Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 200-44-15

Пошта: chyrvony@tut.by Мы ў сацыяльных сетках:         

Серада — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 9, 1–12. 14–16
Як апраўдаецца чалавек перад Богам

Чытанне кнігі Ёва.

Адказваючы, Ёў сказаў сваім сябрам:

Сапраўды, ведаю, што так ёсць, бо як апраўдаецца чалавек перад Богам. Калі хто захоча спрачацца з Ім, то не адкажа Яму ні разу на тысячу. Ён мудры сэрцам і магутны сілай. Хто паўставаў супраць Яго і заставаўся ў спакоі? Ён пераносіць горы, і не ведаюць яны, што Ён пераварочвае іх у сваім гневе. Ён падымае зямлю з яе месца, і слупы яе дрыжаць. Ён загадвае сонцу, і яно не ўзыходзіць, і зоркі замыкае, нібы пад пячаткай. Ён адзін рассцілае нябёсы і крочыць па марскіх плынях. Ён стварыў Арктур, Арыён і Плеяды, і паўднёвыя пакоі. Ён чыніць вялікае і неспазнавальнае, і цудоўнае без ліку!

Калі прыйдзе да мяне, не ўбачу Яго. Не заўважу, калі адыдзе. Калі раптам схопіць, хто Яму перашкодзіць? Хто скажа: Што Ты робіш? Што ж магу я адказаць Яму, шукаючы словы перад Ім? Калі б нават я меў слушнасць, не адказаў бы нічога, але прасіў бы аб літасці майго Суддзю. Калі б я паклікаў, і Ён адказаў мне, я не паверыў бы, што Ён пачуў мой голас.

Гэта слова Божае.

Серада — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 34, 1–12
Паводле слоў Пана, памёр там Майсей, і не паўстала больш падобнага прарока, як Майсей

Чытанне кнігі Другазаконня.

У тыя дні:

Майсей падняўся са стэпаў Мааба на гару Нэбо, на вяршыню Фасга, што насупраць Ерыхона. І паказаў яму Пан увесь край Гілеад ажно па Дан, усю зямлю Нэфталіма, і зямлю Эфраіма і Манасэса, і ўсю зямлю Юды ажно да Заходняга мора, і Нэгеб, і акругу даліны Ерыхона, горада пальм, аж да Цаара.

І сказаў яму Пан: Гэта зямля, якую абяцаў Я Абрагаму, Ісааку і Якубу, кажучы: Нашчадкам тваім дам яе. Я паказаў яе табе, тваім уласным вачам, але ты туды не ўвойдзеш.

І, паводле слоў Пана, памёр там Майсей, слуга Божы, на зямлі Мааба. І пахавалі яго ў даліне, на маабскай зямлі, насупраць Бэт-Пэора. І ніхто не ведае месца пахавання ягонага аж да сённяшняга дня. Майсею было сто дваццаць гадоў, калі ён памёр, аднак не зацямніўся зрок ягоны і моц не пакінула яго. І аплаквалі яго сыны Ізраэля на стэпах Мааба трыццаць дзён, і мінулі дні жалобнага плачу па Майсею.

А Езус, сын Навіна, напоўніўся духам мудрасці, бо Майсей усклаў на яго рукі свае, і слухаліся яго сыны Ізраэля, і рабілі так, як загадаў Пан Майсею.

І не паўстала больш ў Ізраэлі падобнага прарока, як Майсей, якога Пан ведаў тварам ў твар. Ні паводле ўсіх знакаў і цудаў, якія Пан паслаў яго здзейсніць у егіпецкай зямлі перад фараонам, перад усімі слугамі ягонымі і ўсёй зямлёй ягонай; ні паводле ўсіх дзеянняў моцы рукі і ўсяго вялікага страху, што здзяйсняў Майсей перад вачыма ўсяго Ізраэля.

Гэта слова Божае.

Серада — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 9, 1–7; 10, 18–22
Знак «ТАЎ» на чолах тых, хто смуткуе з прычыны агіды Ерузалема

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

Пан голасна ўсклінуў да вушэй маіх, кажучы: Наблізьцеся, карнікі горада, кожны са знішчальнай зброяй у руках. І вось прыйшло шэсць мужоў з дарогі да верхняй брамы, што звернута на поўнач, і кожны меў у руцэ знішчальную зброю. Таксама адзін муж сярод іх быў апрануты ў ільняное адзенне, а на баку меў пісарскія прылады. Яны прыйшлі і спыніліся каля меднага ахвярніка. І слава Божая перанеслася з-над Херубіма, над якім была, да парога дому. Тады Пан паклікаў мужа, які быў апрануты ў ільняное адзенне і меў на баку пісарскія прылады, і сказаў яму: Прайдзі пасярод горада, пасярод Ерузалема, і пастаў знак «ТАЎ» на чолах людзей, якія ўздыхаюць і смуткуюць з прычыны ўсёй агіды, што творыцца ў ім.

А іншым сказаў, як пачуў я: Ідзіце па горадзе следам за ім і забівайце, няхай не шкадуе вока ваша, і не майце літасці: старога, юнака, дзяўчыну, дзяцей і жанчын пазабівайце дашчэнту. Аднак не падступайце ні да кога, на кім убачыце знак «ТАЎ». Пачніце з Маёй святыні.

І яны пачалі са старэйшын, што былі перад святыняй. І сказаў ім: Зганьбіце святыню і напоўніце панадворкі забітымі. Выходзьце.

Яны выйшлі і забівалі тых, хто быў у горадзе.

Хвала Пана адышла з парога святыні і спынілася над Херубімамі. І Херубімы, падняўшы крылы свае, узвысіліся над зямлёю перада мною. Калі яны адыходзілі, калясніцы ішлі разам з імі. Яны спыніліся каля ўваходу ва ўсходнюю браму дому Пана, і хвала Бога Ізраэля была над імі. Гэта была жывая істота, якую бачыў я пад Богам Ізраэля над ракою Хабар, і я зразумеў, што гэта — Херубімы. У кожнага з чатырох было па чатыры твары, кожны меў па чатыры крылы і падабенства чалавечых рук пад сваімі крыламі. А падабенства твараў іхніх нагадвала тыя твары, што я бачыў над ракою Хабар. Кожны ішоў проста наперад.

Гэта слова Божае.

Серада — дзяcяты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 3, 4–11
Ён даў нам магчымасць быць слугамі Новага Запавету: не літары, але духа

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Такі давер мы маем праз Хрыста да Бога не таму, што мы здольныя думаць нешта ад сябе, але здольнасць нашая ад Бога, які даў нам магчымасць быць слугамі Новага Запавету: не літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе. Калі ж служэнне смерці, выразанае літарамі на камянях, адбывалася ў славе, так што сыны Ізраэля не маглі глядзець на аблічча Майсея з прычыны мінучай славы аблічча ягонага, то наколькі ж большае ў славе павінна быць служэнне духа. 

Бо калі служэнне асуджэнню — слава, то тым больш пераўзыходзіць славаю служэнне справядлівасці. Бо ў гэтым выпадку праслаўленае не мае славы ў параўнанні з цяперашняй нязмернай славай. Бо, калі мінучае слаўнае, то нашмат больш слаўнае тое, што трывае.

Гэта слова Божае.

Серада — дзяcяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 18, 20–39
Няхай пазнае народ гэты, што Ты Бог, і Ты навернеш сэрца іхняе

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Кароль Ахаб паслаў да ўсіх сыноў Ізраэля і сабраў усіх прарокаў на гары Кармэль. І падышоў Ілля да ўсяго народу, і сказаў: Ці доўга будзеце хістацца ў два бакі? Калі Пан ёсць Богам, то ідзіце за Ім, а калі Бааль, то ідзіце за ім. І не адказаў народ яму ні слова.

І зноў сказаў Ілля народу: Я адзін застаўся прарок Пана, а прарокаў Бааля чатырыста пяцьдзесят чалавек. Няхай дадуць нам двух цялят, і няхай яны выберуць сабе адно цяля, і рассякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню не падкладаюць. Я ж падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, але агню не падкладу. Вы заклікайце імя бога вашага, а я буду заклікаць імя Пана. І той Бог, які дасць адказ праз агонь, ёсць Богам. І сказаў у адказ увесь народ: Добрая прапанова.

І сказаў Ілля прарокам Бааля: Выберыце сабе адно цяля і падрыхтуйце першымі, бо вас шмат, і заклікайце імя бога вашага, але агню не падкладайце.

Узялі яны цяля, якое было дадзена ім, і падрыхтавалі, і заклікалі імя Бааля з раніцы да поўдня, кажучы: Баале, пачуй нас! Але не было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны вакол ахвярніка, які зрабілі. Калі настаў поўдзень, Ілля пачаў смяяцца з іх, кажучы: Крычыце мацней, бо ён бог; магчыма, ён задумаўся, або заняты чым-небудзь, або ў дарозе, а, можа, ён спіць, то няхай прачнецца. І пачалі яны моцна крычаць і калоць сябе паводле свайго звычаю нажамі і дзідамі, так што кроў лілася па іх.

Мінуў поўдзень, а яны ўсё яшчэ прарочылі аж да часу вечаровага ахвярапрынашэння, але не было ні голасу, ні адказу, ні знаку ўвагі.

Тады Ілля сказаў усяму народу: Ідзіце да мяне. І падышоў увесь народ да яго. Ён жа аднавіў разбураны ахвярнік Пана. І ўзяў Ілля дванаццаць камянёў, па колькасці каленаў сыноў Якуба, якому Пан сказаў: Ізраэль будзе імя тваё. І пабудаваў з гэтых камянёў ахвярнік у імя Пана, і зрабіў вакол ахвярніка роў, ёмістасцю дзвюх сатаў зерня, і паклаў дровы, і рассек цяля, і паклаў яго на дровы, і сказаў: Напоўніце чатыры збаны вадою і вылейце на ахвяру ўсеспалення і на дровы. Потым сказаў: Зрабіце гэта другі раз. Калі яны зрабілі другі раз, сказаў: Зрабіце тое ж трэці раз. І зрабілі трэці раз, і вада палілася вакол ахвярніка, і роў напоўніўся вадою.

У час вечаровага ахвярапрынашэння падышоў прарок Ілля і сказаў: Пане, Божа Абрагама, Ісаака і Ізраэля, няхай пазнаюць у гэты дзень, што Ты адзіны Бог у Ізраэлі, і што я, слуга Твой, зрабіў усё паводле слова Твайго. Пачуй мяне, Пане, пачуй мяне. Няхай пазнае народ гэты, што Ты, Пане, Бог, і Ты навернеш сэрца іхняе.

І сышоў агонь Пана, і паглынуў ахвяру ўсеспалення і дровы, і камяні, і пыл, і праглынуў ваду, якая была ў рове. Убачыўшы гэта, увесь народ упаў ніцма і сказаў: Пан ёсць Богам, Пан ёсць Богам!

Гэта слова Божае.

Серада — дзявяты звычайны тыдзень, год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Тоб 3, 1–11а. 16–17а
Малітвы абодвух былі выслуханы перад абліччам славы Божай

Чытанне кнігі Тобія.

У тыя дні:

Глыбока засмучаны, я са стагнаннем заплакаў і, уздыхаючы, пачаў маліцца: Справядлівы Ты, Пане, і справядлівыя ўсе справы Твае, усе шляхі Твае — міласэрнасць і праўда, а Ты — суддзя навекі. Цяпер, Пане, успомні пра мяне і паглядзі на мяне. Не выконвай нада мною прысуду за мае грахі і маё занядбанне, а таксама за грахі маіх бацькоў, якімі зграшылі яны супраць Цябе, бо мы не паслухаліся наказаў Тваіх, і Ты пакінуў нас на рабунак, няволю і смерць, на абгаворы, кпіны і пагарду сярод усіх народаў, дзе мы рассеяліся. І цяпер справядлівыя Твае шматлікія прысуды, якія выконваеш нада мною за грахі мае і бацькоў маіх, бо мы не паступалі згодна з наказамі Тваімі і не хадзілі ў праўдзе перад Табою. Таму цяпер ўчыні са мною так, як пажадаеш, і загадай, каб дух мой быў забраны ад мяне, і я быў сцёрты з твару зямлі і ператварыўся ў пыл. Бо лепей мне памерці, чым жыць, таму што я вымушаны слухаць беспадстаўныя знявагі і глыбокі смутак ахапіў мяне. Загадай, Пане, каб я быў звольнены ад гэтага ўціску, адпусці мяне да вечнага дому і не адварочвай, Пане, ад мяне свайго аблічча. Бо лепей мне памерці, чым бачыць такі ўціск у жыцці маім і чуць знявагі.

У той самы дзень здарылася, што Сара, дачка Рагуэля, які жыў у мідыйскім Экбатане, таксама чула знявагі ад адной са служанак свайго бацькі, бо Сару выдавалі замуж сем разоў, але Асмадэй, найгоршы дэман, забіваў жаніхоў, перш чым яна збліжалася з імі як жонка. І служанка сказала ёй: Ты сама душыш мужоў сваіх! Цябе ўжо аддавалі за семярых мужоў, і ты не выкарыстала ніводнага з іх. Навошта лупцуеш нас? З-за таго, што памерлі мужы твае? Ідзі следам за імі, каб нам ніколі не бачыць ні сына ад цябе, ні дачкі.

У той дзень дзяўчына глыбока засмуцілася і заплакала, паднялася ў самы верхні пакой свайго бацькі і хацела павесіцца. Аднак апамяталася і сказала: Каб яны, часам, не пачалі зневажаць бацьку майго, кажучы: У цябе была адна любімая дачка, і тая павесілася з-за нядолі. Гаротны тады будзе шлях майго старога бацькі да краіны памерлых. Мне лепей не вешацца, а папрасіць Пана аб смерці, каб больш не чуць у сваім жыцці зняваг. Тады яна працягнула рукі да акна і малілася, кажучы: Благаслаўлёны Ты, Пане Божа міласэрны, благаслаўлёнае і годнае хвалы Тваё імя.

У гэты ж час малітвы абодвух былі выслуханы перад абліччам славы Божай, і пасланы быў анёл Рафаэль аздаравіць абодвух: зняць Тобію бельмы з вачэй, каб ён убачыў святло Божае, а Сару, дачку Рагуэля, аддаць замуж за Тобія, сына Тобія, і звязаць найгоршага дэмана Асмадэя. Бо Тобій меў больш правоў ажаніцца з ёю, чым усе, хто хацеў атрымаць яе.

Гэта слова Божае.

Серада — дзявяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 1, 1–3. 6–12
Распальвай дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук

Пачатак Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, згодна з абяцаннем жыцця ў Хрысце Езусе — Цімафею, умілаванаму сыну: ласка, міласэрнасць, спакой ад Бога Айца і Хрыста Езуса, нашага Пана. Калі я няспынна ўспамінаю пра цябе ў сваіх малітвах удзень і ўначы, я ўдзячны Богу, якому на ўзор продкаў служу з чыстым сумленнем,

З гэтай прычыны нагадваю табе, каб ты распальваў дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне маіх рук. Таму што Бог не даў нам Духа боязі, але сілы, любові і разважнасці.

Дык не саромейся сведчання нашага Пана, ні мяне, вязня Ягонага, але далучыся да цярпенняў дзеля Евангелля паводле моцы Бога, які ўратаваў нас і паклікаў святым пакліканнем не за нашыя ўчынкі, але паводле ўласнай пастановы і ласкі, дадзенай нам у Хрысце Езусе перад вечнымі часамі і адкрытай цяпер праз аб’яўленне Збаўцы нашага, Езуса Хрыста, які знішчыў смерць і асвятліў жыццё і несмяротнасць Евангеллем, дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, апосталам і настаўнікам.

З гэтай прычыны я і цярплю гэта, але не саромеюся, бо ведаю, у каго паверыў, і перакананы, што Ён мае моц захаваць заруку маю на той дзень.

Гэта слова Божае.

Серада — другі звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 17, 32–33. 37. 40–51
Давід перамог філістымляніна каменем і прашчаю

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Калі да Саўла прывялі Давіда, сказаў ён: Няхай ніхто не губляе адвагі. Я, слуга твой, пайду і буду змагацца з гэтым філістымлянінам. І сказаў Саўл Давіду: Ты не зможаш выстаяць супраць гэтага філістымляніна і змагацца з ім, бо ты хлопец, а ён воін ад маладосці сваёй. І сказаў Давід: Пан, які вырывае мяне з лапаў ільва і з лапаў мядзведзя, вызваліць мяне ад рукі гэтага філістымляніна. І адказаў Саўл Давіду: Ідзі, і няхай Пан будзе з табою.

Узяў Давід кій у руку сваю і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і паклаў іх у пастухову торбу, якую выкарыстоўваў як мех для камянёў. Узяў у руку прашчу і пайшоў супраць філістымляніна.

Са сваім збраяносцам наперадзе на Давіда вырушыў і філістымлянін, падыходзячы ўсё бліжэй. Калі філістымлянін прыгледзеўся і ўбачыў Давіда, зірнуў на яго з пагардаю, бо той быў малады, руды і прыгожы з выгляду. І сказаў філістымлянін Давіду: Хіба я сабака, што ты з кіем выйшаў на мяне? І праклянуў Давіда ўсімі сваімі багамі. І гаварыў Давіду: Падыдзі да мяне, і я пакіну тваё цела нябесным птушкам і палявым звярам.

Сказаў і Давід філістымляніну: Ты ідзеш на мяне з дзідаю, мячом і пікай, а я іду на цябе ў імя Пана Магуццяў, Бога войск Ізраэля, якія ты ганіў. Сёння Пан аддасць цябе ў мае рукі, і я ўдару цябе, і адсяку табе галаву тваю. А труп твой і трупы воінаў філістымскіх я аддам сёння птушкам нябесным і палявым звярам, каб даведалася ўся зямля, што ёсць Бог у Ізраэлі, і каб ведаў увесь сход, што не мячом і дзідаю ратуе Пан. Паколькі Яму належыць бітва, Ён аддасць вас у рукі нашыя.

Калі ж падняўся філістымлянін і, падышоўшы, наблізіўся да Давіда, той хутка пабег на бітву супраць філістымляніна. І засунуў руку сваю ў торбу, узяў адзін камень і кінуў з прашчы. І патрапіў філістымляніну ў лоб, аж камень адбіўся на чале ягоным; і ўпаў ён тварам сваім на зямлю. Так Давід перамог філістымляніна каменем і прашчаю і, перамогшы філістымляніна, забіў яго. Хоць Давід не меў у руцэ мяча, падбег і стаў над філістымлянінам, і схапіў ягоны меч, выцягнуў з ножнаў і забіў яго, адсекшы галаву. Калі ж філістымляне ўбачылі, што загінуў наймацнейшы з іх, кінуліся ўцякаць.

Гэта слова Божае.

Серада — Другі тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 40, 25-31
Усемагутны Бог умацоўвае знямоглага

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

З кім вы параўнаеце Мяне,
і Я буду роўны яму?— кажа Святы.
Узніміце ўгору вашыя вочы і паглядзіце:
Хто стварыў гэтыя зоркі?
Той, хто выводзіць іх шматлікае войска,
і кліча іх усіх па імені.
Сярод такой магутнасці
і вялікай моцы
ніхто не застаецца пакінутым.
Чаму ты кажаш, Якубе,
і ты, Ізраэль, гаворыш:
Схавана дарога мая ад Пана,
у Бога майго забыты закон мой.
Хіба не ведаеш ты? Хіба не чуў ты?
Пан - Бог вечны,
Ён стварыў межы зямлі.
Ён не стамляецца, не знясільваецца,
і неспазнаны розум Ягоны.
Ён дае стомленаму сілу,
Ён умацоўвае знямоглага.
І юнакі стамляюцца і знясільваюцца,
і маладыя, блукаючы, спатыкаюцца.
Але тыя, хто спадзяецца на Пана, адновяць сілы,
расправяць крылы, як арлы,
пабягуць і не стомяцца,
пойдуць і не знясіляцца.

Гэта слова Божае.

Серада — І Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ён 3, 1–10
Нінівіцяне адышлі ад злога шляху свайго

Чытанне кнігі прарока Ёны.

Пан звярнуўся да Ёны другі раз, кажучы: Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і скажы ім тое, што Я табе наказаў. І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву, паводле слова Пана.

Нініва ж была вялікім горадам у Бога: на тры дні хады. І пачаў Ёна хадзіць па горадзе столькі, колькі можна было прайсці за адзін дзень, і ўсклікаў, кажучы: Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе збурана.

І паверылі нінівіцяне ў Бога, і абвясцілі пост, і апрануліся ў мяхі, ад старэйшага аж да малодшага.

Калі дайшло гэтае слова Пана да караля Нінівы, ён устаў са свайго пасаду і скінуў з сябе плашч свой, і апрануўся ў мех, і сеў на попеле. І загадаў, каб у Нініве, паводле загаду караля і вяльможаў ягоных, абвясцілі: Няхай ні людзі, ні жывёла, ні валы, ні статкі не каштуюць нічога, а таксама не пасвяцца і не п’юць. Але няхай апрануцца ў мяхі людзі і жывёлы і моцна ўсклікаюць да Пана, і няхай кожны адвернецца ад злога шляху свайго і ад насілля, што ў руках іхніх. Хто ведае, можа, Бог змілуецца, і даруе, і адверне свой гнеў, і мы не загінем.

І ўбачыў Бог учынкі іхнія, што яны адвярнуліся ад злога шляху свайго, і пашкадаваў Бог, што сказаў пра няшчасце, якое спашле ім, і не спаслаў.

Гэта слова Божае.

Серада — ІIІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 8, 1b–8
Хадзілі, абвяшчаючы слова

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У той дзень пачалося вялікае ганенне Касцёла ў Ерузалеме. Усе, акрамя Апосталаў, разышліся па краінах Юдэі і Самарыі.

А пабожныя людзі пахавалі Стэфана і ўчынілі вялікі плач па ім. А Саўл нішчыў Касцёл, уваходзіў у дамы, забіраючы мужчын і жанчын і кідаючы іх у вязніцу.

Тыя ж, хто рассеяўся, хадзілі, абвяшчаючы слова. Філіп жа прыйшоў у самарыйскі горад і абвяшчаў там Хрыста. А людзі згодна слухалі, што казаў Філіп, чуючы і бачучы ўчыненыя Ім цуды. Бо з многіх апантаных выходзілі з вялікім крыкам нячыстыя духі, і шмат спаралізаваных і кульгавых было аздароўлена. І сталася вялікая радасць у гэтым горадзе.

Гэта слова Божае.

Серада — ІV Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 12, 24 — 13, 5а
Вылучыце мне Барнабу і Саўла

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Слова Божае расло і пашыралася. Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё служэнне ў Ерузалеме, вярнуліся і ўзялі з сабою Яна, якога звалі таксама Маркам.

У Антыёхіі, у тамашнім Касцёле, прарокамі і настаўнікамі былі: Барнаба і Сымон, якога звалі таксама Нігер, і Люцый Кірынеец, і Манаэн, які выхоўваўся разам з тэтрархам Ірадам, і Саўл.

Калі яны служылі Пану і пасцілі, Дух Святы сказаў: Вылучыце мне Барнабу і Саўла на справу, да якой Я іх паклікаў. Тады, папасціўшы і памаліўшыся, яны ўсклалі на іх рукі і адпусцілі іх.

А яны, пасланыя Духам Святым, прыбылі ў Сэлеўкію. Адтуль паплылі на Кіпр. І калі былі ў Саламіне, абвяшчалі Божае слова ў сінагогах юдэйскіх.

Гэта слова Божае.

Серада — ІІ Велікодны тыдзень

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 5, 17–26
Вось мужы, якіх вы кінулі ў вязніцу, стаяць у святыні і навучаюць народ

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Першасвятар і ўсе тыя, хто быў разам з ім, з кола садукеяў, поўныя зайздрасці, схапілі Апосталаў і кінулі іх у публічную турму.

Але ноччу анёл Пана адчыніў дзверы вязніцы, вывеў іх і сказаў: Ідзіце і абвяшчайце народу ў святыні ўсе гэтыя словы жыцця. Яны ж, паслухаўшыся, увайшлі раніцай у святыню і навучалі.

Першасвятар і тыя, хто быў разам з ім, прыйшлі, склікалі Высокую раду і ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля, і паслалі ў вязніцу, каб прывялі Апосталаў. Калі ж слугі прыйшлі, не знайшлі іх у вязніцы. Вярнуўшыся, яны сказалі: Турма была замкнёнай і ў поўнай бяспецы, і варта стаяла пры дзвярах. Аднак, адчыніўшы, мы нікога там не знайшлі.

Калі дазорац святыні і святары пачулі гэтыя словы, не зразумелі, што сталася. Але нехта прыбыў і сказаў ім: Вось мужы, якіх вы кінулі ў вязніцу, стаяць у святыні і навучаюць народ. Тады дазорац пайшоў са слугамі і прывёў іх без прымусу, таму што баяліся народа, каб не закідалі іх камянямі.

Гэта слова Божае.

Серада — ІІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 18, 18–20
Прыйдзіце, пераможам яго

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

Сказалі: Прыйдзіце, прыдумаем штосьці супраць Ераміі. Бо не знікне закон у святара, ні парада ў мудраца, ні слова ў прарока. Прыйдзіце, пераможам яго языком і не будзем зважаць на ўсе ягоныя словы.

Паслухай мяне, Пане, і пачуй голас маіх праціўнікаў. Ці ж плацяць злом за дабро? А яны выкапалі для мяне яму. Успомні, як я стаяў перад Табою, каб добра сказаць пра іх, каб адвярнуць ад іх Твой гнеў.

Гэта слова Божае.

Серада — ІІІ Тыдзень Вялікага посту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 4, 1. 5–9
Заклік да захавання загадаў

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

Цяпер, Ізраэль, слухай пастановы і законы, якія я вучу вас выконваць, каб жылі вы, і ўвайшлі, і атрымалі ў спадчыну зямлю, якую дае вам Пан, Бог айцоў вашых.

Вось я навучыў вас пастановам і законам, як Пан, Бог мой, загадаў мне, каб вы выконвалі іх на зямлі, якою ідзеце авалодаць. Захоўвайце і выконвайце іх, бо гэта — мудрасць вашая і розум ваш перад вачыма народаў, якія, калі пачуюць усе пастановы гэтыя, так скажуць: Толькі гэты народ мудры і разумны, ён вялікі народ. Ці ж ёсць іншы народ вялікі, каб ягоныя багі былі так блізка, як блізкі ёсць Пан, Бог наш, калі б мы ні паклікалі Яго? Ці ж ёсць іншы вялікі народ, які б меў такія справядлівыя пастановы і законы, як ўвесь Закон гэты, што я сёння даю вам?

Аднак сцеражыся і пільнуй душу сваю, каб ты не забыў пра справы, што бачылі вочы твае, і каб яны не выйшлі з твайго сэрца ва ўсе дні жыцця твайго. Ты раскажаш пра іх сынам і ўнукам тваім.

Гэта слова Божае.

Серада — першы звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 3, 1–10. 19–20
Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Малады Самуэль служыў Пану пад наглядам Элія. У тыя дні рэдка прамаўляў Пан, аб’яўленні не былі частыя. І сталася ў пэўны дзень, калі Элій спаў на сваім месцы, – вочы яго пачалі ўжо заплюшчвацца, і не мог бачыць, — і светач Божы яшчэ не пагас. Самуэль жа спаў у святыні Пана, дзе знаходзіўся каўчэг запавету. І паклікаў Пан Самуэля, а той адказаў: Вось я. І пабег да Элія і сказаў: Вось я, ты мяне клікаў. Элі адказаў: Я не клікаў цябе, вярніся і спі. Ён пайшоў і лёг. Але Пан паклікаў зноў: Самуэль!

Устаў Самуэль і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Той адказаў: Я не клікаў цябе, сыне. Вярніся і спі. Самуэль яшчэ не пазнаў Пана, і слова Пана яшчэ не адкрылася яму. Тады Пан паўтарыў трэці раз свой заклік: Самуэль! Ён устаў і пайшоў да Элія, і сказаў: Вось я, бо ты мяне клікаў. Элі зразумеў, што гэта Пан кліча хлопца. І сказаў Элі Самуэлю: Ідзі спаць! А калі зноў цябе пакліча, адкажы: Гавары, Пане, бо слухае слуга Твой. Пайшоў Самуэль і лёг спаць на сваім месцы. Прыйшоў Пан і стаў, і паклікаў, як перад гэтым: Самуэль, Самуэль! Самуэль адказаў: Кажы, бо слухае слуга Твой.

Самуэль рос, а Пан быў з ім. Не дазволіў Самуэль ніводнаму Яго слову ўпасці на зямлю. І ўвесь Ізраэль ад Дана да Бээр-Шэбы даведаўся, што Самуэль быў устаноўлены прарокам Пана.

Гэта слова Божае.

Серада — Першы тыдзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 25, 6-10а
Пан Бог запрашае на сваю гасціну і выцірае слёзы з усіх твараў

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У той дзень:

Пан Магуццяў прыгатуе для ўсіх народаў на гэтай гары
гасціну з тлустых страў, гасціну з добрага віна,
з туку касцей ды з найлепшага віна.
Скіне Ён на гэтай гары заслону,
што закрывае твар ўсіх народаў,
покрыва, расцягнутае над усімі плямёнамі.
Ён знішчыць смерць назаўсёды.
І вытра Пан Бог слёзы з усіх твараў,
і здыме ганьбу з народа свайго па усёй зямлі,
бо так сказаў Пан.
І скажуць у той дзень:
Гэта Ён, наш Бог!
На Яго мы спадзяваліся, што Ён нас збавіць.
Гэта Пан, у Ім наша надзея,
будзем радавацца і весяліцца ў Яго збаўленні!
Бо рука Пана спачне на гэтай гары.

Гэта слова Божае.

Серада — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 3, 1–6. 9–12
З’явіўся Анёл Пана ў полымі агню з сярэдзіны куста

Чытанне кнігі Зыходу.

У тыя дні:

Майсей пасвіў авечак цесця свайго Етры, святара мадыянскага. І завёў ён авечак далёка ў пустыню, і прыйшоў да Гарэба, Божай гары. І з’явіўся яму Анёл Пана ў полымі агню з сярэдзіны цярновага куста. І бачыў ён, як куст палаў агнём, але не згараў.

І сказаў Майсей: Падыду я бліжэй і пагляджу на гэтую вялікую з’яву: чаму куст не згарае. Убачыў Пан, што ён наблізіўся, каб паглядзець, і паклікаў яго з сярэдзіны куста, кажучы: Майсей, Майсей.

Той адказаў: Вось я.

І сказаў Бог: Не набліжайся сюды, здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, гэта святая зямля.

І сказаў яшчэ: Я — Бог айца твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба.

І схаваў Майсей твар свой, таму што баяўся паглядзець на Бога.

І сказаў Пан: Вось крык сыноў Ізраэля дайшоў да Мяне, і Я ўбачыў уціск іхні, якім егіпцяне прыгнятаюць іх. Але ідзі, Я пашлю цябе да фараона, каб ты вывеў з Егіпта народ Мой, сыноў Ізраэля.

І сказаў Майсей Богу: Хто я, каб ісці да фараона і выводзіць сыноў Ізраэля з Егіпта?

Пан адказаў: Я пайду з табою. І вось знак таго, што Я паслаў цябе: калі выведзеш народ з Егіпта, паклоніцеся Богу на гэтай гары.

Гэта слова Божае.

Серада — пятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 10, 5–7. 13–16
Ці ж хваліцца сякера перад тым, хто ёй сячэ?

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Так кажа Пан:

О, асірыец, розга Майго гневу;
кій у руцэ яго — гэта Маё абурэнне!
Я пашлю яго да бязбожнага народа
і супраць народа гневу майго аддам яму загад,
каб узяў здабычу і дашчэнту абрабаваў,
каб кінуў яго на патаптанне,
быццам вулічны бруд.
Але ён не думае так
і яго сэрца так не лічыць.
Аднак у яго сэрцы згуба
і знішчэнне шматлікіх народаў.
Бо скажа:
Я ўчыніў гэта сілаю маёй рукі
і мудрасцю сваёй, бо я разумны.
Я перастаўляю межы народаў
і рабую іхнія скарбы;
скідаю тых, хто сядзіць на тронах, нібы асілак.
Мая рука знайшла, быццам гняздо, багацце народаў.
І як збіраюць кінутыя яйкі,
так я сабраў усю зямлю.
І ніхто не паварушыў крыламі,
і не адкрыў дзюбы, і не піснуў.
Але ці хваліцца сякера
перад тым, хто ёй сячэ?
Ці ж ўзвышаецца піла
над тым, хто яе цягне?
Быццам розга можа трасці тым, хто яе трымае,
або кій можа падняць таго, хто не дрэва.
За гэта Пан, Бог Магуццяў,
пашле знямогу на тлустых яго,
і пад ягонай славай
загарыцца жар, нібы полымя агню.

Гэта слова Божае.

Серада — пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 10, 1–10
Убачыла каралева Сабы ўсю мудрасць Саламона

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

У тыя дні:

Каралева Сабы пачула пра славу Саламона, здабытую дзякуючы імені Пана, і прыйшла выпрабаваць яго загадкамі. Яна прыбыла ў Ерузалем з вельмі вялікаю світаю, з вярблюдамі, якія неслі духмянасці, незлічонае мноства золата і каштоўныя камяні. І прыйшла яна да Саламона, і сказала яму ўсё, што мела на сэрцы. Саламон жа растлумачыў ёй усе словы, і не было пытання, незразумелага для караля, на якое б не адказаў ёй.

Убачыла каралева Сабы ўсю мудрасць Саламона, і палац, які ён пабудаваў, і стравы стала ягонага, і жыллё нявольнікаў ягоных, і паставу слугаў ягоных, і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных, і ўсеспаленні, якія прыносіў ў доме Пана. І захапіла дух ёй, і сказала яна каралю: Праўдзівыя словы, што чула я на зямлі сваёй пра твае справы і мудрасць тваю. Аднак я не верыла тым, хто казаў мне, пакуль не прыбыла сама і не ўбачыла на свае вочы. Я пераканалася, што не расказалі мне нават паловы: мудрасць твая і даброты большыя, чым я чула ў пагалосцы. Шчаслівыя людзі твае, шчаслівыя слугі твае і тыя, хто заўсёды стаіць перад табою і слухае тваю мудрасць. Няхай будзе благаслаўлёны Пан Бог твой, які ўпадабаў цябе і пасадзіў цябе на трон Ізраэля. Назаўсёды Пан палюбіў Ізраэль, таму і прызначыў цябе каралём, каб ты вяршыў правасуддзе і справядлівасць.

І дала яна каралю сто дваццаць талантаў золата, вельмі шмат духмянасцяў і каштоўных камянёў. Ніколі больш не прыносілі так шмат духмянасцяў, як каралева Сабы падаравала каралю Саламону.

Гэта слова Божае.

  • Запрашаем на ранішнік

    24 лістапада 2019 года а 10-й гадзіне для дзяцей катэхетычнай школы адбудзецца Ранішнік «Так хацеў Бог».

  • Кастрычнік
    2019

    Тэатр Зніч

  • Верасень
    2019

    Тэатр Зніч

  • Моладзь запрашае!

    Па добрай традыцыі моладзь Чырвонага касцёла зноў запрашае вернікаў далучыцца да дабрачыннай акцыі “Светлае Свята Вялікадня”.

  • Вечарына ў бібліятэцы Імя Адама Міцкевіча

    31 сакавіка а 16-й гадзіне ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адбудзецца вечарына з нагоды ўключэння ўрачыстасці, прысвечанай ушанаванню абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

  • 17 сакавіка ў 12.30 адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі "На Беларусі Бог жыве!"