Міністранты ў парафіі
Міністрант (лац. ministrare – служыць) — гэта хлапчук або юнак, які прыслужвае святару падчас імшальнай літургіі. Заданнем міністранта з’яўляецца падрыхтоўка неабходных літургічных рэчаў перад пачаткам святой Імшы, а таксама іншага роду дапамога, напрыклад, пры апрананні святара перад літургіяй.
Міністрант — гэта той, хто нясе знакі, ён падае пэўныя вызначаныя прадметы, якія з’яўляюцца неабходнымі для літургіі і маюць асаблівае значэнне. Гэтыя прадметы павінны дапамагчы вернікам, указваючы ім на іншую рэчаіснасць. Міністрант павінен сам быць знакам: сваёй паставай ён паказвае, як трэба перажываць літургію. Недастаткова толькі пасіўна прымаць у ёй удзел, але неабходна актыўна ўдзельнічаць у ёй. Праз сваё служэнне міністрант сведчыць аб тым, што кожнае літургічнае набажэнства, якое цэлебруецца ў касцёле, – гэта справа не толькі святара, але і ўсёй парафіі, усіх вернікаў. Па-за касцёлам міністрант сваімі паводзінамі павінен указваць іншым людзям шлях да Хрыста. Ён таксама павінен як мага больш годна прадстаўляць Касцёл па-за набажэнствамі, гэта значыць падчас спаўнення хатніх, школьных і іншых абавязкаў.
Пабожнае і добрасумленнае выконванне абавязкаў міністранта вынікае з самой сутнасці літургіі, таму неабходна выхоўваць у міністрантах належнае разуменне, перажыванне і здольнасць выканання яго служэння. Вучэнне Касцёла звяртае ўвагу на тое, наколькі важнай душпастырскай групай у парафіі з’яўляюцца міністранты: «Міністранты, лектары, каментатары і ўдзельнікі хору нясуць сапраўднае літургічнае служэнне. Няхай жа яны выконваюць свае функцыі з такой шчырай пабожнасцю і стараннасцю, якіх вартыя гэтае высакароднае служэнне і справядлівыя спадзяванні народу Божага. Таму неабходна старанна выхоўваць гэтых асобаў у духу літургіі і рыхтаваць іх да адпаведнага, згоднага з прадпісаннямі, спаўнення належных ім абавязкаў» (Sacrosanctum concilium, 29). Канстытуцыя пра святую літургію скіроўвае гэты настойлівы заклік да святароў, якія здзяйсняюць душпастырства ў парафіі.
Вельмі многае залежыць у гэтай сферы ад святароў, дыяканаў і бацькоў, якія павінны з імі супрацоўнічаць. Святы Ян Павел ІІ у Лісце да святароў на Вялікі чацвер 2004 года ўказаў на незаменную ролю і вялікую адказнасць святара ў кантакце з міністрантамі. Папа падкрэсліваў важнасць сведчання святара, жыццё якога, угрунтаванае ў моцы, што зыходзіць з Эўхарыстыі, павінна заахвочваць да духоўнага развіцця і да выбару міністрантам шляху паклікання. Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў, звяртаючыся да святароў: «Беручы гэта пад увагу (...), побач з іншымі душпастырскімі заняткамі, прысвячайце асаблівую ўвагу апецы над міністрантамі, якія з’яўляюцца своеасаблівай калыскай святарскіх пакліканняў. Група міністрантаў, якою вы адпаведным чынам апякуецеся ў парафіяльнай супольнасці, можа дасягаць поспехаў на добрым шляху хрысціянскага ўзрастання, уяўляючы сабою амаль што прасемінарыю. Вучыце парафію, якая з’яўляецца сям’ёю сем’яў, бачыць у міністрантах сваіх сыноў, як саджанцаў аліўкавых дрэваў вакол стала Хрыста, які з’яўляецца Хлебам Жыцця» (Jan Paweі II. Ministranci — młodzi przyjaciele Jezusa. W: „L’Osservatore Romano” 22, 2001, nr 10 s. 22–23; а таксама List Ojca Świętego Jana Pawła II na Wielki Czwartek roku 2004. W: „L’Osservatore Romano” 25, 2004, nr 6.).
Духоўнае ўзрастанне міністранта адбываецца ў сям’і, у школе, на катэхізацыі. Праз гэтыя этапы праходзіць кожны чалавек. Яны аказваюць прынцыповы ўплыў, бо вучаць чалавека жыць па-чалавечы і па-хрысціянску. Прыналежнасць да кола міністрантаў у гэтых адносінах заўсёды з’яўляецца нечым дадатковым. Яна можа мець месца толькі тады, калі хтосьці сур’ёзна споўніць тое, што з’яўляецца першым і больш фундаментальным. Калі хтосьці жадае быць міністрантам, ён павінен прысвяціць дадатковы час і мабілізаваць сябе да асаблівых намаганняў, каб выконваць заданні, якія выходзяць па-за межы асноўных абавязкаў.
Быць міністрантам – гэта адрозненне і гонар, а адначасова – гатоўнасць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям. Ідучы да алтара, міністрант не перастае быць ні сынам, ні вучнем, але, стоячы бліжэй да алтара, чым яго сябры, і прыслужваючы пры цэлебрацыі святых сакрамэнтаў, ён абавязаны даць з сябе больш, каб быць добрым чалавекам усюды: дома, у школе, на катэхізацыі альбо ў коле сяброў і сябровак. Можна і трэба прад’яўляць да міністрантаў большыя патрабаванні. Толькі тыя, хто да іх дарастае, з’яўляюцца міністрантамі і нясуць служэнне пры алтары як міністранты крыжа, святла, кнігі, алтара. Быць добрым міністрантам азначае прад’яўляць да сябе патрабаванні. Святы Айцец Ян Павел ІІ, звяртаючыся да моладзі, сказаў: «Нават калі іншыя не будуць ад нас патрабаваць, вы павінны патрабаваць самі ад сябе». Гэтыя словы асаблівым чынам адносяцца да міністрантаў. Тым, што яны знаходзяцца так блізка да алтара і прыслужваюць падчас святой Імшы, яны абавязаны самому Хрысту, які кожнага міністранта асабіста запрасіў да служэння пры Яго алтары. Гэты Хрыстовы заклік з’яўляецца для іх адначасова абавязацельствам і тым, што вызначае жыццёвы шлях, заахвочвае кожнага з іх да высілку працы над самім сабою, над фармаваннем свайго характару, каб стаць «новым чалавекам у Хрысце».
Рысы добрага міністранта, да якіх, безумоўна, належаць любоў да Бога і Касцёла, служэнне Хрысту праз людзей, пазнаванне і жыццё літургіяй, радасць жыцця, стараннасць у вучобе і гэтак далей, павінны стаць прадметам асабістых намаганняў кожнага міністранта, бо з іх увогуле складаецца чалавечая і хрысціянская сталасць. Дзякуючы ім жыццёвы шлях таго, хто прыслужвае пры алтары, будзе ідэнтычны евангельскаму шляху.
Літургічная служба з’яўляецца адпаведным месцам развіцця жыццёвага паклікання, яго належнага разумення і свядомай рэалізацыі. Гэта асяродак, у якім малады чалавек сталее і дарастае да свайго жыццёвага паклікання ў сужэнстве альбо святарстве. З міністрантаў часта вырастаюць добрыя сужэнцы і бацькі, а таксама цудоўныя святары.
Адкуль чэрпаць сілы, каб адпавядаць такім высокім патрабаванням? Перадусім — з Эўхарыстыі, слугой якой з’яўляецца міністрант, а таксама з індывідуальнай малітвы. Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас адной з сустрэч з моладдзю прызнаўся: «Хачу запэўніць вас у тым, што я памятаю пра вас падчас адпраўлення святой Імшы і Эўхарыстычнай адарацыі, якую пастаянна практыкую з часоў сваёй маладосці. Ведайце, што я заўсёды чэрпаў з яе вялікія плёны дабра не толькі для сябе самога, але і для ўсіх тых, хто даручаны мне Божай Міласэрнасцю».
Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
Спатканне – кожная пятніца а 18:00.
Адказны – кс. Дзмітрый Чупрын.
Меткі: Міністрант, Моладзь