ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 26, 1–9 Сабраўся ўвесь народ супраць Ераміі ў доме Пана
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
На пачатку панавання Ёакіма, сына Ёсіі, караля Юдэі, было скіравана слова Пана да Ераміі:
Так кажа Пан: стань на двары дома Пана і ўсім гарадам юдэйскім, якія прыходзяць пакланіцца ў дом Пана, скажы ўсе словы, што Я загадаю табе, і не адымай ні слова. Можа, паслухаюць і адвернецца кожны ад злога шляху свайго, і Я стрымаю бедства, якое задумаў учыніць ім за дрэнныя іх учынкі.
Скажы ім: так кажа Пан: калі не паслухаеце Мяне і не будзеце паступаць паводле Закону Майго, што Я даў вам; калі не будзеце прыслухоўвацца да маіх слугаў, прарокаў, якіх Я, устаючы зранку, пасылаю вам, хоць вы не слухаеце, – тады Я зраблю з гэтым домам як з Сіломам, а гэты горад ператвару ў праклён для ўсіх народаў зямлі.
Святары, прарокі і ўвесь народ чулі, як Ерамія гаварыў гэтыя словы ў доме Пана. Калі Ерамія закончыў гаварыць усё, што Пан загадаў яму сказаць усяму народу, схапілі яго святары, прарокі і ўвесь народ, кажучы: Ты павінен памерці! Навошта прарочыў ты, кажучы ў імя Пана: Як Сілом будзе гэты дом, а горад гэты будзе знішчаны, што не застанецца жыхароў.
І сабраўся ўвесь народ супраць Ераміі ў доме Пана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 23, 1–4. 19; 24, 1–8. 62–67 І пакахаў Ісаак Рэбэку, і суцешыўся пасля смерці сваёй маці
Чытанне кнігі Быцця.
Сарра пражыла сто дваццаць сем гадоў. Памерла Сарра ў Кірыят-Арбэ, гэта значыць у Хеўроне, у зямлі Ханаанскай. І прыйшоў Абрагам галасіць па Сарры і аплакваць яе.
Устаў Абрагам ад памерлай сваёй і казаў сынам Хета: Я ў вас прышэлец і чужаземец. Дайце мне ва ўласнасць месца для магілы паміж вамі, каб пахаваў я памерлую маю. Пасля гэтага Абрагам пахаваў Сарру, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэле, насупраць Мамрэ, гэта значыць у Хеўроне, у зямлі Ханаанскай.
Абрагам ужо састарыўся і быў старэчых гадоў. Пан благаславіў Абрагама ва ўсім.
І сказаў Абрагам слузе свайму, старэйшаму ў доме ягоным, які кіраваў усім, што ў яго было: Пакладзі руку сваю пад сцягно маё і пакляніся мне Панам, Богам нябёсаў і Богам зямлі, што не возьмеш сыну майму жонкі з дачок Ханаана, сярод якіх я жыву. Але пойдзеш у зямлю маю, на радзіму маю, і возьмеш жонку сыну майму Ісааку.
Слуга адказаў яму: Можа, не захоча гэтая жанчына ісці са мною ў гэтую зямлю. Ці павінен я вярнуць сына твайго ў зямлю, з якой ты выйшаў?
Абрагам сказаў яму: Глядзі, не вяртай сына майго туды. Пан, Бог нябёсаў, які забраў мяне з дому айца майго і з зямлі нараджэння майго, які гаварыў мне і які прысягнуў мне, кажучы: патомству твайму дам гэтую зямлю, — Ён пашле анёла свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму адтуль. Калі ж не захоча жанчына ісці з табою, ты будзеш вольны ад гэтай прысягі. Толькі сына майго не вяртай туды.
Праз некаторы час Ісаак вяртаўся ад студні Лахай-Роі, бо жыў у зямлі Нэгеб. Калі пачало вечарэць, Ісаак засмучаны выйшаў у поле і, узняўшы свае вочы, убачыў, што ідуць вярблюды. Рэбэка паглядзела і, убачыўшы Ісаака, сышла з вярблюда. І сказала слузе: Хто гэты чалавек, які ідзе па полі насустрач нам? Слуга адказаў: Гэта мой гаспадар. Яна ўзяла пакрывала і закрылася.
А слуга расказаў Ісааку пра ўсё, што ён зрабіў. І ўвёў яе Ісаак у шацёр Сарры, маці сваёй. І ўзяў Рэбэку, і яна стала яго жонкай, і пакахаў яе. І суцешыўся Ісаак пасля смерці сваёй маці.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ам 8, 4–6. 9–12 Я спашлю на зямлю голад. Не голад хлеба, а прагу пачуць слова Пана
Чытанне кнігі прарока Амоса.
Паслухайце гэта вы, што ўціскаеце убогага і даводзіце да галечы беднага. Вы, якія кажаце: Калі міне час маладзіка, каб мы маглі прадаваць хлеб, і субота, каб маглі адчыніць засекі, паменшыць меру, павялічыць цану сікля і ашукваць няправільнымі вагамі, каб купляць бедных за срэбра і ўбогіх за пару абутку, і высеўкі збожжа прадаваць? І ў той дзень, — кажа Пан Бог, — учыню захад сонца апоўдні і зацямню зямлю сярод яснага дня. Ператвару святкаванні вашыя ў сум і ўсе песні вашыя — у лямант, і ўскладу на ўсе сцёгны рыззё і плехі на кожную галаву. І ўчыню плач, як па адзіным сыне, і канец той будзе, як горкі дзень.
Вось настаюць дні, — кажа Пан Бог, — калі Я спашлю на зямлю голад. Не голад хлеба, не прагу вады, а прагу пачуць слова Пана. І будуць хадзіць ад мора да мора, і блукаць ад поўначы да ўсходу, шукаючы слова Пана, і не знойдуць яго.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 9, 1-5 Я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест братоў маіх
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Я кажу праўду ў Хрысце, не ілгу, і пацвярджае сумленне маё ў Духу Святым, што смутак мой вялікі і няспынна пакутуе сэрца маё. Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест братоў маіх, родных мне паводле цела, ізраільцянаў, якім належыць усынаўленне, і хвала, і запаветы, і ўстанаўленне законаў, і Божае служэнне, і абяцанні. Да іх належаць айцы, і з іх паводле цела Хрыстус, Бог над усімі, благаслаўлёны навекі, амэн.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 1, 1–11 Той, хто пачаў у вас добрую справу, закончыць яе да дня Езуса Хрыста
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Павел і Цімафей, слугі Езуса Хрыста, усім святым у Хрысце Езусе, якія знаходзяцца ў Філіпах, разам з біскупамі і дыяканамі: ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.
Дзякую Богу майму пры кожнай згадцы пра вас. Заўсёды кожную малітву за ўсіх вас з радасцю ўзношу, за ваш удзел у абвяшчэнні Евангелля з першага дня аж дагэтуль. Упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую справу, закончыць яе да дня Езуса Хрыста. І гэта справядліва для мяне — так думаць пра вас, бо як супольнікаў маёй ласкі я маю ўсіх вас у сэрцы сваім, і ў кайданах маіх, і ў абароне, і ва ўмацаванні Евангелля.
Бог — мой сведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Езуса Хрыста. І малюся за тое, каб любоў вашая яшчэ больш узрастала ў пазнанні і ва ўсякім адчуванні, каб вы, пазнавалі лепшае, каб вы былі справядлівымі і беззаганнымі ў дзень Хрыста, напоўненымі пладамі справядлівасці праз Езуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Мдр 13, 1–9 Калі здолелі меркаваць наконт свету, чаму не змаглі найперш знайсці яго Гаспадара?
Чытанне кнігі Мудрасці Саламона.
Безразважныя ад прыроды ўсе людзі, у якіх няма ведання Пана; з бачных дабротаў яны не могуць зразумець таго, каторы ёсць; гледзячы на творы, яны не пазнаюць Творцы. Але агонь, ці вецер, ці хуткае паветра, ці кола зорак, ці гвалтоўную ваду, ці нябесныя свяцілы яны палічылі багамі, якія кіруюць светам. Калі ў зачараванні хараством, яны палічылі багамі гэтыя рэчы, няхай спазнаюць, наколькі лепшы іхні Пан, бо Ён, Першастваральнік хараства, стварыў іх. Калі людзі здзіўляліся іх моцы і ўздзеянню, няхай па іх зразумеюць, наколькі той, хто іх зрабіў, больш магутны за іх. Бо праз веліч і хараство стварэнняў па аналогіі пазнаецца іх Творца. Аднак меншая віна такіх, бо яны, магчыма, заблукалі, шукаючы Бога і жадаючы знайсці Яго. Бо яны жывуць сярод Ягоных твораў, даследуюць і пераконваюцца ў прыгажосці таго, што бачаць. Але зноў жа і ім нельга дараваць. Бо, калі здолелі столькі спазнаць, каб магчы меркаваць наконт свету, чаму не змаглі найперш знайсці яго Гаспадара?
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Ян 4–9 Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына
Чытанне Другога паслання святога апостала Яна.
Выбраная Пані, я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод тваіх дзяцей такіх, якія паступаюць згодна з праўдаю паводле запаведзі, якую мы атрымалі ад Айца. І цяпер прашу цябе, Пані, не як новую запаведзь пішучы табе, але тую, якую маем ад пачатку, каб мы любілі адно аднаго.
Любоў заключаецца ў тым, каб мы паступалі паводле Ягоных запаведзяў. А запаведзь гэтая тая, як вы чулі ад пачатку, каб вы паступалі паводле яе. Бо шмат падманшчыкаў прыйшло ў свет, якія не прызнаюць, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе. Такі чалавек ёсць падманшчыкам і антыхрыстам. Сачыце за сабою, каб не страцілі таго, над чым мы працавалі, але каб атрымалі поўную ўзнагароду. Кожны, хто выходзіць наперад і не трывае ў вучэнні Хрыста, не мае Бога. Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 15, 14-21 Я слуга Хрыста для язычнікаў, каб прынашэнне язычнікаў было прынятае
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Я сам упэўнены ў вас, браты, што і вы поўныя дабрыні, напоўненыя ўсялякімі ведамі, і можаце настаўляць адзін аднаго. Але ў пэўнай ступені я пісаў вам трохі смялей, нібы нагадваючы вам пра дадзеную мне ад Бога ласку, дзякуючы якой я магу быць слугою Хрыста для язычнікаў і выконваць святую службу абвяшчэння Евангелля Божага, каб гэтае прынашэнне язычнікаў, асвячанае Духам Святым, было прынятае.
Таму я магу пахваліцца ў Хрысце Езусе тым, што належыць Богу. Бо не адважуся сказаць нешта, чаго Хрыстус праз мяне не ўчыніў для паслухмянасці язычнікаў веры, словам і ўчынкам, сілаю знакаў і цудаў, сілаю Духа Божага. Так што Евангелле Хрыста пашырана мною ад Ерузалема і ваколіц да Ілірыі.
Таму я стараўся абвяшчаць Евангелле не там, дзе ўжо было вядома імя Хрыста, каб не будаваць на чужым падмурку, але як напісана: Каму не абвяшчалася пра Яго, убачаць; і тыя, хто не чуў, зразумеюць.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Флп 3, 17 — 4, 1 Мы чакаем Збаўцу, які пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.
Наследуйце мяне, браты, і глядзіце на тых, хто паступае паводле ўзору, які маеце ў нас. Бо многія, пра каго часта казаў вам, а цяпер нават з плачам кажу, паступаюць, як ворагі крыжа Хрыстовага. Іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іх — у сораме іхнім; яны думаюць пра зямное.
А наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Пана Езуса Хрыста, які пераменіць нашае прыніжанае цела ў падабенства свайго праслаўленага Цела праз дзеянне моцы, якой Ён можа падпарадкаваць сабе ўсё.
Таму, мае браты ўмілаваныя, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Мак 4, 36-37. 52-59 Адбылося пасвячэнне алтара і з радасцю прыносілі ўсеспаленні
Чытанне Першай кнігі Макабэяў.
У тыя дні:
Юда і ягоныя браты сказалі: Вось разбіты ворагі нашы, пойдзем ачысціць і пасвяціць святыню. І сабралася цэлае войска, і пайшлі на гару Сіён.
Усталі на самым світанні ў дваццаць пяты дзень дзевятага месяца, гэта значыць, месяца кіслеў, сто сорак восьмага года і прынеслі, паводле Закону, ахвяру на новым алтары ўсеспаленняў, які збудавалі. Пасвячэнне ж алтара пры спевах і гранні цытраў, арфаў і цымбалаў адбылося ў той самы дзень, калі язычнікі зняславілі яго.
Увесь народ упаў на твар і пакланіўся, благаслаўляючы да неба таго, хто паспрыяў ім. Восем дзён святкавалі пасвячэнне алтара і з радасцю прыносілі ўсеспаленні, ахвяры збаўлення і падзякі. Фасад святыні ўпрыгожылі залатымі вянкамі і малымі шчытамі, аднавілі брамы і пакоі для святароў, і паўстаўлялі ў іх дзверы. І сталася вельмі вялікая радасць у народзе, што прыбраная агіда язычнікаў. Тады Юда і браты ягоныя, і ўвесь сход Ізраэля пастанавілі, што дні пасвячэння алтара будуць з радасцю і весялосцю святкавацца ў гэты час штогод, на працягу васьмі дзён, пачынаючы з дваццаць пятага дня месяца кіслеў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 10, 8–11 Вазьмі і праглыні кнігу
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.
Я, Ян, чуў голас з неба, які зноў гаварыў са мною і казаў: Ідзі, вазьмі разгорнутую кнігу з рукі Анёла, які стаіць на моры і на зямлі.
І я пайшоў да Анёла, і сказаў яму: Дай мне кніжку. Ён адказаў мне: Вазьмі і праглыні яе. Яна будзе горкая для жывата твайго, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд. І ўзяў я кніжку з рукі Анёла, і праглынуў яе. У вуснах маіх яна была салодкая, як мёд. А калі з’еў яе, то горка зрабілася ў жываце маім.
І сказалі мне: Ты зноў павінен прарочыць пра плямёны, і народы, і мовы, і пра многіх каралёў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дан 7, 2–14 Вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы
Пачатак кнігі прарока Даніэля.
Я, Даніэль, бачыў у начной візіі. Вось чатыры вятры нябесныя ўсхвалявалі вялікае Мора, і чатыры вялізныя жывёлы падымаліся з мора, адрозныя адна ад адной.
Першая была, як ільвіца, і мела арліныя крылы. Я глядзеў, пакуль не вырвалі ёй крылы; і была ўзнята над зямлёю, і стала на ногі, нібы чалавек, і далі ёй чалавечае сэрца.
І вось іншая жывёла, другая, падобная да мядзведзя, паўстала на адным баку, і паміж зубамі ў пашчы яе былі тры і́клы; і сказалі ёй так: Устань і пажырай шмат мяса.
Пасля гэтага глядзеў я, і вось іншая, падобная да леапарда жывёла, якая мела чатыры птушыныя крылы па-над сабою, і чатыры галавы было ў яе; і была дадзена ёй улада.
Пасля гэтага бачыў я ў начной візіі, і вось чацвёртая жывёла, грозная, і жахлівая, і надзвычай моцная. Былі ў яе вялікія жалезныя зубы, яна пажырала і руйнавала, а рэшткі таптала сваімі нагамі. Яна не нагадвала іншых жывёлаў, якіх бачыў я перад ёю, і мела дзесяць рагоў. Калі я прыглядаўся да рагоў, іншы малы рог вырас пасярод іх, а тры папярэднія рогі былі вырваныя перад ім. І вось вочы, нібы чалавечыя вочы, былі на гэтым рагу, і вусны, якія казалі ганарыста.
Я бачыў, як ставілі троны, і Старадаўні сеў. Адзенне Ягонае было белае, як снег, а валасы на галаве Ягонай, як чыстая воўна. Трон Ягоны быў, як полымя агню, а колы, як палаючы агонь. Вогненая рака разлівалася і выцякала ад Яго. Тысячы тысячаў служылі Яму, і дзесяць тысяч дзесяткаў тысяч стаялі перад Ім. Суд сеў, і разгарнуліся кнігі. Я глядзеў далей і ўбачыў, што з-за шуму ганарыстых словаў, якія казаў рог, была забіта жывёла, і загінула цела яе, і было аддадзена на спаленне агнём. А ў іншых жывёлаў забрана была ўлада і працягласць жыцця ім вызначылі да часу і да пары.
Бачыў я ў начных візіях: вось разам з аблокамі нябеснымі ішоў нібы Сын Чалавечы, наблізіўся Ён да Старадаўняга, і быў падведзены да Яго. І дадзена Яму была ўлада, і гонар, і валадарства. І ўсе народы, плямёны і мовы служылі Яму. Улада Ягоная — вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ап 20, 1–4. 11 — 21, 2 І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных, і ўбачыў я новы Ерузалем, які сыходзіў з неба
Чытанне кнігі Апакаліпсіса святога апостала Яна.
Я, Ян, убачыў Анёла, які сыходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ. Ён схапіў цмока, змея старадаўняга, які ёсць д’яблам і сатаною, і скаваў яго на тысячу гадоў, і ўкінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і паставіў над ёй пячатку, каб не зводзіў больш народы, пакуль не пройдзе тысяча гадоў. А пасля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час. І ўбачыў я троны і тых, хто сядзеў на іх і каму дадзена было судзіць, і душы сцятых за сведчанне Езуса і за слова Божае. Яны не пакланіліся зверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на чало сваё і на руку сваю. Яны ажылі і пачалі валадарыць з Хрыстом тысячу гадоў.
І ўбачыў я вялікі белы трон і таго, хто сядзеў на ім, і ад аблічча якога ўцякалі неба і зямля, і не знайшлося ім месца. І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад тронам, і кнігі былі разгорнутыя. І разгарнулася іншая кніга — кніга жыцця. І судзілі мёртвых згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў іхніх. Тады аддало мора мёртвых, якія былі ў ім, і смерць, і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх. І судзілі кожнага паводле ўчынкаў ягоных. А смерць і пекла былі ўкінутыя ў возера вогненнае. Возера вогненнае — гэта другая смерць. І калі некага не знайшлі запісаным ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.
І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі, і мора ўжо няма. І ўбачыў я святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, як нявеста, упрыгожаная для свайго мужа.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Сам 11, 1–4а. 5–10а. 13–17 Ты пагардзіў Мною і забраў жонку Урыя, каб стала тваёй жонкай (пар. 2 Сам 12, 10)
Чытанне Другой кнігі Самуэля.
На пачатку года, калі каралі звычайна выходзяць на войны, Давід паслаў Ёава, а з ім слугаў сваіх і ўвесь Ізраэль. Яны спустошылі землі аманітаў і акружылі Рабу. А Давід застаўся ў Ерузалеме.
Аднойчы ўвечары Давід устаў з ложка і праходжваўся па тэрасе каралеўскага палацу. З тэрасы ён убачыў жанчыну, якая купалася. А тая жанчына была вельмі прыгожая. Тады Давід паслаў даведацца, хто гэтая жанчына, і яму сказалі, што гэта Бэтшэба, дачка Эліяма, жонка Урыі Хетыты. І паслаў Давід пасланцоў, каб прывялі яе. І зацяжарыла жанчына гэта, і паслала сказаць Давіду: Я цяжарная.
Тады Давід паслаў да Ёава, кажучы: Прышлі да мяне Урыя Хетыта. І паслаў Ёаў Урыю да Давіда. А калі Урыя прыйшоў да яго, Давід распытаўся, як маецца Ёаў, як маюцца людзі і як ідзе вайна. Затым Давід сказаў Урыю: Ідзі да свайго дому і абмый сабе ногі. Урыя выйшаў з каралеўскага палацу, а за ім панеслі каралеўскую ежу. Але Урыя лёг спаць каля ўваходу ў каралеўскі палац з усімі слугамі свайго гаспадара і не пайшоў да свайго дому.
І сказалі Давіду: Урыя не пайшоў да свайго дому. Тады запрасіў яго Давід, каб ён еў і піў разам з ім. І напаіў яго. А ўвечары пайшоў Урыя спаць на сваю пасцель са слугамі свайго гаспадара, але да дому свайго не пайшоў.
Раніцай Давід напісаў ліст да Ёава і паслаў яго праз Урыю. У лісце напісаў: Пастаўце Урыю ў першых шэрагах, дзе будзе самы гарачы бой, і адступіце ад яго, каб яго забілі і ён памёр.
Пад час аблогі горада Ёаў паставіў Урыю ў такім месцы, дзе, як ведаў, былі наймацнейшыя жаўнеры ворага. Людзі выйшлі з горада і біліся з Ёавам. І палеглі некаторыя з народа і са слугаў Давіда.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 56, 1–3а. 6–8 Дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў
Чытанне Кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан:
Захоўвайце правасуддзе і чыніце справядлівасць, бо хутка прыйдзе збаўленне Маё і аб’явіцца справядлівасць Мая. Шчаслівы чалавек, які робіць гэта, і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага, які захоўвае суботу, каб не ганьбіць яе, і пільнуе руку сваю, каб не зрабіць ніякага зла. І няхай сын чужаземца, які далучыўся да Пана, не кажа: Сапраўды адлучыць мяне Пан ад свайго народа! Сыноў чужаземцаў, якія далучыліся да Пана, каб служыць Яму і любіць імя Пана, каб быць Яго слугамі, усіх, хто захоўвае суботу, каб не ганьбіць яе, і тых, хто моцна трымаецца Майго запавету, узвяду на гару Маю святую і ўсцешу іх у Маім доме малітвы. Усеспаленні іхнія і ахвяры будуць даспадобы Мне на ахвярніку Маім, бо дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў. Пан Бог, які збірае выгнаннікаў Ізраэля, кажа: Апроч ужо сабраных, Я збяру для яго яшчэ іншых.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 46, 1–7. 28-30 Цяпер я магу памерці, таму што ўбачыў аблічча тваё
Чытанне кнігі Быцця.
У тыя дні:
Ізраэль вырушыў разам з усім, што было ў яго, і, прыбыўшы у Бээр-Шэбу, прынёс там ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака. І Бог прамовіў да Ізраэля ў начным бачанні, кажучы: Якубе, Якубе! Той адказаў: Вось я. І сказаў яму: Я – Бог, Бог бацькі твайго. Не бойся пайсці ў Егіпет, бо там Я зраблю цябе вялікім народам. Я сам пайду з табою ў Егіпет, і выведу цябе назад, а Юзаф закрые рукою сваёю твае вочы.
Тады Якуб выправіўся з Бээр-Шэбы. Сыны Ізраэля пасадзілі свайго бацьку Якуба, і дзяцей ягоных, і жонак ягоных на калясніцы, якія фараон паслаў, каб прывезці яго. Узялі з сабою ўсю маёмасць, якую мелі ў зямлі ханаанскай. І прыбылі ў Егіпет Якуб і ўсе нашчадкі ягоныя, сыны ягоныя і ўнукі, дочкі і ўнучкі разам з усім патомствам. А Юду ён паслаў перад сабою, каб той паказваў шлях да Гашэна. І прыбылі яны да зямлі Гашэн.
Юзаф жа запрог калясніцы свае і скіраваўся насустрач бацьку свайму ў Гашэн. Калі ўбачыў яго, кінуўся яму на шыю і доўга плакаў на шыі ягонай. І сказаў Ізраэль Юзафу: Цяпер я магу памерці, таму што ўбачыў аблічча тваё і ты яшчэ жывы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ос 14, 2–10 Не будзем больш казаць «нашы багі» пра справы нашых рук
Чытанне кнігі прарока Осіі.
Так кажа Пан:
Вярніся, Ізраэль, да Пана Бога свайго, бо ўпаў ты ў беззаконні сваім. Вазьміце з сабою словы і навярніцеся да Пана. Скажыце Яму: Прабач усё беззаконне, а добрае прымі, і мы адплацім ахвярай нашых вуснаў. Асірыя не ўратуе нас, мы больш не будзем ездзіць на конях, не будзем больш казаць “нашы багі” пра справы нашых рук, бо ў Цябе сірата знойдзе спагаду. Я вылечу іхнюю нявернасць, сардэчна палюблю іх, бо адвярнуўся ад іх Мой гнеў. Я буду для Ізраэля нібы раса. Ён расквітнее, як лілея, і пусціць карані свае, як Лібан. Разрастуцца галіны яго, і краса ягоная будзе як у алівы, а пах яго — нібы ад Лібана. І вернуцца тыя, хто сядзеў у ягоным цені, і ажывуць, як зерне, расквітнеюць, як вінаград, і будуць згадваць пра яго, як пра лібанскае віно. Эфраім, якая табе справа да ідалаў? Я пачую і дагледжу цябе. Буду як зялёны кіпарыс, ад Мяне будзе твой плод. Хто мудры, няхай гэта зразумее, хто разумны, няхай ведае гэта. Бо простыя шляхі Пана, і справядлівыя будуць хадзіць па іх, а грэшнікі на іх спатыкнуцца.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 47, 2–11 Ад усяго свайго сэрца ён апяваў і любіў Стварыцеля свайго
Чытанне кнігі Сіраха.
Як тлушч, што аддзяляюць ад ахвяры прымірэння, так ад сыноў Ізраэля адлучаны Давід. Як з казлянятамі, гуляў ён са львамі, з мядзведзямі — нібы са статкам ягнят. Ці ў юнацтве сваім не забіў ён асілка, знішчыў ганьбу народа, калі падняў рукою камень у прашчы і нізрынуў пыху Галіята. Бо ён паклікаў Найвышэйшага Пана, які даў сілу ягонай правіцы перамагчы магутнага воіна і ўзняць моц народа свайго. Так праслаўлялі яго дзесяткі тысяч разоў і дзякавалі яму з благаслаўленнем Пана, прыносячы яму карону славы. Бо выкараніў ён ворагаў вакол, знішчыў сваіх праціўнікаў філістымлянаў, да сённяшняга дня разбіў іх моц. У кожнай сваёй справе дзякаваў Святому Найвышэйшаму словамі хвалы, ад усяго свайго сэрца ён апяваў і любіў Стварыцеля свайго. Перад ахвярнікам паставіў псальмапеўцаў, каб галасы іх учынілі мілагучным спеў. Дадаў ён святам прыгажосці і ўрачыстасці аздобіў дасканала, каб праслаўлялася імя святое Пана і ад світання гучала святыня. Пан дараваў яму грахі яго і ўзнёс навекі ягоную моц, заключыў з ім запавет валадарства і даў яму трон славы ў Ізраэлі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ер 3, 14–17 Дам вам пастыраў паводле майго сэрца; і збяруцца ўсе народы ў Ерузалеме
Чытанне кнігі прарока Ераміі.
Вярніцеся, непакорныя сыны, — кажа Пан, — бо Я заручыўся з вамі. Я вазьму вас па адным з горада і па двое з роду і прывяду вас на Сіён. Я дам вам пастыраў паводле майго сэрца, і яны будуць пасвіць вас мудра і разважліва.
І станецца ў тыя дні, калі вы памножыцеся і будзеце мець вялікае патомства на зямлі, — кажа Пан, — што больш не будуць казаць: Каўчэг запавету Пана, — бо не ўзгадаюць пра яго, і не ўспомняць, і не наведаюць яго, таму што яго больш не будзе.
У той час Ерузалем назавуць тронам Пана, і ў ім, у Ерузалеме, збяруцца ўсе народы ў імя Пана, і больш не будуць паступаць паводле ўпартасці сваіх злых сэрцаў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 20, 1–17 Закон быў дадзены праз Майсея (Ян 1, 17)
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Сказаў Бог усе гэтыя словы:
Я – Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі.
Не май іншых багоў, апроч Мяне.
Не рабі сабе ніякай выявы ідала і падабенства таго, што ўверсе на небе, што ўнізе на зямлі і што ў водах пад зямлёю.
Не пакланяйся ім і не ўшаноўвай іх. Бо Я Пан Бог твой, Бог зайздросны, які карае дзяцей за беззаконне бацькоў да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, хто ненавідзіць Мяне. Але Я выяўляю міласэрнасць да тысяч пакаленняў тых, хто любіць Мяне і захоўвае запаведзі Мае.
Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна.
Памятай пра дзень шабату, каб свяціць яго. Шэсць дзён будзеш працаваць і рабіць усе працы свае, а сёмы дзень, шабат, для Пана Бога твайго; не рабі ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні твой нявольнік, ні твая нявольніца, ні жывёла твая, ні чужынец, які знаходзіцца ў брамах тваіх. Бо за шэсць дзён учыніў Пан неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, і на сёмы дзень адпачыў. Таму благаславіў Пан дзень шабату і асвяціў яго.
Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі, якую Пан Бог твой дасць табе.
Не забівай.
Не чужалож.
Не крадзі.
Не сведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.
Не пажадай дому бліжняга свайго; не пажадай ні жонкі яго, ні ягонага нявольніка, ні ягонай нявольніцы, ні вала ягонага, ні асла ягонага – нічога, што належыць яму.