Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная

Велікодная нядзеля (Імша ўдзень)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 10, 34а. 37–43
Мы елі і пілі з Ім пасля ўваскрасення Яго з мёртвых

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Пётр адкрыў вусны свае і сказаў: Вы ведаеце, што адбывалася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасля хросту, абвешчанага Янам. Як Бог намасціў Духам Святым і моцай Езуса з Назарэту, які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных д’яблам, бо з Ім быў Бог.

I мы — сведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне юдэйскай і ў Ерузалеме. Яго забілі, павесіўшы Яго на дрэве. Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і дазволіў Яму аб’явіцца, не ўсяму народу, але нам, сведкам, выбраным спярша Богам, якія елі і пілі з Ім пасля ўваскрасення Яго з мёртвых.

Наказаў нам абвяшчаць народу і сведчыць, што Ён прызначаны Богам суддзя жывых і памерлых. Пра Яго ўсе прарокі сведчаць, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае дараванне грахоў праз імя Ягонае.

Гэта слова Божае.

Вялікая пятніца – Літургія Мукі Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 52, 13–53, 12
Ён зранены быў за беззаконні

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Вось пашчасціць слузе Майму, ён узвысіцца, узнясецца і будзе ўзвялічаны. Як многія здзіўляліся: настолькі знявечаны быў, як ні ў кога, выгляд ягоны, а постаць яго не нагадвала чалавечай. Так здзівіць ён многія народы, каралі перад ім закрыюць вусны свае, бо ўбачаць яны тое, пра што ім не было сказана, і спазнаюць тое, чаго ніколі не чулі. Хто ж паверыць таму, што мы чулі, і каму адкрылася плячо Пана?

Ён вырас, як парастак, перад намі, і як корань з сухой зямлі. Не меў ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на яго; і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто.

Але ён узяў на сябе цярпенні нашыя і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе.

Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны. Цяжка прыгнечаны, ён скарыўся і не адкрыў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх.

Пасля ўціску і суда яго схапілі. І хто раскажа пра ягоны род? Бо ён вырваны з зямлі жывых, за беззаконні народу майго быў замучаны да смерці. І магілу яму вызначылі разам з бязбожнымі, і пахаванне з багатым, бо не чыніў насілля і не было падману ў вуснах ягоных.

Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.

Таму дам яму ўдзел сярод вялікіх, і з моцнымі ён будзе дзяліць здабычу за тое, што аддаў сябе на смерць, і быў залічаны да злачынцаў. Ён сам панёс грахі многіх і стаў заступнікам злачынцаў.

Гэта слова Божае.

Вялікі чацвер (Імша Вячэры Пана)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 12, 1–8. 11–14
Наказы аб Пасхальнай вячэры

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Сказаў Пан Майсею і Аарону ў зямлі егіпецкай: Месяц гэты няхай будзе ў вас пачаткам месяцаў. Ён для вас будзе першым сярод месяцаў года. Звярніцеся да ўсёй грамады Ізраэля і скажыце:

У дзесяты дзень гэтага месяца няхай возьме сабе кожны ягня для сваёй сям’і, ягня для дому. Калі ж сям’я будзе малая, каб з’есці ягня, то няхай разам з бліжэйшым да яго дому суседам возьме ягня паводле колькасці людзей. На кожнага столькі, колькі можа з’есці, разлічыце гэтае ягня.

Ягня павінна быць без заганаў, самец, аднагадовы. Выбраць можаце яго з ягнят або казлянят. І будзе яно ў вас да чатырнаццатага дня гэтага месяца. А пасля ўся грамада Ізраэля зарэжа яго на змярканні. І возьмуць ягоную кроў, і пазначаць ёй вушакі і бэльку над дзвярамі ў дамах, дзе будуць есці яго. Няхай у гэтую ноч з’ядуць мяса ягонае, спечанае на агні; будуць есці яго з праснакамі і горкімі травамі.

Так будзеце есці яго: сцёгны вашыя будуць апаясаныя, сандалі на нагах вашых і кій ваш у руках вашых. Есці будзеце паспешліва, бо гэта Пасха Пана.

У гэтую ноч Я прайду па зямлі егіпецкай і заб’ю кожнага першынца ў зямлі егіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і ўчыню суд над усімі багамі Егіпта. Я – Пан. І будзе кроў знакам на вашых дамах, дзе вы будзеце. І калі Я ўбачу кроў, абміну вас, і не будзе сярод вас згубнага мору, калі буду караць зямлю егіпецкую.

І дзень гэты будзе для вас на ўспамін, і будзеце святкаваць яго, як свята Пана праз усе пакаленні вашыя. Паводле вечнага загаду будзеце святкаваць яго.

Гэта слова Божае.

Вялікі чацвер (Імша Хрызма)

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 61, 1–3а. 6а. 8b–9
Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім і даць ім алей радасці замест суму

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Дух Пана Бога на мне,
бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім.
Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў,
прапаведаваць вызваленне палонным
і вязням — свабоду;
абвяшчаць год ласкі Пана
і дзень помсты нашага Бога;
каб суцяшаць усіх засмучаных,
каб развесяліць тых, хто плача на Сіёне,
каб даць ім вянок замест попелу,
алей радасці замест суму,
вопратку хвалы замест духа маркоты.
Вы ж будзеце названыя святарамі Пана,
скажуць пра вас: яны слугі Бога нашага.
Так кажа Пан: Аддам ім узнагароду паводле вернасці
і заключу з імі вечны запавет.
Іх патомства будзе вядомым сярод народаў,
і паміж плямёнамі — іх нашчадкі.
Кожны, хто іх убачыць,
пазнае, што яны — патомствам, якое Пан благаславіў.

Гэта слова Божае.

Пасхальная вігілія ў святую ноч

На Пасхальную вігілію пададзена дзевяць чытанняў са Святога Пісання: сем са Старога Запавету і два з Новага Запавету. Калі гэта неабходна, можна зменшыць колькасць чытанняў. Перад эпісталай і Евангеллем, аднак, павінна быць не менш за тры чытанні са Старога Запавету, а ў крайнім выпадку — два. Ні ў якім разе нельга прапусціць трэцяе чытанне з кнігі Зыходу пра пераход праз Чырвонае мора.

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 1, 1. 26–31а
Убачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым

Чытанне кнігі Быцця.

На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. І сказаў Бог: Учынім чалавека паводле Нашага вобразу і Нашага падабенства. Няхай пануе над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным, над жывёламі, над усёю зямлёю і над усялякім паўзуном, што поўзае па зямлі. І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну.

І благаславіў іх Бог, і сказаў ім: Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю; пануйце над рыбамі марскімі, над птаствам нябесным і над усімі жывымі істотамі, якія рухаюцца па зямлі. І сказаў Бог: Вось Я даю вам усялякую траву, што рассявае насеннне па ўсёй зямлі, і ўсялякае дрэва, плод якога рассявае насенне, каб яны былі вам на спажытак. А ўсім жывым істотам на зямлі і ўсялякаму нябеснаму птаству, і ўсяму, што поўзае па зямлі і мае ў сабе дыханне жыцця, Я даю на спажытак усялякую зеляніну. І так сталася. І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым.

Гэта слова Божае.

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!" 

  • 40-гадзіннае набажэнства (адарацыя) у Чырвоным касцёле

    З 7 сакавіка, пасля Папяльцовай Серады, у касцёле, як і кожны год, праходзіць малітва пакланення – адарацыя.