Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Храм — прастора сакральная

У гэтым артыкуле мова пойдзе пра касцёл з малой літары "к". Гэта не азначае, што касцёл як сакральны будынак не мае значэння. Наадварот, ён з'яўляецца месцам здзяйснення святых таямніц і ўсялякага культу. Без іх нам было б цяжка ўзрастаць у веры і абуджаць пабожнасць.

"Святыні і рэчы, якія прызначаны для Божага культу, павінны быць сапраўды годнымі і гожымі і з’яўляцца знакамі і сімваламі вышэйшай сутнасці" [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 288].

У касцёлах і каля іх трэба захоўваць сур’ёзнасць, пашану да месца і вернікаў. Характэрнай з'яўляецца біблійная сцэна выгнання гандляроў са Святыні Бога (пар. Мк 11, 15-18).

Касцёл

Касцёл — гэта хрысціянская святыня, узведзеная для сталых патрэбаў публічнага культу. Сам касцёльны будынак праз сваё месцазнаходжанне, памер і асаблівую форму яшчэ здалёк звяртае на сябе ўвагу. Гэта знак, які кажа, што навакольныя жыхары з'яўляюцца веруючымі і збіраюцца ў ім на цэлебрацыю святой Імшы, а таксама для прыняцця сакрамэнтаў, слухання Божага слова і супольнай малітвы.

Касцёл нагадвае пра Тайную Вячэру, на якой ламанне і спажыванне Эўхарыстычнага Хлеба аб'ядноўвае верных з Хрыстом і паміж сабою. Касцёл з'яўляецца сімвалам адзінства Божага люду, які стварае адно Містычнае Цела, Галавой якога з'яўляецца Хрыстус (пар. Рым 12, 4; 1 Кар 12, 12-31).

Касцёл, пабудаваны з вялікай колькасці камення, цэглы і іншых элементаў, з'яўляецца знакам паўсюднага Касцёла, які складзены з многіх ахрышчаных вернікаў, як жывых камянёў. Асновай гэтага унікальнага духоўнага будынка з'яўляюцца апосталы, а краевугольным каменем – сам Хрыстус (пар. Эф 2, 20; 1 Кар 3, 16; 1 П 2, 5).

Касцёл

Святыня, як бачны будынак з'яўляецца знакам усяго Касцёла, які ўсё сваё зямное жыццё пілігрымуе да Нябеснага Айца, з'яўляецца вобразам трыумфуючага Касцёла ў небе. Як дом Божы, касцёл таксама з'яўляецца знакам кожнага паасобнага хрысціяніна, ў якім жыве Бог.

"Касцёлы альбо іншыя месцы павінны быць прыдатнымі для цэлебрацыі літургічных дзеянняў, а таксама забяспечваць чынны ўдзел у іх вернікаў." [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 288].


Алтар

АлтарАлтар — гэта самае важнае месца ў касцёле. Вакол яго канцэнтруецца ўсё літургічнае дзеянне. Алтар упрыгожваюць, засцілаюць абрусам, падчас літургіі святар цалуе і акаджвае яго. Адкуль такая вялікая пашана да алтара, які, на першы погляд, з'яўляецца проста вялікім сталом?

Зразумець гэта нам дапамогуць некалькі вобразаў са Старога Запавету. Вось, Якуб, стомлены падарожжам у Харан, паклаўшы пад галаву камень, пасля заходу сонца засынае (пар. Быц 28, 10-22). У сне яму аб'яўляецца Бог. Якуб бачыць лесвіцу і анёлаў, што ўзыходзяць па ёй на неба і сыходзяць на зямлю. Абудзіўшыся, патрыярх намашчае алеем камень, на якім спаў, тым самым прызнаючы, што гэтае месца святое (пар. Быц 28, 17). Якуб называе яго домам Бога (Бэтэль) і брамаю неба, бо тут святое сустрэлася з зямным. Падобным чынам, і біскуп, калі пасвячае алтар, намашчае яго алеем, бо алтар – гэта сапраўдны дом Бога, спаўненне прадказання, якое было дадзена праз камень Якуба. Менавіта на алтары актуалізуецца ахвяра, праз якую неба і зямля зноў сталі адным цэлым, а чалавек паяднаўся з Богам.

Глыбей зразумець таямніцу хрысціянскага алтара дапамагае таксама старазапаветны алтар, які быў пабудаваны каля падножжа гары Сінай. На ім Майсей прынёс у ахвяру жывёлаў, пасля чаго адну частку іх крыві ахвяраваў Богу, а другою акрапіў людзей (пар. Зых 24, 4-8). Гэта быў знак сяброўства, знак запавету, заключанага паміж Богам і Ізраэлем. Для хрысціянаў алтар Майсея – гэта правобраз, прадказанне Хрыстовага алтара. Як праз кроў жывёл быў заключаны стары Запавет, так праз кроў Сына Божага быў заключаны новы, вечны Запавет.

Прадказаннем таямніцы хрысціянскага алтара былі таксама тры алтары ерузалемскай святыні: алтар усеспалення, на якім прыносілі ў ахвяру жывёл; кадзільны алтар, дзе прыносіліся кадзільныя ахвяры (побач з ім знаходзіўся стол для ахвярных хлябоў), а таксама каменны алтар, да якога ставіліся з асаблівай пашанай, бо там спачываў каўчэг запавету. Хрысціянскі алтар з'яўляецца сінтэзам і дапаўненнем гэтых алтароў: на ім прыносіцца ахвяра Цела і Крыві Хрыста, яго акаджваюць, на ім, урэшце, знаходзіцца Святое Святых – сам Бог у эўхарыстычных постацях хлеба і віна.

Паколькі алтар – гэта месца сустрэчы Бога і чалавека, не выклікае здзіўлення і тое, што ўжо айцы Касцёла (св. Ігнацый з Антыёхіі, св. Кірыл Александрыйскі, св. Амброзій, св. Кірыл Ерузалемскі) лічылі яго таксама сімвалам Хрыста, бо ў Хрысце боскае і чалавечае з'ядналася найбольш поўна. Сам Езус кажа пра сябе: "Убачыце неба расчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага" (Ян 1, 51). Гэтым Ён прыраўноўвае сябе да Якубавага каменя – месца сустрэчы і правобраза алтара. Дадзеная сімволіка выяўляецца, напрыклад, у высячэнні на алтары пяці крыжыкаў, якія нагадваюць пра пяць ранаў Збаўцы, або ва ўжо згаданым намашчэнні алтара алеем хрызмам, што цесна звязана з Езусам, якога Айцец намасціў Духам Святым.

Часта ў алтар укладаюць рэліквіі мучанікаў або іншых святых. Гэты звычай паходзіць са старажытнасці, калі Эўхарыстыю цэлебравалі на грабніцах сведкаў Хрыста. Звычай гэты не мае на мэце дадаць хвалы алтару, ён вучыць таму, што ўсе ахвяры, прынесеныя хрысціянамі, маюць сваю каштоўнасць толькі ў лучнасці з адзінаю ахвяраю Хрыста.

Алтар, на якім у сакрамэнтальных знаках здзяйсняецца ахвяра крыжа, – гэта таксама стол Панскі, да якога запрашаецца народ Божы. Алтар – гэта таксама асяродак складання падзякі, якое здзяйсняецца праз Эўхарыстыю [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 296].

У аздабленні алтара належыць захоўваць памяркоўнасць. У перыяд Адвэнту алтар можна ўпрыгожыць кветкамі з той умеркаванасцю, якая адпавядае характару гэтага часу, што прадвяшчае поўную радасць Нараджэння Пана. У перыяд Вялікага посту забараняецца ўпрыгожваць алтар кветкамі. Выключэнне робіцца для чацвёртай нядзелі Вялікага посту (dominica Laetare), урачыстасцяў і святаў. Аздабленне кветкамі заўсёды павінна быць стрыманым, і лепш размяшчаць іх не на алтары, а вакол яго [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 305].

На менсе алтара можа знаходзіцца толькі тое, што патрэбна для цэлебрацыі Імшы, а менавіта: Евангеліярый ад пачатку цэлебрацыі да абвяшчэння Евангелля; а ад прыгатавання дароў і да ачышчэння начыння – келіх з патэнаю, цыборый, калі ён патрэбны, і, нарэшце, карпарал, пурыфікатар, пала і Імшал. Апрача таго, асобна ставяцца прыстасаванні, якія могуць быць неабходнымі для ўзмацнення голасу святара [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 306].

Падсвечнікі, якія патрабуюцца для некаторых літургічных дзеянняў дзеля іх ушанавання і ўрачыстага характару, ставяцца альбо на алтар, альбо каля яго, беручы пад увагу структуру алтара і прэзбітэрыя, так, каб усё было суладна і зручна размешчана і не перашкаджала вернікам добра бачыць тое, што адбываецца на алтары альбо складаецца на ім [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 307].

Таксама на алтары альбо побач з ім павінен быць крыж з выяваю ўкрыжаванага Хрыста, добра бачны для сабранага народу. Пажадана, каб такі крыж заставаўся побач з алтаром таксама і па-за літургічнымі цэлебрацыямі, каб нагадваць вернікам пра збаўчую муку Пана [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 308].


Табэрнакулюм

ТабернакулюмТабэрнакулюм (лац. tabernaculum – палатка, святыня) — гэта месца захоўвання Найсвяцейшага Сакрамэнту ў касцёле. Гэтая рэч не была вядомая першым хрысціянам, якія спажывалі Эўхарыстыю падчас літургіі, а астатнюю частку кансэкраванага хлеба акаліты заносілі да хворых і зняволеных.

У тыя часы Эўхарыстыя цэлебравалася толькі адзін раз на тыдзень; у нядзелю. Не з'яўляецца праўдай тое, што першыя хрысціяне бралі з сабой Найсвяцейшы Сакрамэнт ў свае дамы. На самай справе, дадому забіраўся благаслаўлёны хлеб (так званы eulogie), а не кансэкраваны. Гэты хлеб раздавалі бедным і хворым. Але з цягам часу, пры развіцці хрысціянства і павелічэнні пагрозы прафанацыі, стала неабходным новае рашэнне. Напачатку кансэкраваны хлеб захоўваўся ў сакрыстыі. Аднак потым, пры пашырэнні памераў алтара, было вырашана ўсталяваць на ім шафу для кансэкраванага хлеба. Пасля рэформаў II Ватыканскага Сабору алтар аддзялілі ад табэрнакулюма. Гэта дазволіла лепш выдзяліць астатні, які губляўся ў вялізным і раскошным алтары. Сучасны табэрнакулюм – гэта незгаральны сейф, часта пазалочаны і з надпісам IHS на дзверцы, часцей за ўсё размешчаны ў прэзбітэрыі.

У залежнасці ад будовы кожнага касцёла і згодна з прынятымі мясцовымі звычаямі, Найсвяцейшы Сакрамэнт павінен захоўвацца ў табэрнакулюме ў найбольш годнай, выдатнай і заўважнай частцы касцёла, прыгожа аздобленай і прыдатнай для малітвы. Звычайна табэрнакулюм павінен быць адзін і нерухомы, зроблены з моцнага, трывалага і непразрыстага матэрыялу, і зачыняцца так, каб у максімальнай меры пазбегнуць небяспекі прафанацыі [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 314].

Згодна з традыцыйным звычаем, каля табэрнакулюма павінна заўсёды гарэць адмысловая лампада, у якой спальваецца алей ці воск, і такім чынам паказваецца і ўшаноўваецца прысутнасць Хрыста [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 316].


Амбона

АмбонаАмбона цесна звязана з алтаром. Тамаш Кемпійскі (XV ст.) адзначыў: "Без гэтых двух я не мог бы жыць добра, таму што слова Божае – гэта святло маёй душы, а Эўхарыстыя – Хлеб жыцця". Далей аўтар развівае гэтую думку, параўноўваючы алтар і амбону да двух сталоў: на адным стале знаходзіцца Цела Хрыста, а на другім – святая навука, якая вучыць веры, развівае яе і кіруе чалавека глыбока ў звышнатуральную рэальнасць. Таму амбона сімвалізуе накрыты стол, на якім вернікі кормяцца Словам Божым. Падобна і алтар сімвалізуе эўхарыстычны стол, дзе вернікі сілкуюцца целам Хрыста.

Амбона заўсёды была месцам абвяшчэння Божага слова. На працягу стагоддзяў яна прымала розныя формы. Часта амбона прыгожа аздаблялася. Ставілі яе на узвышанным месцы, каб уся супольнасць вернікаў магла добра бачыць і чуць прапаведніка. Таму ў вялікіх касцёлах амбону ставілі блізка да вернікаў.

У Канстытуцыі пра святую Літургію (Sacrosanctum Concilium) напісана: "амбона з'яўляецца знакам Хрыста, прысутнага ў сваім слове" [SC, 7]. З амбоны абвяшчаюцца чытанні, рэспансарыйны псальм, Евангелле, чытаецца малітва верных. Не варта чытаць з амбоны каментарыі, рабіць парафіяльныя аб'явы, кіраваць спевам і супольнасцю.

Амбона

Апосталы ўсведамлялі прысутнасць Хрыста і Яго супрацоўніцтва з імі ў абвяшчэнні Ягонай навукі. Езус Хрыстус сам запэўніў іх у гэтым (пар. Мц 28, 18-20; Мк 16, 20). Яны ведалі, што Хрыстус праз іх прамаўляе і што яны абвяшчаюць Божае слова. Хоць яны і не паўтаралі дакладна слоў Хрыста, але казалі пра Хрыста, Яго вучэнне і справы, або пра тое, што яны бачылі і чулі (пар. 2 Кар 5, 20; 13, 3), а сілу і эфектыўнасць іх словам даваў Дух Святы (пар. Лк 4, 17-20; Ян 16, 13; Дз 1, 8; 1 Кар 2, 4; 2 Цім 3, 16). Абвяшчэнне Божага слова працягваецца і па сенняшні дзень у Касцёле Хрыстовым. Праз чытанне Святога Пісання падчас святой Імшы вернікам аб'яўляецца таямніца адкуплення і Божая воля, як прынцып паводзінаў. Божае слова мае моц асвячэння і фармавання чалавека. Бог праз сваё слова сам дзейнічае ў душах веруючых людзей (пар. 1 Тэс 2, 13). Слова Божае – гэта шлем збаўлення і меч духа (пар. Эф 6, 17). Гамілія, дзякуючы дзеянню Духа Святога, дзейнічае ў душах слухачоў творчым чынам. Таму амбона з'яўляецца сімвалам Божага слова. "Годнасць слова Божага патрабуе, каб у касцёле было адпаведнае месца, з якога б яно абвяшчалася і да якога падчас літургіі слова сама сабою скіроўвалася ўвага вернікаў" [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 309]. Бог звяртаецца да свайго народу. Хрыстус надалей абвяшчае сваё Евангелле [SC, 7]. "З амбоны выключна чытаюцца чытанні, прамаўляюцца рэспансарыйны псальм і велікоднае пасланне, а таксама могуць прамаўляцца гамілія і інтэнцыі агульнай малітвы. Годнасць амбоны вымагае, каб на яе ўзыходзіў толькі служыцель слова" [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 309].


Месца для цэлебранта

Место святара падчас літургііМесца для цэлебранта з'яўляецца ўласным месцам таго, хто кіруе літургіяй. Акрамя таго, яно знаходзіцца ў цэнтры ўвагі супольнасці. "Месца святара, які цэлебруе Імшу, павінна выяўляць ягоны абавязак кіравання супольнасцю і малітваю. Таму найбольш адпаведным для яго будзе месца, скіраванае да народу на ўзвышэнні прэзбітэрыя" [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 310].

Месца для цэлебранта не з'яўляецца другасным элементам, якім можна вызначыць любое крэсла. Да гэтага месца супольнасць вернікаў скіроўвае сваю ўвагу ў тыя моманты, калі кіраванне літургіяй адбываецца з месца цэлебранта; погляд на пасвячанага слугу азначае погляд на Хрыста як Таго, хто кіруе сярод сваіх.

Гэтае месца азначае вылучэнне святара ў якасці кіраўніка і цэлебранта ў асобе Хрыста, Галавы і Пастыра Касцёла.


Месцы сядзення

места для міністрантаў падчас літургііМесцы сядзення (sedilia) для цэлебранта і для прыслугоўваючых знаходзяцца паблізу алтара і амбоны. Першапачаткова гэтыя месцы ў простай форме, былі размешчаны ў апсідзе базілікі. З цягам часу іх месца заняў сталы алтар. Затым сядзенні змясцілі ўздоўж бакавой сцяны прэзбітэрыя.

Абноўленая літургія патрабуе, каб сядзенні для цэлебранта, яго асісты і міністрантаў былі прыстасаваны да структуры касцёла і размешчаны так, каб вернікі лёгка маглі бачыць, што святар на самай справе стаіць на чале літургічнай супольнасці.

Святар фактычна з'яўляецца знакам прысутнасці Хрыста ў Касцёле, які сабраўся ў Ягонае імя. Ён павінен быць у стане кантактаваць з вернікамі. Ідэя заключаецца ў тым, каб усе прысутныя добра яго бачылі і чулі, неабходна выкарыстоўваць спецыяльныя тэхнічныя сродкі.

Месцы для міністрантаў і іншых прыслугоўваючых размяшчаюцца такім чынам, каб яны былі выразна адасобленыя ад месцаў для духавенства, і каб самі прыслугоўваючыя маглі без перашкодаў выконваць давераны ім абавязак [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 310].

Канфесіянал

канфесіаналКанфесіянал (ад лац. confessio – споведзь) — закрытае з усіх бакоў крэсла з дзверцамі, прызначанае для святара, які ўдзяляе сакрамэнт пакаяння. Да бакавых сценак канфесіянала прымацаваны спецыяльныя прыступкі-кленчнікі для вернікаў, якія спавядаюцца праз закрытыя кратамі акенцы.

 


Баптыстэрый

ChrzcielnicaБаптыстэрый (ад грэцк. baptysterion – хрысцільня) — касцёльны будынак, які знаходзіўся побач з касцёлам для ўдзялення сакрамэнту хросту. З VIII стагоддзя – адно з памяшканняў унутры касцёла, дзе знаходзіцца хрысцільня (часцей за ўсё, адна з бакавых капліц).

Калі ўжо ў асноўным хрысцілі дзяцей, або прыкладна з VI стагоддзя, хрысцільня атрымала форму бочкі з каменя або металу. У гатычным перыядзе яна атрымала форму велізарнага кубка.

Сімвалічнае значэнне хрысцільні змешчана ва ўводзінах да Абраду хросту: "Баптыстэрый, альбо месца, у якім струменіць крыніца з вадою для хросту, ці дзе гэтая вада захоўваецца, павінна быць прызначанае для хросту і ў поўнай меры годнае таго, каб хрысціяне адраджаліся там з вады і Духа Святога".

Нягледзячы на тое, ці будзе яно ў пэўнай капліцы ўнутры касцёла альбо па-за ім, ці ў якойсьці частцы касцёла ў полі зроку вернікаў, яго належыць уладкаваць такім чынам, каб яно давала магчымасць для ўдзелу многіх вернікаў [Парадак хросту дзяцей, 25]. 

Пасля заканчэння Велікоднага перыяду ў баптыстэрыі належыць з пашанаю захоўваць пасхал і запальваць яго пры ўдзяленні хросту, каб ад яго можна было лёгка запальваць свечкі ахрышчаных [Парадак хросту дзяцей, 25].

Хрысцільня з'яўляецца сімвалам адраджэння з вады і Духа Святога, нагадвае прышчэпліванне да Хрыста і Яго Касцёла. Запальванне свечкі ад пасхала сімвалізуе атрыманне звышнатуральнага жыцця ад Хрыста.


Святыя выявы

Ікона

Святыя выявы, якія выкарыстоўваюцца ў касцёлах, звычайна адлюстроўваюць сцэны з жыцця Хрыста, Дзевы Марыі і іншых святых. Магчыма, іх прысутнасць звязана з узнікненнем у Сярэднявеччы звычаю маляваць біблейскія сцэны на сценах касцёлаў. Не трэба забываць, што большасць карцін з'яўляецца мастацкай творчасцю і помнікам. Літургічныя нормы кажуць, што ў касцёле "як правіла, не павінна быць больш за адну выяву аднаго і таго ж святога" [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 318]. Нельга самавольна вешаць святыя выявы, якія могуць быць звязаныя з парушэннем правілаў пакланення або традыцыі Касцёла. Сярод найбольш вядомых святых выяваў у Беларусі можна вылучыць вобраз Маці Божай Будслаўскай і вобраз Езуса Міласэрнага.

Абразы Марыі або святых, у сувязі з пашанай да іх, якая ўзрастае ў выніку цудаў, вылячэнняў і г. д., часта называюць цудадзейнымі. Часам абразы, якія карыстаюцца вялікай пашанай у людзей, карануюць (напрыклад, папскімі каронамі) у знак падзякі Богу за атрыманыя ласкі. У Беларусі першая каранацыя адбылася 2 ліпеня 1998 года (каранацыя абраза Маці Божай Будслаўскай).

"У тым, што датычыць выкарыстання выяваў у аздабленні і ўладкаванні касцёла, трэба клапаціцца, каб яны былі гожымі і годнымі, а таксама каб адпавядалі пабожнасці ўсёй супольнасці вернікаў" [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 318].


Арган

Арган — гэта клавішны інструмент, часам велізарных памераў, з вельмі складанай структурай. Арган складаецца з вялікай колькасці лабіяльных і язычковых труб розных памераў, пнеўматычнай сістэмы і кафедры кіравання з ручнымі і нажнымі клавіятурамі і прыладамі для іх сувязі, прыладамі для кіравання рэгістрамі і сілай гучання. Кожная з труб аргана дае гук пэўнага тэмбру. Групы труб аднаго тэмбру складаюць рэгістры.

Арган

Арганы з'яўляюцца найбольш традыцыйнымі музычнымі інструментамі ў касцёлах і прызначаныя для суправаджэння літургічнага спеву; для "падтрымкі спеву" [Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала, 313]. У хрысціянскія святыні яны былі ўведзены толькі ў VII стагоддзі з дазволу Папы Віталіяна. Але не ва ўсіх касцёлах адразу загучаў іх голас. Асаблівы росквіт арганы перажылі ў эпоху барока. Самы вялікі арган у свеце знаходзяцца ў Атлантыка-Сіці (ЗША); ён мае 700 галасоў.

У цяперашні час ва многіх касцёлах выкарыстоўваюцца таксама электронныя арганы, якія аднак не маюць такой шляхетнай глыбіні і разнастайнасці гукаў, як традыцыйныя арганы.

Арган



Званы

ЗвонЗваны ў касцёлах служаць для абвяшчэння важных святаў і дэманстрацыі радасці супольнасці вернікаў. Гучаць яны на Вялікдзень, Божае Нараджэнне, у выпадку смерці альбо выбару Папы. Калісьці яны былі знакам для супольнасці перад небяспекай (пажар, нападзенне ворага і г. д.). Акрамя гэтага, званы традыцыйна клікалі і па сённяшні дзень клічуць вернікаў на святую Імшу або набажэнствы. Таму вялікай была адказнасць званароў, людзей, якія прыводзілі ў рух званы і вельмі рана браліся за працу. Гэта было нялёгка, бо часам касцёльныя званы важылі некалькі тон, і каб прывесці іх у рух, патрабавалася больш за дзесяць моцных людзей.

Званы знаходзіліся ў званіцы, звычайна на вяршынях касцёлаў. Сёння званы "ўключаюцца" і прыводзяцца ў рух электроннымі механізмамі або камп’ютарам. Рэкамендуецца, каб званы былі зроблены з высакароднага метала (напрыклад, з бронзы – бо яна мае лепшы тэмбр). Традыцыйна званы носяць імёны святых альбо сваіх фундатараў.

Гэты інструмент быў уведзены ў касцёльнае карыстанне Папам Сабініянам (604-606). Самым вялікім званом у свеце лічыцца "Цар-звон" у Маскве, які важыць каля 200 тон і ніколі не ўжываўся. Самы вялікі звон у Еўропе – звон Пётр – важыць 25 тон. 


Вітражы

Вітраж

Вітражы з'яўляюцца элементам інтэр'ера касцёла, якім можна захапляцца як унутры, так і звонку касцёла. Вітражы – гэта дэкаратыўнае запаўненне акна маленькімі кавалачкамі каляровага шкла, якія ўкладаюць у свінцовую (рэдка – алавянную) рамку. Усе каляровае шкло мае маляўнічую форму, праз якую святло пранікае ў глыбіню храма і стварае дадатковы аптычны эфект. У касцёле падае святло, "пафарбаванае" адлюстраваннямі вітражоў.

Часцей за ўсё на вітражах адлюстроўваюцца святыя людзі, а таксама біблейскія сцэны. Але не ва ўсіх касцёлах ёсць вітражныя вокны. Верагодна, свайму паўстанню яны абавязаныя мастацтву Міжземнамор'я. Вітражы з'явіліся ў касцёле ў X стагоддзі (Францыя), а свой росквіт атрымалі ў эпоху готыкі – гэта можна ўбачыць у шматлікіх гатычных катэдрах: у Реймсе, Нотр-Даме, Шартры і г.д. У Польшчы мастацкае афармленне храмаў з'явіліся толькі ў XIV стагоддзі. У Беларусі такое мастацкае афармленне храмаў з'явілася толькі ў XVI стагоддзі.


Паводле інтэрнэт-старонкі www.ministranci.archidiecezja.katowice.pl

Меткі: Міністрант, Хрысціянства