Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

  • Галоўная

Субота — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 15, 35–37. 42–49
Сеецца ў тленні, устае ў нятленні

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Хто-небудзь скажа: Як мёртвыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыйдуць?

Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, перш чым не памрэ. Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне — напрыклад, пшаніцы ці чаго іншага.

Так і ўваскрашэнне мёртвых. Сеецца ў тленні, устае ў нятленні; сеецца ў пагардзе, устае ў славе; сеецца ў слабасці, устае ў моцы; сеецца цела зямное, устае духоўнае цела. Калі ёсць зямное цела, ёсць і духоўнае. Так і напісана: Першы чалавек Адам стаў жывой істотай, апошні Адам — жыватворным духам. Але не духоўнае першае, а зямное, потым духоўнае.

Першы чалавек — з пылу, зямны; другі Чалавек — з неба. Які быў зямны, такія і зямныя; які нябесны, такія і нябесныя. І як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць вобраз нябеснага.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 42, 1–3. 5–6. 12–17
Цяпер жа мае вочы бачаць Цябе

Чытанне кнігі Ёва.

Ёў сказаў Пану ў адказ:

Я ведаю, што Ты ўсё можаш і што ніводнай задумы Тваёй не стрымаць. Хто той, хто хавае параду, нічога не ведаючы? Таму без разумення я кажу пра цуды, якія пераўзыходзяць маё пазнанне. Я чуў пра Цябе са слыху вушэй; цяпер жа мае вочы бачаць Цябе. Таму я адракаюся ад тых слоў і каюся ў пыле і попеле.

І благаславіў Пан апошнія дні Ёва больш, чым папярэднія. І з’явілася ў яго чатырнаццаць тысяч авечак, шэсць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асліц. І было ў яго сем сыноў і тры дачкі. Першую ён назваў Галубкай, другую — Кассіяй, а трэцюю — Рог сурмы. І не было на ўсёй зямлі жанчын такіх прыгожых, як дочкі Ёва. І даў ім бацька іхні спадчыну паміж іх братамі. Пасля гэтага жыў Ёў сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і іхніх сыноў да чацвёртага пакалення. І памёр Ёў у старасці, насыціўшыся днямі.

Гэта слова Божае.

Субота — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нав 24, 14–29
Зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць

Чытанне кнігі Езуса Навіна.

У тыя дні:

Езус Навін прамовіў да народа, кажучы: Цяпер бойцеся Бога і служыце Яму ў праўдзе і шчырасці, адкіньце багоў, якім служылі продкі вашыя ў Месапатаміі і Егіпце, і служыце Пану. Калі вам здаецца кепскім служыць Пану, то зрабіце сёння выбар, каму хочаце служыць: ці багам, якім служылі продкі вашыя, будучы на другім баку Ракі, ці багам амарэяў, на зямлі якіх жывяце. Я ж і мой дом будзем служыць Пану.

Народ адказаў такімі словамі: Няхай не здарыцца нам, каб мы пакінулі Пана і служылі іншым багам. Бо Пан — Бог наш. Ён вывеў нас і продкаў нашых з егіпецкай зямлі, з дому няволі. Ён учыніў перад нашымі вачыма вялізныя знакі і аберагаў нас на працягу ўсёй дарогі, якою ішлі мы, і сярод усіх народаў, праз якія праходзілі мы. Ён прагнаў перад намі ўсе народы, нават амарэяў, якія жылі на той зямлі. Таму і мы будзем служыць Пану, бо Ён — наш Бог.

Тады Езус Навін сказаў народу: Вы не зможаце служыць Пану, бо Ён Бог святы і Бог зайздросны. Ён не даруе вам злачынстваў вашых і грахоў. Калі вы пакінеце Пана і пачнеце служыць чужым багам, ён адвернецца, і спашле на вас няшчасці і згубіць вас пасля таго, як рабіў вам дабро.

І народ сказаў Езусу Навіну: Не, мы будзем служыць Пану! Езус Навін сказаў народу: Вы сведкі супраць саміх сябе, што выбралі тое, каб служыць Пану. І яны адказалі: Мы сведкі. Езус Навін сказаў: Дык адкіньце чужых багоў, што пасярод вас, і схіліце сваё сэрца да Пана, Бога Ізраэля. І народ адказаў Езусу Навіну: Богу нашаму будзем служыць і слухацца голасу Ягонага.

І ў той дзень Езус Навін устанавіў запавет з народам, і даў яму наказы і пастановы ў Сіхеме. І запісаў Езус словы гэтыя ў кнізе Закону Божага, і ўзяў вялікі камень, і паставіў яго там пад дубам, што быў каля святыні Пана, і сказаў усяму народу: Вось гэты камень будзе сведчаннем для вас, бо ён чуў словы Пана, сказаныя нам. Ён будзе сведчаннем для вас, каб вы не адракліся ад Пана Бога свайго. Тады Езус Навін адпусціў людзей, кожнага да спадчыны сваёй.

А пасля гэтага памёр Езус, сын Навіна, слуга Божы, ва ўзросце ста дзесяці гадоў.

Гэта слова Божае.

Субота — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 18, 1–10. 13b. 30–32
Я буду судзіць кожнага паводле шляхоў ягоных

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Пан скіраваў да мяне слова, кажучы:

Навошта вы паўтараеце гэтую прымаўку супраць дому Ізраэля, кажучы: бацькі елі недаспелы вінаград, а на зубах дзяцей аскома. Як жыву Я, — кажа Пан, — не будзеце больш паўтараць гэтай прымаўкі ў Ізраэлі. Вось, душы ўсіх належаць Мне: як душа бацькі, так і душа сына. Душа, якая грашыць, памрэ.

Але калі чалавек праведны, калі ён чыніць справядлівасць і правасуддзе, не есць на ўзвышшах, не ўзносіць сваіх вачэй да ідалаў дому Ізраэля, не ганьбіць жонкі бліжняга свайго, не набліжаецца да жанчыны ў час яе нячыстасці, не ўціскае нікога, вяртае даўжніку заклад ягоны, не чыніць рабунку, дае галоднаму свой хлеб і прыкрывае голага адзежай, не займаецца ліхвярствам, адхіляе руку сваю ад беззаконня, справядліва рассуджвае аднаго чалавека з другім, паступае паводле Маіх пастановаў і захоўвае Мае прысуды, каб здзейсніць праўду — гэта справядлівы чалавек, і ён напэўна будзе жыць, — кажа Пан Бог.

Але калі б у яго нарадзіўся сын злачынца, які пралівае кроў і робіць што-небудзь з таго, ён не будзе жыць. Калі ён робіць усю гэту агіду, то напэўна памрэ і кроў ягоная будзе на ім.

Таму, дом Ізраэля, Я буду судзіць кожнага паводле шляхоў ягоных, — кажа Пан Бог. Пакайцеся і адвярніцеся ад усіх сваіх злачынстваў, каб яны ўжо не былі для вас прычынай спатыкнення. Адкіньце ад сябе ўсе грахі, якія вы ўчынілі супраць Мяне, і стварыце ў сабе новае сэрца і новы дух, бо навошта паміраць вам, дом Ізраэля? Я не хачу смерці таго, хто памірае, — кажа Пан Бог. Таму навярніцеся — і будзеце жыць.

Гэта слова Божае.

Субота — дзяcяты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 5, 14–21
Таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Любоў Хрыста ахапіла нас, якія думаюць, што калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі. А Езус памёр за ўсіх, каб тыя, хто жыве, ужо не дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрослага.

Таму адгэтуль мы нікога не ведаем паводле цела. Калі ж і ведалі Хрыста паводле цела, то сёння ўжо не ведаем. Таму, калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае.

А ўсё ад Бога, які праз Езуса Хрыста паяднаў нас з сабою і даў нам служэнне паяднання, таму што Бог у Хрысце яднаў з сабою свет, не зважаючы на грахі людзей і даючы нам слова паяднання. Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся пасланцамі як бы самаго Бога, які заклікае праз нас: ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам. Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.

Гэта слова Божае.

Субота — дзяcяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 19, 19–21
Елісей устаў і пайшоў за Іллёю

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Ілля пайшоў з гары і знайшоў Елісея, сына Сафата, які араў. Дванаццаць пар валоў было перад ім. Ён жа быў пры дванаццатай. Ілля, праходзячы міма, накінуў на яго свой плашч. І пакінуў ён валоў, і пабег за Іллёю, і сказаў: Дазволь мне пацалаваць айца майго і маці, і я пайду за табой. Той адказаў яму: Ідзі і вяртайся, бо што зрабіў я табе.

І вярнуўся ад яго, узяў пару валоў і прынёс іх у ахвяру, а на ярме прыгатаваў мяса і раздаў людзям, каб з’елі. Сам жа ўстаў і пайшоў за Іллёю, і служыў яму.

Гэта слова Божае.

Субота — дзявяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Тоб 12, 1. 5–15. 20 (Vlg)
А цяпер блaслаўляйце Пана. Я ж узыходжу да Бога

Чытанне кнігі Тобія.

У той час:

Тобій паклікаў свайго сына Тобія і сказаў яму: Мы павінны ўшанаваць таго чалавека, які спадарожнічаў табе, і шчодра адплаціць яму. І, паклікаўшы яго, сказаў: Прымі ва ўзнагароду сабе палову таго, што ты прынёс з сабою, і ідзі ў добрым здароўі.

Тады Рафаэль патаемна паклікаў абодвух і сказаў ім: Благаслаўляйце Бога і вызнавайце Яго перад усімі жывымі за тое дабро, што Ён зрабіў вам. Благаслаўляйце і праслаўляйце імя Ягонае, з пашанай абвяшчайце справы Божыя і нястомна вызнавайце Яго. Гэта добра — захоўваць таямніцу караля, але пахвальна таксама — адкрываць і вызнаваць Божыя справы. Рабіце дабро — і вас не напаткае зло. Малітва з постам, і міласціна са справядлівасцю — гэта добра. Лепш мала, але са справядлівасцю, чым шмат з беззаконнем. Лепш даваць міласціну, чым збіраць залатыя скарбы. Міласціна вызваляе ад смерці і ачышчае ад усялякага граху. Тыя, хто дае міласціну, будуць насычаны жыццём, а хто грашыць і чыніць беззаконне, ворагі свайму жыццю.

Я пакажу вам ўсю праўду і не затаю ад вас ніводнага слова. Я ўжо абвясціў вам і сказаў: Гэта добра — захоўваць таямніцу караля, але пахвальна таксама – адкрываць і вызнаваць Божыя справы. Дык вось, гэта я нагадваў перад абліччам славы Пана пра вашыя малітвы, калі маліўся ты і Сара і калі ты, Тобій, хаваў мёртвых. Паколькі ты не марудзіў, але падняўся і, пакінуўшы сваю гасціну, пайшоў пахаваць мёртвага, я быў пасланы выпрабаваць цябе. Пасля Пан зноў паслаў мяне вылечыць цябе і тваю нявестку Сару.

Я — Рафаэль, адзін з сямі святых Анёлаў, якія ўваходзяць і служаць перад абліччам славы Пана.

А цяпер благаслаўляйце Пана на зямлі і вызнавайце Бога. Я ж узыходжу да таго, хто мяне паслаў. Запішыце ўсё гэта, што здарылася з вамі.

І ўзышоў.

Гэта слова Божае.

Субота — дзявяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 4, 1–8
Здзейсні справу прапаведніка Добрай Навіны

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Перад абліччам Бога і Хрыста Езуса, які будзе судзіць жывых і мёртвых, Яго аб’яўленнем і валадарствам я заклінаю цябе: прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні. Бо настане пара, калі не будуць зносіць здаровага вучэння, але паводле ўласнай пажадлівасці пачнуць памнажаць сабе настаўнікаў, каб церабілі ім вушы. І адвернуць слых ад праўды, і звернуцца да баек. Але ты будзь цвярозы ва ўсім, вытрымлівай зло, здзейсні справу прапаведніка Добрай Навіны, споўні сваё служэнне.

Бо я ўжо праліваюся, як ахвяра, і настаў час майго адыходу. У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які дасць мне Пан, справядлівы Суддзя, у дзень той. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне.

Гэта слова Божае.

Субота — другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 1, 1–4. 11–12. 19. 23–27
Як жа палеглі моцныя ў бітве?

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Давід вярнуўся пасля разгрому амалекітаў і прабыў у Сэкелагу два дні. На трэці дзень з’явіўся чалавек, які прыйшоў са стану Саўла ў парванай вопратцы і з пасыпанай пылам галавою. Падышоўшы да Давіда, ён упаў ніцма і пакланіўся. Давід сказаў яму: Адкуль прыйшоў ты? Той адказаў: Я ўцёк са стану Ізраэля. І сказаў яму Давід: Што адбылося? Раскажы мне? І адказаў той: Народ уцёк з бітвы, многія з народу палеглі і загінулі, загінулі таксама Саўл і Ёнатан, сын ягоныя.

Тады схапіў Давід вопратку сваю і разадраў яе, а таксама ўсе людзі, якія былі з ім. І галасілі, і плакалі, і пасцілі да вечара па Саўле, і па Ёнатане, сыне ягоным, і па народзе Пана, і па доме Ізраэля, што палеглі ад мяча.

І сказаў Давід: Краса твая, Ізраэль, забітая на гарах тваіх. Як жа палеглі моцныя? Саўл і Ёнатан, умілаваныя і любыя пры жыцці сваім, не разлучыліся нават у смерці; хутчэйшыя за арлоў, мацнейшыя за львоў. Дочкі Ізраэля, плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру аздобную і даваў залатыя ўпрыгожанні на шаты вашыя. Як жа палеглі моцныя ў бітве? Ёнатан забіты на вышынях тваіх. Смуткую па табе, браце мой Ёнатан, ты вельмі дарагі для мяне; твая любоў больш каштоўная для мне, чым любоў жанчын. Як жа палеглі моцныя і загінула ваенная зброя?

Гэта слова Божае.

Субота — Другі тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 48, 1–4. 9–11
Зноў прыйдзе Ілля

Чытанне Кнігі Мудрасці Сіраха.

У тыя дні:

З’явіўся Ілля, прарок, як агонь,
і слова ягонае палала, як паходня.
Ён наклікаў на іх голад,
і стараннасцю сваёю зменшыў іх колькасць.
Словам Пана ён замкнуў неба,
і тройчы спасылаў з яго агонь.
Як праславіўся ты, Ілля, сваімі цудамі,
і хто можа пахваліцца, што ён роўны табе?
Ты, які быў забраны ў агністай віхуры,
у калясніцы вогненых коней.
Пра цябе напісана, што ты захаваны
для адпаведных часоў,
каб суняць гнеў, перш чым ён стане шаленствам,
каб звярнуць сэрца бацькі да сына
і аднавіць пакаленні Якуба.
Шчаслівыя тыя, хто бачыў цябе,
і хто ў любові заснуў,
бо і мы напэўна жыць будзем.

Гэта слова Божае.

Субота — І Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 26, 16–19
Каб ты быў святым народам Пана, Бога твайго

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Сёння Пан, Бог твой, загадвае табе выконваць усе гэтыя наказы і пастановы. Таму старанна выконвай іх ад усяго сэрца і ад усёй душы сваёй. Сёння ты абвясціў, што Пан будзе тваім Богам, і ты будзеш хадзіць па шляхах Яго, захоўваць Яго наказы, запаведзі і пастановы і слухацца голасу Яго.

А Пан абвясціў табе сёння, што ты будзеш Яго выбраным народам, як казаў Табе, каб ты захоўваў усе запаведзі Яго. Ён учыніць цябе вышэйшым за ўсе народы, якія стварыў для хвалы, імені і славы сваёй, каб ты быў святым народам Пана, Бога твайго, як сказаў Ён.

Гэта слова Божае.

Субота — ІIІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 9, 31–42
Касцёл развіваўся і напаўняўся суцяшэннем Святога Духа

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Святога Духа.

Калі Пётр абыходзіў усіх, прыйшоў таксама да святых, якія жылі ў Ліддзе. Там ён знайшоў аднаго чалавека па імені Энэй, які ўжо восем гадоў ляжаў у ложку спаралізаваны. Пётр сказаў яму: Энэй, Езус Хрыстус аздараўляе цябе, устань і засцялі свой ложак. І той адразу ўстаў. І бачылі яго ўсе, хто жыў у Ліддзе і Сароне, і навярнуліся да Пана.

У Яфе была адна вучаніца па імені Табіта, што азначае «сарна». Яна рабіла шмат добрых учынкаў і раздавала міласціну. У тыя дні яна захварэла і памерла. Яе абмылі і паклалі ў святліцы. Лідда была недалёка ад Яфы, і калі вучні даведаліся, што Пётр там, паслалі да яго двух чалавек з просьбаю: Прыйдзі неадкладна да нас.

Пётр устаў і пайшоў з імі, а калі ён прыбыў, увялі яго ў святліцу. Усе ўдовы абступілі яго з плачам і паказвалі яму тунікі і вопраткі, якія рабіла Сарна, жывучы з імі. Пётр, адправіўшы ўсіх са святліцы, стаў на калені і памаліўся. Затым звярнуўся да цела і сказаў: Табіта, устань. Яна адкрыла свае вочы і, убачыўшы Пятра, села. Ён падаў ёй руку і падняў яе. Паклікаў святых і ўдоваў, і яны ўбачылі яе жывую.

Пра гэта стала вядома ва ўсёй Яфе, і многія паверылі ў Пана.

Гэта слова Божае.

Субота — ІV Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 13, 44–52
Таму мы звяртаемся да язычнікаў

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У наступную суботу сабраўся амаль увесь горад слухаць слова Пана. Калі юдэі ўбачылі такі натоўп, напоўніліся зайздрасцю, пярэчылі таму, што казаў Павел, і блюзнерылі.

Тады Павел і Барнаба з адвагаю сказалі: Вам першым трэба было абвяшчаць слова Божае. Але паколькі вы адкідваеце яго і лічыце саміх сябе нявартымі вечнага жыцця, таму мы звяртаемся да язычнікаў. Бо так нам загадаў Пан: Я зрабіў цябе святлом народаў, каб ты быў збаўленнем аж да межаў зямлі.

Калі пачулі гэта язычнікі, узрадаваліся і славілі слова Пана, і ўсе, прызначаныя да жыцця вечнага, паверылі. І слова Пана пашыралася па ўсёй краіне.

Але юдэі падбухторылі пабожных і ўплывовых жанчын і першых у горадзе людзей і распачалі ганенне на Паўла і Барнабу, і выгналі іх са сваіх межаў. Яны ж абтрэслі на іх пыл з ног і пайшлі ў Іконію. А вучні напоўніліся радасцю і Святым Духам.

Гэта слова Божае.

Субота — ІV Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 11, 18–20
Але я быў, як прыручанае ягня, якое вядуць на зарэз

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Ты, Пане, даў спазнаць мне, і я ведаю. Ты паказаў мне ўчынкі іхнія.

Але я быў, як прыручанае ягня, якое вядуць на зарэз, і не разумеў, што яны задумалі змову супраць мяне: Знішчым дрэва ў поўнай сіле, вырвем яго з зямлі жывых, каб не згадвалі больш імя яго.

Але Ты, Пане Магуццяў, які судзіш справядліва, які даследуеш нутро і сэрца, дазволь мне ўбачыць Тваю помсту над імі, бо Табе я давяраю сваю справу.

Гэта слова Божае.

Субота — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 6, 1–7
Выбралі сем мужоў, поўных Духа Святога

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні, калі колькасць вучняў павялічвалася, эліністы пачалі наракаць на габрэяў, што яны забываюць пра іхніх удоваў у штодзённым служэнні.

Тады Дванаццаць склікалі ўсіх вучняў і сказалі: Нягожа, каб мы занядбалі слова Божае і служылі пры сталах. Таму, браты, выбярыце з вашага ліку сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці, якім даручым гэтае служэнне. А мы ўвесь час будзем трываць у малітве і служэнні слова.

Спадабалася гэтая мова ўсёй грамадзе, і абралі Стэфана, мужа поўнага веры і Духа Святога, і Філіпа, і Прохара, і Міканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая празеліта з Антыёхіі, якіх паставілі перад апосталамі. Яны, памаліўшыся, усклалі на іх рукі.

А слова Божае пашыралася, і значна павялічвалася колькасць вучняў у Ерузалеме. І шмат святароў прыняло веру.

Гэта слова Божае.

Субота — ІІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Міх 7, 14–15. 18–20
Кіне ў марскія глыбіні ўсе нашыя грахі

Чытанне кнігі прарока Міхея.

Пасві народ Твой, Пане, кіем Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць адны ў лесе, сярод Кармэлю. Няхай яны пасвяцца ў Басане і Гілеадзе, як у ранейшыя часы. Як у дні выйсця Твайго з зямлі егіпецкай пакажы нам цуды.

Які ёсць Бог, падобны да Цябе; які прабачае беззаконні і даруе правіны рэшты спадчыны сваёй? Ён не захоўвае навекі гнеў свой, бо ў міласэрнасці ўпадабанне Яго.

Ён зноў злітуецца над намі, сатрэ нашыя беззаконні і кіне ў марскія глыбіні ўсе нашыя грахі. Ты праявіш вернасць Якубу, міласэрнасць да Абрагама, як пакляўся бацькам нашым у даўнія часы.

Гэта слова Божае.

Субота — першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 9, 1–4. 17–19; 10, 1а
Вось чалавек, пра якога казаў Пан. Саўл будзе панаваць над народам

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

Быў адзін чалавек з роду Бэньяміна па імені Кіш, сын Абіэля, сына Цэрора, сына Бэхарата, сына Афія, сына чалавека мужнага і доблеснага. Меў ён сына па імені Саўл, маладога і прыгожага, і не было сярод сыноў ізраэльскіх прыгажэйшага за яго; на галаву ён быў вышэйшы за ўвесь народ.

І згубіліся асліцы Кіша, бацькі Саўла. І сказаў Кіш свайму сыну Саўлу: Вазьмі з сабой аднаго са слуг і ідзі пашукай асліц. І прайшоў ён гару Эфраіма, прайшоў праз зямлю Шаліша, але нічога не знайшоў. Затым прайшоў зямлю Шаалім, і там іх не было. Прайшоў праз зямлю Бэньяміна, і там іх не знайшоў.

Калі Самуэль убачыў Саўла, Пан сказаў яму: Вось чалавек, пра якога Я казаў табе, ён будзе валадарыць над Маім народам. У той час Саўл наблізіўся да Самуэля ў браме і сказаў: Скажы мне, прашу цябе, дзе дом празорцы? Самуэль адказаў Саўлу: Я празорца. Узыдзі перада мною на ўзвышша. Сёння ты будзеш есці са мною, а раніцай я адпушчу цябе і скажу табе ўсё, што ў цябе на сэрцы.

І ўзяў Самуэль пасудзіну з алеем, і выліў яго Саўлу на галаву, пацалаваў яго і сказаў: Пан намасціў цябе кіраўніком над сваёй спадчынай, над Ізраэлем. Ты будзеш панаваць над народам і вызваліш яго ад рук непрыяцеляў ягоных, якія атачаюць яго.

Гэта слова Божае.

Субота — пятнаццаты звычайны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 12, 37–42
Гэтай ноччу чуваў Пан над выйсцем іх з егіпецкай зямлі

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Выправіліся сыны Ізраэля, каля шасціста тысяч пешых мужчын, акрамя дзяцей, з Раамеса ў Суккот. І мноства розных людзей выйшла з імі, і авечкі, і валы, вельмі вялікі статак. Яны спяклі з цеста, якое вынеслі з Егіпта, праснакі, бо яно яшчэ не закісла, таму што яны былі выгнаныя з Егіпта і не маглі марудзіць, а ежы не прыгатавалі сабе.

Прабыванне сыноў Ізраэля, якія жылі ў Егіпце, налічвае чатырыста трыццаць гадоў. Пасля чатырохсот трыццаці гадоў, у гэты самы дзень выйшла ўсё войска Пана з егіпецкай зямлі. Гэтай ноччу чуваў Пан над выйсцем іх з егіпецкай зямлі. Гэта ноч — гэта чуванне для Пана сярод усіх сыноў Ізраэля ва ўсе іх пакаленні.

Гэта слова Божае.

Субота — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Міх 2, 1–5
Забіраюць палі, захопліваюць дамы

Чытанне кнігі прарока Міхея.

Бяда тым, хто задумвае беззаконні і на ложах сваіх задумвае зло, якое здзяйсняе раніцай на світанні, бо іхняя рука мае сілу. Калі пажадаюць палей, забіраюць іх, калі дамоў — захопліваюць іх, прыгнятаюць чалавека і яго дом, чалавека і яго спадчыну.

Таму Пан так кажа: Вось маю намер спаслаць на гэты род такую нядолю, ад якой не ўхіліце сваіх каркаў і не будзеце хадзіць ганарыста, бо гэта будзе час ліхі. У той дзень разнясуць пра вас прымаўку і будуць плакаць горка і казаць: Мы цалкам абрабаваныя! Доля народу майго аддадзена іншым. Як жа вернецца да мяне. Нашыя палі падзелены паміж рабаўнікамі.

Таму не будзе ў цябе нікога, хто б кінуў жэрабя, як шнур, на сходзе перад Панам.

Гэта слова Божае.

Субота — пяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 3, 9–24
Выгнаў Пан Бог яго з эдэмскага саду, каб ён апрацоўваў зямлю

Чытанне кнігі Быцця.

Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, таму схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею:

За тое, што ты зрабіў гэта,
ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі.
На жываце сваім поўзаць будзеш
і пыл будзеш есці
праз усе дні жыцця свайго.
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю,
і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам.
Яно сатрэ табе галаву,
а ты сатрэш яго пяту.

А жанчыне сказаў: Памножу цярпенні твае ў тваёй цяжарнасці, у муках будзеш нараджаць патомства, да мужа твайго будзе скіравана прагненне тваё, а ён будзе панаваць над табою.

Адаму ж Бог сказаў: За тое, што ты паслухаў голас сваёй жонкі і еў з таго дрэва, з якога Я загадаў табе не есці, кажучы: не еш з яго, — праклятая будзе зямля праз цябе, у цяжкай працы будзеш здабываць ежу з яе ва ўсе дні жыцця свайго. Церні і асот яна будзе табе расціць, і ты будзеш есці палявыя травы. У поце аблічча свайго будзеш спажываць хлеб, пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты, бо ты пылам ёсць і ў пыл вернешся.

І назваў Адам жонку сваю Евай, бо яна стала маці ўсіх жывых.

Пан Бог зрабіў Адаму і ягонай жонцы адзенне са скураў і апрануў іх. Тады сказаў Пан Бог: Вось чалавек стаў такім, як адзін з Нас, пазнаўшы дабро і зло. Каб цяпер не працягнуў рукі сваёй і не ўзяў таксама плод з дрэва жыцця, і каб не з’еў яго, і не жыў навекі. І выгнаў Пан Бог яго з саду Эдэн, каб ён апрацоўваў зямлю, з якой быў узяты. Выгнаў Ён Адама, а на ўваходзе ў эдэнскі сад паставіў Херубімаў і мільгаючае вастрыё мяча, каб сцерагчы шлях да дрэва жыцця.

Гэта слова Божае.

  • Па прыкладзе Марыі
    Моладзь Чырвонага касцёла запрашае на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту 23 мая пасля Св. Імшы а 19 гадзіне.
  • Май
    2019

    Тэатр Зніч

  • Красавік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"