«Быць пратаганістамі св. Яна Хрысціцеля»: у мінскім Чырвоным касцёле прайшла аплаткавая сустрэча для катэхетаў архідыяцэзіі
19 снежня 2015 г. у касцёле Св. Сымона і Св. Алены ў Мінску прайшла святая Імша для студэнтаў і выкладчыкаў «Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля», а таксама для катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Пасля Імшы, якую цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адбылася аплаткавая сустрэча.
У гаміліі іерарх заахвоціў прысутных не сумнявацца ў Божай моцы і давяраць Богу, будучы сведкамі Яго прыйсця: «Ад нас саміх залежыць, ці пазнае свет Бога і ці даверыцца Яму. Бо Бог дзейнічае праз іншых. Кожны з нас атрымаў ад Бога шматлікія дары, якія дазваляюць нам выканаць Божы план і дапамагчы іншым наблізіцца да Хрыста».