Літургічны год
Літургічны год – касцёльны гадавы цыкл, на працягу якога ў святых успамінах ва ўстаноўленыя дні ўшаноўваецца збаўчая справа Хрыста.
У Канстытуцыі пра святую Літургію (Sacrosanctum Concilium) адзначана: "На працягу года Касцёл адкрывае ўсю таямніцу Хрыста, пачынаючы з Уцелаўлення і Нараджэння да самага Унебаўшэсця, да дня Спаслання Духа Святога і да чакання благаславёнай надзеі і прыйсця Пана. Такім чынам святкуючы таямніцы Адкуплення, Касцёл адкрывае вернікам багацце збаўчых цнот і заслуг свайго Пана так, што яны праяўляюцца ўвесь час, каб вернікі сутыкнуліся з імі і напоўніліся ласкай збаўлення" (SC, 102).
Касцёльны літургічны год пачынаецца з першай нядзелі Адвэнту і працягваецца да суботы пасля апошняй звычайнай нядзелі – нядзелі Хрыста Валадара. Літургічны год падзяляецца на перыяды:
- Перыяд Адвэнту.
- Перыяд Нараджэння Пана.
- Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля нядзелі Хросту Пана да Папяльцовай серады.
- Перыяд Вялікага посту.
- Святы Пасхальны Трыдуум.
- Велікодны перыяд.
- Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля Спаслання Духа Святога да першай нядзелі Адвэнту.
Перыяд Адвэнту
У адпаведнасці з храналагічным падзелам, касцёльны год распачынае Адвэнт, г.зн. перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. Ён пачынаецца ў нядзелю паміж 27 лістапада і 3 снежня і доўжыцца да 24 снежня, ахопліваючы чатыры тыдні. У мінулым Адвэнт у розных мясцовых Касцёлах меў розную працягласць. У некаторых законах уведзены 40-дзённы Адвэнт накшталт Вялікага посту. Да сённяшняга дня ў Касцёле св. Амброзія ў Мілане Адвэнт доўжыцца не чатыры, а шэсць тыдняў.
Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня.
Найважнейшыя святы:
- 8.12. – урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
Перыяд Нараджэння Пана
Урачыстасць Нараджэння Пана святкуецца 25 снежня. Таямніца Уцелаўлення Божага Сына ў літургіі святкуецца да нядзелі Хросту Пана, да таго часу, калі Касцёл згадвае хрост Езуса ў Ярдане ўслед за ўрачыстасцю Аб’яўлення Пана (6 студзеня), якую традыцыйна называюць святам Трох Каралёў.
Найважнейшыя святы:
- 25.12. – Божае Нараджэнне Пана
- 26.12. – свята св. Стэфана; Святой Сям’і
- 1.01. – урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі (абавязковая)
- 6.01. – урачыстасць Аб'яўлення Пана, Тры Каралі (абавязковая)
Звычайны перыяд
Найважнейшыя святы:
- 2.02. – Свята Ахвяравання Пана (Грамніцы)
Перыяд Вялікага посту
Вялікі пост – саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у Святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту – захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.
Вялікі тыдзень – апошні тыдзень перад Вялікаднем, асаблівым чынам прысвечаны разважанню над збавеннай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацвер – Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу – літургія на ўшанаванне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя святога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў святую ноч (святы пасхальны Трыдуум).
Найважнейшыя літургічныя дні святы:
- Папяльцовая серада (пачатак Вялікага посту)
- 19.03. – урачыстасць св. Юзафа (абавязковая)
- 25.03. – Урачыстасць Звеставання Пана
- Пальмовая нядзеля (пачатак Вялікага тыдня)
Святы Пасхальны Трыдуум
«Пасхальны Трыдуум Мукі і Уваскрасення Пана пачынаецца з вечаровай Імшы Вячэры Пана, мае свой цэнтр ў Пасхальнай вігіліі і завяршаецца Нешпарамі нядзелі Уваскрасення». (Рымскі Імшал. Агульныя нормы літургічнага года і календара, № 19)
Велікодны перыяд
Велікодны перыяд – пяцьдзесят дзён ад нядзелі Змёртвыхпаўстання да нядзелі Спаслання Духа Святога, якія святкуюцца з вялікай радасцю, як адзін святочны дзень, нават як «вялікая нядзеля». Асабліва ў гэтыя дні спяваецца Аллелюя. На саракавы дзень пасля Вялікадня адзначаецца свята Унебаўшэсця Пана, а будні пасля Унебаўшэсця да суботы перад Спасланнем Духа Святога рыхтуюць да прыйсця Духа Святога Суцяшальніка (Рымскі Імшал, Агульныя нормы літургічнага года і календара, №№ 22–26).
Найважнейшыя святы:
- нядзеля Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана
- урачыстасць Унебаўшэсця Пана (абавязковая)
- урачыстасць Спаслання Духа Святога
Звычайны перыяд
Найважнейшыя святы:
- урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (абавязковая)
- 24.06. – урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля
- 29.06. – урачыстасць Святых Апосталаў Пятра і Паўла (абавязковая)
- 2.07. – урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай
- урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса
- 6.08. – свята Перамянення Пана
- 15.08. – урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (абавязковая)
- 8.09. – свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі
- 14.09. – свята Узвышэння Святога Крыжа
- 1.11. – урачыстасць Усіх Святых (абавякзовая)
- 2.11. – успамін усіх памерлых вернікаў
Асаблівыя набажэнствы на працягу года
- Май — месяц Марыі
- Чэрвень прысвечаны Сэрцу Езуса
- Ружанцовыя набажэнствы
Паводле catholic.by
Меткі: Міністрант, Традыцыі, Хрысціянства, Катэхеза