Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:      

Агульны парадак святой Імшы (рымскі абрад)

На Імшы ці Вячэры Пана народ Божы збіраецца разам пад кіраўніцтвам святара, які ўвасабляе Хрыста, для цэлебрацыі ўспаміну пра Пана альбо эўхарыстычнай ахвяры. Таму перш за ўсё да мясцовай супольнасці святога Касцёла адносіцца абяцанне Хрыста: "Дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх" (Мц 18, 20). Бо пры цэлебрацыі Імшы, у якой вечна здзяйсняецца ахвяра крыжа, Хрыстус рэальна прысутнічае ў самім сходзе людзей, сабраных у Яго імя, у асобе святара, у сваім слове, а таксама сутнасна і бесперапынна ў эўхарыстычных постацях.

Святая Імша складаецца з дзвюх частак, а менавіта: з літургіі слова і эўхарыстычнай літургіі, якія так цесна звязаныя паміж сабою, што ўтвараюць адно культавае дзеянне – на святой Імшы падрыхтоўваецца стол Божага слова і Хрыстовага Цела, з якога вернікі атрымліваюць настауленне і падмацаванне. Эўхарыстыя – гэта адзін акт культу, адно цэлае, таму нельга свядома прапускаць які-небудзь "менш важны" момант святой Імшы або спазняцца на яе.

Структуру святой Імшы (нядзельнай) можна прадставіць у наступнай схеме:

I. Уступныя абрады:

ІІ. Літургія слова:

III. Эўхарыстычная літургія:

IV. Абрад заканчэння:

Паводле кнігі "Святая Імша. 100 пытанняў і адказаў"


Тлумачэнне асобных частак святой Імшы

I. Уступныя абрады

Абрады, якія папярэднічаюць літургіі слова, а менавіта: уваход, вітанне, чын пакаяння, "Пане, змілуйся" ("Kyrie, eleison"), "Хвала на вышынях" і калекта маюць характар уступу, увядзення і падрыхтоўкі. Мэта гэтых абрадаў у тым, каб вернікі, збіраючыся разам, утварылі еднасць і падрыхтаваліся да належнага слухання слова Божага і да годнай цэлебрацыі Эўхарыстыі.

Уваход

Пасля таго, як збярэцца народ, калі ўваходзіць святар з дыяканам і прыслугоўваючымі, пачынаецца спеў на ўваход. Мэта гэтага спеву – распачаць цэлебрацыю Імшы, паспрыяць яднанню сабраных, унутрана падрыхтаваць іх да таямніцы літургічнага перыяду ці свята і суправаджаць працэсію святара з прыслугоўваючымі. Калі не выконваецца спеў на ўваход, то прамаўляецца антыфона, змешчаная ў Імшале.

Вітанне алтара

Прыйшоўшы да прэзбітэрыя, святар, дыяканы і прыслугоўваючыя вітаюць алтар нізкім паклонам. Затым як выраз пашаны святар і дыякан цалуюць сам алтар, а святар можа акадзіць крыж і алтар.

Знак крыжа. Прывітанне вернікаў

Пасля заканчэння спеву на ўваход святар, стоячы каля свайго месца, а разам з ім уся супольнасць робяць знак крыжа. Затым святар праз вітанне аб’яўляе сабранай супольнасці прысутнасць Пана. У гэтым вітанні і адказе народа выяўляецца таямніца сабранага Касцёла.

Чын пакаяння

Затым святар заклікае да чыну пакаяння, які пасля кароткага часу маўчання здзяйсняе ўся супольнасць у форме агульнай споведзі, а святар завяршае яе адпушчэннем грахоў. Але гэтае адпушчэнне не мае дзейснасці сакрамэнту пакаяння. У нядзелі, асабліва ў велікодны перыяд, замест звычайнага чыну пакаяння часам можа адбывацца асвячэнне вады і акрапленне ёю на ўспамін хросту.

"Пане, змілуйся над намі" ("Kyrie eleison")

Пасля чыну пакаяння заўсёды пачынаецца "Пане, змілуйся над намі", калі толькі гэтых словаў не было ўжо ў самім чыне пакаяння. Паколькі гэта спеў, у якім верныя заклікаюць Пана і просяць Ягонай міласэрнасці, выконваюць яго звычайна ўсе – гэта значыць у ім бярэ ўдзел народ, а таксама хор ці кантар.

Гімн “Хвала на вышынях” (“Gloria in excelsis Deo”)

“Хвала на вышынях” – гэта найстаражытнейшы і вельмі шанаваны гімн, якім Касцёл, сабраны ў Духу Святым, праслаўляе і моліць Бога Айца і Ягнё. Пачынае яго святар, альбо, калі гэта мэтазгодна, кантар ці хор, а спяваюць яго ці ўсе разам, ці народ папераменна з хорам альбо толькі сам хор. Калі гімн не спяваецца, яго прамаўляюць усе разам. Спяваецца альбо прамаўляецца ён у нядзелі, за выключэннем перыяду Адвэнту і Вялікага посту, ва ўрачыстасці і святы, а таксама на асаблівых, больш урачыстых, цэлебрацыях.

Малітва дня (калекта)

Затым святар запрашае народ да малітвы; усе разам са святаром нейкі момант захоўваюць маўчанне, каб усвядоміць, што стаяць перад Богам, і ў душы выказаць свае просьбы. Пасля гэтага святар прамаўляе малітву, якую прынята называць "калектай" і ў якой выяўляецца характар цэлебрацыі. Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла, гэтая малітва звычайна скіроўваецца да Бога Айца праз Хрыста ў Духу Святым і завяршаецца трынітарнай, г.зн. даўжэйшай, канцоўкаю, такім чынам:
- калі яна скіраваная да Айца: Праз Пана нашага, Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя;
- калі скіраваная да Айца, але ў канцы яе ўспамінаецца Сын: Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя;
- калі скіраваная да Сына: Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Народ, далучаючыся да малення, праз акламацыю Амэн робіць гэтую малітву сваёй.

ІІ. Літургія слова

Галоўную частку літургіі слова складаюць чытанні, узятыя са Святога Пісання, з суправаджальнымі спевамі. Гамілія, вызнанне веры і агульная малітва, альбо малітва вернікаў, развіваюць і завяршаюць літургію слова. У чытаннях, якія тлумачацца ў гаміліі, Бог прамаўляе да свайго народа, адкрывае таямніцу адкуплення і збаўлення, а таксама дае духоўны пасілак; а Хрыстус сам прысутнічае праз сваё слова сярод вернікаў. Гэтае Божае слова народ засвойвае ў маўчанні і ў песнях, далучаецца да яго ў вызнанні веры, а, пажыўлены ім, у агульнай малітве ўзносіць свае просьбы аб патрэбах усяго Касцёла і за збаўленне ўсяго свету.

Біблійныя чытанні

У чытаннях для вернікаў рыхтуецца стол слова Божага і адкрываюцца біблійныя скарбы. Таму пажадана захоўваць паслядоўнасць біблійных чытанняў, у якой выяўляецца адзінства абодвух Запаветаў і гісторыі збаўлення; нельга таксама замяняць чытанні і рэспансарыйны псальм, якія змяшчаюць слова Божае, іншымі, не біблійнымі тэкстамі. У цэлебрацыі Імшы з народам чытанні заўсёды чытаюцца з амбоны.

Рэспансарыйны псальм

Пасля першага чытання ідзе рэспансарыйны псальм, які з’яўляецца інтэгральнай часткаю літургіі слова і мае вялікае літургічнае і пастырскае значэнне, паколькі спрыяе разважанню над Божым словам. Рэспансарыйны псальм адпавядае асобным чытанням і звычайна бярэцца з лекцыянарыя. Пажадана, каб рэспансарыйны псальм спяваўся, ці каб спявалася прынамсі тое, што адносіцца да адказу народа. Таму псальміст альбо кантар, які выконвае псальм, выконвае верш псальма на амбоне альбо ў іншым адпаведным месцы.

Уся супольнасць, седзячы, слухае псальм і звычайна прымае ўдзел, паўтараючы рэфрэн. Калі псальм не можа спявацца, ён прамаўляецца такім чынам, каб як найбольш спрыяць разважанню над словам Божым.

Акламацыя і верш перад Евангеллем

Пасля чытання, якое ідзе непасрэдна перад Евангеллем, спяваецца Аллелюя альбо іншы вызначаны ў рубрыках спеў, у адпаведнасці з літургічным перыядам. Такая акламацыя ўтварае абрад ці асобнае дзеянне. У ёй супольнасць вернікаў прымае і вітае Пана, які будзе прамаўляць да іх у Евангеллі, і ў спеве вызнае сваю веру. Вядзе спеў акламацыі хор ці кантар і ўсе спяваюць яе стоячы, а калі дазваляюць абставіны, яна паўтараецца. Верш спявае хор ці кантар.
- Аллелюя спяваецца ва ўсе перыяды, апрача Вялікага посту. Вершы бяруцца альбо з лекцыянарыя, альбо з градуала.
- У час Вялікага посту замест Аллелюя спяваецца верш перад Евангеллем, пададзены ў лекцыянарыі. Можа спявацца таксама іншы псальм так, як падаецца ў градуале.

Евангелле

Евангелле абвяшчае дыякан альбо, калі яго няма, іншы святар. Калі ж няма ні дыякана, ні іншага святара, то Евангелле чытае сам цэлебруючы святар; а калі таксама няма адпаведнага лектара, то цэлебруючы святар павінен чытаць і іншыя чытанні.

Чытанне Евангелля з’яўляецца вяршыняй літургіі слова. Сама Літургія вучыць, што чытанню Евангелля павінна аддавацца найвышэйшая пашана, паколькі вылучае і адзначае яго сярод іншых чытанняў спецыяльным гонарам: служыцелі, вызначаныя для яго абвяшчэння, благаслаўляюцца святаром альбо рыхтуюцца праз малітву, верныя ж сваімі акламацыямі прымаюць і вызнаюць, што Хрыстус – прысутны і прамаўляе да іх, а само чытанне яны слухаюць стоячы; Евангеліярыю аддаюцца знакі пашаны.

Гамілія

Гамілія – гэта частка Літургіі. Яна вельмі пажаданая, паколькі гэта – неабходны элемент, які ўмацоўвае хрысціянскае жыццё. Гэта можа быць тлумачэнне якогасьці аспекту чытання Святога Пісання альбо іншага тэксту, узятага з Парадку Імшы ці з уласных Імшаў дня, у залежнасці ад цэлебраванай таямніцы альбо асаблівых патрэбаў слухачоў.

Гамілію звычайна прамаўляе сам цэлебруючы святар; ён можа даручыць гэта канцэлебруючаму святару альбо, калі гэта мэтазгодна, таксама дыякану, але ніколі – свецкай асобе. 

Вызнанне веры

Сімвал, альбо вызнанне веры, накіраваны на тое, каб увесь сабраны народ адказаў на Божае слова, абвешчанае ў чытаннях са Святога Пісання і выкладзенае ў гаміліі, а таксама, прамаўляючы праўды веры ў форме, зацверджанай для літургічнага ўжытку, ушанаваў і вызнаў вялікія таямніцы веры перш, чым распачнецца іх цэлебрацыя ў Эўхарыстыі.

Сімвал веры спяваецца ці прамаўляецца святаром разам з народам у нядзелі і ва ўрачыстасці. Ён можа прамаўляцца таксама на асаблівых, больш урачыстых цэлебрацыях. Калі вызнанне веры спяваецца, то яго пачынае святар альбо, калі гэта мэтазгодна, кантар ці хор; а спяваюць яго альбо ўсе разам, альбо народ папераменна з хорам. Калі вызнанне веры не спяваецца, то яго прамаўляюць усе разам.

Малітва вернікаў

У агульнай малітве, альбо малітве вернікаў, народ пэўным чынам дае адказ на прынятае з верай Божае слова і, выконваючы абавязак свайго атрыманага праз хрост святарства, ахвяруе Богу малітвы за збаўленне ўсіх людзей. Важна прамаўляць гэтую малітву на Імшах з народам такім чынам, каб узносіліся просьбы за святы Касцёл, за тых, хто намі кіруе, за прыгнечаных цяжкімі жыццёвымі абставінамі, за ўсіх людзей і за збаўленне ўсяго свету.

Святар уводзіць у малітву кароткім уступам, у якім запрашае вернікаў маліцца, і завяршае яе заключнаю малітваю. Інтэнцыі, якія прапануюцца, павінны быць прадуманымі, укладзенымі з мудрай шчырасцю ў некалькіх словах і прадстаўляць маленне ўсёй супольнасці. Звычайна яны прамаўляюцца з амбоны ці з іншага прыдатнага месца дыяканам, кантарам ці лектарам, альбо свецкім вернікам.

Народ стоячы выяўляе сваю малітву альбо ў агульнай інвакацыі пасля асобных інтэнцый, альбо молячыся ў маўчанні.

III. Эўхарыстычная літургія

На Апошняй Вячэры Хрыстус устанавіў ахвяру і пасхальную гасціну, праз якую ў Касцёле становіцца заўсёды прысутнай ахвяра крыжа, калі святар, увасабляючы Хрыста Пана, спаўняе тое, што ўчыніў сам Пан і што Ён даручыў спаўняць вучням на ўспамін пра сябе.

Хрыстус узяў хлеб і келіх, падзякаваў, паламаў і даў сваім вучням, кажучы: “Бярыце, ешце, піце; гэта – Цела Маё; гэта – келіх Крыві Маёй. Гэта чыніце на Маю памяць”. Таму Касцёл такім чынам упарадкаваў усю цэлебрацыю эўхарыстычнай літургіі, што яе часткі адпавядаюць гэтым словам і дзеянням Хрыста, а менавіта:
- Падчас прыгатавання дароў на алтар прыносяцца хлеб і віно з вадою, г.зн. тыя элементы, якія ўзяў у свае рукі Хрыстус.
- Падчас эўхарыстычнай малітвы аддаецца падзяка Богу за ўсю справу збаўлення, а прынесеныя дары становяцца Целам і Крывёю Хрыста.
- Праз ламанне хлеба і праз Камунію верныя, прымаюць Цела і Кроў Пана такім жа чынам, як апосталы – з рук самога Хрыста.

•  Прыгатаванне дароў.

На пачатку эўхарыстычнай літургіі да алтара прыносяцца дары, якія стануць Целам і Крывёю Хрыста.

Спачатку рыхтуецца алтар альбо стол Пана як цэнтр усёй эўхарыстычнай літургіі. На ім змяшчаецца карпарал, пурыфікатар, імшал і келіх. Затым прыносяцца ахвярныя дары; вельмі добра, калі хлеб і віно даюць вернікі, а святар альбо дыякан прымаюць іх у адпаведным месцы, каб затым прынесці на алтар. Хоць верныя ўжо не прыносяць для Літургіі свайго хлеба і віна, як гэта было раней, аднак абрад іх прынясення захоўвае сваю моц і духоўнае значэнне. Прымаюцца таксама грошы альбо іншыя дары для бедных ці для касцёла, прынесеныя вернікамі альбо сабраныя ў касцёле. Таму гэтыя дары змяшчаюцца ў адпаведным месцы па-за эўхарыстычным сталом. Працэсію, у якой прыносяцца дары, суправаджае спеў на ахвяраванне, які працягваецца прынамсі да складання дароў на алтары. Спеў заўсёды можа гучаць падчас абрадаў на ахвяраванне, нават калі не адбываецца працэсія з дарамі.

Святар складае хлеб і віно на алтары, прамаўляючы пры гэтым устаноўленыя малітвы. Ён можа таксама акадзіць дары, змешчаныя на алтары, а затым крыж і сам алтар. Гэта павінна азначаць, што ахвяраванне Касцёла і яго малітва ўзыходзяць як дым кадзіла перад аблічча Бога. Потым дыякан альбо іншы прыслугоўваючы можа акадзіць святара – дзеля ягонага святога служэння – і народ – з увагі на яго хросную годнасць. Затым святар абмывае рукі збоку алтара. Гэты абрад выражае жаданне ўнутранага ачышчэння.

•  Малітва над дарамі.

Пасля складання ахвярных дароў і заканчэння абрадаў, якія яго суправаджаюць, святар запрашае вернікаў, каб яны маліліся разам з ім. Гэтае запрашэнне і малітва над дарамі завяршаюць прыгатаванне дароў і падрыхтоўваюць да эўхарыстычнай малітвы.

Малітва над дарамі завяршаецца карацейшаю канцоўкаю, а менавіта: Праз Хрыста, Пана нашага; калі ж у канцы яе успамінаецца Сын, то: Які жыве і валадарыць на векі вечныя. Народ, далучаючыся да малення, праз акламацыю Амэн робіць гэтую малітву сваёй.

•  Эўхарыстычная малітва:

Цяпер пачынаецца цэнтральная і кульмінацыйная частка ўсяго літургічнага дзеяння: сама эўхарыстычная малітва, г.зн. малітва падзякі і асвячэння. Святар запрашае народ узнесці сэрцы да Пана ў малітве і складанні падзякі і яднае народ з сабою ў малітве, якую ён ад імя ўсёй супольнасці праз Езуса Хрыста ў Духу Святым скіроўвае да Бога Айца. Сэнс гэтай малітвы ў тым, каб уся супольнасць верных паядналася з Хрыстом у вызнаванні велічных справаў Божых і ў складанні ахвяры. Ад усіх патрабуецца слухаць эўхарыстычную малітву з пашанаю і ў маўчанні.

- прэфацыя, у якой святар ад імя ўсяго народа святога ўслаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення альбо за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята альбо перыяду.

- акламацыя, у якой уся супольнасць, яднаючыся з нябеснымі моцамі, спявае “Святы” (“Sanctus”). Гэтая акламацыя, якая з’яўляецца часткай самой эўхарыстычнай малітвы, прамаўляецца ўсім народам разам са святаром.

- эпіклеза, у якой праз асаблівыя заклікі Касцёл просіць моц Святога Духа асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста, і каб беззаганная ахвяра, прынятая на Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічаць.

- кансэкрацыя: праз словы і дзеянні Хрыста здзяйсняецца ахвяра, якую сам Хрыстус устанавіў на Апошняй Вячэры, калі склаў у ахвяру сваё Цела і Кроў у постацях хлеба і віна і даў іх есці і піць апосталам, наказаўшы ім заўсёды здзяйсняць гэтую таямніцу.

- анамнэза, у якой Касцёл, спаўняючы наказ, які атрымаў ад Хрыста Пана праз апосталаў, успамінае самога Хрыста, асабліва ўшаноўваючы Яго благаслаўлёную муку, хвалебнае змёртвыхпаўстанне і ўнебаўшэсце.

- ахвяраванне: Касцёл, спраўляючы гэты ўспамін, сабраўшыся тут і цяпер, складае Богу Айцу ў Духу Святым беззаганную ахвяру. Касцёл імкнецца да таго, каб вернікі не толькі складалі беззаганную ахвяру, але таксама вучыліся ахвяраваць сябе саміх і з кожным днём праз Хрыста ўсё шчыльней ядналіся з Богам і між сабою так, каб нарэшце Бог быў усім ва ўсіх.

- малітвы заступніцтва, праз якія выражаецца тое, што Эўхарыстыя цэлебруецца ў лучнасці з усім Касцёлам – як нябесным, так і зямным – і што ахвяра складаецца за яго і за ўсіх яго членаў, жывых і памерлых, якія былі пакліканыя да ўдзелу ў адкупленні і збаўленні, здабытым праз Цела і Кроў Хрыста.

- заключная даксалогія, у якой здзяйсняецца ўслаўленне Бога, і якую народ пацвярджае і заканчвае акламацыяй Амэн.

•  Малітва Панская

У малітве Панскай змяшчаецца просьба аб штодзённым хлебе, які асаблівым чынам нагадвае хрысціянам хлеб эўхарыстычны, а таксама просьба аб ачышчэнні ад грахоў, каб святое было дадзена сапраўды святым. Святар заклікае да малітвы, а ўсе вернікі разам са святаром прамаўляюць малітву, і святар адзін дадае эмбалізм, які народ заканчвае даксалогіяй. Эмбалізм, развіваючы апошнюю просьбу самой малітвы Панскай, змяшчае ў сабе просьбу аб вызваленні ўсёй супольнасці верных ад улады зла.

Заклік да малітвы, сама малітва, эмбалізм і даксалогія, якою народ іх завяршае, спяваюцца альбо прамаўляюцца гучным голасам.

•  Абрад спакою

Затым адбываецца абрад супакою, у якім Касцёл просіць супакою і еднасці для сябе і ўсёй чалавечай сям’і, а вернікі выяўляюць еднасць і ўзаемную любоў перш, чым будуць прымаць Сакрамэнт. Належыць, каб кожны памяркоўна выказваў супакой толькі бліжэйшым да сябе.

•  Ламанне хлеба

Святар ламае эўхарыстычны хлеб. Жэст ламання, учынены Хрыстом на Апошняй Вячэры, у апостальскія часы даў назву ўсяму эўхарыстычнаму дзеянню. Азначае ён, што многія вернікі ў Камуніі ад аднаго хлеба жыцця, якім з’яўляецца Хрыстус, той, хто дзеля збаўлення свету памёр і ўваскрос, становяцца адным целам (1 Кар 10, 17). 

Святар ламае хлеб і апускае часцінку гостыі ў келіх, што азначае еднасць Цела і Крыві Хрыста ў справе збаўлення, а менавіта Цела Хрыста жывога ўслаўленага. У гэты час хор ці кантар звычайна спяваюць альбо гучным голасам прамаўляюць малітву Баранку Божы, а народ адказвае. Гэтая малітва суправаджае ламанне хлеба і таму яе можна паўтарыць столькі разоў, колькі неабходна, пакуль скончыцца абрад. Апошні паўтор заканчваецца словамі: адары нас супакоем.

•  Камунія

Святар у ціхай малітве рыхтуецца да плённага прыняцця Цела і Крыві Хрыста. Вернікі робяць тое ж, молячыся ў маўчанні. Пасля гэтага святар над патэнаю ці над келіхам паказвае вернікам эўхарыстычны хлеб і запрашае іх да гасціны Хрыстовай. Затым разам з вернікамі святар здзяйсняе чын пакоры, вымаўляючы пры гэтым прадпісаныя словы з Евангелля.

Калі святар прымае Сакрамэнт, пачынаецца спеў на Камунію, які праз яднанне галасоў азначае духоўную еднасць тых, хто прымае Камунію, паказвае сардэчную радасць і больш яскрава выяўляе “супольнасны“ (“камунітарны“) характар прыступання да Эўхарыстыі. Спеў гучыць на працягу ўсяго часу, калі вернікам удзяляецца Сакрамэнт. Аднак калі пасля Камуніі выконваецца гімн, то спеў на Камунію заканчваецца раней. 

Калі спеву падчас Камуніі няма, то антыфону, змешчаную ў Імшале прамаўляе сам святар пасля таго, як прыме Камунію сам, і перад тым, як пачне ўдзяляць яе вернікам.

•  Малітва пасля Камуніі

На завяршэнне малітвы народа Божага, а таксама на заканчэнне ўсяго абраду Камуніі, святар прамаўляе малітву пасля Камуніі, у якой моліцца аб плёне цэлебраванай таямніцы. Малітва пасля Камуніі завяршаецца карацейшаю канцоўкаю, а менавіта:
- калі скіраваная да Айца: Праз Хрыста, Пана нашага;
- калі скіраваная да Айца, але ў канцы ўспамінаецца Сын: Які жыве і валадарыць на векі вечныя;
- калі скіраваная да Сына: Які жывеш і валадарыш на векі вечныя.
Народ акламацыяй Амэн робіць малітву сваёй.

Пасля заканчэння ўдзялення Камуніі, калі дазваляюць абставіны, святар і вернікі пэўны час моўчкі моляцца. Паводле жадання ўсе сабраныя могуць выканаць таксама псальм, іншую песню хвалы альбо гімн.

IV. Абрад заканчэння

•  Благаслаўленне

Прывітанне і благаслаўленне святара могуць быць узбагачаныя і выказаныя ў пэўныя дні і пры пэўных абставінах малітвай над народам альбо іншай урачыстай формулай;

•  Рассыланне народу

Рассыланне народа дыяканам ці святаром, каб кожны вярнуўся да сваіх добрых справаў, праслаўляючы і благаслаўляючы Бога;

•  Ушанаванне алтара

Ушанаванне алтара праз цалаванне святаром і дыяканам, а затым нізкі паклон, які робяць перад алтаром святар, дыякан і іншыя прыслугоўваючыя.

•  Выхад (вяртанне ў сакрыстыю)

Паводле кнігі "Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі"

Меткі: Літургія, Міністрант

  • экскурсия

  • Cемінар

    9-11 чэрвеня ў тэатральнай зале касцёла св. Сымона і св. Алены адбудзецца семінар "Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці". Пачатак 9 чэрвеня а 18:00. Праводзіць дабрачынны фонд "Адкрытыя сэрцы".

  • Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу

    7 чэрвеня ў касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца спеў візантыйскага богаслужбовага дзейства VI ст. "Кандак святога Рамана Сладкапеўцы пра дараваную грэшніцу". Пачатак а 19:00.

  • Канікулы з Богам (5-14 чэрвеня 2017 г.)

    Запрашаем дзяцей і бацькоў з 5 па 14 чэрвеня ў Польшчу (Збічна) на Канікулы з Богам.

  • ЧЭРВЕНЬ
    2017

    Тэатр Зніч

  • МАЙ
    2017

    Тэатр Зніч