Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

10 жніўня — свята св. Лаўрэнція, дыякана і мучаніка

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 9, 6–10
Бог любіць таго, хто дае з радасцю

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне. Няхай кожны дае, як вырашыць у сэрцы сваім, а не са шкадаваннем ці з прымусу, таму што Бог любіць таго, хто дае з радасцю. Бог мае моц узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатыя на ўсялякія добрыя справы. Як напісана: Раскідаў, раздаў бедным; справядлівасць ягоная трывае навекі. А той, хто дае сейбіту насенне і хлеб на спажытак, дасць і памножыць вашае насенне, і ўзрасціць плён справядлівасці вашай.

Гэта слова Божае.

10 лістапада — успамін св. Льва Вялікага, папы і доктара Касцёла, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 39, 8–14 (гр. 6–11)
Напоўніцца духам мудрасці

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Калі вялікі Пан пажадае,
ён напоўніцца духам мудрасці,
як дождж, пралье словы мудрасці сваёй
і ў малітве будзе дзякаваць Пану.
Сам будзе накіроўваць сваёй намеры і ўменне
і разважаць над таямніцамі Пана.
Ён пакажа мудрасць вучэння свайго
і будзе хваліцца законам запавету Пана.
Шмат хто праславіць разважнасць яго,
і ён ніколі не будзе забыты.
Памяць пра яго не знікне,
а яго імя будзе жыць у многіх пакаленнях.
Народы будуць гаварыць пра ягоную мудрасць
і абвяшчаць яго хвалу на сходзе.
Пакуль будзе жыць, яго імя праславіцца, як тысяча іншых,
а калі спачне, яшчэ больш павялічыць сваю славу.

Гэта слова Божае.

11 ліпеня — свята св. Бэнэдыкта, абата, апекуна Еўропы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Прып 2, 1–9
Зрабі сваё вуха да мудрасці чуйным

Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.

Мой сыне, калі ты прымеш мае словы
і захаваеш ў сабе мае запаведзі,
што да мудрасці будзе ўважлівым тваё вуха
і да разважнасці схіліш сваё сэрца.
Калі будзеш заклікаць да розуму
і да разважнасці ўзносіць свой голас,
калі будзеш шукаць яе, быццам срэбра,
і дашуквацца яе, быццам скарбу,
тады зразумееш, што такое боязь Пана,
і здабудзеш веданне Бога.
Таму што Пан дае мудрасць,
і з Ягоных вуснаў — веданне і разважнасць.
Для праведных Ён захавае дапамогу,
для тых, хто паступае беззаганна, будзе шчытом.
Ён аберагае сцежкі справядлівасці
і сцеражэ шлях сваіх святых.
Тады ты зразумееш справядлівасць і правасуддзе,
адкрытасць і ўсялякі добры шлях.

Гэта слова Божае.

11 лістапада — успамін св. Марціна Турскага, біскупа

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 61, 1–3а
Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім (пар. Лк 4, 18)

Чытанне кнігі Ісаі.

Дух Пана Бога на мне,
бо Пан намасціў мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім.
Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў,
прапаведаваць вызваленне палонным
і вязням — свабоду;
абвяшчаць год ласкі Пана,
і дзень помсты нашага Бога;
каб суцяшаць усіх засмучаных,
каб развесяліць тых, хто плача на Сіёне,
каб даць ім вянок замест попелу,
алей радасці замест суму,
вопратку хвалы замест духа маркоты.

Гэта слова Божае.

13 верасня — успамін св. Яна Залатавуснага (Хрызастома), біскупа і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 1–7. 11–13
Для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе міру.

Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх нас.

Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару.

І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты.

Гэта слова Божае.

14 верасня — свята Узвышэння Святога Крыжа

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ліч 21, 4b–9
Кожны ўкушаны застанецца жыць

Чытанне кнігі Лічбаў.

У тыя дні:

Людзі ў дарозе пачалі губляць цярплівасць. Яны казалі супраць Бога і супраць Майсея: Навошта вывелі нас з Егіпту, каб мы памерлі ў пустыні? Бо няма хлеба, няма вады, і надакучыла нам гэтая нікчэмная ежа.

Тады спаслаў Пан на людзей ядавітых змеяў, якія кусалі народ, і шмат людзей з Ізраэля памерла. Прыйшлі людзі да Майсея і сказалі: Зграшылі мы, бо казалі супраць Пана і супраць цябе. Памаліся да Пана, каб Ён аддаліў ад нас змеяў. І памаліўся Майсей за народ.

І сказаў Пан Майсею: Зрабі сабе змея і павесь яго на жэрдзі. Тады кожны ўкушаны, калі паглядзіць на яго, застанецца жыць. І зрабіў Майсей меднага змея, і ўзняў яго на жэрдзі. А калі ядавітая змяя кусала чалавека, ён глядзеў на меднага змея і заставаўся жывы.

Гэта слова Божае.

15 верасня — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 5, 7–9
Навучыўся паслухмянасці і стаў прычынаю вечнага збаўлення

Чытанне паслання да Габрэяў.

Хрыстус у дні цела свайго з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць. Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці праз тое, што выцерпеў. І, будучы дасканалым, стаў для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення.

Гэта слова Божае.

15 жніўня — урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

 Імша ў вігілію

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кр 15, 3–4. 15–16; 16, 1–2
Прынеслі каўчэг Божы, і паставілі яго пасярод шатра, які разбіў для яго Давід

Чытанне Першай кнігі Кронікаў.

У тыя дні:

Давід сабраў увесь Ізраэль у Ерузалеме, каб прынесці каўчэг Пана на яго месца, якое падрыхтаваў для яго. І сабраў разам сыноў Аарона і Левітаў. І сыны Левія прынеслі на сваіх плячах на шастах каўчэг Божы, як наказаў Майсей паводле слова Пана.

Тады Давід сказаў кіраўнікам Левітаў паставіць братоў іхніх спевакоў з музычнымі інструментамі, з псалтырамі, гуслямі і цымбаламі, каб гралі, узносячы вокліч радасці.

І прынеслі каўчэг Божы, і паставілі яго пасярод шатра, які разбіў для яго Давід, і прынеслі ўсеспаленні і ахвяры спакою перад Панам. А калі Давід закончыў усеспаленне і прынясенне ахвяраў спакою, благаславіў народ у імя Пана.

Гэта слова Божае.

15 ліпеня — успамін св. Бонавэнтуры, біскупа і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 14–19
Спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Я схіляю калені мае перад Айцом Пана нашага Езуса Хрыста, ад якога бярэ сваю назву кожны народ на нябёсах і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Духам Ягоным дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай.

Гэта слова Божае.

16 верасня — успамін св. Карнэлія, папы, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 4, 7–15
Заўсёды носім у целе кананне Езуса

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была Божая, а не ад нас. Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы. Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем. Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Есуса аб’явілася ў целе нашым. Бо мы, жывыя, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе. Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.

Маючы той самы дух веры, як напісана: Я паверыў, таму гаварыў, — і мы верым, таму і кажам, ведаючы, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі.

Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы.

Гэта слова Божае.

16 ліпеня — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 2, 14–17
Радуйся, дачка Сіёна, бо вось Я іду

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Весяліся і радуйся, дачка Сіёна,
бо вось Я іду і пасялюся пасярод цябе, – кажа Пан.
І многія народы прыйдуць да Пана ў дзень той,
і стануць для Яго народам.
І Я пасялюся пасярод цябе,
і ты пазнаеш, што Пан Магуццяў паслаў Мяне.
Пан возьме ва ўладанне Юду,
сваю спадчыну на Святой зямлі,
і зноў выбера Ерузалем.
Замоўкні, усялякае цела, перад абліччам Пана,
бо Ён падымаецца са свайго святога жылля.

Гэта слова Божае.

16 мая — успамін св. Андрэя Баболі, святара і мучаніка

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 12, 10–12а
Перамаглі, дзякуючы крыві Ягняці

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Я, Ян, пачуў голас моцны, які казаў ў небе: Цяпер настала збаўленне, і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым. І яны перамаглі яго, дзякуючы крыві Ягняці і дзякуючы слову сведчання свайго, і не палюбілі жыцця свайго аж да смерці. Таму радуйцеся нябёсы і ўсе, хто насяляе іх.

Гэта слова Божае.

17 кастрычніка — успамін св. Ігнацыя з Антыёхіі, біскупа і мучаніка

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 3, 17 — 4, 1
Наша айчына знаходзіцца ў нябёсах

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Наследуйце мяне, браты, і глядзіце на тых, хто паступае паводле ўзору, які маеце ў нас. Бо многія, пра каго часта казаў вам, а цяпер нават з плачам кажу, паступаюць, як ворагі крыжа Хрыстовага. Іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іх — у сораме іхнім; яны думаюць пра зямное.

А наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Пана Езуса Хрыста, які пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё.

Таму, мае браты ўмілаваныя, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану.

Гэта слова Божае.

18 кастрычніка — свята св. Лукі, евангеліста

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 4, 10–17b
Толькі Лука са мною

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Умілаваны:

Дэмас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні свет, і скіраваўся ў Тэсалонікі; Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далматыю. Толькі Лука са мною. Забяры Марка і прывядзі з сабою, бо ён найбольш карысны мне для служэння. Тыхіка я паслаў у Эфес. Як пойдзеш да мяне, прынясі плашч, які я пакінуў у Карпа ў Траадзе, а таксама кнігі, асабліва пергаменты. Меднік Аляксандр праявіў у дачыненні да мяне шмат зла — Пан адплаціць яму паводле ўчынкаў ягоных. І ты асцерагайся яго, бо ён моцна супраціўляўся нашым словам.

Пры першай маёй абароне нікога не было са мною, але ўсе мяне пакінулі. Няхай не будзе палічана ім гэта. А Пан з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне здзейснілася прапаведаванне, і каб пачулі ўсе язычнікі.

Гэта слова Божае.

19 сакавіка — урачыстасць святога Юзафа

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 7, 4–5а. 12–14а. 16
Дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Пан скіраваў да Натана наступныя словы: Ідзі і скажы слузе Майму Давіду: так кажа Пан: Калі ж скончацца твае дні і ты спачнеш з бацькамі сваімі, тады я абуджу пасля цябе патомка твайго, які выйдзе з улоння твайго, і ўмацую ягонае валадарства. Ён збудуе дом Майму імені, а Я ўмацую трон яго панавання навекі. Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам.

І будзе непахісным дом твой і валадарства тваё навекі перад абліччам Маім, і трон твой будзе ўмацаваны навекі.

Гэта слова Божае.

2 кастрычніка — успамін св. Анёлаў Ахоўнікаў

Евангелле гэтага ўспаміну з’яўляецца ўласным

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 23, 20–23
Мой анёл будзе ісці перад табою

Чытанне кнігі Зыходу.

Вось Я пашлю анёла свайго, які будзе ісці перад табою і ахоўваць цябе ў шляху, і прывядзе да месца, падрыхтаванага Мною. Зважай на яго і слухай голас ягоны; не пагарджай ім, бо ён не даруе, калі зграшыш, таму што Маё імя на ім. Але, калі ты сапраўды будзеш слухаць голас ягоны і рабіць усё, што Я кажу, я стану ворагам тваіх ворагаў і праціўнікам тваіх праціўнікаў.

Мой анёл будзе ісці перад табою і прывядзе цябе ў зямлю амарэяў, і хетэяў, і фэрэзеяў, і хананейцаў, і хевеяў, і евусеяў. І Я пазнішчаю іх.

Гэта слова Божае.

2 ліпеня — урачыстасць Маці Божай Будслаўскай

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Саф 3, 14–18
Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе

Чытанне кнігі прарока Сафоніі.

Радуйся, дачка Сіёна! Трыумфуй, Ізраэль! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема! Адмяніў Пан прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Пан, кароль Ізраэля, пасярод цябе: ужо больш не ўбачыш зла.

У той дзень скажуць Ерузалему: Не бойся! — і Сіёну: Няхай жа не слабнуць рукі твае! Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй, будзе цешыцца табою ў весялосці, як у святочны дзень. Я забяру ад цябе нядолю, каб не было больш на табе сораму.

Гэта слова Божае.

2 лютага — свята Ахвяравання Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 1–4
Прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце

Чытанне кнігі прарока Малахіі.

Так кажа Пан Бог:

Вось Я пашлю анёла майго, і ён падрыхтуе дарогу перада Мною. І нечакана прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы чакаеце. Вось Ён ідзе. І хто вытрывае ў дзень Ягонага прыйсця, і хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Бо Ён, як агонь плавільшчыка, і як луг, што ачышчае. І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае серабро, і ачысціць сыноў Левія, і пераплавіць іх, як золата і серабро, і яны будуць прыносіць Пану ахвяру ў справядлівасці. Тады спадабаецца Пану ахвяра Юды і Ерузалема, як у дні даўнія і як у мінулыя гады.

Гэта слова Божае.

20 жніўня — успамін св. Бэрнарда, абата і доктара Касцёла

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 15, 1–6
Накорміць яго хлебам разважнасці і вадою мудрасці напоіць яго.

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Хто баіцца Пана, будзе рабіць дабро,
а хто трымаецца Закону, здабудзе мудрасць.
Як маці, яна выйдзе насустрач яму
і, як маладая жонка, прыме яго.
Накорміць яго хлебам разважнасці
і вадою мудрасці напоіць яго.
Ён абапрэцца на яе і не сагнецца,
даверыцца ёй і не зведае сораму.
Яна ўзвысіць яго па-над бліжнімі яго
і на сходзе адкрые яму вусны.
Ён знойдзе радасць і вянок весялосці
і атрымае ў спадчыну вечнае імя.

Гэта слова Божае.

21 верасня — свята св. Мацвея, апостала і евангеліста

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 1–7. 11–13
Ён паставіў адных апосталамі, іншых евангелістамі

Чытанне Першга паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.

Браты:

Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе міру.

Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх нас.

Кожнаму з нас дадзена ласка паводле меры Хрыстовага дару. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты.

Гэта слова Божае.