Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

7 снежня — успамін Амброзія, біскупа і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 8–12
Абвяшчаць язычнікам невычэрпнае багацце Хрыста

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Мне, найменшаму сярод усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць язычнікам Добрую Навіну пра невычэрпнае багацце Хрыста і адкрыць усім, чым ёсць спаўненне таямніцы, спрадвеку схаванай у Богу, Стварыцелю ўсяго; каб цяпер праз Касцёл стала вядомай княствам і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасць Божая, паводле спрадвечнага плану, які Бог здзейсніў у Езусе Хрысце, Пану нашым. У Ім мы маем адвагу і доступ да Айца з надзеяй праз веру ў Яго.

Гэта слова Божае.

РЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ  Пс 89 (88), 2–3. 4–5. 21–22. 25 і 27 (Р.: пар. 2а)

Рэфрэн: Буду славіць вечна міласэрнасць Пана.

2. Міласэрнасць Пана буду ўсхваляць вечна, *
з пакалення ў пакаленне буду абвяшчаць
вернасць Тваю вуснамі маімі.
3. Бо сказаў: Навекі заснавана будзе міласэрнасць, *
на нябёсах умацуеш вернасць сваю.

Рэфрэн:

4. Я заключыў запавет з выбраным Маім, *
прысягнуў Давіду, слузе Майму:
5. Навекі ўмацую патомства тваё *
і трон твой устанаўлю з пакалення ў пакаленне.

Рэфрэн:

21. Знайшоў Давіда, слугу Майго, *
Я намасціў яго маім святым алеем.
22. Рука моцы маёй заўсёды будзе з ім, *
і плячо маё яго падтрымае.

Рэфрэн:

25. З ім мая вернасць і міласэрнасць, *
у маім імені ўзвялічана яго моц.
27. Ён будзе клікаць Мяне: Ты мой Айцец, *
мой Бог і скала збаўлення майго.

Рэфрэн:

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ Ян 10, 14

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Я — добры пастыр, — кажа Пан, —
і ведаю авечак маіх, а мае ведаюць Мяне.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

ЕВАНГЕЛЛЕ Ян 10, 11–16
Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў: Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак. А найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх. Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.

Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне, як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. І жыццё сваё аддаю за авечак. Ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.

Гэта слова Пана.

Паводле  catholic.by

  • Тыдзень беларускай мовы ў Чырвоным касцёле

    Бібліятэка імя Адама Міцкевіча запрашае на Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, яці пройдзе ў касцёле з 17 па 23 лютага.

  • Люты
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы

    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы "Мир дикой природы" Клуба фатографаў дзікай прыроды Беларусі, які аб'ядноўвае каля 30 майстроў. Выстава адбудзецца 19 студзеня ў 12.00 ў Белай зале Чырвонага касцёла.

  • Студзень
    2020

    Тэатр Зніч

  • Адкрыццё фотавыставы
    Запрашаем на адкрыццё фотавыставы Ірэны Гудзіеўскай "Сімвалы Беларусі", якое адбудзецца 15 снежня а 12 гадзіне ў Белай зале.
  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».