Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная

Панядзелак — ІV Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 65, 17–21
Не будзе чутны голас плачу і голас крыку

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Вось Я ствараю новае неба і новую зямлю; мінулае больш не будзе успамінацца і не прыйдзе на думку.

А вы радуйцеся і цешцеся вечна з таго, што Я ствару, бо Я зраблю Ерузалем радасцю, а яго народ — весялосцю. І буду радавацца Ерузалему і цешыцца сваім народам. Больш не будзе ў ім чутны голас плачу і голас крыку.

Больш не будзе там немаўляці, што жыве толькі некалькі дзён, ні старога, які б не дасягнуў паўнаты сваіх дзён. Бо той, хто памрэ ў сто гадоў, будзе лічыцца юнаком; але грэшнік, які дасягне ста гадоў, будзе пракляты. І пабудуюць дамы, і населяць іх, пасадзяць вінаграднікі, і будуць спажываць іх плён.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — ІІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 9, 4b–10
Мы зграшылі, учынілі беззаконне

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

О Пане, Божа вялікі і грозны, які захоўваеш запавет і міласэрнасць да тых, хто любіць Цябе і выконвае Твае запаведзі. Мы зграшылі, учынілі беззаконне, паступілі несправядліва, узбунтаваліся і адышлі ад запаведзяў Тваіх і пастановаў. Мы не слухаліся прарокаў, слугаў Тваіх, якія ў Тваё імя прамаўлялі да нашых каралёў і нашых правадыроў, да нашых айцоў і ўсяго народа краіны.

У Цябе, Пане, справядлівасць, а ў нас — сорам на абліччы, як сёння ў юдэяў, жыхароў Ерузалема і ўсяго Ізраэля, у блізкіх і далёкіх, ва ўсіх землях, куды ты прагнаў іх з-за нявернасці, якую дапусцілі адносна Цябе.

Пане, сорам у нас на абліччах нашых, у каралёў нашых, правадыроў нашых і айцоў нашых, бо мы зграшылі перад Табою. А ў Пана Бога нашага міласэрнасць і прабачэнне, бо мы ўзбунтаваліся супраць Яго і не слухаліся голасу Пана Бога нашага, каб паступаць паводле Ягоных законаў, якія Ён даў нам праз прарокаў, слугаў сваіх.

Гэта слова Божае.

Папа даў парады вернікам у пасланні на Вялікі пост

“А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне” (Мц 24, 12), – менавіта гэтыя словы з Евангелля св. Мацвея сталі эпіграфам да сёлетняга паслання Папы на Вялікі пост. Яно было апублікавана 6 лютага 2018 г. у Ватыкане. Францішак нагадаў, што гэты фрагмент утрымліваецца ў прамове Езуса, якая тычыцца канца часоў. Ён абяцае сваім вучням вялікія пакуты, з’яўленне шматлікіх ілжэпрарокаў, пагрозу знікнення ў сэрцах любові – сутнасці ўсяго Евангелля.

Папяльцовая серада

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёэл 2, 12–18
Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне

Чытанне кнігі прарока Ёэля.

Пан прамовіў да Майсея, кажучы:

Цяпер кажа Пан:

Звярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам у посце, у плачы і галашэнні. Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне, і навярніцеся да Пана Бога вашага, бо Ён ласкавы і міласэрны, доўгацярплівы і шматміласцівы, неахвочы да пакарання. Хто ведае, можа павернецца Ён і пашкадуе, і пакіне за сабой благаслаўленне, ахвяру некрывавую і з напояў для Пана Бога вашага?

Затрубіце ў рог на Сіёне, асвяціце пост і склічце ўрачысты сход. Збярыце народ і асвяціце супольнасць, склічце старцаў, збярыце юнакоў і немаўлят, няхай выйдзе малады са свайго пакою, а маладая — са свайго алькова.

Няхай паміж бабінцам і алтаром плачуць святары, слугі Пана, і кажуць: Пашкадуй, Пане, свой народ, і не аддавай спадчыны сваёй на ганьбу, каб язычнікі панавалі над ёй. Навошта будуць казаць між народамі: Дзе іхні Бог? Тады парупіцца Пан аб сваёй зямлі і пашкадуе свой народ.

Гэта слова Божае.

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2018

«Няхай заклік Езуса да пакаяння, навяртання і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15) стане праграмай нашага штодзённага жыцця, асабліва ў Вялікі пост, каб дзень Пасхі — 1 красавіка — мы святкавалі не толькі як дзень успаміну перамогі Хрыста над смерцю і грахом, але і як свята нашай асабістай перамогі над злом», — піша Мітрапаліт.

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2019 г.

ПРАЗ ПУСТЫНЮ ДА ДУХОЎНАГА АДРАДЖЭННЯ

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Па Божай волі ў Папяльцовую сераду абрадам пасыпання галоваў попелам мы распачалі Вялікі пост — час ласкі і навяртання. Гэты абрад вельмі сімвалічны, бо нагадвае пра нетрываласць нашага чалавечага існавання і скіроўвае наш позірк да вечнасці. Таму час Вялікага посту павінен стаць часам нашага духоўнага ўваскрашэння.

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2017

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, які сёлета Каталіцкі Касцёл у Беларусі адзначае разам з паўсюдным Касцёлам, заклікае нас да навяртання. Нагадвае аб гэтым і дэвіз пастырскага года: «Фацімскія аб’яўленні — шлях да навяртання».

Пасхальны Трыдуум. Пра ўсё па парадку

Мы набліжаемся да святкавання Велікодных урачыстасцяў. У чацвер у Касцёле распачынаецца так званы Пасхальны Трыдуум. Што гэта за традыцыя і ў чым асаблівасць урачыстых набажэнстваў Вялікага чацвярга, Вялікай Пятніцы і Вялікай суботы, чытайце ў гэтым артыкуле.

Пятніца — IIІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 14, 2–10
Не будзем больш казаць «нашы багі» пра справы нашых рук

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Так кажа Пан:

Вярніся, Ізраэль, да Пана Бога свайго, бо ўпаў ты ў беззаконні сваім. Вазьміце з сабою словы і навярніцеся да Пана. Скажыце Яму: Прабач усё беззаконне, а добрае прымі, і мы адплацім ахвярай нашых вуснаў. Асірыя не ўратуе нас, мы больш не будзем ездзіць на конях, не будзем больш казаць «нашы багі» пра справы нашых рук, бо ў Цябе сірата знойдзе спагаду.

Я вылечу іхнюю нявернасць, сардэчна палюблю іх, бо адвярнуўся ад іх Мой гнеў. Я буду для Ізраэля нібы раса. Ён расквітнее, як лілея, і пусціць карані свае, як Лібан. Разрастуцца галіны яго, і краса ягоная будзе як у алівы, а пах яго — нібы ад Лібана.

І вернуцца тыя, хто сядзеў у ягоным цені, і ажывуць, як зерне, расквітнеюць, як вінаград, і будуць згадваць пра яго, як пра лібанскае віно. Эфраім, якая табе справа да ідалаў? Я пачую і дагледжу цябе. Буду як зялёны кіпарыс, ад Мяне будзе твой плод. Хто мудры, няхай гэта зразумее, хто разумны, няхай ведае гэта. Бо простыя шляхі Пана, і справядлівыя будуць хадзіць па іх, а грэшнікі на іх спатыкнуцца.

Гэта слова Божае.

Пятніца — IV Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 2, 1а. 12–22
Асудзім Яго на ганебную смерць

Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.

Памылкова мяркуючы, бязбожнікі казалі самі сабе:

Зробім пастку на справядлівага, бо ён бескарысны для нас і працівіцца нашым учынкам, дакарае нас у грахах супраць Закону, вінаваціць нас ў грахах супраць нашага выхавання. Абвяшчае, нібыта ён ведае Бога, і называе сябе дзіцем Пана.

Ён стаў для нас дакорам думак нашых, нам цяжка нават глядзець на яго, бо жыццё яго не падобнае да жыцця іншых і шляхі Яго адрозніваюцца. Ён прызнаў нас чымсьці фальшывым; ён ухіляецца ад шляхоў нашых, як ад нячыстага. Шчаслівым называе канец справядлівых і хваліцца, што Бог — ягоны айцец.

Пабачым, ці праўдзівыя словы ягоныя, і праверым, што будзе пры сконе ягоным. Бо калі справядлівы — сын Божы, то Бог абароніць яго і вырве яго з рукі праціўнікаў.

Праверым яго знявагаю і мукаю, каб пазнаць яго лагоднасць і выпрабаваць яго цярплівасць. Асудзім яго на ганебную смерць, бо, як ён кажа, паклапоцяцца аб ім.

Так яны меркавалі і памыліліся, бо іхняя зласлівасць засляпіла іх. Яны не пазналі таямніц Божых, не спадзяваліся на адплату за святасць і не думалі пра ўзнагароду для беззаганных душаў.

Гэта слова Божае.

Пятніца — IІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 37, 3–4. 12–13а. 17b–28
Вось ідзе той, які бачыць сны. Хадземце цяпер і заб’ём яго

Чытанне кнігі Быцця.

Ізраэль любіў Юзафа больш за ўсіх сваіх сыноў, бо ён быў сынам, народжаным у ягонай старасці. І зрабіў яму доўгую рознакаляровую вопратку. Браты ж ягоныя ўбачылі, што бацька іхні любіць яго больш за ўсіх братоў ягоных, і ўзненавідзелі яго так, што не маглі нават спакойна размаўляць з ім.

І пайшлі браты ягоныя пасвіць статкі бацькі свайго ў Сіхем. Ізраэль жа сказаў Юзафу: Ці не пасвяць браты твае ў Сіхеме? Ідзі, я пасылаю цябе да іх. І пайшоў Юзаф за сваімі братамі, і знайшоў іх у Датаіне.

Яны ўбачылі яго здалёк і, перш чым ён наблізіўся да іх, змовіліся забіць яго. Яны гаварылі адзін аднаму: Вось ідзе той, які бачыць сны. Хадземце цяпер і заб’ём яго, і кінем яго ў якую-небудзь яму, і скажам: Дзікі звер з’еў яго. Тады паглядзім, што будзе з ягонымі снамі.

Калі пачуў гэта Рубэн, выратаваў яго з рук іхніх, кажучы: Не будзем губіць жыцця ягонага. І сказаў ім Рубэн: Не пралівайце крыві, але кіньце яго ў гэту яму, што ў пустыні, і не падымайце на яго сваіх рук. А сказаў гэта, таму што хацеў выратаваць яго з рук іхніх і вярнуць ягонаму бацьку.

Калі ж Юзаф прыйшоў да сваіх братоў, яны знялі з Юзафа шаты, рознакаляровую вопратку, якая была на ім. Пасля схапілі яго і кінулі ў яму. Яма ж была пустая, і ў ёй не было вады.

Пасля селі з’есці хлеба. І падняўшы вочы свае, убачылі караван ізмаэлітаў, якія ішлі з Гілеаду, і вярблюдаў іхніх, якія неслі жывіцу, бальзам і ладан. Ішлі яны ў Егіпет. Тады сказаў Юда братам сваім: Якая карысць нам, калі мы заб’ём брата свайго і схаваем ягоную кроў? Хадземце, прададзім яго ізмаэлітам і не будзем падымаць на яго сваіх рук, бо гэта брат наш і наша цела. І браты паслухаліся яго.

Калі мадыянскія купцы праходзілі побач, яны выцягнулі Юзафа з ямы і прадалі яго ізмаэлітам за дваццаць срэбранікаў, а тыя павялі Юзафа ў Егіпет.

Гэта слова Божае.

Пятніца — V Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 20, 10–13
Пан са мною, як магутны волат

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Я чуў пагалоскі многіх:
Страх навокал!
Выкрыйце, і мы выкрыем яго!
Усе, што былі ў згодзе са мною,
чакаюць падзення майго:
Можа, удасца, – яны кажуць, – падмануць яго,
тады пераможам яго і адпомсцім яму.
Але Пан са мною, як магутны волат,
таму ганіцелі мае спатыкнуцца і скарáцца.
Пасаромяцца сваім падзеннем,
і будзе ім вечная і непазбыўная ганьба.
Пане Магуццяў, які выпрабоўваеш праведніка,
Ты глядзіш на задумы і сэрца,
прашу, каб я ўбачыў Тваю помсту над імі,
бо я адкрыў Табе сваю справу.
Спявайце Пану, праслаўляйце Пана,
бо Пан уратаваў жыццё беднага
ад рукі злачынцаў.
Гэта слова Божае.

Гэта слова Божае.

Пятніца — І Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 18, 21–28
Ці ж Я жадаю смерці грэшніка, — кажа Пан Бог, — а не таго, каб адвярнуўся ад шляхоў сваіх і жыў?

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан Бог:

Калі грэшнік адвернецца ад усіх грахоў сваіх, якія ўчыніў, і будзе захоўваць ўсе Мае наказы, паступаць справядліва і праведна, то ён напэўна жыць будзе і не памрэ. Ніводзін з грахоў ягоных, які ўчыніў ён, не будзе прыгаданы яму; дзякуючы справядлівасці, якую чыніў, ён будзе жыць. Ці ж Я жадаю смерці грэшніка, — кажа Пан Бог, — а не таго, каб адвярнуўся ад шляхоў сваіх і жыў?

Калі ж справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй, будзе паступаць беззаконна і рабіць усе агіды, якія робіць несправядлівы, ці ж будзе ён жыць? Уся справядлівасць яго, якую чыніў, не будзе прыгадана; за нявернасць, якую праявіў, і за грэх, якім зграшыў, — за гэта памрэ ён.

Вы кажаце: Несправядлівы шлях Пана. Цяпер паслухай, доме Ізраэля: Гэта мой шлях несправядлівы, ці несправядлівыя хутчэй шляхі вашыя? Калі справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй і будзе чыніць беззаконне, і памрэ, то за гэтыя беззаконні, якія чыніў, памрэ.

Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, які чыніў, і будзе здзяйсняць правасуддзе і справядлівасць, ён захавае жывой душу сваю. Ён пабачыў і адвярнуўся ад усіх беззаконняў сваіх, якія чыніў, таму жыць будзе і не памрэ.

Гэта слова Божае.

Пятніца пасля Папяльца

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 58, 1–9а
Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў?

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан Бог:

Крычы на ўсю моц, не стрымлівайся. Падымі голас свой, быццам рог, і раскажы народу Майму пра іхнія злачынствы і дому Якуба — пра яго грахі. З дня ў дзень яны шукаюць Мяне і прагнуць пазнаць шляхі Мае, быццам народ, які паступае справядліва і не пакідае Законаў свайго Бога. Яны пытаюцца ў Мяне наконт справядлівых судоў і хочуць наблізіцца да Бога. Яны кажуць: Чаму пасцілі мы, а Ты не заўважыў, чаму ўтаймоўвалі мы нашыя душы, а Ты не ведаў?

Вось у дзень посту вашага вы задавольваеце свае жаданні і прыгнятаеце ўсіх работнікаў вашых. Вось посціце вы дзеля спрэчак і сварак і б’еце грэшным кулаком. Не пасціце так, як сёння, каб быў чутны ваш голас на вышынях.

Хіба такі Я выбраў пост, калі чалавек утаймоўвае душу сваю; дзень, калі згінае галаву сваю, як чарот, і ляжыць на мешкавіне ды попеле? Ці ж гэта назавеш постам і днём, прыемным для Пана?

Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў: разарваць кайданы беззаконня, развязаць путы ярма, адпусціць на свабоду прыгнечаных і разбіць усялякае ярмо? Ці ж гэта не тое, каб дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, каб апрануць яго і ад роднага свайго не хавацца?

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я.

Гэта слова Божае.

Серада — V Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 3, 14–20. 91–92. 95
Паслаў свайго Анёла і вызваліў сваіх слугаў

Чытанне кнігі прарока Даніэля.

У тыя дні:

Кароль Навухаданосар сказаў: Ці гэта праўда, што вы, Сэдрах, Місах і Абэднэг не служыце маім багам і не пакланяецеся залатому ідалу, якога я паставіў? Вось жа цяпер, падрыхтуйцеся, калі пачуеце гук трубы, жалейкі, цытры, арфы, гусляў, дуды і ўсялякіх музычных інструментаў, упасці і пакланіцца ідалу, якога я зрабіў. А калі не паклоніцеся, адразу ж будзеце ўкінуты ў рас паленую печ. Які бог тады вызваліць вас з маіх рук?

Сэдрах, Місах і Абэднэг сказалі ў адказ каралю Навухаданосару: Мы не маем патрэбы адказваць табе наконт гэтага. Калі Бог, якому мы служым, захоча нас вызваліць з гэтай распаленай печы, Ён вызваліць нас з тваіх, кароль, рук. А калі не, то няхай табе будзе вядома, кароль, што мы не будзем служыць тваім багам і не паклонімся залатому ідалу, якога ты паставіў.

Тады змяніўся выраз твару ягонага і Навухаданосар напоўніўся гневам на Сэдраха, Місаха і Абэднэга. У адказ Ён загадаў, каб распалілі печ у сем разоў гарачэй, чым распальвалі звычайна. I самым моцным мужам са свайго войска загадаў звязаць Сэдраха, Місаха і Абэднэга і ўкінуць іх у распаленую печ.

Кароль Навухаданосар здзівіўся, паспешліва ўстаў і звярнуўся да сваіх дарадцаў, кажучы: Ці не ўкінулі мы трох звязаных мужоў у сярэдзіну агню? Яны адказалі каралю: Сапраўды, кароль. Ён жа адказаў: Вось я бачу чатырох мужоў развязаных, якія ходзяць пасярод агню, і нічога ў іх не пашкоджана, а выгляд чацвёртага падобны да сына багоў.

І сказаў Навухаданосар: Благаслаўлёны Бог Сэдраха, Місаха і Абэднэга, які паслаў свайго Анёла і вызваліў сваіх слугаў, якія спадзяваліся на Яго, і не паслухалі каралеўскага наказу, і аддалі сваё цела, каб не служыць і не пакланяцца ніякаму богу, апроч свайго Бога.

Гэта слова Божае.

Серада — І Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ён 3, 1–10
Нінівіцяне адышлі ад злога шляху свайго

Чытанне кнігі прарока Ёны.

Пан звярнуўся да Ёны другі раз, кажучы: Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і скажы ім тое, што Я табе наказаў. І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву, паводле слова Пана.

Нініва ж была вялікім горадам у Бога: на тры дні хады. І пачаў Ёна хадзіць па горадзе столькі, колькі можна было прайсці за адзін дзень, і ўсклікаў, кажучы: Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе збурана.

І паверылі нінівіцяне ў Бога, і абвясцілі пост, і апрануліся ў мяхі, ад старэйшага аж да малодшага.

Калі дайшло гэтае слова Пана да караля Нінівы, ён устаў са свайго пасаду і скінуў з сябе плашч свой, і апрануўся ў мех, і сеў на попеле. І загадаў, каб у Нініве, паводле загаду караля і вяльможаў ягоных, абвясцілі: Няхай ні людзі, ні жывёла, ні валы, ні статкі не каштуюць нічога, а таксама не пасвяцца і не п’юць. Але няхай апрануцца ў мяхі людзі і жывёлы і моцна ўсклікаюць да Пана, і няхай кожны адвернецца ад злога шляху свайго і ад насілля, што ў руках іхніх. Хто ведае, можа, Бог змілуецца, і даруе, і адверне свой гнеў, і мы не загінем.

І ўбачыў Бог учынкі іхнія, што яны адвярнуліся ад злога шляху свайго, і пашкадаваў Бог, што сказаў пра няшчасце, якое спашле ім, і не спаслаў.

Гэта слова Божае.

Серада — ІІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 18, 18–20
Прыйдзіце, пераможам яго

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Сказалі: Прыйдзіце, прыдумаем штосьці супраць Ераміі. Бо не знікне закон у святара, ні парада ў мудраца, ні слова ў прарока. Прыйдзіце, пераможам яго языком і не будзем зважаць на ўсе ягоныя словы.

Паслухай мяне, Пане, і пачуй голас маіх праціўнікаў. Ці ж плацяць злом за дабро? А яны выкапалі для мяне яму. Успомні, як я стаяў перад Табою, каб добра сказаць пра іх, каб адвярнуць ад іх Твой гнеў.

Гэта слова Божае.

Серада — ІІІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 4, 1. 5–9
Заклік да захавання загадаў

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Цяпер, Ізраэль, слухай пастановы і законы, якія я вучу вас выконваць, каб жылі вы, і ўвайшлі, і атрымалі ў спадчыну зямлю, якую дае вам Пан, Бог айцоў вашых.

Вось я навучыў вас пастановам і законам, як Пан, Бог мой, загадаў мне, каб вы выконвалі іх на зямлі, якою ідзеце авалодаць. Захоўвайце і выконвайце іх, бо гэта — мудрасць вашая і розум ваш перад вачыма народаў, якія, калі пачуюць усе пастановы гэтыя, так скажуць: Толькі гэты народ мудры і разумны, ён вялікі народ. Ці ж ёсць іншы народ вялікі, каб ягоныя багі былі так блізка, як блізкі ёсць Пан, Бог наш, калі б мы ні паклікалі Яго? Ці ж ёсць іншы вялікі народ, які б меў такія справядлівыя пастановы і законы, як ўвесь Закон гэты, што я сёння даю вам?

Аднак сцеражыся і пільнуй душу сваю, каб ты не забыў пра справы, што бачылі вочы твае, і каб яны не выйшлі з твайго сэрца ва ўсе дні жыцця твайго. Ты раскажаш пра іх сынам і ўнукам тваім.

Гэта слова Божае.

Субота — III тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 6, 1–6
Міласэрнасці хачу, а не ахвяры

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Так кажа Пан:

Хадзіце, вернемся да Пана.
Ён нас параніў, Ён і загоіць.
Ён ударыў, Ён і перавяжа нам раны.
Праз два дні ажывіць нас,
на трэці дзень уздыме нас,
і мы будзем жыць перад абліччам Ягоным.
Пазнаем жа і будзем імкнуцца пазнаць Пана.
Прыйсце Яго пэўнае, як надыход світання.
Ён прыйдзе да нас, як лівень,
як веснавы дождж, які напоіць зямлю.
Што ж зрабіць мне табе, Эфраім,
што ж зрабіць мне табе, Юда?
Міласэрнасць вашая, нібы ранішні туман
і раса, што хутка знікае.
Таму Я ўдараў іх прарокамі,
таму я забіваў іх словамі вуснаў Маіх,
таму суд Мой заяснее, як світанне.
Бо міласэрнасці хачу, а не ахвяры,
пазнання Бога, а не ўсеспалення.

Гэта слова Божае.

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"