Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Чацвер — трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 7, 18–19. 24–29
Хто я, Пане Божа, і які дом мой

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

Пасля таго, як Натан прамовіў да Давіда, увайшоў кароль Давід, сеў перад абліччам Пана і сказаў: Хто я, Пане Божа, і які дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды? І гэта яшчэ здалося малым ў вачах Тваіх, Пане Божа, і Ты сказаў пра дом слугі Твайго на будучае. Гэта паводле закону чалавека, Пане Божа.

Ты ўмацаваў сабе народ Твой, Ізраэль, свой народ навекі, і Ты, Пане, стаў яго Богам. І цяпер, Пане Божа, умацуй навекі слова, якое Ты сказаў пра слугу свайго і яго дом, і зрабі, як Ты казаў. Тады ўзвялічыцца навекі імя Тваё, і скажуць: Пан Магуццяў ёсць Богам Ізраэля. Дом слугі Твайго, Давіда, будзе непахісна трываць перад Табою. Бо гэта Ты, Пане Магуццяў, Божа Ізраэля, аб’явіў свайму слузе, кажучы: Збудую табе дом. Таму слуга Твой знайшоў у сэрцы адвагу маліцца да Цябе такою малітваю. Вось жа, Пане мой Божа, Ты – Бог, і словы Твае – праўда. Ты паабяцаў гэтае дабро слузе Твайму.

Будзь ласкавы благаславіць дом слугі свайго, каб ён быў навекі перад Табою, бо Ты, Пане Божа, сказаў гэта, і Тваім благаслаўленнем благаслаўлёны будзе дом слугі Твайго навекі.

Гэта слова Божае.

Чацвер — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 44, 18–21. 23b–29; 45, 1–5
Дзеля вашага ратунку Бог паслаў мяне ў Егіпет

Чытанне кнігі Быцця.

У тыя дні:

Падышоўшы бліжэй, Юда сказаў Юзафу: Прашу цябе, гаспадар мой, дазволь слузе твайму сказаць слова на вуха гаспадару майму. І не гнявіся на слугу свайго, бо ты роўны фараону! Гаспадар мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: Ці маеце бацьку ці брата? І мы адказалі гаспадару майму: У нас ёсць стары бацька, а ў яго — малодшы сын, які нарадзіўся ў старасці ягонай. Ягоны брат па маці памёр і ён застаўся адзін ад маці ягонай, і бацька вельмі любіць яго. Тады сказаў ты слугам сваім: Прывядзіце яго да мяне, каб я паставіў яго перад сваімі вачыма. Калі разам з вамі не прыйдзе ваш малодшы брат, не з’яўляйцеся больш перада мною.

Калі ж мы прыйшлі да нашага бацькі, слугі твайго, і расказалі яму ўсё, што сказаў нам гаспадар наш, тады сказаў наш бацька: Вярніцеся і купіце нам трохі ежы. Мы адказалі яму: Мы не можам ісці. Мы пойдзем толькі разам з нашым малодшым братам, інакш, калі яго не будзе, мы не зможам з’явіцца перад гэтым чалавекам. На гэта наш бацька, слуга твой, адказаў: Ведаеце, што двух сыноў нарадзіла мне жонка. Адзін з іх сышоў ад мяне і я сказаў: Дзікі звер пажор яго! І я дагэтуль не бачыў яго. Калі забераце ў мяне таксама гэтага і з ім здарыцца няшчасце, то гэтым смуткам зведзяце маю сівізну ў магілу.

Юзаф не мог больш стрымлівацца перад усімі, хто стаяў каля яго, і закрычаў: Няхай усе выйдуць адсюль! І не заставалася пры ім нікога, калі ён адкрыўся перад сваімі братамі. І ён заплакаў наўзрыд, аж пачулі егіпцяне і пачуў двор фараона. І сказаў Юзаф братам сваім: Я — Юзаф! Ці жывы яшчэ бацька мой? І браты не маглі адказаць, таму што моцна спалохаліся яго. І ён сказаў ім спакойна: Падыдзіце да мяне. А калі падышлі бліжэй, сказаў: Я — Юзаф, брат ваш, якога вы прадалі ў Егіпет. Не смуткуйце і не абвінавачвайце сябе, што вы прадалі мяне сюды. Бо дзеля вашага ратунку Бог паслаў мяне перад вамі.

Гэта слова Божае.

Чацвер — чатырнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 11, 1–4. 8c–9
Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Калі Ізраэль быў дзіцём, Я палюбіў яго,
і паклікаў з Егіпта сына майго.
Чым больш клікаў іх, тым больш адыходзілі ад Мяне,
прыносілі ахвяры Баалам і кадзілі ідалам.
Я сам вучыў Эфраіма хадзіць,
насіў яго на сваіх руках, а ён не разумеў, што Я апекаваўся ім.
Я прыцягваў яго повязямі чалавечнасці, повязямі любові,
і быў для яго як той, хто зняў з ягоных сківіц ярмо,
Я схіляўся над ім і карміў яго.
Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё
і распаліўся жаль Мой.
Не ўчыню паводле полымя гневу Майго
і не буду знішчаць больш Эфраіма,
бо Я — Бог, а не чалавек,
Святы сярод цябе,
таму не ўвайду ў горад.

Гэта слова Божае.

Чацвер — чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 2, 1–4. 10–12
Я адыходжу шляхам усёй зямлі. А ты будзь моцны і мужны

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

Калі наблізіўся дзень смерці Давіда, наказаў ён свайму сыну Саламону, кажучы: Я адыходжу шляхам усёй зямлі. А ты будзь моцны і мужны. Захоўвай наказы Пана Бога твайго, хадзі па Ягоных шляхах, захоўвай пастановы і запаведзі, прысуды і сведчанні Яго, як напісана ў Законе Майсея, каб шчасціла табе ва ўсім, што будзеш рабіць, і паўсюль, куды б ты ні звярнуўся. Каб Пан выканаў сваё слова, якое Ён сказаў пра мяне, кажучы: Калі твае сыны будуць сцерагчы шляхі свае, хадзіць перада Мною ў праўдзе ўсім сваім сэрцам і ўсёй сваёй душою, тады не будзе канца нашчадкам тваім на троне Ізраэля.

І спачыў Давід з айцамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давідавым. А валадарыў Давід над Ізраэлем сорак гадоў. У Гэброне ён валадарыў сем гадоў, а ў Ерузалеме трыццаць тры гады.

І сеў Саламон на трон Давіда, бацькі свайго, а яго валадарства было вельмі трывалым.

Гэта слова Божае.

Чацвер — шаснаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 19, 1–2. 9–11. 16–20b
Пан сыдзе на вачах усяго народа на гару Сінай

Чытанне кнігі Зыходу.

На трэці месяц пасля зыходу сыноў Ізраэля з егіпецкай зямлі, у гэты дзень прыбылі яны ў Сінайскую пустыню. Выйшаўшы з Рэфідыма і дайшоўшы аж да Сінайскай пустыні, сыны Ізраэля разбілі лагер у пустыні; і лагер Ізраэля ўладкаваўся там насупраць гары.

І сказаў Пан Майсею: Вось Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб народ пачуў, як Я гавару да цябе, і каб паверыў табе назаўсёды.

Тады Майсей абвясціў Пану словы народа. І Пан сказаў Майсею: Ідзі да народа і асвяці іх сёння і заўтра. Няхай абмыюць адзенне сваё і будуць падрыхтаваныя да трэцяга дня, бо на трэці дзень Пан сыдзе на вачах усяго народа на гару Сінай.

На трэці дзень, як занялася раніца, пачаліся грымоты і маланкі, і з’явілася густое воблака над гарою і пачуўся моцны гук трубы, і затрымцеў увесь народ, які быў у лагеры. І вывеў Майсей людзей з лагера насустрач Богу, і сталі каля падножжа гары. Гара ж Сінай уся дымілася ад таго, што Пан сышоў на яе ў агні, і дым падымаўся з яе, як з печы. Уся гара моцна трэслася, а гук трубы рабіўся ўсё больш моцным. Майсей гаварыў, і Бог адказваў яму сярод грымотаў.

І сышоў Пан на гару Сінай, на вяршыню гары, і паклікаў Пан Майсея на вяршыню гары.

Гэта слова Божае.

Чацвер — шаснаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 2, 1–3. 7–8. 12–13
Пакінулі Мяне — крыніцу жывой вады, каб вычасаць сабе вадасховішчы дзюравыя

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Пан скіраваў да мяне слова, кажучы:
Ідзі і крычы ў вушы Ерузалема, гаворачы:
Так кажа Пан:
Я ўспомніў пра вернасць твайго юнацтва,
пра любоў тваю, калі ты была нявестаю,
калі хадзіла за Мною ў пустыні,
па незасеянай зямлі.
Ізраэль — гэта святасць для Пана,
пачатак Яго ўраджаю.
Усе, хто яго знішчаў, вінаватымі сталі,
зло іх спасцігла, — кажа Пан.
Я прывёў вас на ўрадлівую зямлю,
каб вы спажывалі яе плён і даброты.
А вы ўвайшлі і апаганілі Маю зямлю,
зрабілі ганьбу з Маёй спадчыны.
Святары не пыталіся: Дзе Пан?
Знаўцы Закону не ведалі Мяне,
пастыры паўставалі супраць Мяне,
прарокі прарочылі праз Баала
і пайшлі за тымі, хто не дапамагае.
Спазнайце жах з-за гэтага, нябёсы,
задрыжыце моцна і спужайцеся гэтага, – кажа Пан.
Бо Мой народ учыніў падвойнае зло:
яны пакінулі Мяне – крыніцу жывой вады,
каб вычасаць сабе вадасховішчы,
вадасховішчы дзюравыя,
што не могуць утрымаць вады.

Гэта слова Божае.

Чацвер — шосты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 9, 1–13
Кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю

Чытанне кнігі Быцця.

Благаславіў Бог Ноя і сыноў ягоных і сказаў ім: Пладзіцеся, і памнажайцеся, і напаўняйце зямлю. І няхай страх і боязь перад вамі маюць усе жывёлы зямныя, і птушкі нябесныя, і ўсё, што рухаецца па зямлі, і рыбы марскія. Яны аддадзены ў рукі вашыя. Усё, што рухаецца і жыве, будзе вам ежай, як і зялёныя расліны; Я даў вам усё. Толькі цела з жыццём ягоным, што ў крыві, не ешце. Бо за кроў жыццяў вашых Я спаганю з кожнай жывёлы; а з рукі чалавека і з рукі кожнага брата ягонага Я спаганю за кроў чалавека.

Хто пралье чалавечую кроў, кроў таго будзе праліта чалавекам; бо чалавек створаны на вобраз Божы.

А вы пладзіцеся і памнажайцеся, засяляйце зямлю і размнажайцеся на ёй.

Так сказаў Бог Ною і сынам ягоным, якія былі з ім, кажучы:

Вось Я ўстанаўлю запавет Мой з вамі і з вашым патомствам пасля вас, і з кожнаю жывою душою, якая з вамі, з птушкамі, жывёлай і ўсімі звярамі зямнымі, якія з вамі — з усім, што сыдзе з каўчэга, з усім, што жыве на зямлі. Устанаўлю запавет Мой з вамі; і больш ніколі воды патопу не заб’юць усялякага цела, і не будзе больш патопу, які спусташае зямлю.

І сказаў Бог: Вось знак запавету, які Я ўстанаўлю на вечныя пакаленні паміж Мною і вамі, і кожнаю жывою душою, якая з вамі: кладу вясёлку Маю на воблаку, і будзе яна знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.

Гэта слова Божае.

Чацвер I звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 3, 7–14
Настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння»

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Як гаворыць Дух Святы: Сёння, калі пачуеце Ягоны голас, не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у час смуты, у дзень выпрабавання ў пустыні, дзе, спакушаючы, выпрабоўвалі Мяне бацькі вашыя і бачылі справы Мае на працягу сарака гадоў. Таму Я і разгневаўся на пакаленне тое, і сказаў: Яны заўсёды блукаюць у сэрцы, не пазналі яны шляхоў Маіх. Таму Я прысягнуў у гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак.

Глядзіце, браты, каб не было ў каго з вас ліхога сэрца бязвер’я, якое аддаляе ад Бога жывога. Але настаўляйце адзін аднаго штодня, пакуль можна казаць «сёння», каб ніхто з вас не стаў жорсткім праз падман граху.

Бо мы станемся саўдзельнікамі Хрыста, калі да канца захаваем моцную надзею, якую мелі ад пачатку.

Гэта слова Божае.

Чацвер II звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 7, 25 — 8, 6
Зрабіў гэта раз і назаўсёды, ахвяраваўшы самога сябе

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Езус можа ва ўсе часы збаўляць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, будучы заўсёды жывым, каб заступацца за іх. Такі і павінен быць у нас Першасвятар: святы, нявінны, беззаганны, адлучаны ад грэшнікаў і ўзнесены вышэй за нябёсы. Ён не мае патрэбы, як тыя першасвятары, прыносіць штодня ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народа. Ён зрабіў гэта раз і назаўсёды, ахвяраваўшы самога сябе. Бо Закон устанаўлівае першасвятарамі людзей, якія маюць слабасць, а слова клятвы, дадзенай пасля Закону, устанаўлівае Сына дасканалага навекі.

Галоўнае ў сказаным — гэта тое, што ў нас ёсць такі Першасвятар, які сядзіць праваруч трону Велічы ў нябёсах як слуга святыні і праўдзівай скініі, узведзенай Панам, а не чалавекам. Бо кожны першасвятар пастаўлены, каб прыносіць дары і ахвяры. Таму неабходна, каб і Ён меў, што ахвяраваць. Калі б Ён заставаўся на зямлі, не быў бы святаром, паколькі тут ёсць святары, якія прыносяць дары паводле Закону. Яны служаць узору і ценю нябесных рэчаў, як наказана было Майсею, калі ён збіраўся завяршыць скінію. Бо яму было сказана: Глядзі, каб зрабіў усё паводле ўзору, паказанага табе на гары. Цяпер жа Ён атрымаў настолькі вышэйшае служэнне, наколькі стаў пасрэднікам лепшага запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях.

Гэта слова Божае.

Чацвер III звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбp 10, 19–25
У паўнаце веры будзем трымацца вызнання надзеі, будзем зважаць адзін на аднаго, каб заахвочваць да любові

Чытанне Паслання да Гaбрэяў.

Браты:

Маючы адвагу ўвайсці праз Кроў Езуса ў Святое Месца новым і жывым шляхам, які Ён адкрыў нам праз заслону, гэта значыць, праз Цела сваё; маючы вялікага святара над Божым домам, наблізімся са шчырым сэрцам і ў паўнаце веры, акрапіўшы сэрцы ад нячыстага сумлення і абмыўшы целы чыстаю вадою.

Будзем непахісна трымацца вызнання надзеі, бо верны той, хто абяцаў. І будзем зважаць адзін на аднаго, каб заахвочваць да любові і добрых учынкаў. І не пакідайма нашага сходу, як стала звычаем некаторых, але будзем заахвочваць адзін аднаго; і тым больш, чым больш бачыце, як набліжаецца гэты дзень.

Гэта слова Божае.

Чацвер IV звычайнага тыдня, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 12, 18-19. 21-24
Вы прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Вы не прыступіліся ні да таго, да чаго можна дакрануцца, ні да распаленага агню, ні да змроку, цемры і буры, ні да гуку трубы і голасу словаў, пачуўшы які, слухачы прасілі, каб ён больш не прамаўляў. А відовішча было настолькі страшнае, што Майсей сказаў: Я спалоханы і дрыжу.

Вы ж прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерузалема, да безлічы анёлаў, да святочнага сходу, да Касцёла першародных, запісаных у нябёсах, і да Бога – Суддзі ўсіх, да духаў праведных, якія дасягнулі дасканаласці, да Езуса – Пасрэдніка Новага Запавету, да акраплення крывёю, якая прамаўляе больш, чым кроў Абэля.

Гэта слова Божае.

Чацвер пасля Папяльца

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 30, 15—20
Сёння я паклаў перад вамі благаслаўленне і пракляцце (Дрг 30, 15-20)

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Глядзі, сёння я паклаў перад табою жыццё і дабро, смерць і зло. Таму сёння я наказваю табе любіць Пана, Бога твайго, і хадзіць Яго шляхамі, выконваць Яго запаведзі, Яго пастановы і Яго законы, каб ты жыў і памнажаўся. А Пан Бог твой благаславіць цябе ў краіне, якою ты ідзеш авалодаць. Але калі тваё сэрца адвернецца, і ты не будзеш слухаць, калі звядуць цябе, і станеш пакланяцца іншым багам, і служыць ім, — я абвяшчаю вам сёння, — то напэўна згінеце, ненадоўга затрымаецеся на зямлі, якою ідзеце авалодаць пасля пераходу праз Ярдан.

Сёння я заклікаю неба і зямлю засведчыць супраць вас, што я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё, каб любіў Пана Бога твайго, і слухаўся голасу Ягонага, і моцна трымаўся Яго. Бо ў гэтым тваё жыццё і працягласць дзён тваіх, каб жыць табе на зямлі, якую Пан пакляўся даць продкам тваім: Абрагаму, Ісааку і Якубу.

Гэта слова Божае.

Чацвер у актаве Пасхі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 3, 11–26
Забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні, калі аздароўлены кульгавы не адступаўся ад Пятра і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх на ганак, званы Саламонавым.

Убачыўшы гэта, Пётр сказаў народу: Мужы ізраэльскія, чаго здзіўляецеся гэтаму? І чаго так глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю альбо пабожнасцю зрабілі так, што ён ходзіць? Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго, Езуса, якога выдалі вы і адракліся ад Яго перад Пілатам, калі той вырашыў адпусціць Яго. Вы адракліся ад Святога і Справядлівага, а прасілі памілаваць злачынцу. Забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі.

І праз веру ў імя Ягонае гэтага чалавека, якога бачыце і ведаеце, імя гэтае ўмацавала. І вера, што ад Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад усімі вамі.

І цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і кіраўнікі вашыя. А Бог здзейсніў тое, што абвяшчаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Хрысус будзе цярпець. Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя, каб прыйшла ад Пана гадзіна палёгкі, і каб прыслаў Ён вам таго, хто быў прадказаны, Езуса Хрыста, якога неба павінна было прыняць да часоў аднаўлення ўсяго, пра што спрадвеку казаў Бог вуснамі сваіх святых прарокаў.

Майсей сказаў: Пан Бог дасць вам Прарока з братоў вашых; як мяне, слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён вам скажа. І кожны, хто не паслухае таго Прарока, будзе знішчаны ў народзе. І ўсе прарокі, якія прамаўлялі з часоў Самуэля і пасля яго, абвяшчалі дні гэтыя.

Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з айцамі вашымі, кажучы Абрагаму: Благаслаўлёныя будуць у тваім патомстве ўсе народы зямлі. Для вас найперш Бог уваскрасіў Слугу свайго і паслаў Яго, каб Ён благаславіў вас і адвярнуў кожнага ад беззаконняў вашых.

Гэта слова Божае.

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"