Дзяліліцца верай праз старонкі кнігі і часопіса
26 лютага пасля Імшы а 15-й гадзіне ў касцёле Св. Сымона і Св. Алены выступіла пісьменніца Ірына Жарнасек, рэдактарка каталіцкага часопіса “Маленькі рыцар Беззаганнай”.
Яна скіравала свой выступ да навучэнцаў нядзельнай школы, іх бацькоў і катэхэтаў. Сёлета “Маленькаму рыцару” спаўняецца 20 гадоў. Сам часопіс для дарослых “Рыцар Беззаганнай” быў фундаваны апекуном пісьменнікаў і журналістаў святым Максімільянам Кольбэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя ў Гародні.
Пачынаўся сучасны “Маленькі рыцар Беззаганнай” са старонкі ў часопісе “Ave Maria”, якую вяла Ірына Францаўна Жарнасек. Ілюстрацыі да выпускаў маляваў яе сын Аляксандр. Спадарыня Ірына з любоўю да дзяцей імкнулася распавесці ім пра Хрыста. Стыль адроджанага часопіса выпрацаваўся не адразу, а праз стварэнне апавяданняў, збор вершаў і дзіцячых малюнкаў, допісаў юных чытачоў, якія выказалі жаданне распавесці пра свае мясцовыя храмы, традыцыі веры ў сваіх сем’ях.
Пісьменніца і сёння сябруе з дзіцячым домам у Друі, прыязджае туды з падарункамі і з асобнікамі часопіса. Падчас размовы з дзецьмі яна старалася зацікавіць іх дасылаць ў часопіс свае творы, а бацькоў - выпісваць ці набываць дзецям выданне, на стронках якога святары на сучасных прыкладах тлумачаць дзецям сэнс Божых прыказанняў. Яна папрасіла дзяцей не забываць пра малітву да Госпада і Маці Божай за сваіх родных, краіну і ўвесь свет.
Ірына Францаўна распавяла пра свае кнігі прозы «Ліст да сына», «Гульні над студняй», «Гадара», аповесць-казку «Спрэчка анёлаў». Старэйшы сын спадарыні Ірыны, Аляксандр, скончыў мастацкую школу і марыў быць мастаком. Але пасля пілігрымкі ў Будслаў ён перамяніў свае рашэнне. Пасля заканчэня семінарыі ен далучыўся да айцоў-марыянаў і зараз служыць у касцёле Св. Язэпа ў Воршы і арганізуе там шматлікія рэкалекцыі, сужэнскія сустрэчы, “вінаграднікі” і іншыя імпрэзы, увесь час прысвячае сваім парафіянам. Матуля адчувае, што сын годна служыць Богу і людзям.
Пісьменніца звярнула ўвагу дзяцей на тое, што ў жыцці пастаянна ідзе выбар паміж дабром і злом, і варта рабіць свой выбар менавіта на карысць дабра.Такі выбар зрабілі героі яе кнігі “Будзь воля Твая” - росіцкія святары-марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Калі падчас карніцкай аперацыі фашыстаў супраць партызанаў вёска Росіца была аточаная і яе насельнікі былі замкнутыя ў будынку касцёла і гаспадарчых забудовах, толькі два чалавекі мелі права пакінуць тэрыторыю вёскі – гэта былі святары. Але яны вырашылі паклапаціцца пра лёс тых, каго можна вызваліць, і дапамаглі некаторым сёстрам пазбегнуць спалення ці высылкі ў канцлагер. Святары-марыяне засталіся з жыхарамі вёскі. Яны выконвалі свае абавязкі: адпраўлялі Святую Імшу, удзялялі Камунію, спавядалі, хрысцілі дзяцей і дарослых, бласлаўлялі, суцяшалі тых, хто быў у роспачы, прыносілі дзецям хлеб. У лютым 1943 года яны прынялі пакутніцкую смерць разам з і іншымі людзьмі.
Праз гады пісьменніца сустракалася з асобамі, якім удалося выжыць у канцэнтрацыйных лагерах. Штогод яна наведвае памятныя дні ў Росіцы, дзе ўшаноўваецца памяць пакутнікаў. У савецкія часы гэтыя старонкі гісторыі былі невядомыя, бо яны датычыліся менавіта подзвіга вернікаў. Пісьменніца палічыла сваім абавязкам распавесці сучаснікам аб падзеях ў сваім рамане “Будзь воля Твая”. Пазнаёміцца з ім можна ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча Чырвонага касцёла.
“Пані рэдактарка служыць Касцёлу і людзям высакародным мастацкім словам, і мы ёй вельмі ўдзячныя!” - адзначыў ксёндз-пробашч Уладыслаў Завальнюк.
Эла Дзвінская
Меткі: Бібліятэка