Стэфан, поўны ласкі і моцы, чыніў вялікія цуды і знакі сярод народу. Некаторыя з сінагогі, называнай лібертынскай і кірынэйскай, і александрыйскай, і некаторыя з Кілікіі і Азіі паўсталі і пачалі спрачацца са Стэфанам. Але не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, з якімі ён прамаўляў.
Калі яны слухалі гэта, запалалі гневам у сэрцах сваіх і скрыгаталі на яго зубамі.
Стэфан жа, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на неба і ўбачыў славу Божую і Езуса, які стаяў праваруч Бога, і сказаў: Вось бачу нябёсы раскрытыя і Сына Чалавечага, які стаіць праваруч Бога.
Але яны, закрычаўшы моцным голасам, заткнулі вушы свае і кінуліся на яго ўсе разам. І вывеўшы за горад, пачалі каменаваць. А сведкі паклалі адзежу сваю каля ног юнака, якога звалі Саўл.
І каменавалі Стэфана, які заклікаў і казаў: Пане Езу, прымі дух мой. І, упаўшы на калені, усклікнуў моцным голасам: Пане, не лічы ім граху гэтага!
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 26–31 Слабое свету выбраў Бог
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Паглядзіце, браты, на пакліканне вашае. Няшмат сярод вас мудрых паводле цела, няшмат моцных, няшмат высакародных.
Але Бог выбраў неразумнае свету, каб асароміць мудрых, і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных, і бязроднае свету, і пагарджанае, і тое, чаго няма выбраў Бог, каб знішчыць існае, каб ніякае цела не выхвалялася перад Богам.
Праз Яго і вы існуеце ў Хрысце Езусе, які стаў для нас мудрасцю ад Бога, і справядлівасцю, і пасвячэннем, і адкупленнем, каб было, як напісана: Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 26, 1–4. 16–21 (гр. 1–4. 13–16) Як сонца ўзыходзіць над вышынямі Пана, так хараство добрай жонкі — упрыгожанне дому яе
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Шчаслівы муж, які мае добрую жонку, колькасць ягоных дзён падвоіцца. Дасканалая жонка цешыць мужа свайго, і ён дасягне паўнаты свайго ўзросту ў спакоі. Добрая жонка — гэта шчаслівая доля, якая дастанецца тым, хто баіцца Пана. Тады задаволена сэрца і багатага, і беднага, і ў кожную часіну вясёлы твар яго. Любасць добрай жонкі прыносіць асалоду яе мужу, а яе ўмеласць умацоўвае ягоныя косці. Дар Пана — маўклівая жонка, а выхаваная душа не мае цаны. Любасць над любасцю — сарамлівая жонка, і няма нічога больш каштоўнага, чым цнатлівая душа. Як сонца ўзыходзіць над вышынямі Пана, так хараство добрай жонкі — упрыгожанне дому яе.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 1, 20-22. 24-28 Ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, Самуэль прызначаны будзе для Пана
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
У тыя дні: Зачала Ганна і праз пэўны час нарадзіла сына, якому дала імя Самуэль, бо казала: Я выпрасіла яго ў Пана.
І пайшоў яе муж Элькана і ўвесь дом ягоны, каб здзейсніць для Пана штогадовую ахвяру і сваё абяцанне. Але Ганна не пайшла, бо сазала мужу свайму: Не пайду, пакуль немаўля не будзе аднята да грудзей і я не прывяду яго да Пана, каб ён застаўся там назаўсёды.
Калі Ганна адняла ад грудзі Самуэля, яна ўзяла яго з сабой, забіраючы таксама трохгадовае цяля, адну меру мукі і мех віна, і прыйшла з ім у Сілом, у дом Пана. Хлопчык той быў яшчэ дзіцём.
І забілі цяльца, і прывялі таго хлопчыка да Элія. І сказала яна: О, спадар мой! Няхай жыве душа твая, спадар мой! Я — тая самая жанчына, якая тут перад табою стаяла і малілася да Пана. Маліла аб гэтым хлопцы, і выканаў Пан просьбу маю, якую ўзносіла да Яго. І вось я аддаю яго Пану; ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 1, 1–4 Тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам
Пачатак Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі, пра Слова жыцця, — бо жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам Хрыстом. І гэта пішам мы, каб радасць нашая была поўнай.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 4, 7–16 Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас
Чытанне Першага паслання святога Яна.
Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.
Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён Сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.
Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.
Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 2, 19–22 Умацаваныя на падмурку апосталаў
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 1, 5 — 2, 2 Кроў Езуса ачышчае нас ад усялякага граху
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Навіну, якую мы пачулі ад Езуса Хрыста, абвяшчаем вам, што Бог ёсць Святло і няма ў Ім ніякай цемры. Калі мы кажам, што маем еднасць з Ім, а ходзім у цемры, то мы хлусім і паступаем не па праўдзе. А калі ходзім у святле, як Ён ёсць у святле, то маем еднасць паміж сабою, і кроў Езуса, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усялякага граху. Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, прабачыць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці. Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас слова Ягонага.
Дзеці мае, гэта пішу вам, каб вы не грашылі. Калі ж хто зграшыць, то мы маем Заступніка перад Айцом, Езуса Хрыста справядлівага. Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 9–10. 13–14 Тысячы тысячаў служылі Яму
Чытанне кнігі прарока Даніэля.
Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненая рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі.
Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўні, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная – вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 1, 17–19 Скажаш ім усё, што Я табе загадаю. Не бойся іх
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
У тыя дні:
Пан скіраваў да мяне сваё слова: Ты падпяражаш свае бёдры, устанеш і скажаш ім усё, што Я табе загадаю. Не бойся іх, інакш Я напоўню цябе страхам перад імі.
Вось Я зрабіў цябе сёння ўмацаваным горадам, жалезным слупом і меднымі мурамі супраць усёй зямлі, супраць каралёў юдэйскіх, супраць правадыроў іхніх, супраць святароў і народу гэтай зямлі.
Яны будуць ваяваць з табою, але не перамогуць цябе, бо Я з табою, — кажа Пан, — каб ратаваць цябе.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 4, 7–16 Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.
Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым праявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя.
Калі Бог так палюбіў нас, дык і мы павінны любіць адзін аднаго. Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, то Бог жыве ў нас, і любоў Ягоная ў нас дасканалая. Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа. І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу. І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог.
Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 3–11 Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Па тым даведваемся, што мы пазналі Езуса, калі выконваем Ягоныя запаведзі. Хто кажа: Я ведаю Яго, — а не выконвае запаведзі Ягоныя, той ілгун і няма ў ім праўды. А хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая дасканалая; і па гэтым пазнаем, што мы ў Ім. Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен паступаць так, як Ён паступаў.
Умілаваныя, пішу вам не новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку. Даўняй запаведдзю ёсць слова, якое вы чулі. Аднак новую запаведзь пішу вам, якая праўдзівая ў Ім і ў вас, бо цемра знікае і святло праўдзівае ўжо свеціць. Хто кажа, што ён у святле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры. Хто любіць брата свайго, той жыве ў святле і няма ў ім спакусы. А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры і ў цемры ходзіць, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла яму вочы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 3, 1–10 Што маю, тое даю табе: у імя Езуса, устань і хадзі
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Пётр і Ян ішлі ў святыню на малітву а дзевятай гадзіне. І быў там чалавек, кульгавы ад нараджэння, якога насілі і садзілі штодня каля брамы святыні, што звалася Прыгожай, каб ён прасіў міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню. Ён убачыў Пятра і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, і папрасіў у іх міласціну.
Пётр з Янам зірнулі на яго і сказалі: Паглядзі на нас. І ён паглядзеў на іх, спадзеючыся што-небудзь атрымаць. Пётр сказаў: Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэту, устань і хадзі. І ўзяў яго за правую руку, і падняў яго. І адразу ўмацаваліся ногі яго і ступні. Ускочыў, устаў і пачаў хадзіць, і ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, падскокваючы і славячы Бога.
Усе людзі бачылі, як ён хадзіў і славіў Бога. І пазналі яго, што гэта быў той самы, які сядзеў каля Прыгожай брамы святыні дзеля міласціны, і напоўніліся жахам і здзіўленнем ад таго, што сталася з ім.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 4, 1–2. 5–7 Абвяшчаем Хрыста Езуса, а нас саміх — як слугаў вашых дзеля Езуса
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Таму, маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі. Наадварот, мы адракліся ад сарамлівых скрытых спраў, мы не паводзім сябе падступна і не скажаем слова Божага, але праз выяўленне праўды даручаем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.
Мы не сябе абвяшчаем, але Хрыста Езуса як Пана, а нас саміх — як слугаў вашых дзеля Езуса. Таму што Бог, які загадаў святлу заззяць з цемры, асвятліў нашыя сэрцы, каб даць святло пазнання славы Божай у абліччы Езуса Хрыста.
Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была Божая, а не ад нас.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 2, 19–22 Умацаваныя на падмурку апосталаў
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Вы ўжо не чужыя і не прыхадні, але суграмадзяне святых і дамачадцы Бога, умацаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе сам Езус Хрыстус з’яўляецца вуглавым каменем, на якім кожны складзены разам будынак вырастае як святая ў Пану святыня. У ёй і вы разам будуецеся Духам, каб быць жыллём Бога.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 4, 4–9 Што беззаганнае, пра гэта думайце
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Браты:
Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.
І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.
Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 29 — 3, 6 Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Умілаваныя:
Калі вы ведаеце, што Бог справядлівы, то ведайце і тое, што кожны, хто паступае справядліва, народжаны ад Яго.
Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі. Таму свет не ведае нас, што не пазнаў Яго. Умілаваныя! Цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што калі Ён аб’явіцца, мы будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім ёсць. І кожны, хто мае такую надзею на Яго, чыніць сябе беззаганным, як Ён ёсць беззаганны.
Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, бо грэх — гэта беззаконне. Вы ведаеце, што Ён аб’явіўся дзеля таго, каб забраць грахі, у Ім жа няма граху.
Кожны, хто жыве ў Ім, не грашыць, а кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 3, 14–17 Усякае Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святыя пісанні, якія могуць навучыць цябе мудрасці дзеля збаўлення праз веру ў Хрысце Езусе. Усякае Пісанне натхнёнае Богам і карыснае для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 10, 9–18 Вера залежыць ад пачутага, а пачутае здзяйсняецца праз слова Хрыстовае
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Калі вы вуснамі сваімі будзеце вызнаваць, што Езус ёсць Панам, і ў сэрцы сваім верыць, што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых, будзеце збаўлены. Бо сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення. Пісанне ж кажа: Кожны, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены. І няма розніцы паміж юдэем і элінам, бо той самы Пан ва ўсіх, шчодры для ўсіх, хто Яго кліча. Бо кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены.
Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць верыць у таго, каго не чулі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць? І як будуць абвяшчаць, калі іх не пашлюць? Як напісана: Якія прыгожыя ногі тых, хто абвяшчае добрыя навіны. Але не ўсе падпарадкаваліся Евангеллю. Бо Ісая кажа: Пане, хто паверыў пачутаму ад нас? Таму вера залежыць ад пачутага, а пачутае здзяйсняецца праз слова Хрыстовае. Але я кажу: Хіба не пачулі яны? Наадварот, па ўсёй зямлі прайшоў іхні голас і іхнія словы да краёй свету.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Ян 2, 12–17 Хто выконвае Божую волю, той жыве вечна
Чытанне Першага паслання святога апостала Яна.
Пішу вам, дзеці, бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага. Пішу вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі злога. Пішу вам, дзеці, бо вы пазналі Айца. Я напісаў вам, айцы, бо вы пазналі таго, хто ёсць ад пачатку. Я напісаў вам, юнакі, бо вы моцныя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі злога.
Не любіце свету ані таго, што ў свеце. Калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што ў свеце: пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха – не ад Айца, але ад гэтага свету. І свет мінае, і пажадлівасць ягоная, а той, хто выконвае Божую волю, той жыве вечна.