Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

V Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 7, 1–4. 6–7
Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання?

Чытанне кнігі Ёва.

Так гаварыў Ёў, кажучы:

Хіба жыццё чалавека на зямлі не нагадвае змагання, а дні ягоныя — дзён найміта? Як нявольнік прагне ценю і як найміт прагне платы сваёй, так я атрымаў у спадчыну месяцы марнасці і ночы пакутаў адведзены мне. Калі я кладуся, кажу: Калі ж я ўстану? Але вечар працягваецца, і я непакоюся аж да світання.

Дні мае хутчэйшыя за ткацкі чаўнок, яны мінаюць, не пакідаючы надзеі. Помні, што жыццё маё — гэта вецер, і вочы мае не ўбачаць больш шчасця.

Гэта слова Божае.

V Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 58, 7–10
Заззяе, як золак, святло тваё

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

Дзяліся з галодным хлебам сваім, пускай у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, апрані яго і ад роднага свайго не хавайся.

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я!

Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць беззаконне, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень.

Гэта слова Божае.

V Нядзеля Вялікага посту, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 37, 12–14
І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я адкрыю магілы вашыя, і выведу вас, народ Мой, з магілаў вашых, і прывяду вас у зямлю Ізраэля. І даведаецеся, што Я — Пан ваш, калі адкрыю магілы вашыя і выведу вас, народзе Мой, з магілаў вашых. І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць і спачываць на зямлі вашай, і даведаецеся, што Я, Пан сказаў і зрабіў гэта, — кажа Пан.

Гэта слова Божае.

V Нядзеля Вялікага посту, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 31, 31–34
Устанаўлю новы запавет і грахоў не буду ўспамінаць

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — калі ўстанаўлю з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет. Не паводле запавету, які Я ўстанавіў з іх продкамі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці з зямлі егіпецкай. Той запавет Мой парушылі, хоць Я быў іх Валадаром, — кажа Пан.

Але вось запавет, які ўстанаўлю з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан. Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам. І больш не будуць вучыць яны бліжняга свайго ці брата, кажучы: Пазнайце Пана! Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне, — кажа Пан, — таму што дарую ім правіны і грахоў іхніх больш не буду ўспамінаць.

Гэта слова Божае.

VI Велікодная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 8, 5–8. 14–17
Усклалі на іх рукі, і яны прынялі Духа Святога

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Філіп прыйшоў у самарыйскі горад і абвяшчаў там Хрыста. А людзі згодна слухалі, што казаў Філіп, чуючы і бачучы ўчыненыя ім цуды. Бо з многіх апантаных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, і шмат спаралізаваных і кульгавых было аздароўлена. І была вялікая радасць у гэтым горадзе.

Калі ж Апосталы ў Ерузалеме пачулі, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна, якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Святога, таму што Ён яшчэ не сыходзіў ні на кога з іх, бо яны былі толькі ахрышчаныя ў імя Пана Езуса. Тады Апосталы ўсклалі на іх рукі, і яны прынялі Духа Святога.

Гэта слова Божае.

VI Велікодная нядзеля, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 10, 25–26. 34–35. 44–48
Дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму. Пётр падняў яго, кажучы: Устань, я таксама чалавек.

Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: Сапраўды, разумею, што Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва.

Калі Пётр казаў яшчэ гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова. І вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў. Бо чулі, як тыя размаўлялі на розных мовах і славілі Бога.

Тады сказаў Пётр: Ці можа хто забараніць хрысціцца тым, хто, атрымаў Святога Духа, як і мы? І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста.

Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.

Гэта слова Божае.

VI Велікодная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 15, 1-2. 22-29
Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Некаторыя з тых, хто прыйшоў з Юдэі, вучылі братоў: Калі не будзеце абрэзаныя паводле звычаю Майсея, не зможаце быць збаўленымі.

Калі распачалася немалая спрэчка і змаганне Паўла і Барнабы з імі, было вырашана, што Павел і Барнаба, і некаторыя іншыя з іх пойдуць у гэтай справе да Апосталаў і старэйшых у Ерузалем.

Апосталы і старэйшыя разам з усім Касцёлам, выбраўшы сярод сябе Юду, званага Барсабам, і Сілу – мужоў, якія былі першымі сярод братоў, пастанавілі паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Барнабаю. І праз іх выслалі такі ліст:

Апосталы і старэйшыя браты вітаюць братоў язычніцкага паходжання ў Антыёхіі, Сірыі і Кілікіі. Мы пачулі, што некаторыя з нас адправіліся без нашага даручэння і ўстрывожылі вас словамі, пахіснуўшы вашыя душы. Таму мы згодна пастанавілі выбраць мужоў і паслаць іх да вас з нашымі ўмілаванымі Барнабам і Паўлам, людзьмі, якія аддаюць жыццё сваё дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста. Мы паслалі да вас Юду і Сілу, якія абвесцяць вам тое самае словамі. Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна: устрымлівайцеся ад ахвяраў ідалам і ад крыві, ад таго, што задушана, і ад распусты. Калі будзеце ўстрымлівацца ад гэтага, добра зробіце. Бывайце здаровы.

Гэта слова Божае.

VI Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 13, 1-2. 44-46
Пракажоны будзе жыць асобна, па-за лагерам

Чытанне кнігі Левіта.

Пан прамовіў да Майсея і Аарона, кажучы: Калі чалавек мае на скуры цела свайго пухліну ці струп, ці белую пляму, і з’явіцца на скуры цела ягонага язва праказы, то трэба прывесці яго да святара Аарона ці да аднаго з сыноў ягоных, святароў.

Гэта пракажоны чалавек, ён нячысты. І святар павінен абвясціць яго нячыстым, бо на галаве ягонай язва. І пракажоны, на якім ёсць гэта язва, павінен мець адзенне сваё разарваным, непакрытую галаву, заслоненую бараду і павінен крычаць: Нячысты, нячысты! Ён будзе нячысты ўвесь час, пакуль будзе на ім язва; ён нячысты. Будзе жыць асобна, і жыллё ягонае па-за лагерам.

Гэта слова Божае.

VII Велікодная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 1, 12–14
Сумесна трывалі ў малітве

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

Калі Езус узнёсся на неба, Апосталы вярнуліся ў Ерузалем з гары, называнай Аліўнай, што непадалёк ад Ерузалема, на адлегласці суботняй дарогі.

І калі ўвайшлі, падняліся ў святліцу, дзе знаходзіліся Пётр і Ян, і Якуб, і Андрэй, Філіп і Тамаш, Барталамей і Мацвей, Якуб Алфеевы і Сымон Зелот, і Юда Якубаў. Усе яны сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі.

Гэта слова Божае.

VII Велікодная нядзеля, Год В

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 1, 15–17. 20а. 20c–26
Трэба, каб адзін з тых стаў разам з намі сведкам Яго ўваскрасення

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні Пётр стаў сярод вучняў, а сабралася разам каля ста дваццаці чалавек, і сказаў: Браты, належала споўніцца словам Пісання, якія Дух Святы прадказаў вуснамі Давіда пра Юду, стаўшага правадыром для тых, хто схапіў Езуса. Бо ён быў залічаны да нас і атрымаў удзел у гэтым служэнні.

А ў кнізе Псальмаў напісана: Пасаду ягоную няхай зойме іншы.

Таму трэба, каб адзін з тых, хто быў з намі ўвесь час, калі заставаўся з намі Пан Езус, пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня Яго ўзнясення ад нас, стаў разам з намі сведкам Яго ўваскрасення.

І паставілі дваіх: Юзафа, якога звалі Барсабам, а празывалі Справядлівым, і Мацея. І, памаліўшыся, сказалі: Ты, Пане, ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў, каб ён заняў месца гэтага служэння і апостальства, ад якога адышоў Юда, каб пайсці сваім шляхам. І далі ім лёсы, і выпаў лёс на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў.

Гэта слова Божае.

VII Велікодная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 7, 55-60
Бачу Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Стэфан, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога, і сказаў: Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога.

Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам. І вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.

І каменавалі Стэфана, які заклікаў і казаў: Пане Езу, прымі дух мой. І, упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: Пане, не лічы ім граху гэтага!

І, сказаўшы гэта, спачыў.

Гэта слова Божае.

VII Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 19, 1–2. 17–18
Любі бліжняга свайго, як самога сябе

Чытанне кнігі Левіта.

Пан прамовіў да Майсея, кажучы:

Звярніся да ўсяго сходу сыноў Ізраэля і скажы ім: будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш.

Не будзеш ненавідзець брата свайго ў сэрцы сваім. Настаўляй яго, каб не мець граху з-за яго. Не шукай помсты і не злуйся на сыноў народа свайго. Любі бліжняга свайго, як самога сябе. Я — Пан.

Гэта слова Божае.

VIII Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 27, 4–7
Не хвалі чалавека перад размовай

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Калі прасейваць праз сіта, застаюцца высеўкі,
так і недахопы чалавека выяўляюцца, калі ён разважае.
Начынне ганчара выпрабоўваюць у печы,
а чалавека выпрабоўваюць у размове з ім.
Па пладах дрэва пазнаюць, як яго даглядалі,
так і па словах выяўляюцца задумы чалавечага сэрца.
Не хвалі чалавека перад размовай,
бо такім чынам выпрабоўваюцца людзі.

Гэта слова Божае.

VIIІ Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 49, 14–15
Я не забуду пра цябе

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Пан прамовіў да Майсея, кажучы:

І сказаў Сіён: Пан мяне пакінуў, Пан забыў пра мяне. Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе.

Гэта слова Божае.

VІ Звычайная нядзеля, Год А

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 15, 15–20
Нікому не загадваў быць бязбожным

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Калі захочаш, захаваеш запаведзі
і застанешся верным Яго ўпадабанню.
Ён паставіў перад табою агонь і ваду,
а ты працягні руку сваю да таго, чаго захочаш.
Перад чалавекам жыццё і смерць,
і што спадабаецца, будзе дадзена яму.
Бо вялікая мудрасць Пана,
магутная Яго ўлада і Ён усё бачыць.
Ягоныя вочы над тымі, хто Яго баіцца.
Ён ведае кожны чалавечы ўчынак.
Ён нікому не загадваў быць бязбожным
і нікому не даваў дазволу грашыць.

Гэта слова Божае.

VІ Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 17, 5-8
Пракляты, хто спадзяецца на чалавека; благаслаўлёны, хто спадзяецца на Пана

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Так кажа Пан:

Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека і ў целе бачыць сваю сілу, а сэрца сваё адварочвае ад Пана. Ён будзе як ядловец у стэпе, не ўбачыць, калі прыйдзе шчасце, але будзе жыць у высахлых месцах на пустыні, на салёнай і бязлюднай зямлі.

Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога – Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца і не перастане прыносіць плён.

Гэта слова Божае.

X Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 3, 9–15
Устанаўлю варожасць паміж патомствам тваім і паміж яе патомствам

Чытанне кнігі Быцця.

Калі ж Адам з’еў з дрэва, паклікаў Пан Бог Адама і сказаў яму: Дзе ты? Ён адказаў: Я пачуў голас твой у раі і спалохаўся, бо голы я, і схаваўся. Сказаў Бог: Хто сказаў табе, што ты голы? Можа еў ты з дрэва, з якога Я забараніў табе есці? Адам сказаў: Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне, і еў я. І сказаў Пан Бог жанчыне: Чаму ты гэта зрабіла? Яна сказала: Змей падмануў мяне, і ела я. Тады сказаў Пан Бог змею:

За тое, што ты зрабіў гэта,
ты пракляты паміж усімі жывёламі і паміж усімі звярамі палявымі.
На жываце сваім поўзаць будзеш
і пыл будзеш есці
праз усе дні жыцця свайго.
Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю,
і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву,
а ты сатрэш яго пяту.

Гэта слова Божае.

XI Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 17, 22–24
Узвысіў нізкае дрэва

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Так кажа Пан Бог:

Вазьму Я з вяршыні высокага кедру і пасаджу. З верхніх галін ягоных адламаю парастак і пасаджу на высокай і ўзнёслай гары. На высокай гары Ізраэля пасаджу яго. І пусціць галлё і прынясе плён, і стане велічным кедрам, і будуць жыць пад ім усялякія птушкі, усялякае птаства будзе гняздзіцца ў цені галля ягонага. І даведаюцца ўсе дрэвы палявыя, што Я, Пан, паніжаю высокае дрэва, а нізкае дрэва ўзвышаю; зялёнае дрэва высушваю, а сухое дрэва прымушаю квітнець. Я, Пан, сказаў і так зраблю.

Гэта слова Божае.

XII Звычайная нядзеля, Год B

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 38, 1. 8–11
Тут зламаеш свае ганарыстыя хвалі

Чытанне кнігі Ёва.

Адказваючы, Пан сказаў Ёву з віхуры:

Хто замкнуў дзвярамі мора, калі яно ўсхвалявалася, нібы выходзячы з нутра, калі Я хмары зрабіў адзеннем яго і цемру — покрывам ягоным? Я замкнуў яго ў межах Маіх і паставіў замкі і дзверы. І сказаў: Дагэтуль дойдзеш, не далей. Тут зламаеш свае ганарыстыя хвалі.

Гэта слова Божае.

XII Звычайная нядзеля, Год С

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 12, 10-11; 13, 1
Будуць глядзець на таго, каго прабілі (Ян 19, 37)

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Так кажа Пан:

Я вылью на дом Давіда і на жыхароў Ерузалема дух ласкі і малітваў, і яны будуць глядзець на Мяне. І будуць галасіць па тым, каго прабілі, як галосяць па адзінародным, і будуць плакаць па ім, як плачуць па першародным. У той дзень будзе вялікі плач у Ерузалеме, як плач Ададрэмона ў даліне Мэгідскай.

У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і жыхароў Ерузалема, каб абмыць грэх і нячыстасць.

Гэта слова Божае.