Функцыі міністранта
МІНІСТРАНТ – асоба, якая скончыла курс падрыхтоўкі і была прынятая да літургічнай службы алтара. Фармацыю міністрантаў можна падзяліць на некалькі этапаў, на якіх міністранты паглыбляюць сваі веды і набываюць новыя навыкі.
У залежнасці ад выконваемай функцыі сярод літургічнай службы алтара можна выдзеліць:
КАНДЫДАТ – асоба, якая рыхтуецца стаць міністрантам. Да асноўных абавязкаў кандыдата залічваецца перадусім паступовае пазнаванне літургіі, літургічных прадпісанняў. Кандыдат можа выконваць пэўныя функцыі падчас літургічнага дзеяння, але пад апекай старэйшых міністрантаў.
МІНІСТРАНТ-ХАРЫСТ – галоўным заданнем з’яўляецца паслуга пры званках падчас літургічнага дзеяння, таму ён павінен ведаць, як і калі трэба карыстацца літургічнымі званкамі.
МІНІСТРАНТ МІТРЫ І ПАСТАРАЛА – гэта адзін або два міністранты, адказныя за інсігніі (мітру і пастарал – сімвалы ўлады біскупа) падчас урачыстай святой Імшы з удзелам біскупа. Маюць на плячах вэлюм, з дапамогаю якога трымаюць мітру і пастарал. Падчас працэсіі ідуць за цырыманіярыем, а калі яго няма – за біскупам.
МІНІСТРАНТ СВЯТЛА – асобы адказныя за нясенне свечак падчас працэсій (на ўваход, працэсіі з Евангеллем, чытання Евангелля, Эўхарыстычнай працэсіі, працэсіі ў сакрыстыю). Гэтыя міністранты павінны ведаць, як трэба хадзіць са свечкай і што сімвалізіруе святло. Да іх абавязкаў таксама адносіцца належная падрыхтоўка свечак перад літургічным дзеяннем і клопат пра іх падчас літургіі.
МІНІСТРАНТ КРЫЖА – міністрант, заданнем якога з’яўляецца нясенне Крыжа як падчас рознага тыпу працэсій, так і падчас літургіі і набажэнстваў. Асаблівы перыяд для гэтага міністранта – перыяд Вялікага Посту. Ён павінен ведаць тэорыю і практыку нясення Крыжа, а таксама сімволіку крыжа як аднаго з найважнейшых знакаў веры ў Хрыста.
МІНІСТРАНТ КНІГІ – міністрант, адказны за належную падрыхтоўку, падаванне і трыманне літургічных кніг. Міністрант кнігі размяшчае закладкі ў лекцыянарыі, Евангеліярыі, Імшале, падрыхтоўвае кнігі перад літургіяй, дапамагае святару падчас св. Імшы пры Імшале і клапоціцца аб належнай пашане для літургічных кніг. Міністрант кнігі павінен ведаць назвы літургічных кніг, умець карыстацца літургічным календаром і іншымі літургічнымі кнігамі.
МІНІСТРАНТ АЛТАРА – адказны за падрыхтоўку алтара падчас Эўхарыстыі, асабліва ахвярных дароў і літургічных рэчаў (келіх, патэна, літургічная бялізна). Дапамагае святару і дыякану пры алтары. Павінен добра ведаць сімволіку алтара, літургічных рэчаў і адзенняў, якія ахоплівае належнай пашанай і клопатам.
МІНІСТРАНТ ВАДЫ – падчас літургічнага дзеяння падае святару кацялок з асвечанай вадой і крапідла для акраплення вернікаў ці асвячэння рэчаў. Адказны за кацялок і крапідла – за іх выгляд і чысціню.
МІНІСТРАНТ КАДЗІЛА і МІНІСТРАНТ ЛОДКІ (турыферарый і навікулярый) – два міністранты, якія выконваюць сваю паслугу пры кадзільніцы і лодцы (навікуле). Міністрант кадзіла падае святару кадзільніцу (калі няма дыякана) ці сам выконвае акаджэнне падчас літургічнага дзеяння. Непасрэдным заданнем гэтых двух міністрантаў з'яўляецца адпаведная падрыхтоўка кадзільніцы і лодкі; распальванне вуглёў; веданне значэння і выкарыстоўвання акаджэння падчас літургічнага дзеяння.
МІНІСТРАНТ БОЖАГА СЛОВА (ЛЕКТАР) – міністрант, які выконвае літургічныя чытанні, акрамя Евангелля. Лектар можа несці Евангеліярый падчас працэсіі (калі няма дыякана), чытаць заклікі падчас малітвы вернікаў, чытаць антыфоны, спяваць спеў паміж чытаннямі. Павінен мець добрую дыкцыю. Часта адзеннем лектара з'яўляецца альба падперазаная пасам.
ЦЫРЫМАНІЯРЫЙ – найвышэйшая ступень міністранцкага служэння. Павінен умець выконваць любую функцыю падчас літургіі. Адказвае за падрыхтоўку і ход літургічнага дзеяння.
Паводле vilejka-kasciol.by
Меткі: Літургія, Міністрант, Хрысціянства