Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Гісторыя Мінска па-польску

24 верасня ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Чырвонага касцёла адбылася імпрэза на польскай мове, прысвечаная 950-годдзю Мінска.

На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты 2 і 3 курсаў Лінгвістычнага ўніверсітэта, слухачы курса польскай мовы Чырвонага касцёла, прадстаўнікі Саюза палякаў у Беларусі, чытачы бібліятэкі, парафіяне і госці. Вечарыну адкрыў пробашч кацёла Святога Сымона і Святой Алены Уладыслаў Завальнюк.

Імпрэза ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча

Віртуальную прэзентацыю пра шматвекавую гісторыю горада падрыхтавалі былыя наведвальнікі курсаў польскай мовы Чырвонага касцёла Вікторыя Ермалёнак і Уладыслаў Трыпуз. Падрыхтоўкай выступоўцаў кіравала пані Бернарда Іванова, выкладчыца польскай мовы.

Прысутныя азнаёміліся з заснаваннем горада на рацэ Менцы, развіццём Мінска ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай, у складзе БНР і БССР. Дэманструючы архіўныя фотаздымкі, выступоўцы распавялі пра пабудову асноўных святынь горада: Архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, касцёла Св. Роха на Залатой горцы, Чырвонага касцёла, царквы Св. Аляксандра Неўскага, будынка ратушы, пра падрабязнасці надання старажытнаму гораду магдэбургскага права ў 1499 годзе і прысваенне герба ў 1591 годзе. Слухачы зацікавіліся аповедамі пра Яна Караля Чапскага, які правёў у горадзе конную трамвайную лінію, збудаваў два масты праз раку Свіслач, заклаў шпіталь і публічную бібліятэку. Прысутным нагадалі пра жыццё і дзейнасць губеранатара Захарыя Карнеева на пачатку ХХ стагоддзя, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладыслава Сыракомлі, Якуба Коласа, Янкі Купалы.

Імпрэза ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча

Мерапрыемства было накіравана на павелічэнне цікавасці да гісторыі роднага горада і стымула для вывучэння польскай мовы, якая з’яўляецца добрым сродкам камунікацыі паміж суседнімі дзяржавамі і культурных стасункаў у касцёле.

На імпрэзе выступіў ганаровы госць з Польшчы, бурмістр Бельска-Падляскага, пан Яраслаў Бароўскі, які нарадзіўся ў Беларусі. “Мы беларусы па паходжанню, хоць і жывем з вамі ў розных дзяржавах, бо межы краін неаднаразова мяняліся, але мы захоўваем нашу культуру і нашу хрысціянскую веру. Мы памятаем і шануем нашых славутых дзеячаў: Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшку, Валенцыя Ваньковіча, Эдварда Вайніловіча, і закліваем вас захоўваць памяць і традыцыі продкаў!” – сказаў Яраслаў Бароўскі.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Меткі: Бібліятэка