Звон Нагасакі
У цэнтры, на галоўнай плошчы Мінска, перад фасадам касцёла, у 2000 г. была ўзведзена мемарыяльная кампазіцыя “Звон Нагасакі”. Гэта драўляная канструкцыя на якой замацаваны бронзавы звон, вагаю 150 кг. На вонкавым баку звана адліта эмблема каталіцкай катэдры горада Нагасакі. Звон прадстаўляе копію звана храма Уракамі, аднаго з першых хрысціянскіх храмаў Японіі, разбуранага ядзерным узрывам 9 жніўня 1945 г. а 11:02. Захаваўся адзін звон “Анёл”, копія якога ў Мінску. Каля падножжа звана пакладзена вялікая пліта з чорнага граніту, на якой выгравіраваны тэкст на японскай і беларускай мовах: “Гэты звон пастаўлены ў памяць ахвярам, якія загінулі з прычыны выпрабаванняў ядзернай зброі і ядзерных катастроф у XX-м стагоддзі, і перадаецца касцёлу Святога Сымона і Святой Алены і ўсяму беларускаму народу. Аб’яднайма нашы сілы і пабудуем на гэтай зямлі сапраўдны спакой, свабодны ад ядзернай зброі і войнаў. Памолімся аб супакоі ў свеце”. Ідэю ўзвядзення ў Беларусі, у горадзе Мінску, мемарыяльнай кампазіцыі “Звон Нагасакі” падтрымаў Арцыбіскуп Нагасакі Францішак Ксавэр Канамэ Сімамото.