Міністранты ў літургіі
Тэрмін "міністрант" паходзіць ад лацінскага слова "ministrare", што азначае "служыць". Звычайна міністрантам з'яўляецца малады свецкі чалавек, які, пасля адпаведнай падрыхтоўкі можа прыслугоўваць у святых абрадах, тым самым прадстаўляючы вернікаў пры алтары і дапамагаючы цэлебранту.
Гісторыя службы міністрантаў
Цяжка вызначыць, хто быў першым міністрантам альбо хто першы выконваў гэтую функцыю. Але пачатак можна ўгледзець ўжо ў Бібліі. Новы Запавет кажа нам пра хлопчыка, які перад цудадзейным памнажэннем хлеба прынёс пяць хлябоў і дзве рыбы, каб Езус Хрыстус учыніў цуд (пар. Ян 6, 8-9) размнажэння ежы. Традыцыя лічыць яго "праміністрантам", таму што ён першы прынёс ахвярныя дары. Іншая тэорыя кажа, што Хрыстус зрабіў першымі міністрантамі святых апосталаў Пятра і Яна, якім загадаў знайсці святліцу і прыгатаваць пасхальную вячэру (пар. Лк 22, 7-13).
У першых стагоддзях Касцёла літургічныя функцыі, акрамя біскупа і прэзбітэра, выконваліся толькі дыяканамі. Па меры пашырэння Касцёла ўзнікла неабходнасць у большай колькасці людзей да служэння; Папа Карнэлій ў сваім лісце пералічвае клерыкаў ніжэйшых ступеняў пасвячэння: субдыяканы, акаліты, лектары. Менавіта сярод акалітаў, што заносілі святую Камунію хворым і вязням, якія не маглі ўдзельнічаць у літургіі, знаходзіўся галоўны апякун літургічнай службы: св. Тарцызій (першая палова III ст.) – мучанік Эўхарыстыі.
У пазнейшых стагоддзях публічнае чытанне Слова Божага было зарэзервавана толькі для асобаў, якія рыхтаваліся да святарства. У Сярэднявеччы літургічную паслугу падчас святой Імшы выконвалі клерыкі духоўных семінарый і толькі ад Трыдэнцкага сабору (1545 – 1563 гг.) – міністранты.
У афіцыйных дакументах Апостальскай Сталіцы першае ўзгадванне пра міністрантаў знаходзіцца толькі ў энцыкліцы Mediator Dei (MD), выдадзенай у 1947 годзе Папам Піем XII. Яна адзначае, што да службы павінны быць абраныя: "старанныя і добра выхаваныя хлопцы з усіх слаёў грамадства, якія будуць добраахвотна, правільна, прыгожа і рупліва служыць на святой Імшы" (MD, 39). Акрамя таго, у ёй сказана, што міністранцкае служэнне можа стаць калыскай святарскіх пакліканняў (MD, 39). У дакументах Ватыкана з 1952, 1958 года і на сінодзе ў Рыме ў 1960 г. таксама ўзгадваюцца міністранты, ім нават былі прысвечаны асобныя раздзелы ў гэтых дакументах.
Але адным з самых важных дакументаў, што дае нам, міністрантам, афіцыйнае месца ў літургічнай супольнасці з'яўляецца Канстытуцыя пра святую Літургію (Sacrosanctum Concilium, SC) Другога Ватыканскага сабору, у якой пункт 29 кажа: "міністранты, лектары, каментатары і ўдзельнікі хору таксама выконваюць сапраўдную літургічную паслугу".
Удзел міністрантаў у літургіі
Удзел у агульным сэнсе азначае як добраахвотны і высакародны абавязак. Удзел літургічнай службы ў святых абрадах, таксама як і ўсіх вернікаў, неабходна разглядаць ў трох памерах: свядомы ўдзел, актыўны ўдзел і плённы ўдзел, аб гэтым гаворыцца ў пункце 14 Канстытуцыі пра святую Літургію. У даглядзе за гэтымі трыма вымярэннямі ўдзелу таксама павінны ўдзельнічаць душпастыры: "Таму святыя пастыры павінны пільна сачыць, каб у літургічным дзеянні не толькі захоўваліся законы сапраўднай і дазволенай цэлебрацыі, але і каб вернікі ўдзельнічалі ў ім свядома, актыўна і плённа." (SC, пункт 11).
Належны ўдзел у літургіі спрыяе нашаму асвячэнню, што з'яўляецца адной з мэтаў літургіі. (Чытайце таксама: Што такое літургія?)
Свядомы ўдзел
Свядомы ўдзел у святой Імшы павінен праяўляцца веданнем сімволікі і значэння абрадаў, у якія прымаецца ўдзел. Гэта патрабуе як літургічнай падрыхтоўкі, так і ўнутранай. Свядомы ўдзел не ўяўляецца магчымым без належнай канцэнтрацыі перад пачаткам і падчас Эўхарыстыі. Вядома, што свядомага ўдзелу нельга вымагаць адразу – наша літургічная свядомасць узрастае ў нас паступова. Гэта, аднак, не азначае, што гэты працэс можна пусціць на самацёк; мы можам паглыбляць свае веды і літургічную свядомасць, чытаючы кніжкі або артыкулы пра літургію і сакрамэнты.
За ўзровень свядомага ўдзелу ў літургіі міністранцкіх груп нясуць адказнасць цырыманіярыі. Таму выхавацелі міністрантаў павінны звярнуць асаблівую ўвагу на адпаведную літургічную падрыхтоўку. Варта задаваць сабе пытанні: ці я ведаю на самай справе, у чым бяру ўдзел? Ці ведаю, што азначае гэты абрад?
Свядомы ўдзел літургічнай службы ў святых абрадах прыгожа перадаюць словы малітвы міністранта перад святой Імшой:
"(...) з пашанаю прыступіў да святога алтара Твайго
і з годнасцю служыў Табе на святой Імшы.
Езу Хрыстэ, прашу Цябе, дапамажы,
каб думкі мае былі заўсёды пры Табе,
каб вочы мае глядзелі толькі на алтар Твой,
а сэрца было напоўнена любоўю да Цябе. Амэн".
Актыўны ўдзел
Ён павінен праяўляцца ў нашых паставах і жэстах. Яны не могуць быць млявымі, і, тым больш, дэманстраваць нашае нежаданне або нуду (часта ў выніку адсутнасці свядомага ўдзелу). Актыўны ўдзел прадугледжвае даванне канкрэтных і выразных адказаў святару, прамаўленне малітваў, літургічных спеваў. Таму важна ведаць малітвы, тэксты песень, акламацый, якія выкарыстоўваюцца падчас літургіі. Міністранты, функцыяй якіх таксама з'яўляецца паказванне паставаў і даванне прыкладу ў жэстах і словах, павінны адчуваць свой асаблівы абавязак у актыўным удзеле. Зразумела, што гаворка ідзе аб актыўным удзеле ў пазітыўным сэнсе. Трэба, аднак, рашуча пазбягаць любых непрыдатных жэстаў, размоў і каментароў на літургіі. Размовы міністрантаў на святой Імшы з'яўляюцца калектыўнай абразай Бога!
Плённы ўдзел
Плённы ўдзел у святой Імшы магчымы не толькі дзякуючы нашым намаганням. Для гэтага нам патрэбна Божая ласка, да прыняцця якой мы будзем гатовы, калі адкрыем нашыя сэрцы на яе дзеянне. Для гэтага неабходна адпаведнае засяроджанне і глыбокая літургічная свядомасць (можна нават падкрэсліць, што плённы ўдзел не ўяўляецца магчымым без свядомага і актыўнага ўдзелу ў літургіі). Поўны ўдзел у святой Імшы звязаны з прыняццем святой Камуніі. Як кажа пункт 1391 Катэхіэзіса Каталіцкага Касцёла (ККК), “Асаблівым плёнам прыняцця Эўхарыстыі ў святой Камуніі з'яўляецца глыбокае яднанне з Хрыстом, які казаў: «Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім» (пар Ян 6, 56)”. У пункце 1393 ККК чытаем, што прынятая Камунія ачышчае нас ад лёгкіх грахоў, таму яе частае прыняцце ўмацоўвае нас, "каб у будучым нам было цяжэй зрываць сувязь з Хрыстом праз смяротны грэх".
Для таго, каб удзел у Эўхарыстыі быў плённы, трэба загадзя прыступіць да сакрамэнту Споведзі. Прыняць Божую ласку мы здольныя тады, калі знаходзімся ў стане асвячальнай ласкі. Цяжкі грэх (смяротны) разрывае гэтую нашу сувязь з Богам. Што датычыцца граху, ККК кажа: "Эфектыўнасць пакаяння заключаецца ў аднаўленні ў нас Божай ласкі і ў яднанні нас у любові з Богам" (ККК, 1468). Аднаўленне гэтай сувязі можа быць дасягнута шляхам шчырай і сапраўднай споведзі. Гэта непрымальна, напрыклад, калі міністрант прыслугоўвае з патэнай, а сам не прыступае да святой Камуніі! (Хаця лепш такое дзеянне, чым здзейсніць грэх святатацтва, прыняўшы святую Камунію ў стане цяжкага граху).
Заданіі міністрантаў падчас літургіі
Галоўнымі абавязкамі міністрантаў з'яўляюцца:
- дапамога ў апрананні цэлебранса ў літургічнае адзенне;
- падрыхтоўка кніг і рэчаў, неабходных ў справаванні літургіі;
- дадатковыя выпадковыя функцыі.
Заданнямі міністрантаў перад вернікамі:
- даванне прыкладу ў паставах цела, жэстах і словах,
- даванне знака званком, каб нагадаць аб змене паставы цела.
Функцыі міністрантаў
Пажадана, каб кожны міністрант каля алтара меў сваю літургічную функцыю (гэта ахоўвае міністрантаў ад "нуды"). Няправільна, калі адна асоба выконвае 2-3 функцыі, у той час як некалькі міністрантаў застаюцца "беспрацоўнымі".
Сярод мінісртанцкіх функцый можна вылучыць наступныя:
- міністрант алтара;
- міністрант кадзільніцы;
- міністрант лодкі;
- міністрант крыжа;
- міністрант святла;
- лектар;
- кантар.
Убраннем міністраннта можа быць:
- комжа;
- сутана і комжа (часам таксама пелярынка ў колерах адпаведнага перыяду);
- альба, падперазаная цынгулюмам.
Міністранты, згрупаваныя ў парафіяльных міністранцкіх супольнасцях, заўсёды павінны быць ахоплены шырокай фармацыяй; як літургічнай, так і агульна чалавечай, супольнаснай, пад кіраўніцтвам апекуна групы.
Паводле dmak.info
Меткі: Міністрант, Хрысціянства