Cеквенцыя — медытацыйны спеў, які гучыць перад Евангеллем
Напэўна, большасць вернікаў звярнулі ўвагу на незвычайны спеў, які ў нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана, а часам і ў будні падчас актавы Пасхі гучыць пасля рэспансарыйнага псальму перад чытаннем Евангелля.
Гэта так званая пасхальная секвенцыя, якая называецца па першых словах яе лацінскага тэксту Victimæ paschali laudes, што можна перакласці як «Ахвяры пасхальнай праслаўленне».
Пакланенне Ахвярнаму Ягняці. Фрагмент Генцкага алтара. Мастак Ян Ван Эйк, XV ст.
Секвенцыя ў літургіі Касцёла
Слова секвенцыя мае познелацінскае паходжанне і ў перакладзе азначае «паслядоўнасць, працяг». Назва звязана з тым, што першапачаткова секвенцыя ўзнікла як паэтычнае развіццё спеву «Аллелюя», які гучыць перад Евангеллем. Так называецца тэкстамузычная форма, якая да сённяшняга дня ўжываецца ў літургіі Касцёла.
Пасхальная секвенцыя абавязкова павінна спявацца ў нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана і па жаданні можа гучаць таксама на працягу актавы Пасхі.
Акрамя таго, спецыяльная секвенцыя прадугледжана на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. Такім чынам, у сучаснай літургіі Касцёла секвенцыя ўжываецца двойчы на працягу літургічнага года.
Мэта секвенцыі – дапамагчы вернікам праз своеасаблівы паэтычны каментар, якім з’яўляецца гэты літургічны спеў, глыбей спасцігнуць сэнс Евангелля і цэлебраванай урачыстасці.
Сыход Хрыста ў адхлань. Гравюра ХІ ст. з сувою Exsultet Барбэрыні.
Гісторыя секвенцыі
Прыблізна з ХІ ст. секвенцыя стала самастойным літургічным творам, адасобленым ад спеву Аллелюя. Часам росквіту гэтай музычнай формы стала ХІІ ст. Менавіта тады канчаткова склалася стылістыка секвенцыі: простая рытміка на ўзор гімнаў, рыфмаваны тэкст, цыклічная мелодыя, якая змяняецца кожную другую страфу, а потым зноў паўтараецца. Акрамя таго, гэты спеў характарызуецца прастатой тэксту і зместу, плаўнасцю вершу, багаццем сімвалічных вобразаў.
Паступова секвенцыі набылі вялікую папулярнасць ва ўсёй Еўропе: іх было складзена каля пяці тысяч. Літургічная рэформа Трыдэнцкага Сабору зменшыла колькасць секвенцый да пяці, а рэформа Другога Ватыканскага Сабору – да дзвюх.
Такім чынам, сёння на Вялікдзень у Касцёле спяваецца секвенцыя Victimæ paschali laudes, а на Спасланне Духа Святога – секвенцыя Veni Sancte Spiritus («Прыйдзі, Духу Святы»).
Лічыцца, што пасхальную секвенцыю напісаў Віпо Бургундскі, капелан цэзара Конрада ІІ, які жыў у ХІ ст. У ёй апяваецца раніца Уваскрасення Хрыста і тое, што ў гэты час адбывалася. Аўтарства секвенцыі ў гонар Святога Духа прыпісваецца папу Інацэнту ІІІ, які памёр у 1216 г. Хоць яна па форме больш нагадвае малітву або гімн, насамрэч гэта медытацыйны і малітоўны спеў, прысвечаны дарам Духа Святога.
«Noli Me Tangere – Не затрымлівай мяне». Уваскрослы Езус з’яўляецца Марыі Магдалене. Фрэска Фра Анджэліко, XV ст.
Месца секвенцыі ў літургіі і пастава вернікаў падчас яе
Як сказана ў галоўнай літургічнай кнізе Касцёла – Рымскім Імшале, – секвенцыя спяваецца перад спевам Аллелюя.
Паколькі ў прадпісаннях дакладна не вызначана, якую паставу павінны прыняць вернікі падчас секвенцыі, часам з гэтым узнікае разнабой.
У выніку літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабору з’явілася прадпісанне ўставаць на спеў Аллелюя, які ўяўляе сабой як быццам кароткія ўводзіны ў Евангелле. Паколькі секвенцыя ў наш час выразна аддзелена ад спеву Аллелюя і папярэднічае яму, вернікі падчас яе могуць сядзець, як і падчас спеву паміж чытаннямі, або рэспансарыйнага псальму. Менавіта так адбываецца на папскіх цэлебрацыях у Ватыкане.
Секвенцыю выконвае кантар або хор ці гурт спевакоў.
Вернікі не спяваюць яе разам з імі, а ўважліва ўслухоўваюцца ў яе тэкст і разважаюць над яго зместам.
У адпаведнасці з Агульнымі ўводзінамі да Рымскага Імшалу, дзе выразна сказана, што секвенцыя спяваецца, яе заўсёды трэба спяваць – у суправаджэнні аргану ці а капэла – і нельга рэцытаваць (пар. АУРІ 64).
Мікола Гракаў
Паводле catholic.by
Секвенцыя ў Велікодную нядзелю
Ў радаснае свята Пасхальнай Ахвяры
верныя прыносяць праслаўлення дары.
Адкупіў авечак Хрыстус наш бязвінны,
паяднаў з Айцом нас, змыў грахі, правіны.
У баі вялікім смерць жыццё сустрэла,
хоць памёр, усё ж Ён валадарыць смела.
Адкажы, Марыя, што бачыла ў дарозе?
— Уваскрос, жывы Ён, годзе быць трывозе.
Гэтаму анёлы сведкамі там сталі:
толькі палатно ды вопраткі ляжалі.
Уваскрос ўжо Хрыстус, Бог мой і Надзея,
месцам жа спаткання будзе Галілея.
Сапраўды ўваскрос Ён — гэта цуд праўдзівы.
Смерці Пераможца, будзь жа літасцівы.
Секвенцыя ў Нядзелю Спаслання Духа Святога
1. Божа, Дух Святы, прыйдзі і нябеснага спашлі
нам святла Твайго струмень.
Ойча ўбогіх паспяшы,
сэрцам праўду пакажы і свае дары нам дай.
2. Суцяшыцель сэрц людскіх,
наймілейшы госць у іх,
Асалода стомленых, Адпачынак змучаных
і Вада для прагнучых, Суцяшэнне плачучых.
3. О Святло шчаслівае, ў сэрцаў глыб ўніклівае,
Тваіх верных напаўняй.
Без Твайго дыхання што ж сярод стварэння?
Пустата і небыццё.
4. Што нячыста ў нас, абмый,
што засохла, ажыві.
Што паранена, злячы, што ў нас цвёрдае, схілі,
скрыўлена — прамым чыні, холад сэрца разагрэй.
5. Дай Тваім жа верным, Божай ласкі пэўным,
сем Тваіх святых дароў.
Дай заслугу мужнасці, вытрываласць у вернасці,
дай і радасць вечную. Амэн.
Секвенцыя ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста
1. Гэта Хлеб анёлаў Божых,
стаў пасілкам падарожных,
што імкнуцца да нябёс.
Хлеб сапраўдны слугаў Божых
псам кідаць яго не гожа,
бо яго даў сам Хрыстос.
2. У Пісаннях прадказаны,
быў спрадвеку ўшанаваны
Хлеб спасланы ад Айца.
Богу Абрагам прыносіць
сына у ахвяру, просіць
моцы ў веры да канца.
3. І ягнё, што выбіралі,
як пасхальны дар складалі –
сімвал вобраза таго.
Манна, з неба што спаслана,
сведчыць аб любові Пана,
міласэрнасці Яго.
4. Добры Пастыр, Хлеб праўдзівы,
Езу, будзь нам літасцівы,
Нас кармі і апякай.
І з Айцоўскай дабрынёю
ў славе, на нябесным Троне
нас, дзяцей сваіх, прымай.
5. Ты ўсё ведаеш і можаш,
ўсемагутны, вечны Божа,
жывіш верных на зямлі.
Дай, каб мы ў хвале нябеснай
са святымі годнай песняй
праслаўляць той Хлеб змаглі.
Меткі: Медытацыя, Літургія, Міністрант, Традыцыі, Хрысціянства, Эўхарыстыя