ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 1, 13-15; 2, 23-24 Праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Паколькі Бог не стварыў смерці, Ён не цешыцца са згубы жывога. Бо Ён стварыў усё для жыцця, стварэнні свету маюць ў сабе здароўе, няма ў іх знішчальнай атруты, ні валадарства памерлых на зямлі. Справядлівасць бессмяротная. Бог стварыў чалавека для несмяротнасці, учыніў яго вобразам сваёй вечнасці. Але праз зайздрасць д’ябла ў свет увайшла смерць, і зазнаюць яе тыя, хто мае з ім удзел.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 2, 2–5 Гэта ўзбунтаваны дом, аднак даведаюцца, што прарок ёсць сярод іх
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
У тыя дні:
Дух увайшоў у мяне і паставіў мяне на ногі. І я слухаў таго, хто прамаўляў да мяне. Ён сказаў мне: Сыне чалавечы, Я пасылаю цябе да сыноў Ізраэля, да народа адступнікаў, які ўзбунтаваўся супраць Мяне. Яны і айцы іхнія паўставалі супраць Мяне аж да гэтага дня. Тыя, да каго Я цябе пасылаю, гэта сыны з упартым тварам і жорсткім сэрцам. І скажаш ім: Так кажа Пан Бог.
Ці паслухаюць яны, ці пагардзяць, бо гэта ўзбунтаваны дом, аднак даведаюцца, што прарок ёсць сярод іх.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 66, 10-14с Вось Я скірую да яго спакой, як раку
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Радуйцеся разам з Ерузалемам і весяліцеся ў ім усе, хто любіць яго. Радасна весяліцеся разам з ім усе, хто плакаў над ім, каб вы карміліся і насычаліся ўдосталь з грудзей яго суцяшэння, каб вы ўпіваліся і напаўняліся асалодай з грудзей ягонай славы. Бо так кажа Пан: Вось Я скірую да яго спакой, як раку, і хвалу народаў, як паўнаводны паток. Вас будуць карміць і насіць на руках, і на каленях будуць песціць вас. Як кагосьці суцяшае маці, так Я буду суцяшаць вас, і атрымаеце суцяшэнне ў Ерузалеме. Убачыце, і ўсцешыцца вашае сэрца, і косці вашы расквітнеюць, як трава. І адкрыецца рука Пана слугам Ягоным.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 19, 4–8 Падмацаваўшыся гэтым пасілкам, ішоў ён да Божай гары
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Пайшоў Ілля ў пустыню на адлегласць аднаго дня дарогі і, прыйшоўшы, сеў пад адным з кустоў ядлоўцу і прасіў смерці сабе. І сказаў: Хопіць ужо, Пане! Вазьмі маё жыццё, бо я не лепшы ад маіх продкаў! І лёг ён, і заснуў.
І вось анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: Устань і еш! Ілля глянуў, і вось каля ягонай галавы была печаная аладка і збан вады. Ён з’еў і выпіў, і зноў заснуў.
Але анёл Пана другі раз вярнуўся, дакрануўся да яго і сказаў: Устань і еш, бо далёкая дарога прад табою! Ён устаў, з’еў і выпіў. І, падмацаваўшыся гэтым пасілкам, ішоў ён сорак дзён і сорак начэй да Божай гары Горэб.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 18, 6-9 Бо праз пакаранне нашых праціўнікаў Ты паклікаў і праславіў нас
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Ноч вызвалення была прадвешчана айцам нашым, каб яны падбадзёрыліся, цвёрда ведаючы, якім абяцанням паверылі. Народ Твой чакаў выратавання справядлівых і згубы сваіх ворагаў. Бо праз пакаранне нашых праціўнікаў Ты паклікаў і праславіў нас.
Праведныя дзеці добрых патаемна прыносілі ахвяры і ў згодзе ўстанавілі Боскі закон, каб святыя аднолькава саўдзельнічалі ў тым самым дабры і небяспецы. І яны пачалі ўжо спяваць гімны айцоў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 7, 12–15 Ідзі, прароч народу Майму
Чытанне кнігі прарока Амоса.
У тыя дні:
Амасія, святар з Бэтэля, сказаў Амосу: Празорца, ідзі, уцякай у зямлю Юды. Там еш хлеб і там прароч. А ў Бэтэлі больш не прароч, бо ён — святыня караля і дом каралеўскі.
Адказваючы, Амос сказаў Амасію: Я — не прарок і не сын прарока, бо я пастух і збіральнік сікамораў. Але Пан забраў мяне ад авечак, і сказаў мне Пан: Ідзі, прароч народу Майму Ізраэлю.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 30, 10-14 Гэта слова блізкае да цябе, каб ты мог выконваць яго
Чытанне кнігі Другазаконня.
Майсей прамовіў да народа, кажучы:
Будзеш слухацца голасу Пана Бога твайго, захоўваць запаведзі і наказы Ягоныя, запісаныя ў гэтай кнізе Закону, і вернешся да Пана Бога твайго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй.
Запаведзь, якую сёння даю табе, – гэта не штосьці цяжкае і недасягальнае для цябе. Яна не ў нябёсах, каб можна было сказаць: Хто б узышоў для нас ў неба і прынёс яе нам, каб мы слухалі і выконвалі яе? І не за морам яна, каб вы казалі: Хто б пераправіўся праз мора і прынёс яе нам, каб мы змаглі слухаць і выконваць яе? Наадварот, гэта слова вельмі блізкае да цябе: яно ў тваіх вуснах і ў тваім сэрцы, каб ты мог выконваць яго.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 23, 1–6 Збяру ацалелых авечак Маіх і пастаўлю над імі пастыраў
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Гора пастырам, якія губяць і рассейваюць авечак пашы Маёй! — кажа Пан.
Таму так кажа Пан, Бог Ізраэля, пра пастыраў, якія пасвяць народ Мой: Вы рассеялі авечак Маіх і разагналі іх, і не клапаціліся пра іх. Вось Я пакараю вас за зло ўчынкаў вашых, — кажа Пан.
Я збяру ацалелых авечак Маіх з усіх земляў, у якія прагнаў іх, і вярну іх ў аўчарню іхнюю, і будуць пладзіцца і памнажацца. І пастаўлю над імі пастыраў, якія будуць пасвіць іх. І больш не будуць палохацца і баяцца, і ніхто не згубіцца, — кажа Пан.
Вось настануць дні, — кажа Пан, — і абуджу для Давіда Парастак справядлівы, і запануе Кароль, і будзе Ён мудрым, і будзе чыніць правасуддзе і справядлівасць на зямлі. У дні Ягоныя збаўлены будзе Юда, а Ізраэль будзе жыць у бяспецы. І вось імя Ягонае, якім будуць называць Яго: Пан – наша справядлівасць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 18, 1-10а Пане, не абмінай свайго слугі
Чытанне кнігі Быцця.
У тыя дні:
Аб’явіўся Пан Абрагаму каля дубоў Мамрэ, калі той сядзеў пры ўваходзе ў шацёр у час дзённай спякоты. Абрагам узняў вочы свае – вось тры мужы стаялі насупраць яго. Убачыўшы іх, ён пабег ад ўваходу ў шацёр насустрач ім і, пакланіўшыся да зямлі, сказаў: Пане, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, не абмінай свайго слугі. Прынясу крыху вады, і вы абмыйце свае ногі, і адпачніце пад гэтым дрэвам. Я ж прынясу трохі хлеба, і вы падмацуеце сэрцы вашыя, а потым пойдзеце, бо дзеля гэтага праходзіце каля слугі вашага. А яны сказалі: Зрабі так, як сказаў.
Абрагам паспяшыў у шацёр да Сары і сказаў: Хутчэй замясі тры саты лепшай мукі і зрабі ляпёшкі. Потым Абрагам пабег да статка і, выбраўшы тоўстае і прыгожае цяля, даў слузе, каб той хутка яго прыгатаваў. Затым узяў масла і малако, і прыгатаванае цяля і паставіў перад імі. Сам жа стаяў каля іх пад дрэвам. А яны елі.
І спыталі яго: Дзе твая жонка Сарра?
Ён адказаў ім: Вось у шатры.
Сказаў яму адзін з іх: Праз год у той самы час я вярнуся да цябе. А ў Сарры, жонкі тваёй, будзе сын.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Вал 4, 42–44 Будуць есці, і застанецца
Чытанне Другой кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Адзін чалавек прыйшоў з Баалшаліша і прынёс чалавеку Божаму хлеб пачаткаў, дваццаць ячменных хлябоў і свежае збожжа ў торбе сваёй. І сказаў Элія: Дай людзям, каб елі. І сказаў слуга ягоны: Як магу я пакласці гэта перад сотняю чалавек? Ён зноў сказаў: Дай людзям, каб елі. Бо так кажа Пан: будуць есці, і застанецца. Тады паклаў перад імі, і елі яны, і засталося, паводле слова Пана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 18, 20-32 Няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Пан сказаў Абрагаму: Узмоцніўся крык супраць Садома і Гаморы, і грахі іхнія сталі вельмі цяжкімі. Сыду і пагляджу, ці сапраўды чыняць згодна з нараканнем, якое даходзіць да Мяне, ці не; Я даведаюся.
I павярнуліся мужы гэтыя, і пайшлі у Садом. Абрагам жа яшчэ стаяў перад Панам. Наблізіўшыся, Абрагам сказаў: Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам? Калі знойдзецца ў горадзе пяцьдзесят справядлівых, няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш горад дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім? Не рабі гэтак, каб забіць справядлівага з нягоднікам, і ўчыніць са справядлівым, як з нягоднікам, не рабі так! Ці ж суддзя ўсёй зямлі не чыніць правасуддзя?
I Пан сказаў: Калі я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзесят справядлівых, то Я дарую ўсяму гораду дзеля іх.
I сказаў Абрагам у адказ: Вось я, будучы пылам і попелам, адважыўся гаварыць з Панам. А што, калі да пяцідзесяці будзе неставаць пяці справядлівых? Знішчыш ўвесь горад дзеля пяці?
Ён сказаў: Не знішчу, калі знайду там сорак пяць.
I зноў кажа Яму: Можа, знойдзецца там сорак. Ён сказаў: Не ўчыню і дзеля сарака. I сказаў: Няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу: можа, знойдзецца там трыццаць.
Ён сказаў: Не ўчыню, калі знайду там трыццаць.
I сказаў: Вось жа я пачаў гаварыць з Панам: можа, знойдзецца там дваццаць?
Ён сказаў: Не зруйную дзеля дваццаці.
I сказаў: Прашу, няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу яшчэ раз: можа, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: Не знішчу дзеля дзесяці.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 16, 2–4. 12–15 Я пралью на вас хлеб з неба
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Пачала ўся супольнасць наракаць у пустыні. І казалі сыны Ізраэля супраць Майсея і Аарона: Лепш бы мы загінулі ад рукі Пана ў зямлі егіпецкай, калі сядзелі пры катле з мясам і спажывалі ўдосталь хлеба. Вы прывялі нас ў гэтую пустыню, каб замарыць голадам увесь сход?
Тады Пан сказаў Майсею: Вось Я пралью на вас хлеб з неба. І штодня народ будзе выходзіць і збіраць, колькі трэба на дзень, каб Мне выпрабаваць яго, ці будзе ён паступаць супраць Майго Закону, ці не.
Я пачуў нараканні сыноў Ізраэля. Скажы ім: Вечарам будзеце есці мяса, а раніцай будзеце насычаны хлебам і спазнаеце, што Я — Пан Бог ваш.
Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі ўвесь стан, а раніцай раса лягла вакол лагера.
Калі ж раса знікла, на паверхні пустыні з’явілася нешта дробнае і зярністае, нібы іней на зямлі. Убачыўшы гэта, сыны Ізраэля казалі адзін аднаму: Што гэта? Бо яны не ведалі, што гэта. Тады Майсей сказаў ім: Гэта хлеб, які Пан даў вам для спажытку.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Экл 1, 2; 2, 21-23 Якая карысць чалавеку ад усёй яго працы
Чытанне кнігі Эклезіяста.
Марнасць марнасцяў, – кажа Эклезіяст, – марнасць марнасцяў і ўсё марнасць.
Бывае, што чалавек працуе з мудрасцю, веданнем і ўменнем, аднак павінен пакінуць надзел чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта марнасць і вялікае зло.
Якая ж карысць будзе чалавеку ад усёй яго працы і клопату сэрца, з якімі ён працуе пад сонцам. Бо ўсе дні ягоныя – гэта пакуты, і смутак – праца яго, нават уначы яго сэрца не мае спакою. І гэта марнасць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Прып 9, 1–6 Ешце хлеб мой, піце віно, якое змяшала
Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.
Мудрасць збудавала дом свой і вычасала сем калонаў яго, забіла тое, што было на зарэз, змяшала віно сваё і стол падрыхтавала. Выслала служанак сваіх і кліча з вяршынь узвышшаў горада: Хто просты, няхай прыйдзе сюды.
Неразумнаму яна сказала: Хадзіце, ешце хлеб мой, піце віно, якое змяшала. Адкіньце глупства і будзеце жыць, хадзіце шляхам розуму.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 38, 4-6. 8-10 Ты нарадзіла мяне чалавекам нязгоды для ўсёй зямлі (Ер 15, 10)
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
У тыя дні:
Кіраўнікі сказалі каралю: Няхай Ерамія будзе аддадзены на смерць, бо ён расслабляе рукі жаўнераў, якія застаюцца ў гэтым горадзе, і рукі ўсяго народа, кажучы ім падобныя словы. Гэты чалавек шукае для свайго народа не дабрабыту, але толькі няшчасця.
І сказаў кароль Сэдэкія: Ён у вашых руках, бо кароль не можа зрабіць нічога супраць вас. Тады яны ўзялі Ерамію і, спусціўшы на вяроўках, кінулі яго ў яму Мальхія, каралеўскага сына, якая знаходзілася ў двары цямніцы. У яме была не вада, а толькі багна; і загразнуў Ерамія ў багне.
І выйшаў Абдэмэлех з каралеўскага дому, і сказаў каралю, кажучы: Гаспадар мой, кароль, гэтыя людзі ва ўсім паступілі дрэнна з прарокам Ераміяй. Яны кінулі яго ў яму, каб ён памёр там з голаду, бо ў горадзе ўжо няма хлеба.
Тады кароль загадаў эфіопу Абдэмэлеху: Вазьмі з сабою адсюль трыццаць чалавек і выцягні прарока Ерамію з ямы, пакуль ён не памёр.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 66, 18-21 Прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан:
Я ведаю ўчынкі іхнія і задумы іхнія. І прыйду сабраць усе народы і мовы, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю. І ўстанаўлю сярод іх знак, і пашлю ацалелых з іх да народаў: у Тарс, Пул і Луд, у Мэсэх, Тубаль і Яван, на далёкія астравы, якія не чулі пра Мяне і не бачылі славы Маёй. Яны абвесцяць славу Маю між народамі. І прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў у прынашэнне Пану на конях, калясніцах і насілках, на мулах і вярблюдах у Ерузалем, на Маю святую гару, – кажа Пан, – як прыносяць сыны Ізраэля прынашэнне ў чыстым начынні ў дом Пана. І прызначу некаторых з іх святарамі і левітамі, – кажа Пан.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 3, 17-18. 20. 28-29 Станавіся пакорным, і знойдзеш ласку ў вачах Пана
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Дзіця, рабі свае справы ў пакоры, і будзе любіць цябе чалавек богаўгодны. Чым больш ты вялікі, тым больш пакорным станавіся, і тады знойдзеш ласку ў вачах Пана, бо вялікая магутнасць Пана і праз пакорных праслаўляецца Ён.
Няма леку на нядолю ганарыстага, бо парастак зла пусціў у ім карані. Сэрца разумнага разважае над прыпавесцю, а мець уважлівае вуха – гэта жаданне мудраца.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 8, 4-7 Супраць тых, хто «купляе бедных за срэбра»
Чытанне кнігі прарока Амоса.
Паслухайце гэта вы, што ўціскаеце убогага і даводзіце да галечы беднага. Вы, якія кажаце: Калі ж міне час маладзіка, каб мы маглі прадаваць хлеб, і шабат, каб маглі адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі, каб купляць бедных за срэбра і ўбогіх за пару абутку, і прадаваць высеўкі збожжа?
Пан пакляўся гонарам Якуба, што ніколі не забуду ніводнага з іхніх учынкаў!
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 6, 1а. 4-7 Цяпер сціхне крык радасці распешчаных
Чытанне кнігі прарока Амоса.
Так кажа Пан усемагутны:
Гора бесклапотным на Сіёне і тым, хто спадзяецца на гару самарыйскую.
Тым, хто ўзлёг на ложах са слановай косці і песціцца на сваіх пасцелях, хто есць ягнят са статку і цялят з сярэдзіны пашы. Тым, хто спявае пад гукі гусляў, хто выдумляе сабе, нібы Давід, музычныя інструменты. Хто п’е з келіхаў віно, намашчваецца найлепшымі алеямі і не перажывае з-за падзення Юзафа.
Таму цяпер пойдуць яны ў выгнанне на чале палонных, і сціхне радасны крык распешчаных.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Абк 1, 2-3; 2, 2-4 Праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці
Чытанне кнігі прарока Абакума.
Дакуль я, Пане, буду клікаць, а Ты не чуеш; дакуль буду крычаць Табе: Гвалт! – а Ты не ратуеш? Навошта паказваеш несправядлівасць і глядзіш на няшчасці? Рабунак і гвалт перада мною, і ўзнікае спрэчка, і паўстае разлад.
І сказаў мне Пан у адказ: Запішы, што бачыш, і растлумач на табліцах, каб чытач мог лёгка прачытаць. Бо тое, што бачыш, прызначана яшчэ на пэўны час і гаворыць пра канец, і не ашукае. Калі нават будзе марудзіць, чакай, бо прыйдзе абавязкова, не спозніцца.
Вось знемагае той, у каго несправядлівая душа, а праведны будзе жыць дзякуючы сваёй вернасці.