людзі жывуць з дня на дзень без канкрэтнай мэты. Паддаючыся ўплывам сучаснага свету, яны плывуць па цячэнні замест таго, каб плысці супраць і такім чынам удасканальвацца, і імкнуцца да дасягнення пастаўленай мэты.

У многіх краінах свету існуе востры крызіс беспрацоўя, што адбірае надзею ў маладога чалавека, не дае перспектывы і выклікае страх перад будучым.

Моладзь вельмі лёгка паддаецца сучасным амаральным залежнасцям, з якіх трэба выдзеліць не згоднае з Божай воляй сексуальнае жыццё. У выніку чаго прагрэсіруе хвароба СНІДу, якая становіцца пандэміяй нашага часу. Да алкагалізму дабавілася наркаманія, што яшчэ больш ускладняе жыццё маладога чалавека.

З «літаніі» існуючых залежнасцяў, да якіх схільны малады чалавек, неабходна выдзеліць узнікненне «лічбавай культуры», роля якой з кожным днём узрастае. У выніку гэтага жыццё маладых людзей усё больш абмяжоўваецца медыямі і сацыяльнымі сеткамі. Большасць інфармацыі моладзь чэрпае з інтэрнэту. Не «адкрыем Амерыкі», калі скажам, што найбольшы ўплыў на яе сёння маюць не традыцыйныя аўтарытэты, а блогеры.

Інтэрнэт і мабільнік сталі неад’емнай часткай нашага быту. Менавіта медыя, а не сям’я, школа, універсітэт, Касцёл, грамадства, выхавацелі і г.д. займаюць усё больш значнае месца ў фармаванні маладога чалавека. Сумна, але праўдзіва тое, што малады чалавек сваё жыццё ўсё часцей змяшчае ў Фэйсбуку або Вконтакте. Размову вядзе праз СМС, Viber, WhatsApp і Telegram.

Інтэрнэт усё больш кантралюе нас і, не даючы часу напісаць цэлае слова, папярэджвае нашы пытанні, што вядзе да інтэлектуальнай лянівасці і нішчыць здольнасць крытычна думаць і задаваць пытанні. Інфармацыйная, медыяльная і камп’ютарная залежнасць пачынае кіраваць жыццём, адносінамі і самім чалавекам, усё больш адрываючы яго ад рэчаіснасці і перанакіроўваючы ў падманлівы віртуальны свет.

Немагчыма ўявіць сабе сучаснае жыццё без медый і інтэрнэту. Яны патрэбны ў палітыцы, эканоміцы, гаспадарцы, спорце, турызме, вучобе, а таксама жыцці і дзейнасці Касцёла і г.д. Касцёл да гэтага феномена нашага часу ставіцца з усёй павагай і сам усё актыўней выкарыстоўвае медыя ў пастырскай дзейнасці.

У той самы час неабходна ўважліва аналізаваць змены і пагрозы, якія нясе з сабой усё больш інтэнсіўная прысутнасць моладзі ў віртуальным свеце.

Таму справядліва ўзнікае пытанне, ці мы заўсёды выкарыстоўваем медыя ў мэтах нашага духоўнага ўдасканальвання? Ці яны служаць развіццю адносін паміж намі? Ці заўсёды будуюць іх? Ці часам не разбураюць? Касцёл вучыць, што заданнем медыя з’яўляецца не толькі «інфармаваць», але найперш «фармаваць», а для гэтага неабходна кіравацца прынцыпамі медыйнай этыкі і маральнасці.

Таму перад Касцёлам стаіць вельмі важнае заданне і выклік. Гаворка ідзе пра належную медыйную адукацыю моладзі і ўсяго грамадства, якая не можа абмяжоўвацца толькі пазнаннем новых тэхналогій, але павінна вучыць здольнасці крытычнага выбару. Таму пастырства моладзі ў часы лічбавай трансфармацыі — гэта не толькі неабходнасць, але і шанец.

Адасобленай праблемай сучаснай моладзі з’яўляецца захапленне рознымі формамі акультызму і магіі. Трэба памятаць, што гэта не забава, а дазвол злому духу дзейнічаць у нас. Калі прыходзім у рэстаран і замаўляем абед, то потым не можам сказаць, што пажартавалі. Будзем есці ці не, але плаціць трэба. Таксама і з акультызмам, трэба будзе плаціць, бо вырвацца з путаў злога духа вельмі цяжка.

Трэба памятаць аб тым, што хрысціянскае жыццё — гэта шлях, на які нас паклікаў Бог і якім Ён вядзе, а не шлях, які нам указваюць варажбіты, экстрасэнсы і гараскопы або спецыяльныя тэле- і радыёпраграмы ды фільмы, якія не нясуць у сабе ніякага духоўнага паслання.

3. У такой складанай сітуацыі Касцёл не пакідае маладых людзей адных і без духоўнай дапамогі. Па ініцыятыве св. Яна Паўла II з 1986 г. праводзяцца Сусветныя дні моладзі. У Ватыкане існуе Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця, якая таксама займаецца пастырствам моладзі.

Занепакоены маральным станам сучаснай моладзі папа Францішак звяртае вялікую ўвагу на яе выхаванне і ў кастрычніку гэтага года склікае адмысловы Сінод біскупаў на тэму: «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Гэтым самым Пантыфік клапоціцца пра належнае выхаванне моладзі ў свеце, які адракаецца ад веры і не дае маладым людзям належнага прыкладу хрысціянскага жыцця і паклікання.

У падрыхтоўцы Сіноду бярэ ўдзел моладзь усяго свету. Яна мела магчымасць адказаць па пытанні спецыяльнай анкеты, а перад Пальмовай нядзеляй у Ватыкане адбудзецца перадсінадальная сустрэча моладзі, у якой прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх мясцовых Касцёлаў, у тым ліку і з Беларусі.

Свядомы ў адказнасці за духоўны стан моладзі Мінска-Магілёўскі Касцёл, зыходзячы са сваіх абмежаваных матэрыяльных і персанальных рэсурсаў, не застаецца збоку ад фармацыі моладзі. Далёка за межамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вядомы папулярныя Адвэнтавыя і Вялікапосныя чуванні моладзі ў Мінскай архікатэдры, практыку якіх пераймае і Магілёўская парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.

Штогод у Івянцы праводзіцца Музычная майстэрня, якая дапамагае музычна здольнай моладзі ўдасканальвацца, каб потым дапамагаць у сваіх парафіях. Малітоўная сустрэча моладзі і Парафіяда, якія праходзяць там жа, з’яўляюцца добрай магчымасцю для духоўнага, інтэлектуальнага, мастацкага і фізічнага ўдасканальвання маладых людзей.

Пілігрымкі да санктуарыяў сталі арганічнай часткай пастырства моладзі. Заахвочваю маладых людзей прымаць актыўны ўдзел у гэтых пастырскіх акцыях, а пастыраў — выкарыстоўваць гэтыя акцыі больш эфектыўна.

Характар маладога чалавека фарміруецца таксама і праз удзел у дабрачынных акцыях. У сувязі з гэтым заклікаю моладзь у якасці валанцёраў прымаць удзел у служэнні міласэрнасці ў парафіях, дабрачыннай арганізацыі «Карытас» і моладзевай місіі «Чыстае сэрца» і іншых, накіраваных на дапамогу патрабуючым, акцыях.

У мінулым годзе ў Беларусі распачало сваю дзейнасць папулярнае ва ўсім свеце «Радыё Марыя». Запрашаю моладзь да ўдзелу ў падрыхтоўцы і правядзенні яго праграм, у тым ліку моладзевых. Выдадзена першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне на беларускай мове «Новага Запавету». Запушчаны электронны варыянт Літургіі гадзінаў, якім можна карыстацца на партале: www.lh.catholic.by. Пры парафіі Святой Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску заснавана архідыяцэзіяльнае пастырства моладзі Fides (Вера), дзейнасць якога прадстаўлена ў сацыяльных сетках Фэйсбук, Інстаграм і Вконтакте, дзе маладыя людзі могуць весці свае дыскусіі і задаваць пытанні. Усё гэта мае дапамагчы моладзі ў яе духоўным удасканальванні.

4. Прыкметай нашага часу з'яўляецца неабмежаванае імкненне людзей, асабліва моладзі, да свабоды. Пры гэтым мы часта забываемся, што не можа быць сапраўднай свабоды без адказнасці, бо тады свабода ператвараецца ў анархію, як казаў св. Ян Павел II яшчэ ў далёкім 1993 г. падчас сустрэчы з моладдзю ў Каўнасе (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/speeches/1993/september/documents/hf_jp-ii_spe_19930906_giovani-lituania.html).

Нам неабходна памятаць аб тым, што Касцёл не з’яўляецца выключна супольнасцю духоўнай свабоды ў межах Божага закону, але таксама і праўды, якая ставіць перад кожным веруючым чалавекам свае запатрабаванні. У часы развітых медыя мы ўсё часцей жывём ідэяй эгацэнтрызму, што вядзе да маральнай дэфармацыі. Без прычыны штохвіліну ўкідваем ў сацыяльныя сеткі сэлфі і паказваем як супер было, напрыклад, на вакацыях і сочым, ці растуць у нас лайкі. Усё на адлегласці выцягнутай рукі — ні пра што не трэба клапаціцца. А часам трэба чамусьці вучыцца і гартаваць характар.

Усё гэта не што іншае, як сумная праўда аб тым, што малады чалавек замест таго, каб больш клапаціцца пра свой духоўны стан, клапоціцца пра сваю папулярнасць у сацыяльных сетках. Ён хоча быць падобным да кагосьці (найлепш — да вядомых артыстаў). Глядзіць на ідалаў шоў-бізнесу і спрабуе стаць падобным да іх. Толькі ўвесь гэты свет з’яўляецца ні чым іншым, як містыфікацыяй.

Мы сочым на смартфонах за светам гэтых людзей, за іх усмешкамі. Здаецца, яны маюць усё, жывуць без праблем і шчаслівыя ў свеце, які ствараюць самі. Але праўда ў тым, што гэты свет не сапраўдны, а віртуальны — падманлівы, як і віртуальнае шчасце, якім часта жыве сучасная моладзь.

5. Усё гэта і ёсць тая новая культура, у якой расце і выхоўваецца малады чалавек. Яна нанова ставіць перад намі праблему праўды і праблему таго, як яе выказаць і дасягнуць. Мы не маем маральнага права ўцякаць ад яе, бо яна ўяўляе сабой сутнасць нашага асабістага існавання і вызнання веры. Таму неабходна ўключаць маладых людзей у новую культуру, не пазбаўляючы іх крытычнага пачуцця рэчаіснасці.

У такой сітуацыі Касцёл павінен знайсці адпаведную мову абвяшчэння Евангелля, каб яно не растваралася ў паветры, але даходзіла да адрасата. Але ў у той самы час Касцёл не можа і не мае права дастасоўваць Евангелле да пажаданняў людзей. Распачатае Другім Ватыканскім Саборам aggiornamento ці «абнаўленне касцёльнага жыцця згодна з патрабаваннямі часу» не азначае змены дактрыны, але пошуку адпаведнай і зразумелай сучаснаму чалавеку мовы, якой яна абвяшчаецца.

Таму Касцёл у наш час знаходзіцца перад вельмі важным выклікам, калі неабходна зрабіць крок у невядомае. А менавіта — распачаць прамаўляць да моладзі мовай, якой раней не прамаўляў, і выкарыстоўваць знакі, якіх раней не выкарыстоўваў. Моладзь чакае ад нас зразумелай ім мовы, але адначасова мовы, якая верна перадае вучэнне Касцёла.

Святы апостал Павел папярэджвае, што прыйдуць часы, калі людзі будуць патрабаваць ад Касцёла, каб гаварыў ім тое, што яны хочуць пачуць (пар. Цім 1, 3-7). Гэта азначала б здраду. Што б мы казалі пра лекара, які не кажа сваім пацыентам фактычнага стану іх здароўя, але толькі тое, што яны хацелі б пачуць?

6. Важным у душпастырстве моладзі павінна стаць асабістая сустрэча з адказнымі за душпастырства моладзі. Для душпастыраў гэта вялікая магчымасць, бо прыклады дзейнічаюць куды мацней за словы. У такой сустрэчы таксама павінна быць месца для слухання моладзі і пазнання праблем, з якімі яны сустракаюцца, з мэтай далейшага суправаджэння іх на шляхах веры і паклікання.

Нельга забывацца і пра тых, хто застаецца абыякавым да духоўных спраў, бо ім таксама патрэбна падтрымка на этапе ўваходу ў дарослае жыццё.

Падчас Сусветнага дня моладзі ў Кракаве ў 2016 г. папа Францішак заклікаў маладых людзей, каб усталі з канапы, абуліся і ішлі ў свет (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/it/speeches/2016/july/documents/papa-francesco_20160730_polonia-veglia-giovani.html). Гэтыя словы сталі папулярным дэвізам сярод моладзі, але яны адносяцца да ўсіх.

Сучасная рэчаіснасць не рэдка становіцца прычынай пасіўнасці маладых людзей. Многія з іх у роспачы кажуць, што нічога нельга змяніць. Неабходна ім паказаць, што гэта не так, што Евангелле з’яўляецца ключом да змены свету. Таму біскупы, прэзбітэры і дыяканы, семінарысты, кансэкраваныя асобы, бацькі і выхавацелі — усе мы павінны ўстаць з канапы, абуцца і ісці да моладзі. Калі моладзь імкнецца наперад, то мы не можам пакінуць яе без адпаведнай духоўнай апекі.

7. Дарагія браты і сёстры!

Клопат пра выхаванне моладзі павінен стаць галоўным у нашым асабістым жыцці і жыцці нашага мясцовага Касцёла. Якой будзе моладзь, такім будзе нашае заўтра, якое распачынаецца сёння. Неабходна ісці да моладзі туды, дзе яна знаходзіцца і дзе перажывае дылемы сваёй штодзённасці. Гэта адзін з найбольш важных выклікаў душпастырства моладзі.

Дарагая моладзь!

Не паддавайцеся спакусам віртуальнага і ілюзорнага шчасця. Не губляйце энтузіязму, заўсёды крочце наперад, нават калі адчуваеце сябе прыгнечанымі праблемамі і смуткам, калі здаецца, што на гарызонце вашага жыцця не бачна надзеі. Прыняцце Божай волі абнавіць вашае «духоўнае праграмнае забеспячэнне», каб функцыянаваць і не заблудзіцца ў жыцці, як кажа папа Францішак (пар. https://catholic.by/3/news/world/7070-papa-rymski-da-moladzi-bangladeshy).

Даверцеся Богу, бо толькі ў Ім шчасце. Адкрыйцеся на вечна жывую праўду Евангелля, у якой знойдзеце сэнс жыцця і шлях да дасягнення шчасця, каб быць надзеяй Касцёла і грамадства.

Давяраючы ўсіх вас — выхавацеляў і моладзь — апецы Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю на Год моладзі ў імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 7 студзеня 2018 г.
Свята Хросту Пана

http://www.wieczernik.oaza.pl/artykul/nadzieja-swiata_id142
http://www.centrumjp2.pl/wikijp2/index.php?title=Młodzież
http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/speeches/1993/september/documents/hf_jp-ii_spe_19930906_giovani-lituania.html
http://w2.vatican.va/content/francesco/it/speeches/2016/july/documents/papa-francesco_20160730_polonia-veglia-giovani.html
https://catholic.by/3/news/world/7070-papa-rymski-da-moladzi-bangladeshy

Паводле catholic.by

Меткі: бп. Тадэвуш Кандрусевіч

  • Май
    2018

    Тэатр Зніч

  • Пілігрымка

    8 красавіка 2018 г. (у нядзелю Божай Міласэрнасці) адбудзецца пілігрымка з удзелам у Святой Імшы ў касцёле Божай Міласэрнасці ў Гродна.

  • Красавік
    2018

    Тэатр Зніч

  • Учынак міласэрнасці альбо як дапамагчы блізкаму чалавеку

    Моладзь касцёла святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”, якая будзе дзейнічаць на працягу ўсяго Вялікага посту. Падчас яе кожны з удзельнікаў можа стварыць арыгінальную паштоўку, цудоўную вербачку альбо іншы велікодны падарунак.

  • Фотавыстава

    Фотавыстава Уладзіслава Цыдзіка "Бачу Беларусь такой"

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Запрашаем на тыдзень беларускай мовы, які адбудзецца 21 – 25 лютага 2018 г. у бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла.