Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Парадак пахавання

УВОДЗІНЫ

1. Касцёл цэлебруе Пасхальную таямніцу Хрыста ў пахаванні сваіх дзяцей, каб тыя, хто праз хрост далучыўся да памерлага і ўваскрослага Хрыста, перайшлі разам з Ім да жыцця. Іх душы павінны ачысціцца, каб дасягнуць супольнасці выбраных у небе, а іх цела павінна чакаць шчаснай надзеі прыйсця Хрыста і ўваскрашэння памерлых.

Таму Касцёл прыносіць за памерлых эўхарыстычную Ахвяру Пасхі Хрыстовай, узносіць за іх малітоўныя просьбы. Гэтак Касцёл жадае выпрасіць для памерлых духоўную дапамогу, а для жывых — суцяшальную надзею, паколькі ўсе члены Хрыста злучаны паміж сабой.

2. Пры пахаванні сваіх братоў хрысціяне павінны старацца пацвердзіць сваю надзею на вечнае жыццё, аднак пры гэтым павінны ўлічваць пахавальныя звычаі дадзенага часу і пэўнага рэгіёну. Усё добрае, што ёсць у сямейных традыцыях, мясцовых звычаях або грамадскіх прадпісаннях наконт пахавання, павінна ахвотна падтрымлівацца. Аднак тое, што будзе супярэчыць Евангеллю, трэба перапрацаваць так, каб хрысціянскае пахаванне ўказвала на пасхальны характар веры і па-сапраўднаму выяўляла евангельскі дух.

3. Целы памерлых, якія з’яўляюцца святыняй Духа Святога, трэба ўшаноўваць, адкінуўшы марную пышнасць пахавання. Таму ў важнейшыя моманты паміж смерцю і пахаваннем трэба ўмацоўваць веру ў вечнае жыццё і ўзносіць малітоўныя просьбы.

Да важнейшых момантаў, абумоўленых мясцовымі звычаямі, належаць: вігілія ў доме памерлага; момант, калі цела кладуць у труну, і перанясенне цела да магілы. Усяму гэтаму папярэднічае сход блізкіх і, калі магчыма, усёй супольнасці для таго, каб удзельнічаць у літургіі слова, якая дае суцяшэнне, што вынікае з надзеі, у эўхарыстычнай Ахвяры і ў апошнім развітанні з памерлым.

4. Каб у пэўнай ступені ўлічыць асаблівасці ўсіх рэгіёнаў, гэты Парадак пахавання дарослых прапануе тры формы пахавання:

  1. першая форма прадугледжвае тры стацыі: у доме памерлага, у касцёле і на могілках;
  2. другая форма складаецца з дзвюх стацый: у капліцы на могілках і каля магілы;
  3. трэцяя форма мае адну стацыю: у доме памерлага.

5. Першая форма пахавання цалкам адпавядае той, што раней знаходзілася ў Рымскім Рытуале. Гэтая форма звычайна, ва ўсякім разе на вёсцы, мае тры стацыі: у доме памерлага, у касцёле і на могілках, з дзвюма пасярэднімі працэсіямі. Аднак працэсіі, асабліва ў вялікіх гарадах, адбываюцца рэдка, бо з розных меркаванняў яны нязручныя. З іншага боку, з прычыны недахопу духоўных і аддаленасці могілак ад касцёла святары часам не могуць праводзіць стацыі ў доме памерлага і на могілках. З улікам гэтага вернікам рэкамендуецца, пры адсутнасці святара ці дыякана, самастойна прачытаць адпаведныя малітвы і псальмы. Калі гэта немагчыма, стацыі ў доме памерлага і на могілках прапускаюцца.

6. Паводле першай формы стацыя ў касцёле зазвычай складаецца з цэлебрацыі пахавальнай Імшы, якая забаронена толькі ў Пасхальны Трыдуум, у прадпісаныя ўрачыстасці і нядзелі Адвэнту, Вялікага посту і Велікоднага перыяду. Аднак, з пастырскіх меркаванняў, пахаванне можа цэлебравацца без Імшы (якую пры магчымасці ўсё ж трэба цэлебраваць у іншы, зручны дзень). Стацыя ў касцёле заўсёды павінна суправаджацца літургіяй слова з эўхарыстычнай Ахвярай ці без яе. Абрад, які раней называўся «абсалюцыяй» памерлага, у далейшым павінен называцца «апошнім даручэннем і развітаннем».

7. Другая форма пахавання мае дзве стацыі: на могілках, г. зн. у капліцы на могілках, і каля магілы. Для гэтай формы не прадугледжана эўхарыстычная цэлебрацыя. Аднак яна павінна адбыцца без цела памерлага перад або пасля самога пахавання.

8. Пахавальны абрад паводле трэцяй формы павінен праводзіцца ў доме памерлага. Магчыма, у некаторых месцах гэтую форму палічаць непатрэбнай, аднак у некаторых рэгіёнах яна будзе неабходнай. З увагі на розныя акалічнасці тут спецыяльна не агаворваюцца дэталі, аднак падаюцца пэўныя ўказанні, каб і ў гэтым выпадку былі элементы, агульныя з іншымі формамі, напр., у літургіі слова і ў абрадзе апошняга даручэння або развітання. Астатняе могуць вырашыць Канферэнцыі Біскупаў.

9. Калі паводле новага Рымскага Рытуала будуць падрыхтаваныя мясцовыя Рытуалы, Канферэнцыя Біскупаў павінна будзе або захаваць тры формы пахавання, або змяніць іх парадак, або прапусціць тую ці іншую форму. Можа быць, што ў пэўных краінах выкарыстоўваецца выключна адна форма, напр., першая, з трыма стацыямі, якая так і павінна застацца, а астатнія трэба выключыць; у іншых краінах могуць быць неабходнымі ўсе тры формы. Таму Канферэнцыя Біскупаў, улічыўшы асаблівыя абставіны, павінна прыняць адпаведнае рашэнне.

10. Пасля пахавальнай Імшы павінен адбыцца абрад апошняга даручэння і развітання.

Гэты абрад не трэба разумець як нейкае ачышчэнне памерлага (што здзяйсняецца хутчэй праз эўхарыстычную Ахвяру). Падчас яго адбываецца апошняе развітанне, калі хрысціянская супольнасць развітваецца са сваім членам перад вынясеннем яго цела ці яго пахаваннем. Хоць смерць — гэта заўсёды пэўнае разлучэнне, аднак хрысціяне як члены Хрыста складаюць адно ў Хрысце, таму нават смерць не можа іх разлучыць1.

Святар, распачынаючы абрад, спачатку прамаўляе і тлумачыць яго. Пасля захоўвання на працягу пэўнай хвіліны цішыні, адбываецца акрапленне і акаджванне, а таксама спеў на развітанне. Гэты спеў, з належным тэкстам і адпаведнай мелодыяй, усе павінны не толькі спяваць, але і перажываць як кульмінацыю ўсяго абраду.

Абрад апошняга даручэння і развітання можа праводзіцца толькі падчас самога пахавання, г. зн. каля цела памерлага.

11. Падчас усякай цэлебрацыі за памерлых, як пахавальнай, так і агульнай, вялікае значэнне ў абрадзе павінна надавацца чытанням Божага слова, бо яно абвяшчае Пасхальную таямніцу, прыносіць надзею на будучую сустрэчу ў Божым Валадарстве, вучыць поўнай пашане да памерлых і заахвочвае паўсюль даваць сведчанне хрысціянскага жыцця.

12. У Афіцыі за памерлых Касцёл пераважна выкарыстоўвае малітву псальмаў, каб выказаць жалобу і дзейсна падмацаваць веру. Таму пастыры павінны паклапаціцца, каб іх супольнасці прайшлі адпаведную катэхезу прынамсі для больш выразнага і глыбейшага разумення тых псальмаў, якія пададзены для пахавальнай літургіі. Таксама іншыя песні, ужыванне якіх з пастырскіх меркаванняў часта рэкамендуецца ў абрадзе, у першую чаргу павінны быць прасякнуты салодкай і жывой любоўю да Святога Пісання2 і духам літургіі.

13. Таксама ў малітвах хрысціянская супольнасць павінна вызнаваць сваю веру і з пабожнасцю заступацца за памерлых дарослых, каб яны атрымалі ў Богу шчасце. Што датычыць памерлых дзяцей, якія праз хрост атрымалі ўсынаўленне, то мы верым, што яны ўжо дасягнулі гэтага шчасця. За бацькоў гэтых дзяцей і за ўсіх родных гэтых памерлых трэба маліцца, каб у сваёй жалобе яны знайшлі суцяшэнне ў веры.

14. Там, дзе згодна з мясцовым правам, фундацыяй або звычаем Афіцый за памерых зазвычай праводзіцца як падчас пахавання, так і пасля яго, гэты Афіцый можна захаваць, але праводзіць яго трэба годна і пабожна. З улікам умоваў сучаснага жыцця і пастырства замест Афіцыя за памерлых можна праводзіць вігілію або цэлебрацыю Божага слова (№№ 27-29).

14*. Цэлебрацыя пахавання павінна адбывацца для катэхумэнаў, а таксама, згодна з кан. 1183 ККП:

  1. для дзяцей, якія памерлі перад хростам і якіх хацелі пахрысціць бацькі;
  2. для ахрышчаных, якія належаць да іншага Касцёла ці касцёльнай некаталіцкай супольнасці, паводле разважлівага рашэння мясцовага ардынарыя, калі толькі гэта не супярэчыць іх волі і калі адсутнічае іх цэлебрант.

15. Для тых, хто дазволіў крэмацыю свайго цела, трэба правесці абрад хрысціянскага пахавання, калі толькі не будзе вядома, што яны дазволілі крэмацыю пад уплывам супярэчных з хрысціянскімі поглядамі меркаванняў.

Пахаванне адбываецца паводле той формы, якая выкарыстоўваецца ў рэгіёне, аднак трэба ведаць, што Касцёл аддае перавагу звычаю пахавання цела ў зямлі, бо і Пан сам пажадаў быць пахаваным. Пры гэтым трэба пазбягаць небяспекі зняверання і неразумення з боку вернікаў.

Абрады, якія праводзяцца ў капліцы або каля магілы ў гэтым выпадку могуць адбывацца ў самім будынку крэматорыя, а пры адсутнасці іншага прыстасаванага месца нават у зале крэматорыя. Пры гэтым трэба з развагаю пазбягаць небяспекі зняверання і рэлігійнай абыякавасці.

АБАВЯЗКІ І ПАСЛУГІ ПРЫ ПАХАВАННІ

16. Трэба памятаць, што пры цэлебрацыі пахавання пэўны абавязак і паслуга даручаны ўсім, хто належыць да Божага народу: бацькам і родным; тым, хто займаецца пахаваннем; самой хрысціянскай супольнасці і, нарэшце, святару, які як настаўнік веры і слуга суцяшэння ўзначальвае літургічнае дзеянне і цэлебруе Эўхарыстыю.

17. Усе, асабліва святары, павінны памятаць, што, даручаючы памерлых Богу ў пахавальнай літургіі, яны абавязаны падтрымліваць надзею прысутных і ўмацоўваць іх веру ў Пасхальную таямніцу і ўваскрашэнне памерлых так, каб, даючы сведчанне пра адданую любоў Маці Касцёла і несучы суцяшэнне, што вынікае з веры, падтрымліваць вернікаў і не крыўдзіць тых, хто знаходзіцца ў жалобе.

18. Пры падрыхтоўцы і правядзенні пахавання святары павінны з вялікай далікатнасцю ставіцца не толькі да асобы кожнага памерлага і абставін ягонай смерці, але таксама да жалобы яго родных і патрэбаў іх хрысціянскага жыцця. Святары з’яўляюцца для ўсіх слугамі Хрыстовага Евангелля, таму павінны асабліва ўлічваць тое, што на літургічнай цэлебрацыі пахавання могуць прысутнічаць або слухаць Евангелле і некатолікі, а таксама католікі, якія ніколі не прымалі Эўхарыстыі і рэдка ўдзельнічалі ў Імшы, а таксама тыя, хто страціў веру.

19. Пахаванне, за выключэннем Імшы, можа праводзіць дыякан. Калі ёсць пастырская неабходнасць, Канферэнцыя Біскупаў з дазволу Апостальскай Сталіцы можа даручыць гэта і свецкай асобе.

Пры адсутнасці святара ці дыякана рэкамендуецца, каб пры пахаванні паводле першай формы стацыі ў доме памерлага і на могілках, а таксама вігілія пры памерлым праводзіліся свецкімі.

20. Акрамя адрознення ў літургічным абавязку і ў ступені пасвячэння, а таксама пашаны, якая згодна з літургічнымі нормамі належыць грамадзянскім уладам, пры правядзенні пахавання не павінна быць ніякіх прывілеяў у дачыненні да прыватных асоб ні ва ўмовах правядзення пахавання, ні ў цырымоніях, ні ў вонкавай пышнасці3.


ДАСТАСАВАННІ, ЯКІЯ ЎВОДЗЯЦЦА КАНФЕРЭНЦЫЯМІ БІСКУПАЎ

21. Згодна з Канстытуцыяй пра святую Літургію (арт. 63b), Канферэнцыям Біскупаў трэба падрыхтаваць у мясцовых Рытуалах раздзел, які будзе адпавядаць гэтаму раздзелу Рымскага Рытуала, і дастасаваць яго да патрэбаў паасобных рэгіёнаў, каб пасля зацвярджэння Апостальскай Сталіцай яны выкарыстоўваліся ў адпаведных рэгіёнах.

Канферэнцыі Біскупаў павінны:

  1. акрэсліць дастасаванні, вызначаныя ў гэтым раздзеле;
  2. старанна і мудра разважыць, што з традыцый і характару асобных народаў неабходна захаваць, а таксама павінны вызначыць іншыя карысныя і неабходныя на іх думку дастасаванні, каб прапанаваць іх Апостальскай Сталіцы і ўвесці з яе згоды;
  3. захаваць ужо існуючыя ўласныя элементы мясцовых Рытуалаў, калі яны адпавядаюць Канстытуцыі пра святую Літургію, або дастасаваць іх;
  4. падрыхтаваць пераклады тэкстаў, каб яны па-сапраўднаму адпавядалі характару розных моваў і культур, і дадаць паўсюль, дзе будзе неабходна, адпаведныя мелодыі да спеву;
  5. пашырыць і дапоўніць уступ, змешчаны ў Рымскім Рытуале, каб цэлебранты цалкам разумелі значэнне абрадаў і належна іх праводзілі;
  6. у выданнях літургічных кніг, падрыхтаваных намаганнямі Канферэнцый Біскупаў, размясціць матэрыял такім чынам, каб ён найбольш адпавядаў пастырскім патрэбам, аднак з таго, што змешчана ў гэтым узорным выданні, нічога нельга прапусціць.

Калі будзе неабходным дадаць рубрыкі або тэксты, то яны павінны адрознівацца ад рубрык і тэкстаў Рымскага Рытуала адпаведнымі тыпаграфскімі знакамі або шрыфтам.

22. Пры падрыхтоўцы мясцовых Рытуалаў Канферэнцыі Біскупаў могуць:

  1. упарадкаваць абрад паводле адной або некалькіх формаў, як указана вышэй у № 9;
  2. калі будзе неабходным, замяніць формулы, пададзеныя ў галоўным абрадзе, іншымі з ліку змешчаных у раздзеле VІ;
  3. усюды, дзе Рымскі Рытуал падае некалькі формул на выбар, дадаць таксама іншыя формулы (паводле нормы № 21. 6);
  4. вырашыць, ці даручаць свецкім цэлебрацыю пахавання (пар. вышэй, № 19);
  5. вырашыць ці прапускаць акрапленне і акаджванне, ці замяніць іншым абрадам там, дзе ёсць пастырская неабходнасць;
  6. вызначыць для абраду пахавання той літургічны колер, які будзе адпавядаць традыцыі дадзенага народу і які не будзе абражаць чалавечага болю, але паказваць хрысціянскую надзею, асветленую Пасхальнай таямніцай.

АБАВЯЗАК СВЯТАРОЎ У ПАДРЫХТОЎЦЫ І ПРАВЯДЗЕННІ ЦЭЛЕБРАЦЫІ

23. Святар, з увагі на розныя абставіны і выслухаўшы просьбы сям’і і супольнасці, павінен ахвотна выкарыстоўваць прапанаваныя ў абрадзе магчымасці.

24. Абрад, пададзены для кожнай формы, апісваецца так, каб яго было проста праводзіць; аднак шмат тэкстаў падаецца на выбар. Напрыклад:

  1. у залежнасці ад абставін кожнай цэлебрацыі ўсе тэксты наогул можна замяняць іншымі ў паразуменні з супольнасцю і сям’ёй, каб яны сапраўды былі карыснымі;
  2. некаторыя элементы не з’яўляюцца абавязковымі, але могуць дадавацца на выбар, як, напрыклад, малітвы за засмучаных у доме памерлага;
  3. згодна з літургічнай традыцыяй даецца вялікая свабода выбару тэкстаў, пададзеных для працэсій;
  4. калі псальм, які пададзены або рэкамендаваны з літургічных меркаванняў, можа стварыць пэўную пастырскую складанасць, падаецца на выбар іншы, якім трэба замяніць папярэдні. Акрамя таго, можна прапусціць той ці іншы верш у псальме, які з пастырскіх меркаванняў будзе здавацца менш адпаведным;
  5. тэксты малітваў заўсёды падаюцца ў адзіночным ліку, г. зн. за аднаго памерлага. Таму ў асобных выпадках трэба будзе змяніць род і лік. Так, напрыклад, словы слуга Твой пры неабходнасці трэба замяніць на слуга Твая або слугі Твае і г. д.;
  6. у малітвах радкі, узятыя ў дужкі, можна прапусціць.

25. Належнае і годнае правядзенне пахавання, як і ўсё святарскае служэнне ў дачыненні да памерлых, прадугледжвае арганічнае разуменне хрысціянскай таямніцы і пастырскага абавязку.

Між іншым, абавязкам святара з’яўляецца:

  1. падтрымліваць хворых і паміраючых, як указана ў адпаведным раздзеле Рымскага Рытуала;
  2. праводзіць катэхезу пра значэнне хрысціянскай смерці;
  3. шчыра суцяшаць родных памерлага, дапамагаючы ў балючым смутку і, наколькі магчыма, з дабрынёй падтрымліваць іх і разам з імі падрыхтаваць годную цэлебрацыю пахавання, выкарыстаўшы дазволеныя магчымасці, пададзеныя ў абрадзе;
  4. адпаведна сумяшчаць літургію за памерлых з усім літургічным жыццём парафіі і пастырскім служэннем.

  1. Пар. Simeon Thessalonic, De ordine sepulturae: P. G. 155, 685 B.
  2. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, 24.
  3. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, 32.

Паводле catholic.by

Меткі: Пахаванне