ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 11, 1–9 Сыдзем жа і змяшаем мову іхнюю
Чытанне кнігі Быцця.
На ўсёй зямлі была адна мова і аднолькавыя словы. Рушыўшы з усходу, людзі знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. І сказалі адзін аднаму: Давайце наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. І сказалі яны: Давайце збудуем сабе горад і вежу, вяршыня якой узнясецца да нябёсаў, і зробім сабе знак, каб не рассеяцца па паверхні ўсёй зямлі. І сышоў Пан паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны чалавечыя.
І сказаў Пан: Вось адзін народ і адна ва ўсіх мова; і вось што пачалі рабіць, і не адступяцца яны ад таго, што задумалі ўчыніць. Сыдзем жа і змяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў мовы другога. І рассеяў іх Пан адтуль па паверхні ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад. Таму дадзена яму імя “Бабілён”, бо там змяшаў Пан мову ўсёй зямлі, і адтуль рассеяў іх Пан па паверхні ўсёй зямлі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 2, 14-24. 26 Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў
Чытанне Паслання святога апостала Якуба.
Якая карысць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў не мае? Ці можа вера збавіць яго? Калі брат ці сястра знаходзяцца ў галечы, не маючы штодзённай ежы, а нехта з вас скажа ім: Ідзіце ў спакоі, грэйцеся і насычайцеся, – але не дасць ім неабходнага для цела, то якая з гэтага карысць? Так і вера без учынкаў мёртвая сама па сабе. Але нехта скажа: Ты маеш веру, а я маю ўчынкі, то пакажы мне веру тваю без учынкаў, а я пакажу табе веру з маімі ўчынкамі. Ты верыш, што ёсць адзін Бог? Добра робіш. Злыя духі таксама вераць і дрыжаць. Але ці хочаш ведаць, пусты чалавеча, што вера без учынкаў мёртвая. Ці не праз учынкі быў апраўданы айцец наш Абрагам, калі прынёс свайго сына Ісаака на ахвярнік? Ты бачыш, што вера супрацоўнічала з яго ўчынкамі і дзякуючы ўчынкам вера ўдасканалілася. Так споўнілася Пісанне, якое кажа: Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць, і ён быў названы сябрам Божым. Бачыце, што чалавек апраўдваецца праз ўчынкі, а не толькі праз веру.
Бо, як цела без духу мёртвае, так і вера мёртвая без учынкаў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 4, 1–5. 11 Будзем старацца ўвайсці ў гэты адпачынак
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Пакуль яшчэ застаецца абяцанне ўвайсці ў адпачынак Божы, будзем баяцца, каб нехта з вас не аказаўся пазбаўленым яго. Бо мы атрымалі Евангелле так, як і тыя, хто выйшаў з Егіпта. Але пачутае слова не прынесла ім карысці, бо яны не паядналіся ў веры з тымі, хто чуў.
Аднак мы, якія верым, уваходзім ў адпачынак, паводле сказанага Ім: Я пакляўся ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой адпачынак, — хоць справы былі завершаны ад заснавання свету. Бо так недзе сказаў Ён пра сёмы дзень: І на сёмы дзёнь адпачыў Бог ад усёй працы сваёй. І ў гэтым месцы зноў: Яны не ўвойдуць у Мой адпачынак.
Таму будзем старацца ўвайсці ў гэты адпачынак, каб ніхто не пайшоў за тым самым прыкладам непаслухмянасці.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 8, 6–13 Пасрэднікам лепшага запавету
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Цяпер жа Ён атрымаў настолькі вышэйшае служэнне, наколькі стаў пасрэднікам лепшага запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях. Калі б першы запавет быў беззаганны, не шукалі б месца для другога. Бо як дакор ім гаворыцца: Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — і Я ўстанаўлю з домам Ізраэля і домам Юды новы запавет. Не такі запавет, які ўстанавіў Я з айцамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з егіпецкай зямлі, таму што яны не вытрывалі ў Маім запавеце, і Я перастаў клапаціцца пра іх, — кажа Пан.
Вось той запавет, які заключу з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан, — Я ўкладу законы Мае ў розум іхні і на сэрцах іхніх напішу іх, і буду для іх Богам, а яны будуць для Мяне народам. І ніхто больш не будзе вучыць бліжняга свайго, і ніхто — свайго брата, кажучы: Пазнай Пана, — таму што ўсе яны, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне. Таму што буду міласцівы да несправядлівасцяў іхніх і больш не буду ўспамінаць іхніх грахоў.
Кажучы пра новы запавет, Ён абвяшчае састарэлым першы; а тое, што становіцца даўнім і старэе, блізкае да знішчэння.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 10, 32–39 Вы вытрымалі цяжкія пакуты змагання, дык не пакідайце адвагі вашай
Чытанне Паслання да Гaбрэяў.
Браты:
Узгадайце мінулыя дні, калі вы, будучы прасветленымі, вытрымалі цяжкія пакуты змагання. То вас выстаўлялі як відовішча на знявагі і ўціск, то вы станавіліся супольнікамі тых, з кім так абходзіліся. Бо вы суперажывалі з тымі, хто ў кайданах, і з радасцю ўспрымалі рабаванне вашай маёмасці, ведаючы, што ёсць у вас лепшая маёмасць і трывалая.
Дык не пакідайце адвагі вашай, якая мае вялікую ўзнагароду. А цярплівасць патрэбна вам, каб, выконваючы волю Божую, вы атрымалі абяцанае. Таму што яшчэ крыху, і з’явіцца той, хто павінен прыйсці, і не спозніцца. А мой справядлівы будзе жыць дзякуючы веры, і, калі адступіцца, не ўпадабае яго душа Мая.
Але мы не належым да тых, хто адступаецца да згубы, але да тых, хто верыць, каб атрымаць жыццё.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гбр 13, 1–8 Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі
Чытанне Паслання да Габрэяў.
Браты:
Няхай трывае братняя любоў. Не забывайцеся таксама пра гасціннасць, бо праз яе некаторыя, не ведаючы, гасцінна прынялі Анёлаў. Памятайце пра вязняў, быццам бы вы зняволеныя разам з імі; і пра тых, хто церпіць, бо і самі вы ў целе.
Няхай ва ўсіх сужэнства будзе ў пашане, а ложа няхай будзе беззаганным, бо распуснікаў і чужаложцаў асудзіць Бог.
Не будзьце срэбралюбнымі норавам, задавольвайцеся тым, што маеце. Бо Ён сказаў: Застануся з табой і не пакіну цябе, – так што смела можам сказаць: Пан мой памочнік, і я не буду баяцца; што можа зрабіць мне чалавек?
Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам Божае слова, і разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру. Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 1–6 Адно цела, адзін Пан, адна вера, адзін хрост
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе міру.
Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх нас.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 11–14 Мы раней спадзяваліся на Хрыста, і былі пазначаныя пячаткаю Духа Святога
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
У Хрысце мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення волі сваёй, каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.
У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, добрую навіну пра збаўленне вашае, і паверылі ў Яго, былі пазначаныя пачаткаю абяцанага Духа Святога, які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай славы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 3, 17 — 4, 1 Мы чакаем Збаўцу, які пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Наследуйце мяне, браты, і глядзіце на тых, хто паступае паводле ўзору, які маеце ў нас. Бо многія, пра каго часта казаў вам, а цяпер нават з плачам кажу, паступаюць, як ворагі крыжа Хрыстовага. Іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іх — у сораме іхнім; яны думаюць пра зямное.
А наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Пана Езуса Хрыста, які пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё.
Таму, мае браты ўмілаваныя, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Ян 4–9 Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына
Чытанне Другога паслання святога апостала Яна.
Выбраная Пані, я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод тваіх дзяцей такіх, якія паступаюць згодна з праўдаю паводле запаведзі, якую мы атрымалі ад Айца. І цяпер прашу цябе, Пані, не як новую запаведзь пішучы табе, але тую, якую маем ад пачатку, каб мы любілі адно аднаго.
Любоў заключаецца ў тым, каб мы паступалі паводле Ягоных запаведзяў. А запаведзь гэтая тая, як вы чулі ад пачатку, каб вы паступалі паводле яе. Бо шмат падманшчыкаў прыйшло ў свет, якія не прызнаюць, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе. Такі чалавек ёсць падманшчыкам і антыхрыстам. Сачыце за сабою, каб не страцілі таго, над чым мы працавалі, але каб атрымалі поўную ўзнагароду. Кожны, хто выходзіць наперад і не трывае ў вучэнні Хрыста, не мае Бога. Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 10, 8–11 Вазьмі і праглыні кнігу
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.
Я, Ян, чуў голас з неба, які зноў гаварыў са мною і казаў: Ідзі, вазьмі разгорнутую кнігу з рукі Анёла, які стаіць на моры і на зямлі.
І я пайшоў да Анёла, і сказаў яму: Дай мне кніжку. Ён адказаў мне: Вазьмі і праглыні яе. Яна будзе горкая для жывата твайго, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд. І ўзяў я кніжку з рукі Анёла, і праглынуў яе. У вуснах маіх яна была салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў жываце маім.
І сказалі мне: Ты зноў павінен прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і пра многіх каралёў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 20, 1–4. 11 — 21, 2 І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных, і ўбачыў я новы Ерузалем, які сыходзіў з неба
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.
Я, Ян, убачыў Анёла, які сыходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ. Ён схапіў цмока, змея старадаўняга, які ёсць д’яблам і сатаною, і скаваў яго на тысячу гадоў, і ўкінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і паставіў над ёй пячатку, каб не зводзіў больш народы, пакуль не пройдзе тысяча гадоў. А пасля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час. І ўбачыў я троны і тых, хто сядзеў на іх і каму дадзена было судзіць, і душы сцятых за сведчанне Езуса і за слова Божае. Яны не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на чало сваё і на руку сваю. Яны ажылі і пачалі валадарыць з Хрыстом тысячу гадоў.
І ўбачыў я вялікі белы трон і таго, хто сядзеў на ім, і ад аблічча якога ўцякалі неба і зямля, і не знайшлося ім месца. І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад тронам, і кнігі былі разгорнутыя. І разгарнулася іншая кніга — кніга жыцця. І судзілі мёртвых згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў іхніх. Тады аддало мора мёртвых, якія былі ў ім, і смерць, і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх. І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных. А смерць і пекла былі ўкінутыя ў возера вогненнае. Возера вогненнае — гэта другая смерць. І калі некага не знайшлі запісаным ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.
І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма. І ўбачыў я святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, як нявеста, упрыгожаная для свайго мужа.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 58, 1–9а Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў?
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан Бог:
Крычы на ўсю моц, не стрымлівайся. Падымі голас свой, быццам рог, і раскажы народу Майму пра іхнія злачынствы і дому Якуба — пра яго грахі. З дня ў дзень яны шукаюць Мяне і прагнуць пазнаць шляхі Мае, быццам народ, які паступае справядліва і не пакідае Законаў свайго Бога. Яны пытаюцца ў Мяне наконт справядлівых судоў і хочуць наблізіцца да Бога. Яны кажуць: Чаму пасцілі мы, а Ты не заўважыў, чаму ўтаймоўвалі мы нашыя душы, а Ты не ведаў?
Вось у дзень посту вашага вы задавольваеце свае жаданні і прыгнятаеце ўсіх работнікаў вашых. Вось посціце вы дзеля спрэчак і сварак і б’еце грэшным кулаком. Не пасціце так, як сёння, каб быў чутны ваш голас на вышынях.
Хіба такі Я выбраў пост, калі чалавек утаймоўвае душу сваю; дзень, калі згінае галаву сваю, як чарот, і ляжыць на мешкавіне ды попеле? Ці ж гэта назавеш постам і днём, прыемным для Пана?
Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў: разарваць кайданы беззаконня, развязаць путы ярма, адпусціць на свабоду прыгнечаных і разбіць усялякае ярмо? Ці ж гэта не тое, каб дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, каб апрануць яго і ад роднага свайго не хавацца?
Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось я.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 4, 1–12 Няма ні ў кім іншым збаўлення
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У той дзень:
Калі Ян і Пётр прамаўлялі да людзей пасля аздараўлення кульгавага, падышлі да іх святары і дазорац святыні, і садукеі, абураныя тым, што яны навучаюць людзей і абвяшчаюць уваскрашэнне ў Езусе. І схапілі іх, і кінулі ў вязніцу да раніцы, бо ўжо быў вечар. А многія з тых, хто чуў слова, паверылі. І было такіх людзей каля пяці тысяч.,/
На другі дзень сабраліся іх правадыры, старэйшыны і кніжнікі ў Ерузалеме: першасвятар Анна, Каяфа, Ян, Аляксандр і іншыя, што былі з роду першасвятарскага. Яны паставілі іх пасярэдзіне і пыталіся: Якою моцаю альбо чыім імем вы зрабілі гэта?
Тады Пётр, напоўніўшыся Духам Святым, сказаў ім: Правадыры народу і старэйшыны! Калі нас сёння дапытваюць за добры ўчынак, дзякуючы якому гэты хворы чалавек выздаравеў, то няхай будзе вядома вам і ўсяму народу ізраэльскаму, што ў імя Езуса Хрыста з Назарэту, якога вы ўкрыжавалі, і якога Бог уваскрасіў з мёртвых, гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы.
Ён — камень, які вы, будаўнікі, адкінулі, але Ён стаўся галавою вугла. І няма ні ў кім іншым збаўлення. Бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы маглі б атрымаць збаўленне.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 7, 6–11 Пан палюбіў вас і выбраў вас
Чытанне кнігі Другазаконня.
Майсей сказаў народу:
Ты — народ, прысвечаны Пану, твайму Богу. Цябе выбраў Пан, твой Бог, каб сярод усіх народаў, якія існуюць на паверхні зямлі, ты быў Яго ўласным народам.
Пан выбраў вас і знайшоў упадабанне ў вас не таму, што колькасцю ты перавысіў усе народы, бо сярод усіх вас найменш, але таму, што Пан палюбіў вас. І каб захаваць прысягу, дадзеную вашым продкам, вывеў вас моцнаю рукою і выкупіў вас з дому няволі, з рук фараона, караля Егіпту.
Таму ведай, што Пан, Бог твой, ёсць Богам, Богам верным, які захоўвае запавет і любоў да тысячнага пакалення адносна тых, хто любіць Яго і захоўвае запаведзі Ягоныя, але які адплочвае знішчэннем кожнаму з тых, хто ненавідзіць Яго. Ён не марудзіць, сам адплочвае таму, хто ненавідзіць Яго.
Таму захоўвай запаведзі, пастановы і закон, якія табе сёння загадваю выконваць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 11, 1. 3–4. 8c–9 Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё
Чытанне кнігі прарока Осіі.
Гэта кажа Пан:
Калі Ізраэль быў дзіцём, Я палюбіў яго, і паклікаў з Егіпту сына майго. Я сам вучыў Эфраіма хадзіць, насіў іх на сваіх руках, а яны не разумелі, што Я апекаваўся імі. Я прыцягваў іх повязямі чалавечнасці, повязямі любові, і быў для іх як той, хто памае дзіця да сківіцаў сваіх, Я схіліўся над ім і карміў яго. Узварухнулася ўва Мне сэрца Маё і распаліўся разам жаль Мой. Полымя гневу Майго не распалю і не буду знішчаць больш Эфраіма, бо Я — Бог, а не чалавек, Святы сярод цябе, таму не прыйду ў гневе.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ез 34, 11-16 Я буду пасвіць авечак Маіх і cам буду ўкладваць іх на адпачынак
Чытанне кнігі прарока Езэкіі.
Так кажа Пан Бог: Вось Я сам буду шукаць авечак Маіх і перагледжу іх. Як пастух пераглядае статак свой у дзень, калі апынецца сярод сваіх рассеяных авечак, так і Я перагледжу авечак сваіх і вызвалю іх з усіх месцаў, па якіх рассеяліся ў пахмурны і змрочны дзень. Я выведу іх з народаў і збяру іх з краінаў, і прывяду іх у зямлю іхнюю, і буду пасвіць іх на горах Ізраэля, каля крыніцаў і па ўсіх пасяленнях гэтай зямлі. На добрай пашы буду пасвіць іх і на высокіх гарах Ізраэля будзе загон іхні. Там яны будуць адпачываць у добрым загоне і будуць пасвіцца на сытнай пашы, на гарах Ізраэля.
Я буду пасвіць авечак Маіх і cам буду ўкладваць іх на адпачынак, – гаворыць Пан Бог. Згубленую адшукаю, зведзеную прывяду назад, параненую перавяжу і аслаблую ўмацую, а тлустую і моцную буду сцерагчы; буду пасвіць яе ў праўдзе.