Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная

Субота — пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 12, 26–32; 13, 33–34
Ерабаам зрабіў два залатыя цяляты

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Ерабаам сказаў у сэрцы сваім: Цяпер каралеўства вернецца да дому Давіда. Калі гэты народ будзе хадзіць для прынясення ахвяраў у святыню Пана ў Ерузалем, то сэрца народа гэтага схіліцца да іхняга гаспадара Рабаама, караля Юды, і яны заб’юць мяне і вернуцца да Рабаама, караля юдэйскага. Кароль параіўся і зрабіў два залатыя цяляты, і сказаў людзям: Хопіць вам хадзіць ў Ерузалем! Вось твае багі, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі егіпецкай. І паставіў аднаго ў Бэтэль, а другога — у Дане. І гэта прывяло да граху, бо стаў народ хадзіць да аднаго ў Бэтэль і да другога — аж у Дан.

Ерабаам збудаваў святыні на ўзвышшы і паставіў святароў з простых людзей, якія не паходзілі з сыноў Левія. І прызначыў урачыстасць у пятнаццаты дзень восьмага месяца на падабенства ўрачыстасці, якая святкавалася ў Юдэі. І сам узыходзіў да ахвярніка. Тое ж ён зрабіў у Бэтэлі, складаючы ахвяру цялятам, якіх зрабіў. І прызначыў у Бэтэлі святароў узвышшаў, якія ўзнёс.

Пасля ўсяго гэтага Ерабаам не сышоў са сваёй ліхой дарогі, але і надалей прызначаў святароў узвышшаў з простых людзей. Хто толькі хацеў, таго ён прызначаў святаром на ўзвышшах. Гэта і прывяло дом Ерабаама да граху і стала прычынай яго пагібелі і знішчэння з твару зямлі.

Гэта слова Божае.

Субота — сёмы звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 17, 1–15
Паводле свайго вобразу стварыў Бог чалавека

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Пан стварыў чалавека з зямлі
і зноў яго верне ў яе.
Пэўны лік дзён і адпаведны час Ён удзяліў людзям
і даў ім уладу над усім, што на зямлі.
Ён апрануў іх у сілу, падобную да сваёй,
і паводле свайго вобразу стварыў іх.
Ён уклаў у кожную істоту страх перад чалавекам,
каб ён панаваў над жывёламі і птушкамі.
Ён даў людзям разважнасць, вочы, вушы і сэрца, каб думаць.
Веданнем і розумам напоўніў іх
і паказаў ім дабро і зло.
Сваё вока Ён паклаў на іхнія сэрцы,
каб паказаць ім веліч сваіх спраў.
Яны будуць апяваць Яго святое імя,
каб расказаць пра веліч спраў Ягоных.
Ён паклаў перад імі веды
і даў ім у спадчыну закон жыцця.
Устанавіў з імі вечны запавет
і паказаў ім свае пастановы.
Іх вочы ўбачылі веліч Яго славы,
а славу голасу Яго пачулі іх вушы.
Ён сказаў ім: Беражыцеся ўсяго несправядлівага.
І кожнаму з іх даў запаведзь наконт бліжняга свайго.
Іх шляхі заўжды перад Ім,
яны не схаваюцца ад Ягоных вачэй.

Гэта слова Божае.

Субота — сёмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 5, 13–20
Шмат можа шчырая малітва справядлівага

Чытанне Паслання святога апостала Якуба.

Умілаваныя:

Нехта сярод вас пакутуе? Няхай моліцца. Нехта радасны? Няхай спявае. Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем ў імя Пана. І малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, і грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму.

Прызнавайцеся адзін аднаму ў грахах і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі. Шмат можа шчырая малітва справядлівага. Ілля быў чалавекам, падобным да нас. Ён памаліўся малітваю, каб не было дажджу, і не было дажджу на зямлі тры гады і шэсць месяцаў. Пасля памаліўся зноў, і неба спаслала дождж, а зямля ўрадзіла плён свой.

Браты мае, калі хто з вас збочыў са шляху праўды, а нехта навярнуў яго, няхай ведае: хто навярнуў грэшніка з аблуднага шляху яго, збавіць душу ягоную ад смерці і закрые мноства грахоў.

Гэта слова Божае.

Субота — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 25, 1. 8–17
У гэты год юбілею кожны з вас вернецца ва ўладанне сваё

Чытанне кнігі Левія.

Пан прамовіў да Майсея на гары Сінай, кажучы: Адлічы сабе сем суботніх гадоў, сем разоў па сем гадоў, і дні сямі гадоў суботніх складуць сорак дзевяць гадоў. Пасля затрубі ў трубу на дзесяты дзень сёмага месяцу. У дзень Ачышчэння будзеце трубіць ў трубу па ўсёй зямлі вашай. Асвяціце пяцідзесяты год і абвясціце вызваленне ўсім жыхарам на зямлі: гэта будзе для вас юбілей. Няхай кожны вернецца ва ўладанне сваё, і кожны — ў сваю сям’ю. Пяцідзесяты год будзе для вас юбілеем. Не будзеце сеяць і жаць таго, што само вырасце на полі, а таксама не будзеце збіраць вінаграду з неабрэзанай лазы, бо гэта юбілей. Ён будзе для вас святы. Вы можаце есці плады сабраныя непасрэдна на полі. У гэты год юбілею кожны з вас вернецца ва ўладанне сваё.

Калі будзеце прадаваць нешта бліжняму свайму ці купляць ў яго, няхай не крыўдзіць бліжняга свайго ніхто з вас. Паводле колькасці гадоў пасля юбілею будзеш купляць ў яго, і паводле падліку гадоў ён будзе прадваць табе плён. Чым больш гадоў пройдзе пасля юбілею, тым больш вырасце цана; чым менш гадоў, тым менш будзе каштаваць пакупка, бо ён прадае табе пэўную колькасць ураджаяў. Не ўціскайце супляменнікаў вашых, але бойцеся Бога свайго, бо Я — Пан Бог ваш.

Гэта слова Божае.

Субота — сямнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 26, 11–16. 24
Сапраўды паслаў мяне да вас Пан сказаць усе гэтыя словы

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

У тыя дні:

Святары і прарокі звярнуліся да кіраўнікоў і да ўсяго народа, кажучы: Гэты чалавек заслугоўвае смяротнага прысуду, бо ён прарочыў супраць горада гэтага, як вы чулі на ўласныя вушы.

Тады Ерамія адказаў усім кіраўнікам і ўсяму народу: Гэта Пан паслаў мяне прарочыць супраць гэтага дома і супраць гэтага горада ўсімі словамі, што вы пачулі. А цяпер папраўце свае шляхі і свае ўчынкі, слухайце голас Пана Бога вашага — і тады Пан адменіць пакаранне, якое задумаў супраць вас. Што да мяне, то я ў руках вашых. Рабіце са мною, што будзе здавацца добрым і справядлівым у вачах вашых. Але дакладна ведайце, што, калі заб’еце мяне, навядзеце на сябе і на жыхароў горада гэтага кроў нявінную, бо сапраўды паслаў мяне да вас Пан сказаць вушам вашым усе гэтыя словы.

Тады кіраўнікі і ўвесь народ сказалі святарам і прарокам: Гэты чалавек не заслугоўвае смерці, таму што ён прамаўляў да нас у імя Пана Бога нашага.

Аднак рука Ахікама, сына Шафана, была з Ераміяй, каб яго не аддалі ў рукі народа на смерць.

Гэта слова Божае.

Субота — трынаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 27, 1–5. 15–29
Якуб падмануў брата і забраў яго благаслаўленне (27,36)

Чытанне кнігі Быцця.

Калі Ісаак састарыўся, і аслабеў зрок вачэй ягоных, што не мог бачыць, паклікаў старэйшага сына свайго Эзава і сказаў яму: Сыне мой! Той адказаў яму: Вось я. Ён сказаў: Вось я састарыўся, не ведаю дня смерці маёй. Вазьмі цяпер зброю сваю, калчан твой і лук твой, выйдзі ў поле і ўпалюй мне дзічыны. Згатуй мне смачную страву, якую я люблю, і прынясі мне есці, каб благаславіла цябе душа мая, перш чым я памру.

Рэбэка ж чула, як гаварыў Ісаак сыну свайму Эзаву. І пайшоў Эзаў у поле, каб упаляваць і прынесці дзічыны.

А Рэбэка ўзяла багатую вопратку старэйшага сына свайго Эзава, якая была ў яе ў доме, і апранула малодшага сына свайго Якуба. На рукі ж яго і гладкую шыю яго яна надзела скуру казлянят. Дала смачную страву і хлеб, якія згатавала, у руку Якубу, сыну свайму.

Ён увайшоў да бацькі свайго і сказаў: Айцец мой! Той адказаў: Вось я. Хто ты, сыне мой? Якуб сказаў бацьку свайму: Я Эзаў, першынец твой, я зрабіў, як ты сказаў мне. Устань, сядзь і з’еш дзічыны маёй, каб благаславіла мяне душа твая. І сказаў Ісаак сыну свайму: Як ты так хутка знайшоў, сыне мой? Той адказаў: Бо Пан Бог твой паслаў мне насустрач. І сказаў Ісаак Якубу: Падыдзі, я дакрануся да цябе, сыне мой, ці ты сын мой Эзаў, ці не? Якуб падышоў да Ісаака, айца свайго, і ён абмацаў яго, і сказаў: Голас гэты, голас Якуба, а рукі гэтыя, рукі Эзава. І не пазнаў яго, бо рукі яго былі валасатыя, як рукі Эзава, брата ягонага, і благаславіў яго. І сказаў: Ці ты сын мой Эзаў? Ён адказаў: Я.

Ісаак сказаў: Падай мне, я з’ем дзічыны сына майго, каб благаславіла цябе душа мая. Якуб падаў яму, і ён еў. Прынёс яму таксама віна, і ён піў. Ісаак, бацька ягоны, сказаў яму: Падыдзі, пацалуй мяне, сыне мой.

Той падышоў і пацалаваў яго. І пачуў ён пах вопраткі яго і благаславіў яго, кажучы: Глядзі, пах сына майго, як пах поля, якое благаславіў Пан.

Няхай дасць табе Бог ад расы нябеснай і ад тлушчу зямлі, і шмат хлеба і віна.

Няхай служаць табе плямёны, няхай паклоняцца табе народы. Будзь гаспадаром над братамі тваімі, і няхай паклоняцца табе сыны маці тваёй. Хто будзе цябе праклінаць, той будзе пракляты, а хто будзе цябе благаслаўляць, той будзе благаслаўлёны.

Гэта слова Божае.

Субота — трынаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 9, 11–15
І вярну з палону народ Мой, і пасялю іх на зямлі іхняй

Чытанне кнігі прарока Амоса.

Так кажа Пан:

У той дзень аднаўлю заняпалы шалаш Давіда, праломы яго загараджу і разбуранае аднаўлю, і адбудую яго, як у дні даўнія, каб яны авалодалі рэштай Эдома і ўсімі народамі, якім было абвешчана імя Маё, – кажа Пан, які ўчыніць гэта.

Вось настануць дні, — кажа Пан, — калі сустрэнуцца араты са жняцом, а той, хто топча вінаград, з сейбітам. Горы будуць струменіць вінаградным сокам, і ўсе пагоркі пацякуць. І вярну з палону народ Мой, Ізраэль, і забудуюць апусцелыя гарады, і паселяцца ў іх, пасадзяць вінаграднікі і будуць піць віно іхняе, развядуць сады і будуць есці плады іх. Пасялю іх на зямлі іхняй, і не будуць больш вырываць іх з зямлі іхняй, якую Я даў ім, — кажа Пан, Бог твой.

Гэта слова Божае.

Субота — трыццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 1, 18b–26
Для мяне жыццё — гэта Хрыстус, і смерць — гэта выгада

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Як бы ні прапаведавалі Хрыста, я гэтаму радуюся і буду радавацца. Бо ведаю, што гэта прывядзе мяне да збаўлення праз вашую малітву і дапамогу Духа Езуса Хрыста, паводле чакання і надзеі маёй, што я ні ў чым не буду асаромлены. Але з поўнай адвагай, як заўсёды, так і сёння, узвялічаны будзе Хрыстус ў целе маім, ці праз жыццё, ці праз смерць. Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстус, і смерць — гэта выгада. А калі жыццё ў целе — гэта для мяне плён працы, то не ведаю, што выбраць.

Вабіць мяне і тое, і другое: маю жаданне памерці і быць з Хрыстом, бо гэта значна лепш; але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.

Перакананы ў гэтым, я ведаю, што застануся і буду з вамі дзеля вашага поспеху і радасці ў веры, каб хвала ваша ў Хрысце Езусе памножылася праз мяне, калі я зноў прыйду да вас.

Гэта слова Божае.

Субота — трыццаць другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 3 Ян 5–8
Мы павінны стаць супрацоўнікамі праўды

Чытанне Трэцяга паслання святога апостала Яна.

Умілаваны Гай, Ты паступаеш згодна з вераю ў тым, што робіш для братоў і чужаземцаў. Яны засведчылі перад Касцёлам пра тваю любоў. Калі адправіш іх па-Божаму, добра зробіш. Бо дзеля імя Хрыстовага яны пайшлі, нічога не беручы ад язычнікаў. Таму мы павінны прымаць такіх людзей, каб стаць супрацоўнікамі праўды.

Гэта слова Божае.

Субота — трыццаць першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 4, 10–19
Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Я вельмі ўзрадаваўся ў Пану, што зноў ажыў ваш клопат пра мяне. Вы і раней клапаціліся, але вам неставала нагоды. Кажу гэта не таму, што патрэбу маю, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсць. Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго і ва ўсім, і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу. Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне. Аднак вы добра зрабілі, раздзяліўшы са мною цярпенне маё.

Ведаеце таксама вы, філіпяне, што ў пачатку дабравесця, калі я выйшаў з Македоніі, ніводны касцёл, апроч вас адных, не далучыўся да мяне ў справе давання і прыняцця. Вы таксама і раз, і два дасылалі мне ў Тэсалоніку на патрэбу. Кажу не таму, што шукаю дару, але шукаю плёну, які памнажаецца на карысць вашую.

Я атрымаў усё і маю празмерна. Я забяспечаны ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта дасланае вамі – салодкі водар, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.

Гэта слова Божае.

Субота — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 6, 1–13
За зло, якое ўчыніў у Ерузалеме, у вялікім смутку я паміраю

Чытанне Першай кнігі Макабэяў.

У тыя дні:

Кароль Антыёх праходзіў па верхняй краіне і пачуў, што ў Персіі ёсць горад Элімаіс, вядомы сваім багаццем на срэбра і золата. А ў ім – вельмі багатая святыня, у якой знаходзяцца залатыя шлемы, шчыты і зброя, пакінутыя там Аляксандрам Македонскім, сынам Філіпа, які першы панаваў над грэкамі. І пайшоў ён, і спрабаваў ўзяць горад і абрабаваць яго, але не здолеў, бо пра яго намеры даведаліся жыхары горада. І падняліся на бітву супраць яго, і ён уцёк, і адышоў адтуль з вялікім смуткам, каб вярнуцца ў Бабілён.

А калі ён быў яшчэ ў Персіі, да яго прыбыў пэўны пасланец і паведаміў, што войскі, якія вырушылі ў зямлю Юды, звернуты ў бегства. Лізій жа, які сярод першых выправіўся з моцнымі сіламі, быў прагнаны ад аблічча юдэяў, якія ўзмацніліся за кошт зброі, сілаў, і шматлікіх трафеяў, забраных у разбітага войска. Самі ж юдэі зруйнавалі агіду, пабудаваную на алтары ў Ерузалеме, і абнеслі высокімі мурамі святыню, як і раней, а таксама свой горад Бэт-Шур.

Калі кароль пачуў гэтыя навіны, ён спалохаўся і моцна ўсхваляваўся. Упаў на свой ложак і занямог з-за смутку, што не сталася так, як ён задумаў.

Заставаўся там шмат дзён, бо глыбокі смутак аднаўляўся ў ім, і ён зразумеў, што памірае. І паклікаў усіх сяброў сваіх, і сказаў ім: Сон пакінуў мяне, а маё сэрца сціснулася ад хвалявання, і сказаў я ў сваім сэрцы: Да якога смутку дайшоў я. У якое хваляванне патрапіў я, той, які быў ласкавы і любімы падчас панавання свайго. Цяпер жа прыгадваю тое зло, якое я ўчыніў у Ерузалеме. Я забраў адтуль ўсё срэбнае і залатое начынне і беспадстаўна паслаў знішчыць жыхароў Юды. Я зразумеў, што з гэтай прычыны напаткала мяне гэтае ліха, і вось у вялікім смутку я паміраю на чужыне.

Гэта слова Божае.

Субота — трыццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 11, 4–12
Два прарокі гэтыя мучылі жыхароў зямлі

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Сказана мне, Яну:

Два дрэвы аліўныя і два светачы, што стаяць перад Панам зямлі, – гэта два мае сведкі. І калі хто хоча іх пакрыўдзіць, то агонь выйдзе з вуснаў іхніх і паглыне ворагаў іхніх. Той, хто хоча іх пакрыўдзіць, той павінен быць забіты такім чынам.

Яны маюць уладу закрыць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў дні прароцтва іхняга, і маюць уладу над водамі, каб ператварыць іх у кроў і ўдарыць зямлю ўсякай пошасцю, калі толькі захочуць.

І калі скончаць яны сведчанне сваё, звер, які выходзіць з бездані, пачне бітву з імі, і пераможа іх, і заб’е іх. І трупы пакіне на плошчы вялікага горада, які сімвалічна называецца Садома і Егіпет, дзе і Пан іх быў укрыжаваны. І многія з плямёнаў, і родаў, і моваў, і народаў будуць глядзець на іх трупы тры с паловаю дні і не дазволяць пакласці ў магілу. Жыхары зямныя будуць радавацца над імі і весяліцца, і будуць слаць падарункі адзін аднаму, бо два прарокі гэтыя мучылі жыхароў зямлі.

Але праз тры с паловаю дні дух жыцця ад Бога ўвайшоў у іх, і яны ўсталі на свае ногі. І вялікі страх ахапіў тых, хто на іх глядзеў. І пачулі яны гучны голас з неба, які казаў ім: Узыдзіце сюды. І яны ўзышлі на неба ў воблаку, і глядзелі на іх ворагі іхнія.

Гэта слова Божае.

Субота — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 15–27
Валадарства і ўлада будуць дадзены народу святых Найвышэйшага

Пачатак кнігі прарока Даніэля.

Я, Даніэль, адчуў, што затрапятаў дух мой з-за гэтага, і ўбачанае ў маёй галаве спалохала мяне. Я падышоў да аднаго з тых, хто стаяў поруч, і спытаўся ў яго пра сапраўднае значэнне ўсяго гэтага. Ён сказаў мне і растлумачыў значэнне візіі: Гэтыя чатыры вялікія жывёлы — гэта чатыры валадарствы, якія паўстануць з зямлі. Але валадарства прымуць святыя Бога Найвышэйшага і атрымаюць валадарства назаўсёды і на вякі вякоў.

Пасля гэтага я пажадаў дакладна даведацца пра чацвёртую жывёлу, якая моцна адрознівалася ад усіх іншых і была надзвычай жахлівай, мела жалезныя зубы і медныя кіпцюры, пажырала і руйнавала, а рэшткі таптала сваімі нагамі; і пра дзесяць рагоў, якія былі ў яе на галаве, і пра іншы рог, які вырас і перад якім выпалі тры рогі; і пра той рог, які здаваўся большым за астатнія і меў вочы і вусны, што казалі ганарыста. Я глядзеў, і вось рог той падняў вайну супраць святых і перамагаў іх, пакуль не прыйшоў Старадаўні, і суд быў аддадзены святым Найвышэйшага, і настаў час, каб валадарствам авалодалі святыя.

І так сказаў ён: Чацвёртая жывёла будзе чацвёртым валадарствам на зямлі, якое стане большым за ўсе валадарствы і будзе пажыраць ўсю зямлю, таптаць і руйнаваць яе. А дзесяць рагоў — гэта дзесяць каралёў валадарства; і іншы паўстане пасля іх, і будзе адрознівацца ад папярэдніх, і скіне трох каралёў. Ён будзе казаць словы супраць Найвышэйшага і будзе нішчыць святых Найвышэйшага і лічыць, што можа змяніць часы і Закон, і святыя аддадзены будуць у рукі ягоныя на час, часы і палову часу. Аднак адбудзецца суд, і адабрана будзе ўлада ў яго, каб ён згінуў і быў знішчаны дашчэнту. А валадарства, і ўлада, і мноства валадарстваў, што ёсць пад усім небам, будуць дадзены народу святых Найвышэйшага, валадарства якога — вечнае валадарства, і ўсе каралі будуць з паслухмянасцю служыць Яму.

Гэта слова Божае.

Субота — трыццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 22, 1–7
Ночы ўжо не будзе, бо Пан Бог будзе свяціць над імі

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Анёл Пана паказаў мне, Яну, раку вады жыцця, бліскучую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Ягняці. Пасярод плошчы горада і па той бок ракі і па гэты — дрэва жыцця, якое прыносіць дванаццаць пладоў, кожны месяц дае плод свой; і лісце дрэва — на аздараўленне народаў.

І нічога праклятага ўжо не будзе. А трон Бога і Ягняці будзе ў ім, і слугі Ягоныя будуць служыць Яму. І ўбачаць аблічча Ягонае, і імя Ягонае будзе на іх чолах. І ночы ўжо не будзе, і не будуць мець патрэбы ні ў святле лямпы, ні ў святле сонца, бо Пан Бог будзе свяціць над імі; і яны будуць валадарыць на вякі вечныя.

І сказаў мне: Гэтыя словы пэўныя і праўдзівыя, і Пан, Бог духаў прароцкіх, паслаў Анёла свайго паказаць слугам сваім тое, што павінна адбыцца неўзабаве. І вось прыйду неўзабаве. Шчаслівы той, хто захоўвае словы прароцтва гэтай кнігі.

Гэта слова Божае.

Субота — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 49, 29-32; 50, 15-26а
Бог наведае вас і выведзе з гэтай зямлі

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Якуб наказаў сваім сынам, кажучы: Я далучаюся да народа майго. Пахавайце мяне з маімі айцамі ў пячоры, што на полі Эфрона Хетэя. У пячоры, што на полі Макпэля, насупраць дубравы Мамрэ, у зямлі ханаанскай, якую мой бацька Абрагам купіў разам з полем ў Эфрона Хетэя як месца для пахаванняў. Там пахавалі яго і ягоную жонку Сару, там пахаваны Ісаак разам з Рэбэкай, жонкай сваёй, і там пахаваў я Лію. Гэта поле і пячора, што знаходзіцца на ім, куплена ў сыноў Хетэя.

Аддаўшы наказы сынам сваім, ён паклаў свае ногі на ложа і сканаў, далучыўшыся да народа свайго.

Калі ён памёр, браты Юзафа спалохаліся і казалі адзін аднаму: А што, калі Юзаф узненавідзіць нас і адплаціць нам за ўсё зло, якое мы ўчынілі яму? І яны паслалі сказаць Юзафу: Твой бацька перад смерцю загадаў нам сказаць табе: Прашу цябе: прабач тваім братам злачынства і грэх іхні, бо яны ўчынілі табе зло. Таму цяпер даруй нам, слугам Бога айца твайго, гэтую правіну. Юзаф заплакаў, калі яны так гаварылі з ім. Падышлі да яго браты, і, упаўшы перад ім ніцма, сказалі: Вось мы – слугі твае. Адказаў ім Юзаф: Не бойцеся. Хіба я замест Бога? Вы задумалі супраць мяне зло, але Бог абярнуў гэта на дабро, каб прывесці да цяперашняга выніку і захаваць жыццё шматлікага народа. Не бойцеся: я буду ўтрымліваць вас і дзяцей вашых. І ён суцяшаў іх, сардэчна гаворачы з імі.

І пасяліўся Юзаф у Егіпце разам з усім домам бацькі свайго. І пражыў Юзаф сто дзесяць гадоў. І ўбачыў ён ў Эфраіме сыноў сваіх аж да трэцяга пакалення. І дзеці Макіра, сына Манасэя, нарадзіліся на каленях Юзафа.

А пасля Юзаф сказаў сваім братам: Я паміраю, але Бог наведае вас і выведзе з гэтай зямлі ў зямлю, якую паабяцаў Абрагаму, Ісааку і Якубу. І Юзаф загадаў сынам Ізраэля паклясца, кажучы: Бог наведае вас, а вы забярыце косці мае адсюль. І памёр Юзаф, маючы сто дзесяць гадоў.

Гэта слова Божае.

Субота — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 6, 1–8
Я чалавек з нячыстымі вуснамі, а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У год смерці караля Озіі я бачыў Пана, які сядзеў на высокім і ўзнесеным троне, а канцы Ягонай шаты напаўнялі святыню. Серафімы стаялі над Ім. Кожны з іх меў па шэсць крылаў: двума закрываў кожны свой твар, і двума закрываў ногі свае, і двума лятаў.

Яны ўсклікалі адзін да аднаго, кажучы:
Святы, святы, святы, Пан Магуццяў.
Уся зямля поўная хвалы Яго.
І захісталіся вушакі дзвярэй ад гэтага голасу, і дом напоўніўся дымам.
І сказаў я:
Гора мне, бо Я загінуў,
таму што я чалавек з нячыстымі вуснамі
і жыву сярод людзей з нячыстымі вуснамі,
а вочы мае бачылі Валадара, Пана Магуццяў.

Тады падляцеў да мяне адзін з Серафімаў, а ў руцэ яго быў распалены вугаль, які ён клешчамі ўзяў з ахвярніка. Ён дакрануўся ім да вуснаў маіх і сказаў: Вось дакранулася гэта да вуснаў тваіх, і прыбрана беззаконне тваё ад цябе, і адкуплены грэх твой.

Тады я пачуў голас Пана, які казаў: Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? І сказаў я: Вось я, пашлі мяне.

Гэта слова Божае.

Субота — чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 3, 4–13
Дай Твайму слузе разумнае сэрца, каб ён судзіў Твой народ

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Кароль Саламон пайшоў у Габаон, каб прынесці там ахвяру, бо гэта было найвышэйшае месца. І тысячу ўсеспаленняў склаў Саламон на тым ахвярніку. А ўначы ў Габаоне з’явіўся Пан Саламону ў сне. Бог сказаў яму: Прасі, што табе даць.

Саламон адказаў: Ты праявіў да Твайго слугі, майго бацькі Давіда, вялікую міласэрнасць за тое, што ён хадзіў перад Табою ў праўдзе, справядлівасці і са шчырым сэрцам. Ты захаваў для яго сваю вялікую міласэрнасць і даў яму сына, які сядзіць на ягоным троне, як гэта ёсць і сёння. А цяпер, Пане, мой Божа, Ты паставіў слугу свайго каралём замест Давіда, бацькі майго. Але я яшчэ вельмі малады і недасведчаны. Слуга Твой — сярод Твайго народа, які Ты выбраў, народа шматлікага, які нельга ні палічыць, ні перапісаць. Таму дай Твайму слузе разумнае сэрца, каб ён судзіў Твой народ і адрозніваў дабро ад зла. Бо хто можа судзіць такі шматлікі народ Твой?

Спадабалася Пану, што Саламон прасіў менавіта аб гэтым. І сказаў яму Пан: За тое, што ты прасіў аб гэтым, а не прасіў сабе доўгіх дзён, ні багацця, ні смерці ворагаў сваіх, але прасіў сабе розуму, каб умець судзіць, таму Я зраблю паводле словаў тваіх. Дам табе мудрае і разумнае сэрца, такое, што падобнага яшчэ не было да цябе і пасля цябе не будзе. І дам табе тое, чаго ты не прасіў: багацце і славу, так што роўнага табе не будзе паміж каралямі ва ўсе дні жыцця твайго.

Гэта слова Божае.

Субота — шаснаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 7, 1–11
Ці гэты дом, над якім заклікалі Маё імя, стаў на вашых вачах пячораю злачынцаў?

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Слова, якое скіраваў Пан да Ераміі: Стань у брамах дому Пана і абвяшчай там слова гэтае, кажучы: слухайце слова Пана, усе з Юды, якія ўваходзяць праз гэтыя брамы, каб пакланіцца Пану. Так кажа Пан Магуццяў, Бог Ізраэля: Папраўце шляхі вашы і ўчынкі вашы, і Я дазволю вам жыць на гэтым месцы. Не верце падманлівым словам, кажучы: Святыня Пана, святыня Пана, святыня Пана.

Бо калі вы сапраўды паправіце шляхі вашы і ўчынкі вашы; калі будзеце судзіць справядліва чалавека і яго бліжняга; калі не будзеце ўціскаць чужынцаў, сірот і ўдоваў; калі не будзеце праліваць бязвіннай крыві ў гэтым месцы і хадзіць за чужымі багамі сабе на згубу — тады Я дазволю вам жыць на гэтым месцы — на зямлі, якую даў бацькам вашым адвеку і навекі.

Вось вы спадзеяцеся на падманлівыя словы, якія вам не дапамогуць. Ці будзеце красці, забіваць, чужаложыць, клясціся фальшыва, кадзіць Баалу, хадзіць за чужымі багамі, якіх вы не ведаеце, а потым прыходзіць і станавіцца перада Мной у гэтым доме, над якім заклікалі Маё імя, і казаць: Мы ў бяспецы, — каб далей рабіць усю гэтую агіду. Ці гэты дом, над якім заклікалі Маё імя, стаў на вашых вачах пячораю злачынцаў? Вось Я таксама гэта ўбачыў, — кажа Пан.

Гэта слова Божае.

Субота — шосты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 11, 1–7
Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым. Праз яе старэйшыя атрымалі сведчанне.

Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым, так што з нябачнага ўзнікла бачнае.

Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, дзякуючы якой ён атрымаў сведчанне сваёй справядлівасці, таму што Бог засведчыў пра дары ягоныя, і дзякуючы ёй прамаўляе нават пасля смерці.

Вераю Гэнох быў перанесены, каб не бачыць смерці, і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо перад перанясеннем было засведчана яму, што ён спадабаўся Богу. А без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае.

Вераю Ной атрымаў перасцярогу наконт таго, што яшчэ не было бачным, і богабаязна пабудаваў каўчэг, каб уратаваць свой дом. Праз веру ён асудзіў свет і стаў спадкаемцам справядлівасці паводле веры.

Гэта слова Божае

Субота I звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 4, 12–16
Наблізімся з даверам да трону ласкі

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца. І няма стварэння, схаванага ад Яго, але ўсё аголена і адкрыта перад вачыма таго, перад якім мы адкажам.

Маючы першасвятара вялікага, які прайшоў нябёсы, Езуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага. Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць слабасцям нашым, але такога, які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні, акрамя грэху. Таму наблізімся з даверам да трону ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку для своечасовай дапамогі.

Гэта слова Божае.

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"