Літургічныя кнігі
Найчасцей, калі мы чуем слова "літургічныя кнігі", перад нашымі вачыма з'яўляюцца Імшал і лекцыянарый. Аднак іх нашмат болей. Касцёл абавязвае, каб літургія цэлебравалася аднолькава і згодна з верай, якую вызнаем. Для гэтага яна павінна цэлебравацца згодна з выдадзенымі Касцёлам літургічнымі кнігамі.
РЫМСКІ ІМШАЛ (лац. Missale Romanum) — гэта самая вялікая з усіх літургічных кніг, якая складаецца з пастаяннай (Ordinarium) і зменнай (Proprium) частак святой Імшы. Імшал неабходны для цэлебрацыі Эўхарыстыі. У ім змешчаны адпаведныя тэксты для кожнага літургічнага перыяду, урачыстасцяў, святаў і ўспамінаў. У канцы кнігі змешчаны тэкст святой Імшы на лацінскай мове. На першых старонках імшала знаходзяцца агульныя ўводзіны з інструкцыямі аб тым, як цэлебраваць літургію святой Імшы.
ЛЕКЦЫЯНАРЫЙ — яшчэ адна кніга неабходная для цэлебрацыі святой Імшы, ужываецца ў Літургіі Слова. Лекцыянарый быў уведзены пасля Другога Ватыканскага Сабору ў якасці асобнай літургічнай кнігі (раней усе чытанні былі змешчаны ў адным Імшале).
У тамах I-V лекцыянарыя змешчаны біблейскія чытанні, рэспансарыйныя псальмы і акламацыі перад Евангеллем на канкрэтныя дні літургічнага года. Гэта ўсё падзелена на цыклам: чытанне ў нядзелю, трохгадовы цыкл – A, B, C; чытанне на кожны будні дзень, двухгадовы цыкл – год I і II. У VI томе змешчаны чытанні на ўрачыстасці, святы і ўспаміны святых.
ЕВАНГЕЛІЯРЫЙ — кніга, у якой змешчаны тэксты Евангелля на нядзелі і святы. Звычайна ўжываецца падчас урачыстай літургіі.
Напачатку святой Імшы Евангеліярый урачыста ўносіцца ва ўваходнай працэсіі і кладзецца на алтар. Перад абвяшчэннем Евангелля ён працэсійна выносіцца на амбону і акаджваецца. Пасля абвяшчэння Евангеліярый павінен быць пакладзены на годнае месца. Акрамя таго, Евангелярый змяшчаецца на труне памерлага біскупа.
МАЛІТВА ВЕРНІКАЎ — літургічная кніга, у якой прапануюцца тэксты малітвы вернікаў, якія павінны выкарыстоўвацца тады, калі малітва не фармулюецца самімі ўдзельнікамі святой Імшы альбо святаром, які яе цэлебруе. Тэксты малітваў згрупаваны па раздзелах: Перыяд Адвэнту; Перыяд Нараджэння Пана; Перыяд Вялікага посту; Велікодны перыяд; Звычайны перыяд; урачыстасці і ўспаміны святых; ватыўныя і агульныя Імшы.
ПАНТЫФІКАЛ — літургічная кніга, якая змяшчае малітвы, тэксты, што датычаць абрадаў, якія цэлебруюцца толькі Папам, біскупам ці абатам. Таксама сюды ўваходзяць тэксты, неабходныя для здзяйснення абрадаў пасвячэння епіскапату, прэзбітэрату і дыяканату.
ЛІТУРГІЧНАЯ АГЕНДА — кніга, якая складаецца з трох раздзелаў: сакрамэнты, сакрамэнталіі і набажэнствы. Яна змяшчае найбольш распаўсюджаныя ў паўсюдным Касцёле і ў Беларусі набажэнствы, благаслаўленні, літаніі і малітвы.
БРЭВІЯРЫЙ, альбо ЛІТУРГІЯ ГАДЗІНАЎ — гэта кніга са штодзённай публічнай малітвай Касцёла, якая адносіцца да абавязкаў біскупаў, святароў і дыяканаў. Гэтай малітвай моляцца і кансэкраваныя асобы, паводле іхніх статутаў, а нярэдка таксама і свецкія вернікі, якіх да гэтага заклікаў Другі Ватыканскі сабор. Сваю назву Літургія гадзінаў атрымала з той прычыны, што паасобныя яе часткі звязаны з пэўнымі порамі дня, а аснову гэтай малітвы складаюць псальмы, біблейскія тэксты, а таксама паэтычная творчасць Касцёла. Брэвіярый складаецца з IV тамоў: |
|
РЫТУАЛ з'явіўся прыкладна ў XII ст. Ён змяшчае у сабе палажэнні, што датычаць адпраўлення сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў (напрыклад, экзарцызмаў, пахавальных абрадаў), якія можа ўдзяляць святар. У склад рытуала ўваходзяць наступныя кнігі:
- Парадак хросту дзяцей
- Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі
- Парадак канфірмацыі
- Парадак цэлебрацыі сужэнства
- Парадак пахавання
“Парадак хросту дзяцей, дастасаваны для дыяцэзій на Беларусі” прызначаны для цэлебрацыі абрадаў сакрамэнту хросту на беларускай мове.
«Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Хто паверыць і ахрысціцца – будзе збаўлены» (пар. Мц 28, 19; Мк 16, 15.16), - гэтымі словамі Пан Езус устанавіў першы з сямі сакрамэнтаў – сакрамэнт святога хросту. Толькі пасля прыняцця хросту мы можам прымаць іншыя сакрамэнты.
“Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі, дастасаваны для дыяцэзій на Беларусі”. — у кнізе знаходзяцца неабходныя тэксты, якія ўжываюцца падчас удзялення сакрамэнту намашчэння хворых.
Сакрамэнт намашчэння хворых з'яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў Новага Запавету, які таксама ўстанавіў Езус Хрыстус. У Святым Пісанні чытаем: «Цяжка нехта з вас мучыцца? Няхай моліцца. Весела каму? Няхай псальмы спявае. Занядужаў хто з вас? Пакліч прэзбітараў Касцёла, і няхай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Пана, - і малітва веры вылечыць хворага, і Пан падыме яго; і калі ён грахі ўчынгў, будуць знятыя з яго. Прызнайцеся адзін перад адным у правінах і маліцеся адзін за аднаго, каб паздаравець; шмат можа шчырая малітва справядлгвага» (nap. Як 5, 13-16).
“Парадак канфірмацыі, дастасаваны для дыяцэзій на Беларусі” — прызначаны для цэлебрацыі абраду сакрамэнту канфірмацыі (бежмавання).
У Дзеях Апостальскіх чытаем: «Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса. Тады Апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымлівалі Духа Святога» (пар. Дз 8, 14-17).
Сакрамэнт канфірмацыі – гэта сакрамэнт сталасці. У ім Езус Хрыстус удзяляе ахрышчаным Духа Святога, які ў дзень Пяцідзесятніцы быў праз Яго спасланы на апосталаў. Праз гэты дар Духа Святога вернікі яшчэ больш упадабняюцца да Хрыста і ўмацоўваюцца, каб складаць Яму сведчанне і будаваць Яго Цела ў веры і любові. «Але вы не ў целе, а ў духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага не мае, той і не Ягоны» (пар. Рым 8, 9).
“Парадак цэлебрацыі сужэнства, дастасаваны для дыяцэзій на Беларусі” — у кнізе знаходзяцца неабходныя тэксты, якія ўжываюцца падчас удзялення сакрамэнту сужэнства.
Бог стварыў мужчыну і жанчыну па свайму вобразу і падабенству і паклікаў іх перадаваць наступным пакаленням новае жыццё як плён узаемнай любові сужэнцаў і як праяўленне любові Бога Творцы. Ад пачатку гісторыі чалавецтва сужэнства было святым саюзам, а Хрыстус нават узвысіў яго да годнасці сакрамэнту.
“Парадак пахавання, дастасаваны для дыяцэзій на Беларусі” — літургічная кніга, у якой змяшчаюцца тэксты, якія ўжываюцца падчас каталіцкага пахавання.
Меткі: Міністрант, Лекцыянарый, Пахаванне, Бежмаванне, Хрост, Пасвячэнне, Эўхарыстыя, Канфірмацыя, намашчэнне хворых, Сужэнства