Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Субота — V Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 16, 1–10
Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Павел прыбыў у Дэрбэ і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, па імені Цімафей, сын жанчыны юдэйкі, якая паверыла, і бацькі грэка. Браты ў Лістры і Іконіі добра сведчылі пра яго. Таму Павел захацеў узяць яго з сабою, і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцінах. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў грэкам. Калі праходзілі праз гарады, наказвалі вернікам захоўваць пастановы, прынятыя Апосталамі і старэйшымі ў Ерузалеме. Касцёлы ж умацоўваліся ў веры і штодня ўзрасталі ў колькасці.

Прайшлі Фрыгію і краіну Галатаў, і Дух Святы стрымліваў іх ад абвяшчэння слова ў Азіі. Прыйшоўшы ў Мізію, спрабавалі ісці ў Бітынію, але Дух Езуса не дазволіў ім. Тады яны прайшлі Мізію і сышлі ў Трааду. І меў Павел уначы аб’яўленне: стаяў перад ім чалавек, нейкі македонец, і прасіў яго, кажучы: Прыйдзі ў Македонію і дапамажы нам.

Пасля гэтага аб’яўлення мы адразу вырашылі адправіцца ў Македонію, упэўненыя, што Бог паклікаў нас абвяшчаць там Евангелле.

Гэта слова Божае.

Субота — V Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 37, 21–28
Я зраблю іх адным народам

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я вазьму сыноў Ізраэля з народаў, між якімі разышліся, і збяру іх адусюль, і прывяду іх да зямлі іх. Я зраблю іх адным народам на зямлі, на гарах Ізраэля, і адзін кароль будзе каралём над імі ўсімі, і яны больш не будуць двума народамі, і больш не будуць падзеленыя на два каралеўствы.

І ўжо не будуць апаганьваць сябе сваімі ідаламі, ні брыдотай сваёй, ні праступкамі сваімі. Я вызвалю іх з усіх іхніх паселішчаў, дзе яны грашылі, і ачышчу іх. Яны будуць Маім народам, а Я буду іх Богам.

Слуга Мой, Давід, будзе каралём над імі, і адзін пастыр будзе над усімі імі. Яны будуць паступаць паводле Маіх законаў і наказы Мае будуць захоўваць і выконваць. І будуць жыць на зямлі, якую Я даў слузе Майму Якубу, на якой жылі бацькі вашыя. Там будуць жыць яны і дзеці іхнія, і дзеці дзяцей іх навекі. А Давід, слуга Мой, будзе правадыром іх назаўсёды.

І заключу з імі запавет спакою: гэта будзе вечны запавет з імі. Я ўмацую іх і памножу, і пастаўлю Маю святыню сярод іх навекі. Жыллё Маё будзе сярод іх, Я буду іх Богам, а яны будуць Маім народам. І даведаюцца народы, што Я, Пан, асвячаю Ізраэль, калі Мая святыня будзе сярод іх назаўсёды.

Гэта слова Божае.

Субота — VI Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 18, 23–28
Аполас публічна даказваў праз Пісанні, што Езус — гэта Месія

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Павел, правёўшы пэўны час у Антыёхіі, выйшаў і праходзіў па чарзе краіну галатаў і Фрыгію, умацоўваючы ўсіх вучняў.

Адзін юдэй, па імені Аполас, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і знаўца Пісанняў, прыйшоў у Эфес. Быў ён настаўлены на шлях Пана і з запалам прамаўляў і вучыў старанна пра Езуса, хоць і ведаў толькі хрост Яна. Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагозе. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, узялі яго і навучылі яго дакладней шляху Божаму.

А калі ён збіраўся ісці ў Ахаю, браты напісалі вучням і папрасілі прыняць яго. Калі ён прыйшоў туды, шмат дапамагаў тым, хто паверыў дзякуючы ласцы. Ён адважна пераконваў юдэяў, публічна даказваючы праз Пісанні, што Езус — гэта Месія.

Гэта слова Божае.

Субота — VII Велікодны тыдзень

 РАНІШНЯЯ ІМША

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 28, 16–20. 30–31
Застаўся ў Рыме, прапаведуючы Божае Валадарства

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі мы прыйшлі ў Рым, Паўлу дазволілі жыць асобна з жаўнерам, які яго вартаваў.

Праз тры дні Павел склікаў да сябе самых знакамітых юдэяў і, калі яны сышліся, сказаў ім: Браты, я не зрабіў нічога супраць народа ці звычаяў айцоў, аднак мяне як вязня перадалі ў рукі рымлянаў. Яны дапыталі мяне і хацелі адпусціць, бо ў мяне не было ніякай смяротнай віны.

Калі юдэі пярэчылі гэтаму, я вымушаны быў звярнуцца да цэзара, але не для таго, каб у нечым вінаваціць свой народ. Таму я паклікаў вас, каб пабачыцца і паразмаўляць з вамі, бо за надзею Ізраэля я закаваны ў гэтыя кайданы.

Жыў Павел цэлыя два гады ў нанятым ім доме і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго, прапаведуючы Божае Валадарства і навучаючы пра Пана Езуса Хрыста, без перашкоды і з усёй адвагай.

Гэта слова Божае.

Субота — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 12, 1-10
Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Калі трэба хваліцца, хоць гэта і некарысна, то перайду да бачанняў і аб’яўленняў Пана. Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму (ці ў целе, не ведаю, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны аж да трэцяга неба. І ведаю, што гэты чалавек (ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны ў рай і чуў невыказныя словы, якіх чалавеку нельга перадаць.

Гэтым буду хваліцца, а сабою не пахвалюся, хіба што слабасцю маёй. Калі захачу пахваліцца, не буду неразважлівым, бо скажу праўду. Але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым ува мне бачыць або чуе ад мяне.

Каб я не хваліўся нязвыкласцю аб’яўленняў, дадзена мне джала ў цела, пасланец сатаны, каб біць мяне. Таму я тройчы маліў Пана аб тым, каб адвёў яго ад мяне. Але Пан сказаў мне: Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці.

Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста. Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні, уціск за Хрыста, бо, калі я слабы, тады моцны.

Гэта слова Божае.

Субота — адзінаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кр 24, 17–25
Захарыя, якога вы забілі паміж святыняй і ахвярнікам

Чытанне Першай кнігі Кронікаў.

Пасля таго, як памёр Ёад, прыйшлі старэйшыны юдэйскія і пакланіліся каралю. Тады кароль пачаў слухацца іх. І пакінулі дом Пана, Бога айцоў іхніх, і пачалі служыць дрэвам і ідалам. І сышоў гнеў Божы на Юду і Ерузалем за гэтую правіну. І паслаў Пан да іх прарокаў, каб навярнуліся да Пана, і яны пераконвалі іх, але тыя не слухалі.

Тады Дух Божы ахінуў Захарыя, сына святара Ёада, і ён стаў на ўзвышэнні перад народам, і сказаў ім: Так кажа Бог: навошта вы пераступаеце наказы Пана? Не будзе вам шчасціць, бо вы пакінулі Пана, і Ён пакіне вас. І змовіліся супраць яго, і каменавалі яго паводле загаду караля на дзядзінцы дома Пана. І не ўспомніў кароль Яас дабрадзейства, якое ўчыніў яму Ёад, айцец Захарыі, і забіў сына яго. Паміраючы, Захарыя сказаў: Няхай бачыць Пан і няхай адпомсціць!

У канцы года выступіла супраць Яааса войска сірыйскае, і ўвайшлі ў Юдэю і ў Ерузалем, і знішчылі ўсіх старэйшынаў народа, і ўсю здабычу паслалі каралю ў Дамаск. Хоць з невялікай колькасьцю людзей прыходзіла сірыйскае войска, Пан даў у рукі ім вельмі магутнае войска, бо тыя пакінулі Пана, Бога айцоў сваіх. Так выканалі яны над Яасам прысуд. І, адыходзячы, пакінулі яго ў цяжкіх хваробах, а слугі ягоныя змовіліся супраць яго, каб адпомсціць за кроў сына святара Ёада. І забілі яго на ложку ягоным, і ён памёр. Пахавалі яго ў горадзе Давіда, але не паклалі яго ў каралеўскіх грабніцах.

Гэта слова Божае.

Субота — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 6, 4–13
Слухай, Ізраэль, любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх. Няхай гэтыя словы, якія сёння я наказваю табе, будуць у сэрцы тваім. І будзеш навучаць ім дзяцей сваіх і гаварыць пра іх, калі будзеш дома, падчас твайго падарожжа, кладучыся спаць і ўстаючы. Прывяжаш іх, як знак, да рукі сваёй, і яны будуць табе як павязка паміж вачыма тваімі. І напішаш іх на вушаках дому свайго і на брамах сваіх.

І прывядзе цябе Пан Бог твой у зямлю, якую абяцаў айцам тваім Абрагаму, Ісааку і Якубу, што дасць табе разам з вялікімі і добрымі гарадамі, якіх ты не будаваў, з дамамі, поўнымі ўсялякага дабра, якіх ты не напаўняў, са студнямі, якіх ты не капаў, з вінаграднікамі і аліўкамі, якіх ты не садзіў. Ты будзеш спажываць і насыцішся. Сцеражыся тады, каб не забыцца пра Пана, які вывеў цябе з егіпецкай зямлі, з дому няволі. Будзеш баяцца Пана Бога твайго, і служыць Яму, і клясціся Ягоным імем.

Гэта слова Божае.

Субота — васемнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Абк 1, 12 — 2, 4
Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці

Чытанне кнігі прарока Абакума.

Хіба не Ты спрадвечны, Пане мой Божа, святы мой? Мы не памром! Пане, Ты прызначыў халдэйскі народ для суда, скала мая! Ты захаваў яго для пакарання. Чыстыя вочы Твае не могуць бачыць зла, і глядзець на няшчасце Ты не можаш. Чаму ж Ты глядзіш на тых, хто паступае несправядліва, і маўчыш, калі бязбожны паглынае больш справядлівага, чым ён?

Ты абыходзішся з людзьмі, як з рыбамі у моры, як з паўзунамі, што не маюць гаспадара. Халдэі падымаюць іх вудай, цягнуць іх у бродніку сваім і збіраюць у сетку сваю, і радуюцца гэтаму, і весяляцца. За гэта прыносяць ахвяру нерату свайму і кадзяць сваёй сетцы, бо ад іх пажыўная доля іхняя і спажытак тлусты. Ці яны будуць зноў спаражняць свае сеткі і далей бязлітасна забіваць народы?

Я стану на сваёй варце, і падымуся на вежу, і буду пільна сачыць, што скажа мне і што адкажа на скаргу маю.

І сказаў мне Пан у адказ: Запішы, што бачыш, і растлумач на табліцах, каб чытач мог лёгка прачытаць. Бо тое, што бачыш, прызначана яшчэ на пэўны час і гаворыць пра канец, і не ашукае. Калі нават будзе марудзіць, чакай, бо прыйдзе абавязкова, не спозніцца. Вось знемагае той, у каго несправядлівая душа, а праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці.

Гэта слова Божае.

Субота — восьмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Юд 17. 20b–25
Богу, які можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі

Чытанне Паслання святога апостала Юды.

Умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней апосталамі нашага Пана Езуса Хрыста. Будуйце сябе на падставе найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым. Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага.

Да адных, што сумняваюцца, будзьце міласэрныя; другіх ратуйце, выхопліваючы з агню; да іншых будзьце міласэрнымі са страхам, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную целам.

А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі і радаснымі, Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, нашага Пана – слава, веліч, панаванне і ўлада перад ўсімі вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн.

Гэта слова Божае.

Субота — дванаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Пл 2, 2. 10-14. 18-19
Усклікае сэрца іхняе да Пана над мурамі дачкі Сіёна

Чытанне кнігі Плачу Ераміі.

Загубіў Пан, не пашкадаваў,
усе пасяленні Якуба,
разбурыў у гневе сваім
цвярдыні дачкі Юды,
скінуў на зямлю,
зняславіў валадарства і правіцеляў ягоных.
Маўкліва сядзяць на зямлі
старцы дачкі сіёнавай,
пасыпалі попелам свае галовы,
падперазаліся рыззём,
апусцілі галовы свае да зямлі
дзевы ерузалемскія.
Знясілелі вочы мае ад слёз,
хвалюецца нутро маё,
выліваецца на зямлю печань мая
з-за знішчэння дачкі народу майго,
калі дзеці і немаўляты гінуць
на вуліцах горада.
Сваім маці кажуць яны:
Дзе хлеб і віно?
І падаюць, як параненыя,
на вуліцах горада,
выліваючы душы свае
на ўлонне сваіх маці.
Што мне сказаць табе, з чым параўнаць цябе,
дачка Ерузалема?
Да чаго прыпадобніць цябе, каб суцешыць цябе,
дзева, дачка Сіёна?
Бо вялікае, як мора, знішчэнне тваё.
Хто ж цябе вылечыць?
Прарокі твае вяшчалі табе
пустое і марнае
і не выкрывалі беззаконня твайго,
каб папярэдзіць твой палон,
і адкрывалі табе аб’яўленні ілжывыя і спакуслівыя.
Усклікае сэрца іхняе да Пана.
Над мурамі дачкі Сіёна
пралівай, як паток, слёзы дзень і ноч,
не давай сабе спакою,
не давай адпачынку зрэнкам вачэй тваіх.
Уставай, крычы сярод ночы,
на пачатку кожнай варты.
Вылівай, як ваду, сэрца тваё
перад абліччам Панам.
Уздымай да Яго рукі свае
за душу тваіх дзяцей,
што млеюць ад голаду
на рагах усіх вуліц.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рут 2, 1–3. 8–11; 4, 13–17
Пан не пакінуў цябе сёння без наступніка. Ён стаў бацькам Есэя, бацькі Давіда

Пачатак кнігі Руты.

У Наамі быў сваяк па ейным мужу, чалавек заможны, з роду Элімэлеха, а звалі яго Боаз. Маабіцянка Рут сказала Наамі: Пайду я на поле і буду падбіраць каласы за тым, у чыіх вачах знайду прыхільнасць. Яна адказала: Ідзі, дачка мая.

Тады яна пайшла і, прыйшоўшы, збірала ў полі за жнеярамі. І выйшла, што тая частка поля належала Баазу, які паходзіў з роду Элімэлеха. І Боаз сказаў Руце: Слухай, дачка, не хадзі падбіраць па іншым полі і не сыходзь адсюль, але далучыся да маіх служанак. Глядзі на тое поле, на якім яны жнуць, і хадзі за імі. Я загадаў слугам сваім не чапаць цябе. Калі сасмагнеш, ідзі да начынняў і пі, адкуль чэрпаюць мае слугі. Яна ўпала на твар свой і, пакланіўшыся да зямлі, сказала: За што знайшла я прыхільнасць у вачах тваіх, што ты прыняў мяне, хоць я чужаземка? І адказаў ёй Боаз: Мне расказалі ўсё, што ты зрабіла для сваёй свекрыві пасля смерці мужа свайго, як ты пакінула сваіх бацькоў і зямлю, на якой нарадзілася, і прыйшла да народа, якога раней не ведала.

Пасля Боаз узяў Рут, і яна стала яго жонкай. Ён увайшоў да яе, і Пан даў ёй зацяжарыць, і нарадзіла яна сына. А жанчыны казалі Наамі: Благаслаўлёны Пан, які не пакінуў цябе сёння без наступніка. Няхай імя ягонае стане слаўным у Ізраэлі. Няхай ён суцяшае душу тваю і падтрымлівае цябе ў старасці, бо нарадзіла яго нявестка твая, якая цябе любіць і лепшая для цябе за семярых сыноў. І ўзяла Наамі дзіця гэтае, і паклала яго на калені, і была яму нянькаю.

І далі суседкі імя яму, кажучы: У Наамі нарадзіўся сын! І назвалі яго імем Абэд. Ён стаў бацькам Есэя, бацькі Давіда.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 43, 1–7а
Веліч Пана ўвайшла ў святыню

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Анёл прывёў мяне да брамы, што была звернута на ўсход. І вось слава Бога Ізраэля ішла з усходу, а шум нагадваў шум вялікіх водаў, і зямля ззяла ад Ягонай велічы. І гэта выглядала, як візія, якую бачыў я, калі Ён прыйшоў зруйнаваць горад. Візія нагадвала тое, што я бачыў над ракою Кебар. І я ўпаў на твар свой.

Калі веліч Пана ўвайшла ў святыню праз усходнюю браму, тады дух узняў мяне і занёс ва ўнутраны двор. І вось дом напоўніўся славаю Пана.

І я пачуў, як нехта гаворыць да мяне з дому, а той муж стаяў каля мяне. І ён сказаў мне: Сыне чалавечы, гэта месца Майго трону і месца ступняў Маіх ног, дзе Я буду навекі жыць сярод сыноў Ізраэля.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць восьмы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 4, 13. 16–18
Насуперак надзеі, паверыў з надзеяй

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.

Браты:

Абяцанне Абрагаму і патомству ягонаму, што ён будзе спадкаемцам свету, было дадзена не Законам, але праз справядлівасць веры. А праз веру, каб яно было дарам ласкі, каб яно было пэўным для ўсяго патомства. Не толькі для тых, хто абапіраецца на Закон, але і для тых, хто трымаецца веры Абрагама, які ёсць айцом усіх нас — як напісана: Я паставіў цябе айцом многіх народаў — перад абліччам Бога, якому ён паверыў як таму, хто ажыўляе мёртвых і кліча да існавання тое, чаго не існуе. Абрагам, насуперак надзеі, паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: Такое вялікае будзе патомства Тваё.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць восьмы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 15–23
Паставіў Хрыста галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Пачуўшы пра вашую веру ў Езуса Хрыста і пра любоў да ўсіх святых, не перастаю дзякаваць за вас Богу, успамінаючы вас у малітвах сваіх, каб Бог Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Ягонага, якое багацце слаўнай спадчыны Ягонай для святых і якая нязмерная веліч моцы Ягонай у нас, веруючых праз дзеянне магутнай сілы Ягонай, якую Ён выявіў у Хрысце, калі ўваскрасіў Яго з мёртвых і пасадзіў праваруч сябе на нябёсах, вышэй за ўсялякае княжанне, і ўладу, і сілу, і панаванне, і за ўсялякае імя, якое называюць не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым.

І ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя, і паставіў Яго па-над усім галавою Касцёла, які ёсць целам Ягоным, паўнатою таго, хто напаўняе ўсё ва ўсім.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць другі звычайны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 4, 6b–15
Мы галадаем, смагнем і церпім галечу

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Ад мяне і Аполаса навучыцеся не выходзіць па-за тое, што напісана, каб вы не ўзносіліся адзін над адным. Бо хто робіць цябе адрозным? Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, то чаму хвалішся, нібыта не атрымаў? Вы ўжо насыціліся, ужо ўзбагаціліся і пачалі валадарыць без нас. І няхай бы валадарылі, каб мы таксама пачалі валадарыць разам з вамі.

Бо я думаю, што Бог паказаў нас, Апосталаў, апошнімі, нібыта людзей, асуджаных на смерць. Таму што мы сталі відовішчам для свету, Анёлаў і людзей. Мы неразумныя дзеля Хрыста, вы ж разумныя ў Хрысце; мы немачныя, вы ж моцныя; вы ў славе, а мы без пашаны. Нават да цяперашняй гадзіны мы галадаем і смагнем, церпім галечу і пабоі, не маем дому і цяжка працуем, зарабляючы ўласнымі рукамі. Калі нас праклінаюць, мы благаслаўляем; калі пераследуюць, мы церпім; калі нас ганьбяць, мы адказваем ласкава. Мы сталі як смецце свету, як адкіды ўсяго ажно дагэтуль.

Я пішу гэта не для таго, каб пасаромець вас, але каб асцерагчы вас як сваіх умілаваных дзяцей. Бо калі б нават вы мелі безліч выхаваўцаў у Хрысце, у вас усё адно не будзе шмат айцоў, таму што я нарадзіў вас праз Евангелле ў Хрысце Езусе.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць другі звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 1, 21–23
Бог прымірыў вас, каб паставіць вас святымі і беззаганнымі

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.

Браты:

Хоць вы калісьці былі адчужаныя і варожыя паводле мыслення і сваіх благіх справаў, цяпер Бог прымірыў вас у целе плоці Хрыстовай праз Ягоную смерць, каб паставіць вас перад Ягоным абліччам святымі, беззаганнымі і бездакорнымі, калі толькі вы сапраўды грунтоўна і цвёрда трываеце ў веры і не даеце адвесці сябе ад надзеі Евангелля, якое пачулі і якое было абвешана ўсяму стварэнню пад небам, слугою якога стаў я, Павел.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 4, 9–11
Вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланiкiйцаў.

Браты:

Няма патрэбы пісаць вам пра братнюю любоў, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго і робіце так у дачыненні да ўсіх братоў ва ўсёй Македоніі. Заахвочваем вас, браты: узбагачайцеся ў гэтым яшчэ больш, імкніцеся жыць у спакоі, выконвайце свае абавязкі і працуйце ўласнымі рукамі, як мы наказалі вам.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 26–31
Слабое свету выбраў Бог

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Паглядзіце, браты, на пакліканне вашае. Няшмат сярод вас мудрых паводле цела, няшмат моцных, няшмат высакародных.

Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных, і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам.

Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе, які стаў для нас мудрасцю ад Бога, і справядлівасцю, і пасвячэннем, і адкупленнем, каб было, як напісана: Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць пяты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 2, 5-9. 14-15а
Вось Я іду і пасялюся пасярод цябе

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Я падняў свае вочы і ўбачыў: вось чалавек з землямерным шнуром. Я спытаўся: Куды ідзеш ты? Ён адказаў мне: Памераць Ерузалем і паглядзець, якая шырыня яго і якая даўжыня яго.

І вось Анёл, які гутарыў са мною, выйшаў, а другі Анёл скіраваўся яму насустрач і сказаў: Бяжы і скажы гэтаму юнаку: Ерузалем застанецца горадам без муроў, так шмат будзе ў ім людзей і жывёлы. І Я стану для яго, – кажа Пан, – вогненным мурам навокал і буду славай ягонай пасярод яго.

Весяліся і радуйся, дачка Сіёна,
бо вось Я іду і пасялюся пасярод цябе, – кажа Пан.
І многія народы прыйдуць да Пана ў дзень той,
і стануць для Яго народам.

Гэта слова Божае.

Субота — дваццаць пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Экл 11, 9 — 12, 8
Памятай пра Стваральніка свайго, пакуль пыл не вярнуўся ў зямлю і дух не адышоў да Бога

Чытанне кнігі Эклезіяста.

Радуйся, юнак, у маладосці сваёй, і няхай радуецца сэрца тваё ва ўсе дні твайго юнацтва. Хадзі шляхамі сэрца свайго і таго, што бачаць твае вочы. Толькі ведай, што за ўсё гэта Бог цябе пакліча на суд. Адганяй клопат ад сэрца свайго і аддаляй зло ад свайго цела, бо юнацтва і маладосць — гэта марнасць.

Памятай пра Стваральніка свайго ў дні сваёй маладосці, пакуль не настаў час нядолі і не наблізіліся гады, пра якія ты скажаш: Яны непрыемныя мне. Пакуль не паблякла сонца, святло, месяц і зоркі; пакуль не вярнуліся хмары пасля дажджу. Тады задрыжаць вартаўнікі дому і схіляцца моцныя мужы. Тады млынаркі будуць хутка спыняць працу, бо іх стане менш, і спахмурнеюць тыя, хто выглядае праз вокны. Тады зачыняцца дзверы на вуліцу, сціхне шум жорнаў, і будуць падымацца на крык птушкі. Тады замоўкнуць гукі спеву, тады пачнуць баяцца вышыняў і адчуваць страх на дарозе. Тады заквітнее міндаль, пацяжэе саранча і рассыплецца каперс. Але чалавек адыходзіць да свайго дому вечнасці і жалобніцы ўжо ходзяць па вуліцы.

Памятай пра Стваральніка, пакуль не парваўся срэбны шнур, і не разламаўся залаты кубак, і не разбіўся збан каля студні, і зламанае кола не звалілася ў калодзеж. Тады пыл вернецца ў зямлю, з якой паўстаў, а дух адыдзе да Бога, які яго даў.

Марнасць марнасцяў, — сказаў Эклезіяст, — усё марнасць.

Гэта слова Божае.

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"