Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Афіша тэатра аднаго акцёра “Зніч”

znich

ЛЮТЫ 2020 —  СПАМПАВАЦЬ

Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч”

Калектыў Белдзяржфілармоніі – Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра “Зніч” на ніве айчыннага мастацтва працуе 25 гадоў. Увесь гэты час ён прытрымліваецца аднойчы выбранага напрамку – папулярызацыі лепшых узораў беларускай і сусветнай літаратурнай спадчыны сродкамі сцэнічнага мастацтва, служыць захаванню гучання сапраўднага беларускага слова. Усе спектаклі тэатра ідуць выключна на беларускай мове – гэта галоўнае крэда тэатра і яго заснавальніка і нязменнага мастацкага кіраўніка Галіны Дзягілевай.

“Зніч” працуе ў жанры монаспектакля. У гэтым яго унікальнасць не толькі для Беларусі, але і для іншых краін СНД, акрамя Расіі, дзе існуе “Валгаградскі дзяржаўны тэатр аднаго акцёра”. Монаспектакль – вельмі складаны і рэдкі тэатральны жанр, які вымагае ад адзінага на ўсе ролі артыста выключнага ведання матэрыялу і віртуознага таленту пераўвасаблення. З тэатрам “Зніч” супрацоўнічаюць вядучыя майстры беларускай сцэны, артысты вядомых сталічных тэатраў, найлепшыя беларускія рэжысёры, сцэнографы і кампазітары. Абраны жанр спрыяе мабільнасці тэатра, дазваляе арганізоўваць выязныя спектаклі па ўсёй Беларусі і лёгка прыстасоўваць рэпертуар пад патрэбу гледача.

Тэатр “Зніч” адзін з самых вядомых творчых калектываў Рэспублікі Беларусь. За гады сваёй дзейнасці ён заваяваў любоў і павагу айчыннага і замежнага гледача. Творчасці тэатра прысвечана больш 250 артыкулаў у сродках масавай інфармацыі і аналітычных мастацкіх выданнях, інфармацыя пра тэатр змешчана ў трох энцыклапедыях.

Не абмінаюць увагай тэатр Беларускае радыё і тэлебачанне: трансляцыі монаспектакляў, творчыя партрэты і інтэрв’ю з артыстамі тэатра перыядычна гучаць ў перадачах “Літаратурны праспект”, “Галерэя”, “Сення з Вамі”, “Арт-клуб”, “Театросфера”, “Зямля, што нам дадзена лёсам”, “Філарманічны тыдзень” і інш.

“Зніч” – неаднаразовы ўдзельнік і прызёр міжнародных тэатральных фестываляў. Калектыў гастралюе па Беларусі і па-за яе межамі: у Расіі, ва Ўкраіне, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Літве, Германіі, ЗША.

Сёння ў рэпертуары тэатра больш 20 спектакляў класічнага і сучаснага напрамку, пастаўленых паводле твораў беларускай і сусветнай класікі, разлічаных на рознаўзроставую глядацкую аўдыторыю: па творах Я. Купалы і Я. Коласа, А.Пушкіна, А. дэ Сэнт Экзюперы, М. Багдановіча, Зм. Бядулі, Ул. Караткевіча, Р. Барадуліна, А. Вярцінскага, Н. Гілевіча, Н.Мацяш, Я. Янішчыц, А. Вольскага і інш., а таксама тэатральна-канцэртныя праекты: “Час і Постаці” - да 100-годдзя Максіма Танка, “І сэрцу, і душы” – да 100-годдзя С. Грахоўскага, “Я – Літвін” – да 190-годдзя Ул. Сыракомлі. Тэатр таксама практыкуе абанементную сістэму паказу тэматычных спектакляў, адрасаваных юнацкай і дзіцячай аўдыторыям, арганізуе спектаклі-сустрэчы з беларускімі паэтамі, пісьменнікамі, артыстамі, кампазітарамі і бардамі. За адзін тэатральны сезон “Зніч” прапануе гледачам каля 180 спектакляў. Тэатр актыўны ўдзельнік агульнарэспубліканскіх грамадска-культурных акцый, прысвечаных ўзаемадзеянню і дыялогу культур сталіцы і рэгіёнаў рэспублікі. Працяглы час калектыў тэатра звязваюць цесныя творчыя стасункі з творчымі суполкамі мясцовых ўстаноў культуры і ўстаноў адукацыі гарадоў Віцебска, Лепеля, Пінска, Навагрудка, Белаазёрска, Салігорска, Любані і інш.

Стацыянарная сцэнічная паляцоўка тэатра “Зніч” (тэатральная зала, філіял Белдзяржфілармоніі) знаходзіцца ў памяшканні Культурнага цэнтра Касцёла св. Сымона і св. Алены. Урачыстыя прэм’ерныя і абанементныя спектаклі праходзяць ў Вялікай канцэртнай зале і Малой зале імя Р. Шырмы Белдзяржфілармоніі.

Тэатр “Зніч” – неад’емная частка культурнага жыцця нашай краіны і яе нацыянальная каштоўнасць. Акрамя творчых, тэатр вырашае выключныя эстэтычныя і культурна-асветніцкія задачы, накіраваныя на выхаванне гарманічнай асобы, чалавека, здольнага разумець, адчуваць і любіць сваю родную беларускую мову, сваю краіну – Беларусь.

Дзейнасць Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч” спрыяе шырокаму распаўсюджванню беларускай класічнай спадчыны, павышэнню ўзроўню яе вывучэння, служыць духоўна-гуманітарнаму выхаванню моладзі ў лепшых маральных традыцыях беларускага народа.

logo znich

Сардэчна запрашаем на спектаклі
Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра "Зніч"!

Меткі: Тэатр Зніч