ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 12, 18-19. 21-24 Вы прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Вы не прыступіліся ні да таго, да чаго можна дакрануцца, ні да распаленага агню, ні да змроку, цемры і буры, ні да гуку трубы і голасу словаў, пачуўшы які, слухачы прасілі, каб ён больш не прамаўляў. А відовішча было настолькі страшнае, што Майсей сказаў: Я спалоханы і дрыжу.
Вы ж прыступіліся да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерузалема, да безлічы анёлаў, да святочнага сходу, да Касцёла першародных, запісаных у нябёсах, і да Бога – Суддзі ўсіх, да духаў праведных, якія дасягнулі дасканаласці, да Езуса – Пасрэдніка Новага Запавету, да акраплення крывёю, якая прамаўляе больш, чым кроў Абэля.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 3, 14–21 Каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, напоўніліся ўсёй паўнатою Божай
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Я схіляю калені мае перад Айцом Пана нашага Езуса Хрыста, ад якога бярэ сваю назву кожны народ на нябёсах і на зямлі, каб Ён даў вам, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Духам Ягоным дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай.
А таму, хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім, або пра што думаем, Яму слава ў Касцёле і ў Хрысце Езусе ва ўсе пакаленні ад веку да веку. Амэн.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 3, 1–5 Ці праз учынкі Закону вы атрымалі Духа, ці праз настаўленне ў веры?
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.
О, неразумныя галаты, хто зачараваў вас, перад вачыма якіх быў накрэслены вобраз Езуса Хрыста ўкрыжаванага? Толькі пра адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі паводле Закону вы атрымалі Духа, ці праз паслухмянасць адносна веры? Ці вы такія неразумныя, каб пачатае духам завяршаць цяпер целам? Няўжо марна вы столькі перацярпелі? Можа і сапраўды марна! Ці той, хто дае вам Духа і здзяйсняе між вамі цуды, робіць гэта праз учынкі паводле Закону або праз паслухмянасць адносна веры?
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 1–10 Выбраў нас у Ім перад стварэннем свету
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Павел, воляю Божаю апостал Езуса Хрыста, святым, што ў Эфесе, і верным у Хрысце Езусе: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста.
Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах, бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным. У Ім мы маем адкупленнне Ягонаю Крывёю, дараванне правінаў, паводле багацця ласкі Ягонай, якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні, дазволіўшы нам пазнаць таямніцу сваёй волі, паводле свайго ўпадабання, якое раней паклаў ў Ім для спаўнення паўнаты часу, каб аб’яднаць ўсё ў Хрысце: тое, што на небе і на зямлі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 6, 10–20 Прыміце зброю Божую, каб вы маглі, усё адолеўшы, выстаяць
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Нарэшце, браты, мацуйцеся ў Пану магутнасцю сілы Ягонай. Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць ашуканствам д’ябла. Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць Панаванняў, супраць Уладаў, супраць гаспадароў цемры свету гэтага, супраць нябесных духаў злосці.
Дзеля гэтага прыміце ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.
Таму станьце, падперазаўшы сцёгны свае праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога. І шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць слова Божае.
Ва ўсялякай малітве і просьбе маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе. А дзеля гэтага дбайце з усёй стараннасцю і маліцеся за ўсіх святых і за мяне, каб мне дадзена было слова, і я мог адкрыць вусны свае, і адважна абвяшчаць таямніцу Евангелля, дзеля якога я стаў пасланнікам ў кайданах, каб смела прапаведаваў яго, як і належыць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 3, 3–8а Што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Мы прымаем абразанне, калі служым у Божым Духу і ганарымся ў Хрысце Езусе, а не спадзяёмся на цела, хоць я магу спадзявацца і на цела. Калі хто іншы спадзяецца на цела, то тым больш я, абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраэля, з пакалення Бэньяміна, габрэй ад габрэяў, паводле Закону — фарысей, паводле руплівасці — ганіцель Касцёла, паводле справядлівасці Закону — беззаганны.
Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Хрыста Езуса, Пана майго.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флм 7–20 Ужо не як слугу, але як брата ўмілаванага, прымі яго
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філімона.
Умілаваны:
Мы маем вялікую радасць і суцяшэнне ў любові тваёй, бо праз цябе, браце, заспакоены сэрцы святых. Таму, хоць і маю вялікую адвагу ў Хрысце загадваць табе тое, што трэба, хутчэй прашу цябе з любоўю. Я, Павел, будучы старцам, а цяпер і вязнем Езуса Хрыста, прашу цябе за майго сына Анісіма, якога нарадзіў я ў кайданах. Некалі ён быў бескарысны для цябе, а цяпер карысны і для цябе, і для мяне. Адсылаю яго да цябе, а ты прымі яго — гэта маё сэрца.
Я хацеў затрымаць яго пры сабе, каб ён замест цябе паслужыў мне ў кайданах за Евангелле. Але без тваёй згоды нічога не хацеў бы рабіць, каб добрая справа твая была не з прымусу, а з добрай волі. Бо, можа, ён дзеля таго аддаліўся ад цябе на пэўны час, каб ты прыняў яго назаўсёды ўжо не як слугу, але больш чым слугу, як брата ўмілаванага, асабліва для мне, а тым больш для цябе, і паводле цела, і ў Пану.
Таму, калі лічыш мяне супольнікам, то прымі яго, як мяне. Калі ж ён чым пакрыўдзіў цябе, або вінаваты табе, палічы гэта мне. Я, Павел, напісаў сваёю рукою: я адплачу, ужо не кажучы табе пра тое, што ты вінаваты мне больш за самога сябе. Так, браце, няхай я атрымаю ад цябе карысць ў Пану: заспакой маё сэрца ў Хрысце.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 5, 1–10 Ягнец забіты сваёю крывёю адкупіў нас з кожнага племені
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.
Я, Ян, бачыў у правіцы таго, хто сядзіць на троне, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную сямю пячаткамі. І бачыў я магутнага Анёла, які абвяшчаў гучным голасам: Хто годны разгарнуць гэтую кнігу і зняць пячаткі з яе? І ніхто не мог ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю разгарнуць гэтую кнігу, ні зазірнуць у яе. І я моцна плакаў таму, што не знайшлося годнага, каб адкрыць кнігу і зазірнуць у яе.
Тады адзін са старцаў сказаў мне: Не плач, вось леў з племені Юды, корань Давіда, перамог, каб разгарнуць гэтую кнігу і зняць сем пячатак яе. І я ўбачыў, што пасярод трона, і чатырох жывых істотаў, і сярод старцаў стаяў Ягнец нібы забіты, і меў сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сямю Божымі духамі, спасланымі на ўсю зямлю.
І прыйшоў Ягнец, і ўзяў кнігу з правіцы таго, хто сядзеў на троне. І калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старцы ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя кадзіла, якое ёсць малітвай святых. І спяваюць яны новую песню, кажучы:
Ты годны ўзяць кнігу і зняць з яе пячаткі, бо Ты быў забіты, і сваёй Крывёю Ты адкупіў нас для Бога з кожнага роду і мовы, і племені, і народа, і зрабіў нас валадарствам і святарамі для Бога нашага, і мы будзем валадарыць на зямлі.
Рэфрэн: Ты зрабіў нас валадарствам для нашага Бога. Або: Аллелюя.
1. Спявайце Пану новую песню, * хвала Яму на сходзе святых. 2. Няхай радуецца Ізраэль у тым, хто яго стварыў, * сыны Сіёну няхай цешацца ў сваім Валадары.
Рэфрэн:
3. Няхай праслаўляюць імя Ягонае ў танцы, * няхай зайграюць Яму на бубне і гарфе. 4. Бо Пан любіць свой народ, * пакорных карануе збаўленнем.
Рэфрэн:
5. Няхай усклікаюць святыя ў славе, * няхай радуюцца на ложах сваіх. 6. Пахвалы Богу на іх вуснах. * 9. Гэтая хвала для ўсіх Ягоных святых.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ пар. Пс 95 (94), 8аb
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
Не рабіце сёння жорсткімі сэрцы вашыя, але слухайце голас Пана.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
ЕВАНГЕЛЛЕ Лк 19, 41–44 Калі б і ты пазнаў, што служыць для спакою твайго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус наблізіўся да Ерузалема і ўбачыў яго, заплакаў над ім і сказаў: О, калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго. Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку. І зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх з табою, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу адведзінаў сваіх.
Разважанне да Евангелля: Пан заўсёды глядзіць з любоўю
На схіле Аліўнай гары стаіць маленькі касцёл, з якога адкрываецца цудоўны від на Ерузалем. Яго назва (“Пан заплакаў”) і форма (павернутая сляза) прыпамінаюць тую падзею, пра якую чытаем у Евангеллі. Езус заплакаў над Святым Горадам, таму што той не распазнаў часу сваіх адведзінаў. У гэтым было спаўненне даўнейшых прароцтваў. Яшчэ прарок Ісая прадказваў прыйсце Князя Супакою, Ерамія – Пана, які будзе справядлівасцю, а Іоіль – Дух Божы, які выльецца на ўсіх. Езус, Які прыйшоў, не толькі адчытаў сэнс гэтых прароцтваў, але выканаў іх. Аднак не распазнанне часу выканання прароцтваў і адведзінаў заканчваецца трагічна. Той, хто не пазнае, іншымі словамі, не любіць свайго Пана, загіне.
Хрыстэ, Ты прыходзіш да мяне і пазіраеш на мяне. Ведаю, што гэта заўсёды позірк любові. Усведамляю таксама, што маё грэшнае жыццё можа быць прычынай Тваіх слёз.
Разважанні кс. Марывуша Шмайдзінскага з “Евангелле 2016” Пераклад разважання: Кацярына Дурко
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 18, 1–2. 21–23; 19, 1–3. 9а Упаў вялікі Бабілён
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.
Я, Ян, убачыў Анёла, які сыходзіў з неба і меў уладу вялікую, а зямля асвятлілася ад славы ягонай. І ўсклікнуў ён моцным голасам, кажучы: Упаў, упаў вялікі Бабілён, стаўся жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, і прыстанішчам усякай нячыстай птушкі, і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду.
І адзін магутны Анёл узяў камень, падобны да вялікага жарна, і ўкінуў у мора, кажучы: З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго. І голасу гусляроў і песняроў, і флейтыстаў, і трубачоў у табе больш не будзе чутна. Не будзе ўжо ў табе ніякага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе. І святло лямпы ўжо не з’явіцца ў табе. І голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чуваць у табе. Бо купцы твае былі вяльможамі зямлі, бо чарадзействам тваім зведзеныя ўсе народы. Пасля гэтага я пачуў у небе моцны голас, як бы вялікага мноства людзей, якія казалі: Аллелюя!
Збаўленне і слава, і моц Бога нашага, бо праўдзівыя і справядлівыя прысуды Ягоныя, бо Ён асудзіў вялікую распусніцу, якая нішчыла зямлю сваёй распустай, і спагнаў кроў слугаў сваіх з яе рукі. І другі раз сказалі: Аллелюя! І дым яе ўзносіцца на вякі вечныя. І сказаў мне Анёл: Напішы: шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Ягняці.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 30, 15—20 Сёння я паклаў перад вамі благаслаўленне і пракляцце (Дрг 30, 15-20)
Чытанне кнігі Другазаконня.
Майсей прамовіў да народа, кажучы:
Глядзі, сёння я паклаў перад табою жыццё і дабро, смерць і зло. Таму сёння я наказваю табе любіць Пана, Бога твайго, і хадзіць Яго шляхамі, выконваць Яго запаведзі, Яго пастановы і Яго законы, каб ты жыў і памнажаўся. А Пан Бог твой благаславіць цябе ў краіне, якою ты ідзеш авалодаць. Але калі тваё сэрца адвернецца, і ты не будзеш слухаць, калі звядуць цябе, і станеш пакланяцца іншым багам, і служыць ім, — я абвяшчаю вам сёння, — то напэўна згінеце, ненадоўга затрымаецеся на зямлі, якою ідзеце авалодаць пасля пераходу праз Ярдан.
Сёння я заклікаю неба і зямлю засведчыць супраць вас, што я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё, каб любіў Пана Бога твайго, і слухаўся голасу Ягонага, і моцна трымаўся Яго. Бо ў гэтым тваё жыццё і працягласць дзён тваіх, каб жыць табе на зямлі, якую Пан пакляўся даць продкам тваім: Абрагаму, Ісааку і Якубу.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 3, 11–26 Забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні, калі аздароўлены кульгавы не адступаўся ад Пятра і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх на ганак, званы Саламонавым.
Убачыўшы гэта, Пётр сказаў народу: Мужы ізраэльскія, чаго здзіўляецеся гэтаму? І чаго так глядзіце на нас, быццам мы ўласнай сілаю альбо пабожнасцю зрабілі так, што ён ходзіць? Бог Абрагама, Ісаака і Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Слугу свайго, Езуса, якога выдалі вы і адракліся ад Яго перад Пілатам, калі той вырашыў адпусціць Яго. Вы адракліся ад Святога і Справядлівага, а прасілі памілаваць злачынцу. Забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі.
І праз веру ў імя Ягонае гэтага чалавека, якога бачыце і ведаеце, імя гэтае ўмацавала. І вера, што ад Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад усімі вамі.
І цяпер, браты, я ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і кіраўнікі вашыя. А Бог здзейсніў тое, што абвяшчаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Хрысус будзе цярпець. Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя, каб прыйшла ад Пана гадзіна палёгкі, і каб прыслаў Ён вам таго, хто быў прадказаны, Езуса Хрыста, якога неба павінна было прыняць да часоў аднаўлення ўсяго, пра што спрадвеку казаў Бог вуснамі сваіх святых прарокаў.
Майсей сказаў: Пан Бог дасць вам Прарока з братоў вашых; як мяне, слухайцеся Яго ва ўсім, што Ён вам скажа. І кожны, хто не паслухае таго Прарока, будзе знішчаны ў народзе. І ўсе прарокі, якія прамаўлялі з часоў Самуэля і пасля яго, абвяшчалі дні гэтыя.
Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з айцамі вашымі, кажучы Абрагаму: Благаслаўлёныя будуць у тваім патомстве ўсе народы зямлі. Для вас найперш Бог уваскрасіў Слугу свайго і паслаў Яго, каб Ён благаславіў вас і адвярнуў кожнага ад беззаконняў вашых.
Прапануем распачынаць новы тыдзень працы і вучобы з ірландскім езуітам айцом Брэнданам МакМанусам SI, які на ўласным досведзе паказвае, наколькі актуальнай з’яўляецца спадчына святога Ігнацыя Лаёлы, які жыў у XVI стагоддзі.
Яго афарызмы — гэта ігнацыянскія правілы на практыцы. Яны карысныя і 15-гадовым, і тым, хто быў такім шмат гадоў таму.