Канферэнцыя па кніжцы пробашча касцёла "Святы Шарбель, манах - цудатворац"
У бібліятэцы Чырвонага касцёла ў Мінску адбылася чытацкая канферэнцыя па кнізе, укладзенай кс. Уладыславам Завальнюком «Святой Шарбель. Монах и чудотворец».
Брашура, выдадзеная ў 2016 годзе, знаёміць з жыццём і малітоўным подзвігам ліванскага святога, яго цудатварэннямі. Бібліятэкар, спадарыня Галіна, захапляльна распавяла пра дзяцінства і юнацтва святога, якога называюць духоўным братам св. Серафіма Сароўскага, шануюць як каталікі, так і праваслаўныя вернікі ва многіх краінах.
Святы Шарбель Махнуф нарадзіўся 8 мая 1828 года ў хрысціянскай сям’і ў Бекаа-Кафра (паўночны Ліван) і пры хросце атрымаў імя Юсэф. У 23 гады ён уступіў у кляштар святога Марона ў Анаі, дзе атрымаў манаскае імя Шарбель, што перакладаецца з арабскай як “ шар” – “цар” і “ бель” – “ Бог”. Ён атрымаў святарскі сан 23 ліпеня 1859 года. У кляштары ён прысвяціў сябе малітве, працы і духоўным практыкам. У 1875 годзе айцец Шарбель распачаў пустэльніцкае жыццё, у якім знаходзіўся 23 гады. Памёр а. Шарбель у вігілію Божага нараджэння ў 1898 годзе. Пасля пахавання над яго магілаю з’явілася яркае свячэнне, якое трымалася напрацягу тыдня.
Цела святога праз гады засталося нятленным і выдзяляе ружовую сукравіцу. Зафіксаваныя тысячы выпадкаў цудоўных ацаленняў праз заступніцтва святога. 5 снежня 1965 года ён быў прылічаны да ліку блажэнных. Кананізацыя адбылася 9 кастрычніка 1977 года. У горад Аная прыязджаюць са ўсяго свету багасловы, іерархі Каталіцкай Царквы, лекары, паломнікі.
Сястра Валянціна пранікнёна распавяла пра выпадкі ацаленняў ля труны святога, якія адлюстраваны ў літаратуры. "Айцец Шарбель быў чалавекам вельмі сціплага жыцця, ён ведаў тайны чалавечых душ лепш, чым лекары. Ён вучыў ніводнай хвіліны жыцця не праводзіць марна, а трываць у фізічнай і духоўнай працы і навуцы".
Сястра Аліна прачытала вершы, прысвечаныя святому Шарбелю, і малітву да яго. Мэта кнігі, выдадзенай пры падтрымцы Касцёла, – пазнаёміць вернікаў з духоўнай спадчынай святах ва ўсім свеце, у дадзеным выпадку – з хрысціянскімі традыцыямі на Усходзе. Папярэднікам святога Шарбеля быў святы Марон, які жыў у 5 стагодзі ў Сірыі.
У старазапаветную эпоху Ліван славіўся магутнымі кедрамі і лясамі. Цар Саламон атрымліваў кедры для будаўніцтва храма. Кнігу ксяндза Уладзіслава завяршае легенда пра тысячагадовыя кедры, што ўзраслі на Ліванскай зямлі. Усе яны хацелі паслужыць вялікай мэце. Дрэва аднаго з іх стала калыскай Збавіцеля, гронка іншага – сталом для Тайнай вячэры, а з трэцяга кедра быў выраблены крыж, на якім Госпад аддаў сябе ў ахвяру за ўсіх людзей.
У бібліятэцы імя Адама Міцкевіча Мінскага Чырвонага касцёла можна знайсці шмат хрысціянскай і мастацкай літаратуры на розных мовах. Запрашаем усіх жадаючых.
Эла Дзвінская
Паводле krynica.info
Меткі: беларуская літаратура, Мерапрыемствы, кс. Уладыслаў Завальнюк, Бібліятэка, Парафія