Увечары 5 верасня ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены вялікая колькасць людзей узяла ўдзел у святой Імшы за пацярпелых, забітых і зняволеных на мірных акцыях пратэсту ў Беларусі. Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Да іх духоўна далучыліся яшчэ каля трох тысяч, якія глядзелі анлайн-трансляцыю набажэнства на партале Catholic.by.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Езд 9, 5-9 Пан не пакінуў нас у няволі нашай
Чытанне кнігі Ездры.
Я, Ездра, у час вечаровай ахвяры падняўся з месца нядолі сваёй і, разарваўшы шаты і плашч, упаў на калені свае, і працягнуў свае рукі да Пана Бога свайго.
Я сказаў: Мой Божа, мне сорамна і няёмка звярнуць свой твар да Цябе, таму што беззаконні нашыя падняліся вышэй за галаву, а нашыя правіны выраслі аж да неба. Ад дзён бацькоў нашых аж да гэтага дня на нас – цяжкая віна. За беззаконні нашыя мы самі, каралі нашыя і святары нашыя былі аддадзены ў рукі чужаземных каралёў, пад меч, у палон, на разрабаванне і на сорам, як сёння.
Але вось, неўзабаве мы знайшлі ласку ў Пана Бога нашага, які захаваў для нас рэшту ацалелых, умацаваў нас на месцы святыні сваёй. І асвятліў наш Бог вочы нашыя, і даў нам трохі ажыць у няволі нашай. Бо мы нявольнікі, але Пан не пакінуў нас у няволі нашай. Ён павярнуў да нас міласэрнасць каралёў Персіі, каб яны далі нам ажыць, каб быў пабудаваны дом Бога нашага і адноўлены ягоныя руіны, а мы атрымалі прыстанішча ў Юдэі і Ерузалеме.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Прып 30, 5–9 Не давай мне ні беднасці, ні багацця, але ўдзяляй мне хлеба, колькі адмерана мне
Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.
Кожнае слова Бога выпрабавана ў агні; Ён шчыт для тых, хто ў Ім прыбежышча шукае. Не дадавай нічога да Ягоных слоў, каб Ён не дакарыў цябе і ты не аказаўся ілгуном. Дзвюх рэчаў я прашу ў Цябе, Пане, не адмаўляй мне ў гэтым аж да смерці. Адхіляй ад мяне падман і хлусню і не давай мне ні беднасці, ні багацця, але ўдзяляй мне хлеба, колькі адмерана мне, каб, выпадкам, стаўшы сытым я не адрокся і не гаварыў: Хто Пан? — каб красці ад беднасці не стаў і не зняважыў імя Пана.