Сакрыстыя працуе: 8:00 – 20:00 Тэл.: 8 017 365-44-15

Пошта: chyrvonypc@gmail.com Мы ў сацыяльных сетках:         

21 жніўня — успамін св. Пія Х, папы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 2, 2b–8
Мы пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Браты:

Мы адважыліся ў Богу нашым абвяшчаць вам Евангелле Божае ў вялікім змаганні. Бо заахвота наша не паходзіць з памылкі, нячыстасці ці падману, але, як мы былі выпрабаваны Богам, каб паверыць ў Евангелле, так і абвяшчаем для таго, каб дагадзіць не людзям, але Богу, які выпрабоўвае сэрцы нашыя. Бо, як ведаеце, мы ніколі не з’яўляліся з ліслівымі словамі ані з карыслівай мэтай, Бог сведка. Мы не шукалі славы ў людзей, ні ў вас, ні ў іншых. Як Апосталы Хрыста мы маглі б быць цяжарам для вас, але мы сталіся немаўлятамі сярод вас і, як карміліца апякуецца дзецьмі сваімі, так і мы з чуласці да вас пажадалі перадаць вам не толькі Божае Евангелле, але і жыццё сваё, таму што вы сталі для нас умілаванымі.

Гэта слова Божае.

21 лістапада — успамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 2, 14–17
Радуйся, дачка Сіёна, бо вось Я іду

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

Весяліся і радуйся, дачка Сіёна,
бо вось Я іду і пасялюся пасярод цябе, — кажа Пан.
І многія народы прыйдуць да Пана ў дзень той,
і стануць для Яго народам.
І Я пасялюся пасярод цябе,
і ты пазнаеш, што Пан Магуццяў паслаў Мяне.
Пан возьме ва ўладанне Юду,
сваю спадчыну на Святой зямлі,
і зноў выбера Ерузалем.
Замоўкні, усялякае цела, перад абліччам Пана,
бо Ён падымаецца са свайго святога жылля.

Гэта слова Божае.

21 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Пп 2, 8–14
Вось каханы мой ідзе, скача па гарах

Чытанне Песні песняў Саламона.

Голас каханага майго!
Вось ён ідзе, скача па гарах, пераскоквае пагоркі.
Любы мой падобны да сарны,
да маладога аленя.
Вось ён стаіць
за нашай сцяною, глядзіць у акно,
заглядвае праз краты.
Адгукнуўся каханы мой і сказаў мне:
Устань, любая мая, прыгожая мая, і выйдзі!
Вось зіма ўжо мінула;
прайшоў дождж і сціх.
Кветкі з’явіліся на зямлі;
прыйшоў час спеваў,
і голас галубкі чутны ў нашай краіне.
Смакоўніца ўжо напоўніла сокам свае плады,
і квітнеючыя вінаградныя лозы прыемна пахнуць.
Устань, каханая мая, прыгожая мая, і выйдзі!
Галубка мая, схаваная ў расколіне скалы, пад аховаю ўцёса,
пакажы мне аблічча сваё,
дай мне пачуць голас твой,
бо голас твой салодкі і аблічча тваё прыгожае.

Гэта слова Божае.

22 жніўня — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 9, 1–6
Сын дадзены нам

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Народ, які хадзіў у цемры,
убачыў святло вялікае;
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло.
Ты памножыў народ,
павялічыў радасць.
Ён весяліцца перад Табою,
як весяляцца ў час жніва,
як цешацца пры падзеле здабычы.
Бо ярмо, што гняло яго,
і кій на плячах ягоных,
і розгу прыгнятальніка ягонага
Ты зламаў, як у дзень Мадыяма.
Бо ўсякі бот ваюючага жаўнера
і адзенне, забруджанае крывёю,
будзе кінута ў пажар на ежу агню.
Бо Дзіця нарадзілася нам,
Сын дадзены нам;
і ўлада спачыла на плячах Яго,
і дадуць імя Яму:
Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны,
Спрадвечны Айцец, Князь Спакою.
Будзе вялікім панаванне Яго,
і міру не будзе канца
над тронам Давіда і над яго валадарствам,
якое Ён умацуе і падтрымае ў правасуддзі і справядлівасці
адгэтуль і навекі.
Руплівасць Пана Магуццяў учыніць гэта.

Гэта слова Божае.

22 лістапада — успамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 2, 16b. 17b. 21–22
Заручуся з табою навекі

Чытанне кнігі прарока Осіі.

Так кажа Пан:

Вось прывяду няверную абранніцу ў пустыню
і буду прамаўляць да яе сэрца.
І там заспявае яна,
як у дні маладосці сваёй
і як у дні выйсця свайго з зямлі егіпецкай.
І ў той дзень, — кажа Пан, —
ты будзеш клікаць Мяне «Муж мой»,
і не будзеш больш звяртацца да Мяне «мой Баал».
Я заручуся з табою навекі;
заручуся з табою ў справядлівасці і правасуддзі,
у міласці і міласэрнасці.
Заручуся з табою ў вернасці,
і ты пазнаеш Пана.

Гэта слова Божае.

22 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 1, 24–28
Ганна дзякуе за нараджэнне Самуэля

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Калі Ганна адняла ад грудзі Самуэля, яна ўзяла яго з сабой, забіраючы таксама трохгадовае цяля, адну меру мукі і мех віна, і прыйшла з ім у Сілом, у дом Пана. Хлопчык той быў яшчэ дзіцём.

І забілі цяльца, і прывялі таго хлопчыка да Элія. І сказала яна: О, спадар мой! Няхай жыве душа твая, спадар мой! Я — тая самая жанчына, якая тут перад табою стаяла і малілася да Пана. Маліла аб гэтым хлопцы, і выканаў Пан просьбу маю, якую ўзносіла да Яго. І вось я аддаю яго Пану; ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана.
І пакланілася там Пану.

Гэта слова Божае.

23 верасня — успамін св. Піо з П’етрэльчыны, святара

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 2, 19–20
Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Праз Закон я памёр для Закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.

Гэта слова Божае.

23 ліпеня — свята св. Брыгіты, законніцы, апякункі Еўропы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 2, 19–20
Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Браты:

Браты: Праз Закон я памёр для Закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне.

Гэта слова Божае.

23 лістапада — успамін св. Клімэнта І, папы і мучаніка

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 П 5, 1–4
Пасвіце статак Божы, што пры вас

Чытанне Першага паслання святога апостала Пятра.

Умілаваныя:

Старэйшых сярод вас я заклікаю як адзін са старэйшых, як сведка цярпенняў Хрыстовых і супольнік славы, што павінна адкрыцца.

Пасвіце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім не пад прымусам, але добраахвотна, згодна з воляй Божай, не дзеля агіднай нажывы, але са шчырым жаданнем. Не злоўжывайце ўладаю над падданымі, але станьце прыкладам для статка. А калі з’явіцца Найвышэйшы Пастыр, вы здабудзеце неўвядальны вянок славы.

Гэта слова Божае.

23 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мал 3, 1–4; 23–24
Пашлю да вас прарока Іллю, перш чым прыйдзе дзень Пана

Чытанне Кнігі прарока Малахіі.

Гэта кажа Пан Бог:

Вось Я пасылаю анёла майго, і ён падрыхтуе дарогу перада Мною, і нечакана прыйдзе ў сваю святыню Пан, якога вы шукаеце, і Анёл Запавету, якога вы чакаеце. Вось Ён ідзе, – кажа Пан Магуццяў. І хто вытрывае дзень Ягонага прыйсця, і хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Бо Ён як агонь плавільшчыка, і як луг, што ачышчае. І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае серабро, і ачысціць сыноў Левія, і пераплавіць іх, як золата і серабро, і яны будуць прыносіць Пану ахвяру ў справядлівасці. Тады спадабаецца Пану ахвяра Юды і Ерузалема, як у дні даўнія і як у мінулыя гады.

Вось я пашлю да вас прарока Іллю, перш чым прыйдзе дзень Пана, вялікі і страшны. І ён зверне сэрцы бацькоў да сыноў, і сэрцы сыноў да бацькоў, каб Я, прыйшоўшы, не кінуў на зямлю праклён.

Гэта слова Божае.

24 жніўня — свята св. Барталамея, апостала

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 21, 9b–14
На падмурках — імёны дванаццаці Апосталаў Ягняці

Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.

Анёл гаварыў са мною, кажучы: Хадзі, я пакажу табе нявесту, жонку Ягняці.

І ўзнёс мяне ў захапленні анёл на вялікую і высокую гару, і паказаў мне святы горад Ерузалем, які сыходзіў з неба ад Бога і меў Божую славу.

Ззянне ягонае падобнае да каштоўнага, быццам яшма, каменя, чыстага як крышталь. Меў ён мур вялікі і высокі, меў дванаццаць брамаў, а на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля. З усходу тры брамы і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы. І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Ягняці.

Гэта слова Божае.

24 снежня — вігілія урачыстасці Нараджэння Пана

Імша ў вігілію

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 62, 1–5

Ты спадабаўся Пану

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Дзеля Сіёну не буду маўчаць,
дзеля Ерузалема не супакоюся,
пакуль не ўзыдзе, як святло, справядлівасць яго
і яго збаўленне не запалае, як паходня.
І ўбачаць народы тваю справядлівасць,
і ўсе каралі – тваю славу;
і назавуць цябе новым іменем,
якое вызначаць вусны Пана.
І будзеш каронаю славы ў руцэ Пана,
і каралеўскай дыядэмай на далоні твайго Бога.
Ужо не скажуць пра цябе: Пакінуты, –
і зямлю тваю не будуць больш называць пустыняй.
Але будуць называць цябе:
Маё ўпадабанне ў ім, –
а зямлю тваю замужняй,
бо ты спадабаўся Пану,
і зямля твая атрымае мужа.
Бо, як юнак бярэ замуж дзяўчыну,
так возьмуць цябе сыны твае;
як жаніх радуецца нявесце,
так узрадуецца табою твой Бог.

Гэта слова Божае.

24 снежня — звычайны дзень Адвэнту

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 См 7, 1–5. 8b–12. 14а. 16
Валадарства Давіда будзе трываць вечна перад абліччам Пана

Чытанне Другой кнігі Самуэля.

Калі кароль Давід пасяліўся ў доме сваім, і Пан даў яму адпачыць ад усіх ягоных ворагаў навокал, тады сказаў кароль прароку Натану: Паглядзі, я жыву ў кедравым доме, а Божы каўчэг знаходзіцца ў шатры. І сказаў Натан каралю: Ідзі, зрабі ўсё, што ў сэрцы тваім, бо Пан з табою.

У тую ноч, было скіравана слова Пана да Натана: Ідзі і скажы слузе Майму Давіду: так кажа Пан: ці ты збудуеш Мне дом для Майго жылля? Я забраў цябе з пашы, калі хадзіў ты за авечкамі, каб стаў ты правадыром Майго народа, Ізраэля. І быў з табою ўсюды, куды б ты не хадзіў, і знішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё вялікім, як імя вялікіх на зямлі. Я прызначу месца для народа Майго, Ізраэля, і пасялю яго, і будзе ён жыць на сваім мейсцы, і не будзе больш турбавацца, і бязбожныя не будуць больш уціскаць яго, як раней. З таго часу, як устанавіў суддзяў над народам Маім, Ізраэлем, Я даў табе жыць у згодзе з усімі ворагамі тваімі. І Пан абяцаў табе, што пабудуе для цябе дом. Калі ж скончацца твае дні і ты спачнеш з бацькамі сваімі, тады я абуджу пасля цябе патомка твайго, які выйдзе з улоння твайго, і ўмацую ягонае валадарства. Я буду яму Айцом, а ён будзе Мне сынам.

І будзе непахісным дом твой і валадарства тваё навекі перад абліччам Маім, і трон твой будзе ўмацаваны навекі.

Гэта слова Божае.

24 чэрвеня — урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля

Імша ў вігілію

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 1, 4–10
Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе

Чытанне кнігі прарока Ераміі.

У дні Ёсіі:

Cкіраваў да мяне Пан слова, кажучы: Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе, устанавіў цябе прарокам для народаў.

І адказаў я: О, Пане Божа, я не ўмею гаварыць, бо я яшчэ дзіця.

Але Пан сказаў мне: Не кажы: «я дзіця», бо да ўсіх, да каго Я пашлю цябе, пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш. Не бойся іх, бо Я з табою, каб ратаваць цябе, — сказаў Пан.

І выцягнуў Пан руку сваю, і дакрануўся да вуснаў маіх, і сказаў мне Пан: Вось Я ўклаў словы Мае ў вусны твае. Глядзі, Я паставіў цябе ў гэты дзень над народамі і валадарствамі, каб вырываць і бурыць, знішчаць і руйнаваць, будаваць і садзіць.

Гэта слова Божае.

25 ліпеня — свята св. Якуба, апостала

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 4, 7–15
Заўсёды носім у целе кананне Езуса

Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:

Мы маем скарб у гліняных пасудзінах, каб веліч моцы была Божая, а не паходзіла ад нас. Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы. Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем. Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Есуса аб’явілася ў целе нашым. Бо мы, жывыя, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе. Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.

Маючы той самы дух веры, як напісана: Я паверыў, таму гаварыў, — і мы верым, таму і кажам, ведаючы, што той, хто ўваскрасіў Пана Езуса, і нас уваскрасіць разам з Езусам і паставіць перад сабою разам з вамі.

Бо ўсё дзеля вас, каб памнажэнне ласкі ў многіх выклікала шчодрую падзяку дзеля Божай славы.

Гэта слова Божае.

25 сакавіка — урачыстасць Звеставання Пана

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 7, 10–14
Вось Дзева зачне і народзіць Сына

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

У тыя дні:

Пан прамовіў да Ахаза такімі словамі: Прасі Пана, Бога твайго, каб даў табе знак ці глыбока ў адхлані, ці высока ўгары.
Але Ахаз адказаў: Не буду прасіць і не буду выпрабоўваць Пана.
Тады сказаў Ісая:
Паслухайце ж, дом Давідаў:
ці мала вам, што дакучаеце людзям,
дык вы яшчэ дакучаеце майму Богу?
Таму Пан сам дасць вам знак:
Вось Дзева зачне і народзіць Сына,
і дасць Яму імя Эммануэль,
што значыць Бог з намі.

Гэта слова Божае.

25 снежня — урачыстасць Нараджэння Пана

Імша ў начы

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 9, 1–6
Сын дадзены нам

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Народ, які хадзіў у цемры,
убачыў святло вялікае;
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло.
Ты памножыў народ,
павялічыў радасць.
Ён весяліцца перад Табою,
як весяляцца ў час жніва,
як цешацца пры падзеле здабычы.
Бо ярмо, што гняло яго,
і кій на плячах ягоных,
і розгу прыгнятальніка ягонага
Ты зламаў, як у дзень Мадыяма.
Бо ўсякі бот ваюючага жаўнера
і адзенне, забруджанае крывёю,
будзе кінута ў пажар на ежу агню.
Бо Дзіця нарадзілася нам,
Сын дадзены нам;
і ўлада спачыла на плячах Яго,
і дадуць імя Яму:
Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны,
Спрадвечны Айцец, Князь Спакою.
Будзе вялікім панаванне Яго,
і міру не будзе канца
над тронам Давіда і над яго валадарствам,
якое Ён умацуе і падтрымае ў правасуддзі і справядлівасці
адгэтуль і навекі.
Руплівасць Пана Магуццяў учыніць гэта.

Гэта слова Божае.

25 студзеня — свята навяртання св. Паўла, апостала

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 22, 3–16
Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы імя Езуса

Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.

У тыя дні:

Павел сказаў народу: Я — юдэй, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, але выхаваны ў гэтым горадзе, каля ног Гамаліэля, старанна настаўлены ў бацькоўскім Законе, руплівец Божы, як і ўсе вы сёння. Я да смерці пераследаваў гэты шлях, звязваў і кідаў у вязніцу і мужчын, і жанчын, як засведчаць пра мяне першасвятар і ўсе старэйшыны. Ад іх я атрымаў лісты і пайшоў да братоў у Дамаск, каб прывесці іх ў аковах у Ерузалем для пакарання.

Калі я быў у дарозе і набліжаўся да Дамаска, раптам каля поўдня заззяла вакол мяне вялікае святло з неба. Я ўпаў на зямлю і пачуў голас, які казаў мне: Саўле, Саўле, чаго ты пераследуеш Мяне?

Я адказаў: Хто Ты, Пане?

Ён сказаў мне: Я — Езус Назаранін, якога Ты пераследуеш.

Тыя, хто быў са мною, бачылі святло, але не чулі голасу таго, хто гаварыў са мною.

Тады я сказаў: Пане, што мне рабіць?

А Пан сказаў мне: Устань і ідзі ў Дамаск, і там табе будзе сказана пра ўсё, што трэба табе рабіць.

Паколькі я перастаў бачыць ад бляску таго святла, мае спадарожнікі прывялі мяне за руку ў Дамаск. Нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле Закону, пра якога ўсе жыхары юдэйскія добра сведчаць, прыйшоў да мяне і, стаўшы, сказаў мне: Браце Саўле, будзь зноў відушчы. І ў той жа момант я ўбачыў яго.

Ён жа сказаў мне: Бог айцоў нашых прадвызначыў цябе, каб ты спазнаў волю Ягоную, каб убачыў Справядлівага і пачуў голас з вуснаў Ягоных, бо ты будзеш сведкай Яму перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў. А цяпер чаго ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый грахі свае, паклікаўшы імя Езуса.

Гэта слова Божае.

26 ліпеня — успамін св. Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 44, 1. 10–15
Іх імёны жывуць з пакалення ў пакаленне

Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.

Усхвалім слаўных мужоў
і айцоў нашага роду.
Мужы міласэрнасці гэта тыя,
чыя справядлівасць не была забыта.
Яна засталася ў іхнім патомстве,
а добрая спадчына — іхнія нашчадкі.
Іхняе патомства трымаецца запавету,
а дзякуючы ім — і іхнія дзеці.
Патомства іх будзе трываць навекі,
а слава іх ніколі не знікне.
Іхнія целы спачываюць у спакоі,
а іх імёны жывуць з пакалення ў пакаленне.
Народы апавядаюць пра іх мудрасць,
а сход абвяшчае хвалу.

Гэта слова Божае.

26 мая — успамін св. Філіпа Нэры, святара

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 4, 4–9
Што беззаганнае — пра гэта думайце

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся! Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу.

І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.

Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце. Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.

Гэта слова Божае.