ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Нав 24, 1–13 Я ўзяў бацьку вашага з Месапатаміі, вывеў вас з Егіпта, і прывёў вас у зямлю
Чытанне кнігі Езуса Навіна.
У тыя дні:
Езус Навін сабраў у Сіхеме ўсе плямёны Ізраэля і паклікаў старэйшых Ізраэля, яго кіраўнікоў, суддзяў і начальнікаў, і яны сталі перад абліччам Бога. Тады Езус Навін звярнуўся да ўсяго народа:
Так кажа Пан, Бог Ізраэля: Айцы вашыя, Тэрах, бацька Абгагама і Нахора, здаўна жылі на другім баку ракі і служылі чужым багам. Але Я ўзяў бацьку вашага Абрагама з межаў Месапатаміі, і правёў яго па ўсёй зямлі Ханаан, і памножыў нашчадкаў Ягоных, і даў яму Ісаака. Ісааку даў Якуба і Эзава. Эзаву Я даў ва ўладанне гару Сэір, а Якуб і сыны ягоныя сышлі ў Егіпет.
Тады Я паслаў Майсея і Аарона і ўдарыў Егіпет цудамі, што ўчыніў там, і пасля Я вывеў вас. Я вывеў продкаў вашых з Егіпта, і вы прыйшлі да мора. І егіпцяне з калясніцамі і конніцаю гналіся за айцамі вашымі аж да Чырвонага мора. І яны паклікалі Пана, і Ён паставіў паміж вамі і егіпцянамі цемру і навёў на іх мора, і яно накрыла іх. Бачылі вочы вашыя, што Я ўчыніў у Егіпце. Потым вы доўгі час жылі ў пустыні.
І Я прывёў вас у зямлю амарэяў, якія жылі на другім баку Ярдана. А калі яны ваявалі супраць вас, Я аддаў іх у рукі вашыя, і вы авалодалі зямлёю іхняй, а Я знішчыў іх. Пасля паўстаў Балак, сын Сэфора, маабскі кароль, і ваяваў супраць Ізраэля. І паслаў паклікаць Балаама, сына Бэора, каб ён праклянуў вас. Але Я не пажадаў слухаць Балаама, ён благаславіў вас, а Я ўратаваў вас ад рукі Балака.
Вы пераправіліся праз Ярдан і прыйшлі ад Ерыхона. Ваявалі супраць вас жыхары горада гэтага, амарэі, фэрэзэі, ханаанейцы, хетэі, гергесэі, хевэі і евусэі, але Я аддаў іх у рукі вашыя. Я паслаў перад вамі шэршняў, якія прагналі ад аблічча вашага двух каралёў амарэйскіх. Не мячом і не лукам тваім было гэта зроблена.
Я даў вам зямлю, над якою вы не працавалі, і гарады, якіх вы не будавалі; і вы жывяце ў іх, і спажываеце плён вінаграднікаў і алівы, якіх вы не саджалі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 16, 1–15. 60. 63 Ты была дасканалаю ў аздобе Маёй, якой Я цябе адарыў, і стала чужаложыць
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
Пан скіраваў да мяне слова: Сыне чалавечы, пакажы Ерузалему агіду ягоную і скажы яму: гэта кажа Ерузалему Пан Бог: тваё паходжанне і твая радзіма — у зямлі ханаанскай, бацька твой — амарэй, а маці — хетэйка. Калі ты нарадзілася, у дзень тваіх народзін, не абрэзалі пупавіны табе і для ачышчэння не абмылі цябе ў вадзе, не нацерлі цябе соллю і не спавілі ў пялёнкі. Нічыё вока не пашкадавала цябе, каб міласэрна зрабіць табе хоць нешта з гэтага, аднак з пагардай да твайго жыцця выкінулі цябе на голае поле ў дзень, калі ты нарадзілася.
Праходзячы міма цябе, Я ўбачыў цябе, кінутую на патаптанне ў сваёй крыві, і сказаў табе: Жыві ў сваёй крыві! Так, Я сказаў табе: Жыві ў сваёй крыві! Я расціў цябе як палявую расліну. І ты вырасла, і стала вялікай, і дасягнула незвычайнай прыгажосці: узняліся грудзі твае і выраслі валасы твае, але ты ўсё яшчэ была голай і непрыкрытай.
Я праходзіў каля цябе і ўбачыў цябе. Гэта быў час твой, час кахання. Я распасцёр шаты свае над табою і прыкрыў тваю галечу. Я пакляўся табе і заключыў з табой запавет, – кажа Пан Бог, – і ты стала Маёю. Я абмыў цябе вадою, абцёр з цябе кроў і намасціў цябе алеем. Я апрануў цябе ў вышываныя шаты, абуў цябе ў саф'янавыя чаравікі, бісерам аперазаў цябе і накрыў шоўкам. Каштоўнасцямі ўпрыгожыў цябе, надзеў бранзалеты на рукі твае, а ланцужок на тваю шыю. Я даў кальцо табе ў нос і завушніцы для тваіх вушэй, на галаву тваю ўсклаў цудоўную карону. І ты прыбралася ў золата і срэбра, апранулася ў бісер і шоўк, у вышываныя шаты. Ты спажывала найчысцейшую муку, мёд і алей. Ты стала надзвычай прыгожай і дасягнула каралеўскай велічы. І разышлася слава твая між народамі з прычыны красы тваёй, бо ты была дасканалаю ў аздобе Маёй, якой Я цябе адарыў, — кажа Пан.
Але ты ўсклала надзею на сваю прыгажосць і з-за славы сваёй стала чужаложыць. Ты рассыпала сваю распусту, аддаючыся кожнаму, хто праходзіў міма цябе.
Аднак Я буду памятаць пра свой запавет, што заключыў з Табою ў дні маладосці тваёй, і ўстанаўлю з табою вечны запавет, каб ты памятала і саромелася і каб ад сораму не магла больш адкрыць вуснаў сваіх у той час, калі я дарую табе ўсё, што ты рабіла, — кажа Пан Бог.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 19, 9а. 11–16 Стань на гары перад абліччам Пана
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
У тыя дні:
Калі Ілля прыйшоў да Божай гары Горэб, ён увайшоў у пячору. І скіраваў Пан да яго слова, кажучы: Выйдзі і стань на гары перад абліччам Пана, і вось пройдзе Пан, і будзе перад Ім вецер вялікі і моцны, які разрывае горы і крышыць скалы, але не ў ветры Пан. А пасля ветру будзе землятрус, але не ў землятрусе Пан. Пасля землятрусу будзе агонь, але не ў агні Пан. Пасля ж агню — шум ціхага ветру.
Пачуўшы гэта, Ілля прыкрыў твар свой плашчом і выйшаў з пячоры, і стаў пры ўваходзе да яе. І вось голас кажа яму: Што ты робіш тут, Ілля?
Ён адказаў: Я палаю руплівасцю дзеля Пана, Бога Магуццяў, бо сыны Ізраэля пакінулі Твой запавет, разбурылі Твае ахвярнікі і прарокаў Тваіх пазабівалі мячом. Застаўся я адзін, але яны шукаюць і майго жыцця, каб забраць яго.
І сказаў яму Пан: Ідзі, вяртайся сваёй дарогай праз пустыню ў Дамаск. І калі прыйдзеш, намасціш Газаэля каралём Сірыі. Егу, сына Намсі, намасціш каралём Ізраэля. І Елісея, сына Сафата з Абэль-Мэгуля, намасціш прарокам замест сябе.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Тоб 11, 5–17 (Vlg) Бог пакараў мяне і злітаваўся нада мною, і вось я бачу Тобія, сына майго
Чытанне кнігі Тобія..
У той дзень:
Ганна сядзела, углядаючыся ў дарогу, якою павінен быў вярнуцца яе сын. І здалёк пазнала яго, калі ён ішоў, і сказала бацьку ягонаму: Вяртаецца сын твой і чалавек, з якім пайшоў ён.
Перад тым, як Тобій наблізіўся да свайго бацькі, Рафаэль сказаў яму: Ведаю, што адкрыюцца вочы ягоныя. Памаж яму вочы жоўцю рыбы, і лек выцягне і злушчыць бельмы з вачэй ягоных. І вернецца зрок да бацькі твайго, і ён убачыць святло.
Ганна выбегла насустрач Тобію, і кінулася на шыю свайму сыну, і сказала: Сыне мой, я зноў бачу цябе; цяпер я магу памерці! І заплакала.
Тады бацька Тобія падняўся і, спатыкаючыся, кінуўся да варотаў падворка. І сын сустрэў яго з жоўцю рыбы ў руках, падзьмуў на вочы ягоныя і, моцна ўзяўшы яго, сказаў: Будзь мужны, бацька! І, выціснуўшы на яго лек, памазаў ім вочы. І садраў абедзвюма рукамі бельмы з куткоў вачэй ягоных. І бацька ўбачыў свайго сына, кінуўся яму на шыю, і заплакаў, кажучы: Я бачу цябе, сыне, святло вачэй маіх! І працягваў: Благаслаўлёны Бог, і благаслаўлёнае вялікае імя Яго, благаслаўлёныя ўсе святыя Анёлы Ягоныя на ўсе вякі, бо гэта Ён пакараў мяне і злітаваўся нада мною, і вось я бачу Тобія, сына майго!
І з радасцю ўвайшлі Тобій і яго жонка Ганна да свайго дому, на ўвесь голас благаслаўляючы Пана за ўсё, што з імі здарылася. І Тобій расказаў свайму бацьку, што, дзякуючы Пану Богу, добра прайшло падарожжа ягонае, і што прынёс грошы, і што ажаніўся з Сарай, дачкою Рагуэля, і што яна таксама ідзе і ўжо набліжаецца да брамаў Нінівы.
І ўзрадаваліся Тобій і Ганна, і выйшлі насустрач сваёй нявестцы да брамаў Нінівы. І жыхары Нінівы здзіўляліся, убачыўшы, што Тобій крочыць і ходзіць ва ўсёй моцы сваёй і без нічыёй дапамогі. А Тобій на ўвесь голас праслаўляў і благаслаўляў перад імі Бога, таму што Ён змілаваўся над Тобіем і адкрыў вочы ягоныя.
І наблізіўся Тобій да Сары, жонкі Тобія, сына свайго, і благаславіў яе, кажучы ёй: Дачка, сардэчна вітаю цябе! Благаслаўлёны Бог твой, які прывёў цябе да нас, дачка! Благаслаўлёны твой бацька, благаслаўлёны Тобій, сын мой, і благаслаўлёная ты, дачка! Уваходзь да дому твайго ў здароўі, благаслаўленні і радасці, уваходзь, дачка! І была ў той дзень вялікая радасць ва ўсіх юдэяў, якія жылі ў Нініве.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Цім 3, 10–17 Усе, хто жадае жыць пабожна ў Хрысце Езусе, пераследаваныя будуць
Чытанне Другога паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Ты пайшоў следам за маім вучэннем, за паводзінамі, за намерам, за вераю, за цярплівасцю, за любоўю, за трываласцю ў ганеннях і цярпеннях, якія выпалі мне ў Антыёхіі, у Іконіі, у Лістрах. Столькі ганенняў я перанёс, і ад усяго мяне выратаваў Пан.
І ўсе, хто жадае жыць пабожна ў Хрысце Езусе, пераследаваныя будуць. Нягодныя ж людзі і ашуканцы будуць дасягаць поспехаў у дрэнным, памыляючыся і іншых уводзячы ў зман.
А ты трывай у тым, чаму навучыўся і што табе даручана, ведаючы, ад каго навучыўся. Бо ад дзіцячых гадоў ведаеш святое Пісанне, якое можа навучыць цябе мудрасці, што вядзе да збаўлення вераю ў Хрысце Езусе. Усякае Пісанне натхнёна Богам і карысна для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці, каб Божы чалавек быў дасканалы, да ўсякай добрай справы гатовы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 24, 3–21 Не ўзніму рукі сваёй на яго, бо ён памазанік Пана
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Узяў Саўл тры тысячы выбраных мужоў з усяго Ізраэля і пайшоў шукаць Давіда і людзей ягоных на Скалах Горных Коз. І падышоў ён да авечых загонаў, што былі пры дарозе.
Была там пячора, у якую ўвашоў Саўл, каб пакрыць сабе ногі, а Давід і ягоныя людзі сядзелі ў глыбіні пячоры. Людзі Давіда сказалі яму: Вось дзень, пра які Пан казаў табе: Я аддам табе ворага твайго, каб ты зрабіў яму, як будзе заўгодна ў вачах тваіх. Давід устаў і ціхенька адрэзаў край вопраткі Саўла. Пасля гэтага задрыжала сэрца Давіда, што ён адрэзаў край вопраткі Саўла. І сказаў ён людзям сваім: Няхай міласцівы будзе да мяне Бог, каб я не ўчыніў гэтага гаспадару майму, памазаніку Пана, каб я не ўзняў рукі сваёй на яго, таму што ён памазанік Пана. І стрымаў Давід людзей сваіх словамі, і не дазволіў ім паўстаць на Саўла. Тады падняўся Саўл з пячоры і вярнуўся на дарогу.
Падняўся за ім і Давід і, выйшаўшы з пячоры, закрычаў за спінаю Саўла: Валадару, кароль мой! Саўл азірнуўся, а Давід схіліўся нізка да зямлі і пакланіўся Саўлу, кажучы: Навошта слухаеш ты словы людзей, якія кажуць: Давід задумаў ліхое супраць цябе? Вось сёння ўбачылі вочы твае, што ў пячоры Пан аддаў цябе ў рукі мае. І казалі мне забіць цябе, але я пашкадаваў цябе і сказаў: Не ўзніму рукі сваёй на валадара свайго, бо ён памазанік Пана. Айцец мой, ці ж не бачыш і не пазнаеш край вопраткі сваёй ў руках маіх? Калі я адразаў край вопраткі тваёй, я не хацеў забіваць цябе. Прыгледзься і зразумей, што няма ў руцэ маёй ні зла, ні злачынства, і не грашыў я супраць цябе. А ты шукаеш жыцця майго, каб забраць яго. Няхай Пан рассудзіць паміж мною і табою і няхай адпомсціць табе за мяне, але рукі маёй над табою не будзе. Як гаворыцца ў даўняй прымаўцы: Ад беззаконных выходзіць беззаконне, — таму не будзе рукі маёй на табе. Каго пераследуе кароль Ізраэля? За кім ты гонішся? За мёртвым сабакам, за адною блыхою? Няхай Пан будзе суддзёю, і рассудзіць паміж мною і табою, і ўбачыць, і вырашыць справу маю, і вырве мяне з рук тваіх.
Калі Давід закончыў гэтую прамову да Саўла, сказаў Саўл: Ці гэта твой голас, Давідзе, сыне мой? Саўл ўзняў голас і заплакаў. І сказаў Давіду: Ты больш справядлівы, чым я, таму што ты рабіў мне дабро, а я адплачваў табе злом. Сёння ты паказаў мне, як добра ты абышоўся са мною, калі Пан аддаў мяне ў рукі твае, а ты не забіў мяне. Бо хто ж, знайшоўшы ворага свайго, адпусіў бы яго ў добры шлях? Але Пан узнагародзіць цябе за тое, што сёння ты зрабіў са мною. Цяпер я ведаю, ты сапраўды будзеш валадарыць і мець ў руцэ сваёй каралеўства Ізраэля.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 48, 17–19 Калі б ты зважаў на Мае запаведзі!
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан, твой Адкупіцель, Святы Ізраэля: Я — Пан, Бог твой, які вучыць цябе таму, што карыснае, які накіроўвае цябе на шлях, якім трэба ісці. О, калі б ты зважаў на мае запаведзі, тады спакой твой быў бы, як рака, і справядлівасць твая, як хвалі марскія. І Твайго патомства было б, як пяску, і нашчадкаў з улоння твайго, як яго пясчынак. Не знікла б і не было б знішчана імя тваё перад Маім абліччам.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 18, 21–28 Ці ж Я жадаю смерці грэшніка, — кажа Пан Бог, — а не таго, каб адвярнуўся ад шляхоў сваіх і жыў?
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
Так кажа Пан Бог:
Калі грэшнік адвернецца ад усіх грахоў сваіх, якія ўчыніў, і будзе захоўваць ўсе Мае наказы, паступаць справядліва і праведна, то ён напэўна жыць будзе і не памрэ. Ніводзін з грахоў ягоных, які ўчыніў ён, не будзе прыгаданы яму; дзякуючы справядлівасці, якую чыніў, ён будзе жыць. Ці ж Я жадаю смерці грэшніка, — кажа Пан Бог, — а не таго, каб адвярнуўся ад шляхоў сваіх і жыў?
Калі ж справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй, будзе паступаць беззаконна і рабіць усе агіды, якія робіць несправядлівы, ці ж будзе ён жыць? Уся справядлівасць яго, якую чыніў, не будзе прыгадана; за нявернасць, якую праявіў, і за грэх, якім зграшыў, — за гэта памрэ ён.
Вы кажаце: Несправядлівы шлях Пана. Цяпер паслухай, доме Ізраэля: Гэта мой шлях несправядлівы, ці несправядлівыя хутчэй шляхі вашыя? Калі справядлівы адвернецца ад справядлівасці сваёй і будзе чыніць беззаконне, і памрэ, то за гэтыя беззаконні, якія чыніў, памрэ.
Калі грэшнік адвернецца ад граху свайго, які чыніў, і будзе здзяйсняць правасуддзе і справядлівасць, ён захавае жывой душу сваю. Ён пабачыў і адвярнуўся ад усіх беззаконняў сваіх, якія чыніў, таму жыць будзе і не памрэ.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 9, 1–20 Гэты чалавек маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем.
Калі ён падчас падарожжа набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвяціла яго. Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўл, Саўл, чаму ты пераследуеш Мяне? Ён жа сказаў: Хто Ты, Пане?
А той адказаў: Я Езус, якога ты пераследуеш. Устань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што ты павінен зрабіць.
Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі. Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нікога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск. Тры дні ён не бачыў і не еў, і не піў.
У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан аб’явіўся яму і сказаў: Ананія. А ён адказаў: Гэта я, Пане! Пан сказаў яму: Устань і ідзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарсу, бо ён цяпер моліцца.
I ўбачыў Саўл у аб’яўленні чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць.
Адказаў Ананія: Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме. I тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае імя Тваё.
Але Пан сказаў яму: Ідзі, бо гэты чалавек маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля. Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя.
Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І ўсклаўшы на яго рукі, сказаў: Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Святым Духам. І адразу нібы луска спала з вачэй ягоных, і стаў відучым, падняўся і быў ахрышчаны. А калі спажыў ежу, набраўся сілы.
Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску. І адразу пачаў абвяшчаць у сінагогах пра Езуса, што Ён Сын Божы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 13, 26–33 Бог выканаў абяцанне, калі ўваскрасіў Езуса
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Калі Павел прыйшоў у Антыёхію Пісідыйскую, ён прамовіў у сінагозе:
Браты, сыны роду Абрагама і тыя з вас, хто баіцца Бога. Нам паслана слова збаўлення гэтага, бо жыхары Ерузалема і іх кіраўнікі не пазналі Езуса і, калі асудзілі Яго, споўнілі словы прарокаў, што чыталіся кожную суботу. І хоць не знайшлі ніякай прычыны для смерці, прасілі Пілата забіць Яго. А калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, знялі Яго з крыжа і паклалі ў магілу.
Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых. Шмат дзён з’яўляўся Ён тым, хто разам з Ім прыйшоў з Галілеі ў Ерузалем, якія цяпер з’яўляюцца Яго сведкамі перад народам.
І мы абвяшчаем вам Добрую Навіну, што абяцанне, дадзенае айцам нашым, Бог выканаў для нас, дзяцей іхніх, калі ўваскрасіў Езуса, як і напісана ў другім псальме: Ты Сын Мой, Я Цябе сёння нарадзіў.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дз 5, 34–42 А яны пайшлі, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за імя Езуса
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
У тыя дні:
Адзін з фарысеяў па імені Гамаліэль, настаўнік Закону, паважаны ўсім народам, устаў на месцы пасяджэнняў і загадаў на хвіліну вывесці Апосталаў. Пасля сказаў: Мужы ізраэльскія, добра падумайце, што хочаце зрабіць з гэтымі людзьмі. Бо нядаўна перад гэтым з’явіўся Тэўда, выдаючы сябе за кагосьці вялікага. Далучылася да яго каля чатырохсот чалавек. Але ён быў забіты, і ўсе, хто слухаў яго, разышліся і зніклі. Пасля яго, падчас перапісу, з’явіўся Юда з Галілеі і павёў народ за сабою. Але і ён загінуў, і ўсе, хто слухаўся яго, рассеяліся.
І цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэтая задума і гэтая справа ад людзей, то яна знікне, а калі ад Бога, то вы не здолееце знішчыць іх. Каб часам вы не змагаліся з Богам. І яны паслухаліся яго.
Паклікаўшы Апосталаў, збілі іх і забаранілі ім прамаўляць у імя Езуса, і адпусцілі. А яны пайшлі з месца пасяджэння, радуючыся, што былі годныя цярпець знявагу за імя Езуса.
Не пераставалі кожны дзень навучаць у святыні і па дамах і абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 8, 4–7. 10–22а І будзеце наракаць на караля, якога сабе выбралі, але не пачуе вас Пан
Чытанне Першай кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Сабраліся ўсе старэйшыны Ізраэля, прыйшлі да Самуэля ў Раму і сказалі яму: Вось ты састарэў, а сыны твае не ходзяць шляхамі тваімі. Таму пастаў цяпер над намі караля, каб судзіў нас, як ёсць ва ўсіх народаў.
Не спадабалася сказанае Самуэлю, таму што казалі: Дай нам караля, каб судзіў нас. І маліўся Самуэль да Пана. А Пан адказаў Самуэлю: Слухай голас народа ва ўсім, што кажа табе, бо не цябе адкінулі, але Мяне адкінулі, каб Я не валадарыў над імі.
Тады ўсе словы Пана Самуэль перадаў народу, які прасіў у яго караля. І прамовіў ён: Такое будзе права караля, які стане валадарыць над вамі. Ён забярэ сыноў вашых, паставіць іх на калясніцы свае і зробіць іх сваімі вершнікамі, і будуць бегаць перад калясніцамі ягонымі. І прызначыць іх сабе тысячнікамі і сотнікамі, аратаямі палёў сваіх і жняцамі пасеваў. Каб рабілі для яго ваенную зброю і прылады для ягоных калясніц. Дачок вашых таксама возьме, каб намашчалі яго, былі кухаркамі і пекарамі. Палі вашыя, і вінаграднікі, і аліўкі найлепшыя забярэ і дасць слугам сваім. Але і з пасеваў вашых, і з вінаграднікаў будзе браць дзесяціну, каб аддаваць еўнухам і слугам сваім. А вашых слуг, і служанак, і найлепшых валоў забярэ і паставіць на сваю працу. Статкі вашыя абкладзе дзесяцінаю, а вы станеце яго слугамі. І будзеце наракаць ў той дзень на караля, якога сабе выбралі, але не пачуе вас Пан у дзень той.
Аднак народ не хацеў слухаць Самуэля і казаў: Не, няхай кароль будзе над намі, і мы станем, як усе народы; і будзе нас судзіць кароль наш, і выходзіць перад намі, і весці нашыя войны. І выслухаў Самуэль усе словы народа, і паўтарыў іх перад Панам. А Пан сказаў Самуэлю: Паслухай іх голас і пастаў над імі караля.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 29, 17–24 У той дзень вочы сляпых будуць бачыць
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Гэта кажа Пан Бог: Ці ж у хуткім часе не станецца Лібан садам, і ці не будуць лічыць сад лесам? І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, і вочы сляпых з цемры і змроку будуць бачыць. І радасць пакорлівых павялічыцца ў Пану, і бедныя будуць цешыцца ў Святым Ізраэля. Бо не будзе больш крыўдзіцеля, і насмешнік знікне, і прападуць усе, хто імкнецца да несправядлівасці, хто ў словах асуджае чалавека і на таго, хто судзіцца ў браме, ставіць пастку, уводзіць справядлівага ў замяшанне. Таму Пан, які адкупіў Абрагама, так кажа дому Якуба: Цяпер Якуб не будзе асаромлены, і аблічча ягонае больш не збялее. Бо калі ўбачыць дзяцей сваіх, справу рук Маіх, то будзе свята шанаваць імя Маё, і свята шанаваць будуць Святога Якубавага, і Бога Ізраэля будуць баяцца. І той, хто блукае духам, набудзе разуменне, і хто наракае, атрымае настаўленне.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зых 11, 10 — 12, 14 Зарэжаце ягня на змярканні; і Я ўбачу кроў, і абміну вас
Чытанне кнігі Зыходу.
У тыя дні:
Майсей і Аарон учынілі перад фараонам мноства цудаў, але Пан зрабіў упартым сэрца фараона, і той не адпусціў сыноў Ізраэля са сваёй зямлі.
Сказаў Пан Майсею і Аарону ў зямлі егіпецкай: Месяц гэты няхай будзе ў вас пачаткам месяцаў. Ён для вас будзе першым сярод месяцаў года. Звярніцеся да ўсёй грамады Ізраэля і скажыце:
У дзесяты дзень гэтага месяца няхай возьме сабе кожны ягня для сваёй сям’і, ягня для дому. Калі ж сям’я будзе малая, каб з’есці ягня, то няхай разам з бліжэйшым да яго дому суседам возьме ягня паводле колькасці людзей. На кожнага столькі, колькі можа з’есці, разлічыце гэтае ягня.
Ягня павінна быць без заганаў, самец, аднагадовы. Выбраць можаце яго з ягнят або казлянят. І будзе яно ў вас да чатырнаццатага дня гэтага месяца. А пасля ўся грамада Ізраэля зарэжа яго на змярканні. І возьмуць ягоную кроў, і пазначаць ёй вушакі і бэльку над дзвярамі ў дамах, дзе будуць есці яго. Няхай у гэтую ноч з’ядуць мяса ягонае, спечанае на агні; будуць есці яго з праснакамі і горкімі травамі. Не будзеце есці з яго нічога сырога і нічога зваранага ў вадзе, але з’ясце спечанае на агні з галавою, нагамі і нутром. І да раніцы няхай не застанецца ад яго нічога, а калі што застанецца, спаліце на агні. Так будзеце есці яго: сцёгны вашыя будуць апаясаныя, сандалі на нагах вашых і кій ваш у руках вашых. Есці будзеце паспешліва, бо гэта Пасха Пана.
У гэтую ноч Я прайду па зямлі егіпецкай і заб’ю кожнага першынца ў зямлі егіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і ўчыню суд над усімі багамі Егіпта. Я — Пан. І будзе кроў знакам на вашых дамах, дзе вы будзеце. І калі Я ўбачу кроў, абміну вас, і не будзе сярод вас згубнага мору, калі буду караць зямлю егіпецкую.
І дзень гэты будзе для вас на ўспамін, і будзеце святкаваць яго, як свята Пана праз усе пакаленні вашыя. Паводле вечнага загаду будзеце святкаваць яго.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 38, 1–6. 21–22. 7–8 Я пачуў тваю малітву, бачыў слёзы твае
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
У тыя дні захварэў Эзэхія смяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: Так кажа Пан: Распарадзіся сваім домам, бо ты паміраеш і не будзеш жыць. Тады Эзэхія адвярнуўся тварам да сцяны і маліўся да Пана, кажучы: О, Пане, успомні, як хадзіў я перад Тваім абліччам у праўдзе і са шчырым сэрцам, і чыніў добрае ў Тваіх вачах. І заплакаў Эзэхія моцна.
Тады скіраваў Пан да Ісаі слова, кажучы: Ідзі і скажы Эзэхіі: Так кажа Пан, Бог Давіда, айца твайго: Я пачуў тваю малітву, бачыў слёзы твае. Вось Я дадам да тваіх дзён пятнаццаць гадоў. Выбаўлю цябе і гэты горад з рукі асірыйскага караля і абараню гэты горад.
І сказаў Ісая: Прынясіце вязанку смокваў і прыкладзіце да нарыву, і ён будзе здаровы. Эзэхія ж сказаў: Які знак мне будзе, што я ўвайду ў дом Пана? Ісая сказаў: Такі будзе табе знак ад Пана, што выканае Ён слова, якое сказаў: Вось Я вярну назад на дзесяць ступеняў сонечны цень, які прайшоў па ступенях Ахаза. І вярнулася сонца на дзесяць ступеняў, па якіх ужо спусцілася.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Быц 3, 1–8 Будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло
Чытанне кнігі Быцця.
Змей быў найбольш хітрым з усіх палявых звяроў, якіх стварыў Пан Бог. І сказаў змей жанчыне: Ці сапраўды сказаў Бог “не ешце з ніякага дрэва ў раі”? Жанчына адказала яму: Мы можам есці плады з дрэў саду. Але пра плод дрэва, якое ў сярэдзіне раю, Бог сказаў: Не ешце яго і не дакранайцеся да яго, каб вам не памерці. І сказаў змей жанчыне: Не, не памрэце! Бо ведае Бог, што ў дзень, калі вы пакаштуеце з яго, адкрыюцца вочы вашыя, і будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло. І ўбачыла жанчына, што гэта дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва, каб атрымаць пазнанне. Тады ўзяла яна плод яго і ела, і дала таксама мужу свайму, і ён еў. І адкрыліся ў іх абоіх вочы, і пазналі яны, што голыя, і сшылі лісты смакоўніцы, і зрабілі сабе павязкі.
Калі пачулі яны голас Пана Бога, які хадзіў па садзе падчас дзённай прахалоды, тады схаваўся Адам і яго жонка ад Пана Бога сярод дрэў раю.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 11, 29–32; 12, 19 Адпаў Ізраэль ад дому Давіда
Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.
Сталася ў той час, калі Ерабаам выйшаў з Ерузалема: сустрэў яго на дарозе прарок Ахія з Сілома, які быў апрануты ў новы плашч. Толькі ўдваіх яны былі на полі. Узяў Ахія свой новы плашч, які меў на сабе, разарваў яго на дванаццаць кавалкаў і сказаў Ерабааму: Вазьмі сабе дзесяць кавалкаў, бо Пан, Бог Ізраэля кажа так: Вось Я вырву каралеўства з рукі Саламона і дам табе дзесяць каленаў. Адно калена застанецца яму дзеля слугі Майго Давіда і дзеля горада Ерузалема, якое Я выбраў паміж усіх кален Ізраэля. І адпаў Ізраэль ад дому Давіда аж па сённяшні дзень.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Сір 6, 5–17 Вернаму сябру няма цаны
Чытанне кнігі Мудрасці Сіраха.
Мілыя словы прыцягваюць сяброў, а ласкавы язык павялічвае зычлівасць. Няхай тых, хто жыве з табою ў міры, будзе шмат, але тваіх дарадцаў — з тысячы адзін. Калі здабываеш сябра, выпрабуй яго і не спяшайся давяраць яму. Бывае сябра, але ў выгадны для сябе час, ён не застанецца з табою ў няшчасці тваім. Бывае сябра, які ператвараецца ў ворага і табе на сорам выяўляе вашы сваркі. Бывае і сябра, які сядзіць з табою за сталом, але не застанецца з табою ў няшчасці тваім. У час, спрыяльны для цябе, ён будзе нібы сам ты, са слугамі тваімі дзёрзкі будзе. Але, калі патрапіш у непрыемнасці, ён павернецца супраць цябе і будзе пазбягаць твайго аблічча. Аддаліся ад ворагаў сваіх і будзь асцярожны са сваімі сябрамі. Верны сябра — гэта моцная абарона, хто яго знаходзіць, той знаходзіць скарб. Вернаму сябру няма цаны, і невымерная каштоўнасць яго. Верны сябра — гэта лек жыцця, і яго знойдуць тыя, хто баіцца Пана. Богабаязны добра вядзе сваё сяброўства; таму, які ён сам, такі таксама бліжні ягоны.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Як 5, 9-12 Вось Суддзя стаіць пры дзвярах
Чытанне Паслання святога апостала Якуба.
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі: вось Суддзя стаіць пры дзвярах. За прыклад цярплівасці і велікадушнасці, браты, вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана.
Вось, мы называем шчаслівымі тых, хто выцерпеў. Вы чулі пра цярплівасць Ёва і бачылі яго канчатковую ўзнагароду ад Пана, бо Пан шматміласцівы і літасцівы.
Але перадусім, браты мае, не кляніцеся ні небам, ні зямлёю ці якою іншаю клятваю. Няхай жа ваша «так» будзе «так», а ваша «не» будзе «не», каб вам не патрапіць пад асуджэнне.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 23, 1. 4-11. 15-16. 27. 34b-37 Вось святы Пана, на якія будзеце склікаць святы сход
Чытанне кнігі Левіта.
Пан прамовіў да Майсея, кажучы: Вось святы Пана, сходы святыя, якія вы павінны склікаць у адпаведны час.
У першы месяц, у чатырнаццаты дзень месяца пад вечар – Пасха Пана. А ў пятнаццаты дзень таго самага месяца – свята Праснакоў для Пана. Сем дзён будзеце есці праснакі. У першы дзень будзе скліканы для вас святы сход; не будзеце выконваць ніякай працы, але на працягу сямі дзён будзеце прыносіць ахвяры спалення для Пана. У сёмы дзень будзе святы сход; не будзеце выконваць ніякай працы. І прамовіў Пан да Майсея, кажучы: Звярніся да сыноў Ізраэля і скажы ім: калі ўвойдзеце ў зямлю, што Я дам вам, і будзеце збіраць ураджай, прынясеце святару сноп з пачаткаў ураджаю вашага. Ён патрасе снапом перад Панам, каб вам здабыць прыхільнасць. На наступны дзень пасля шабату святар патрасе ім.
Адлічыце сабе таксама ад першага дня пасля шабату, ад дня, калі прынясеце сноп для калыхання, сем поўных тыдняў. Аж да першага дня пасля сёмага шабату адлічыце пяцьдзесят дзён і прынясіце новую некрывавую ахвяру для Пана.
У дзесяты дзень таго ж сёмага месяца – дзень Ачышчэння, ён будзе для вас святым сходам. Скарыце душы вашыя і прынясіце ахвяру спалення для Пана.
У пятнаццаты дзень таго ж сёмага месяца будзе свята Шатроў, сем дзён для Пана. У першы дзень святога сходу не будзеце выконваць ніякай працы. На працягу сямі дзён будзеце прыносіць ахвяры спалення для Пана. На восьмы дзень будзе ў вас святы сход, і прынясеце Пану ахвяру спалення. Гэта ўрачысты сход; не будзеце выконваць ніякай працы. Вось святы Пана, на якія будзеце склікаць святы сход, каб прыносіць ахвяры спалення для Пана: усеспаленні і некрывавыя, ахвяры крывавыя і ўзліванні, што прызначана ў гэты дзень.