Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер у актаве Пасхі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 3, 11–26
Забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні, калі аздароўлены кульгавы не адступаўся ад Пятра і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх на ганак, званы Саламонавым.

Убачыўшы гэта, Пётр сказаў народу: Мужы ізраэльскія, чаго здзіўляецеся гэтаму? І чаго так глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю альбо пабожнасцю зрабілі так, што ён ходзіць? Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго, Езуса, якога выдалі вы і адракліся ад Яго перад Пілатам, калі той вырашыў адпусціць Яго. Вы адракліся ад Святога і Справядлівага, а прасілі памілаваць злачынцу. Забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі.

І праз веру ў імя Ягонае гэтага чалавека, якога бачыце і ведаеце, імя гэтае ўмацавала. І вера, што ад Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад усімі вамі.

І цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і кіраўнікі вашыя. А Бог здзейсніў тое, што абвяшчаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Хрысус будзе цярпець. Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя, каб прыйшла ад Пана гадзіна палёгкі, і каб прыслаў Ён вам таго, хто быў прадказаны, Езуса Хрыста, якога неба павінна было прыняць да часоў аднаўлення ўсяго, пра што спрадвеку казаў Бог вуснамі сваіх святых прарокаў.

Майсей сказаў: Пан Бог дасць вам Прарока з братоў вашых; як мяне, слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён вам скажа. І кожны, хто не паслухае таго Прарока, будзе знішчаны ў народзе. І ўсе прарокі, якія прамаўлялі з часоў Самуэля і пасля яго, абвяшчалі дні гэтыя.

Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з айцамі вашымі, кажучы Абрагаму: Благаслаўлёныя будуць у тваім патомстве ўсе народы зямлі. Для вас найперш Бог уваскрасіў Слугу свайго і паслаў Яго, каб Ён благаславіў вас і адвярнуў кожнага ад беззаконняў вашых.

Гэта слова Божае.