ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рут 1, 1. 3–6. 14b–16. 22 Наамі разам з маабіцянкай Рут вярнулася ў Бэтлеем
Пачатак кнігі Руты.
У дні, калі кіравалі суддзі, настаў голад на зямлі. І адзін чалавек выйшаў з юдэйскага Бэтлеему разам з жонкаю сваёю Наамі і двума сынамі сваімі, каб пасяліцца на маабскіх палях. І памёр Элімэлех, муж Наамі, і яна засталася адна з сынамі. Яны ажаніліся з маабіцянкамі. Адну звалі Орфа, а другая мела імя Рут. І жылі там каля дзесяці гадоў. І памерлі абодва сыны, Махлон і Кілеон, і засталася гэтая жанчына без дваіх сыноў сваіх і без мужа.
І сабралася яна разам з дзвюма нявесткамі сваімі, каб вярнуцца назад з маабскіх палёў, бо пачула ў маабскай краіне, што Пан наведаў свой народ і даў яму хлеб.
Тады Орфа пацалавала сваю свякроў, а Рут засталася з ёю. І сказала ёй Наамі: Вось ятроўка твая вярнулася да народа свайго і да багоў сваіх, ідзі і ты следам за тваёй ятроўкай. Але Рут адказала: Не змушай, каб я пакінула цябе і адышла; куды б ты ні пайшла, і я пайду; дзе б ты ні пасялілася, і я пасялюся. Твой народ будзе маім народам, і твой Бог — маім Богам.
Тады Наамі разам са сваёй нявесткай, маабіцянкай Рут, вярнулася з маабскіх палёў у Бэтлеем, калі пачыналася жніво ячменю.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 37, 1–14 Косці сухія, слухайце слова Пана. Я выведу вас з магілаў, дом Ізраэля
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
У тыя дні:
Была на мне рука Пана, і Пан вывеў мяне ў духу, і паставіў мяне сярод даліны, поўнай касцей. І абвёў мяне вакол іх. Вельмі шмат іх ляжала на абшары даліны, і былі яны вельмі сухія. І сказаў мне: Сыне чалавечы, ці ажывуць косці гэтыя? Я сказаў: Ты ведаеш, Пане Божа. І сказаў мне: Прароч над касцямі гэтымі і скажы ім: косці сухія, слухайце слова Пана. Так кажа Пан Бог касцям гэтым: Вось Я пашлю вам духа, і ажывяце. І дам вам жылы, і ўчыню, што вырасце на вас цела, і абцягну вас скураю, і пашлю вам духа, і ажывяце, і даведаецеся, што Я — Пан.
Я абвясціў прароцтва, як было наказана мне. І калі я прарочыў, узняўся шум і трэск, і пачалі збліжацца косці, костка да сваёй косткі. І бачыў я: вось з’явіліся жылы на іх і цела вырасла, і скура пакрыла іх зверху, але духа не было ў іх. Тады сказаў Ён мне: Прароч да духа, прароч, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Пан Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, каб ажылі яны. І прарочыў я, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, і яны ажылі і сталі на свае ногі, вельмі вялізнае войска.
І сказаў Ён мне: Сыне чалавечы, косці гэтыя — гэта ўвесь дом Ізраэля. Вось яны кажуць: Высахлі косці нашыя, і загінула наша надзея, нам пагібель. Таму прароч і скажы ім: так кажа Пан Бог: вось Я адкрыю магілы вашыя, і выведу вас, народ Мой, з магілаў вашых і прывяду вас у зямлю Ізраэля. І даведаецеся, што Я — Пан ваш, калі адкрыю магілы вашыя і выведу вас, народзе Мой, з магілаў вашых. І ўдыхну ў вас дух Мой, і ўчыню, што будзеце жыць і спачываць на зямлі вашай, і даведаецеся, што Я, Пан сказаў і зрабіў гэта, — кажа Пан.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 4, 1–8 Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Што, скажам, знайшоў Абрагам, праайцец наш паводле цела? Калі Абрагам апраўдаўся ўчынкамі, то мае пахвалу, але не перад Богам. Бо што кажа Пісанне? Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму як справядлівасць. Плата працаўніку залічваецца не з ласкі, але з абавязку. А таму, хто не працуе, але верыць у таго, хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца як справядлівасць.
Так і Давід называе шчаслівым чалавека, якому Бог залічвае справядлівасць незалежна ад учынкаў: Шчаслівыя, каму беззаконне дараванае і чые грахі закрытыя; благаслаўлёны чалавек, якому Пан не залічыць граху.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 1, 11–14 Мы раней спадзяваліся на Хрыста, і былі пазначаныя пячаткаю Духа Святога
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
У Хрысце мы былі выбраны і прадвызначаны згодна з намерам таго, хто ўсё здзяйсняе паводле пастанаўлення волі сваёй, каб мы, якія раней спадзяваліся на Хрыста, былі для хвалы Ягонай славы.
У Ім і вы, калі пачулі слова праўды, добрую навіну пра збаўленне вашае, і паверылі ў Яго, былі пазначаныя пачаткаю абяцанага Духа Святога, які ёсць задаткам нашай спадчыны дзеля адкуплення Ягонага набытку, для хвалы Ягонай славы.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Рым 7, 18–25а Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці?
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:
Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у целе маім, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як. Бо добрае, якое хачу, не раблю, а благое, якое не хачу, раблю. Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне.
Тады я адкрываю закон, што, калі хачу рабіць добрае, ляжыць перада мною благое. Бо, паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым, але ў членах маіх бачу іншы закон, што змагаецца з законам розуму майго і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў членах маіх. Няшчасны я чалавек. Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці? Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эф 4, 1–6 Адно цела, адзін Пан, адна вера, адзін хрост
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Эфесцаў.
Браты:
Малю вас я, вязень Пана, паступаць годна паклікання, якім вы пакліканы, з усёю пакораю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, церпячы адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе міру.
Адно цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання. Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, які над усімі і праз усіх, і ва ўсіх нас.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Клс 1, 15-20 Усё праз Яго і для Яго створана
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.
Браты:
Езус Хрыстус з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады – усё праз Яго і для Яго створана. Ён ёсць раней за ўсё, і ўсё трымаецца ў Ім. Ён – Галава Цела, гэта значыць, Касцёла. Ён – пачатак, першародны з мёртвых, каб Ён ва ўсім меў першынство. Бо спадабалася Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы мір праз Кроў Ягонага крыжа.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 4, 1–5 Пан выявіць намеры сэрцаў
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Няхай людзі лічаць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі таямніц Божых. А ў такім выпадку ад распарадчыкаў патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным.
Мне ж неістотна, як асудзіце мяне вы ці людскі суд, я і сам сябе не суджу. Бо я ні ў чым сябе не дакараю, але гэта не апраўдвае мяне. Пан ёсць тым, хто судзіць мяне.
Таму не судзіце заўчасна, пакуль не прыйдзе Пан, які асветліць схаванае ў цемры і выявіць намеры сэрцаў. І тады кожны атрымае ўзнагароду ад Бога.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Тэс 4, 1–8 Воля Божая — гэта асвячэнне вашае
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланiкiйцаў.
Браты, просім і заклікаем вас у Пану Езусе: навучыцеся ад нас паводзінам, якія падабаюцца Богу, хоць вы так і паступаеце, і ўзбагачайцеся ў гэтым яшчэ больш. Бо ведаеце, якія наказы мы далі вам праз Пана Езуса.
Бо воля Божая — гэта асвячэнне вашае, каб вы сцерагліся ад распусты, каб кожны з вас умеў утрымліваць сваё цела ў святасці і пашане, а не ў пажадлівым захапленні, як язычнікі, што не ведаюць Бога. Няхай ніхто не крыўдзіць і не выкарыстоўвае брата свайго ў гэтай справе, бо Пан — мсціўца за ўсё гэта, як мы сказалі вам раней і засведчылі.
Бог паклікаў нас не да нячыстасці, але да святасці. Таму той, хто пагарджае гэтым, пагарджае не чалавекам, але Богам, які і дае вам свайго Духа Святога.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 1, 17–25 Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — прычына ўпадку, а для тых, хто пакліканы, — Божая мудрасць
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Хрыстус паслаў мяне не хрысціць, але абвяшчаць Добрую Навіну; і не мудрасцю слова, каб не зрабіць марным крыжа Хрыстовага. Бо для тых, хто гіне, слова аб крыжы — гэта глупства, але для нас, якія збаўляемся, — гэта моц Божая.
Бо напісана: Я знішчу мудрасць мудрацоў і адкіну розум разумных. Дзе мудрэц? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не ператварыў Бог мудрасці свету ў глупства?
Паколькі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, спадабалася Богу праз глупства прапаведавання збавіць веруючых. Бо юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — прычына ўпадку, для язычнікаў — глупства, а для тых, хто пакліканы, і юдэяў, і грэкаў — Ён Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць. Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Аг 1, 15b – 2, 9 Яшчэ трохі – і напоўню дом гэты славаю
Чытанне кнігі прарока Агея.
У другі год панавання караля Дарыя, у дваццаць першы дзень сёмага месяца, слова Пана было скіравана да прарока Агея: Скажы Зарабабэлю, сыну Салятыэля, кіраўніку Юдэі, і Езусу, сыну Егацадака, вялікаму святару, а таксама рэшце народа:
Ці застаўся сярод вас нехта, хто бачыў гэты дом у яго ранейшай славе? І якім вы бачыце яго сёння? Ці не здаецца у вачах вашых, што ў параўнанні з тым гэта нішто? Але цяпер бадзёрся, Зарабабэль, – кажа Пан, – бадзёрся Езусе, сыне Егацадака, вялікі святар, бадзёрся ўвесь народ зямлі, – кажа Пан, – працуй, бо Я з табою, – кажа Пан Магуццяў. Паводле абяцання, якое даў вам у час выйсця з Егіпта, Дух Мой жыве сярод вас: не бойцеся!
Бо так кажа Пан Магуццяў: Яшчэ трохі – і неўзабаве ўзрушу нябёсы і зямлю, мора і сушу. Я ўзрушу ўсе народы, і прынясуць скарбы ўсіх народаў, і напоўню дом гэты славаю, – кажа Пан Магуццяў. Мне належыць срэбра і Мне належыць золата, – кажа Пан Магуццяў. І слава гэтага апошняга дому будзе большай, чым папярэдняга, – кажа Пан Магуццяў. На гэтым месцы Я дам спакой, – кажа Пан.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Экл 3, 1–11 Свой час мае кожная справа пад небам
Чытанне кнігі Эклезіяста.
Усё мае свой адпаведны час, свой час мае кожная справа пад небам: час нараджацца і час паміраць; час саджаць і час збіраць, што пасадзілі; час забіваць і час лячыць; час руйнаваць і час будаваць; час плакаць і час смяяцца; час смуткаваць і час плясаць; час раскідваць камяні і час іх збіраць; час абдымацца і час ухіляцца ад абдымкаў; час шукаць і час губляць; час зберагаць і час выкідаць; час разрываць адзенне і час зашываць; час маўчаць і час гаварыць; час любіць і час ненавідзець; час ваяваць і час мірыцца. Якая карысць работніку з таго, над чым працуе? Я ўбачыў заняткі, над якімі Бог даў клапаціцца людзям. Ён усё зрабіў добрым у свой час; таксама вечнасць Ён паклаў у іхнія сэрцы, але чалавек не можа зразумець справаў, якія ўчыніў Бог ад пачатку і аж да канца.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёэл 1, 13–15; 2, 1–2 Прыходзіць дзень Пана, дзень цемры і змроку
Чытанне кнігі прарока Ёэля.
Падперажыцеся і галасіце, святары, плачце слугі алтара. Уваходзьце і начуйце ў мешкавіне, слугі Бога майго, бо знікла з дому Бога вашага ахвяра некрывавая і з напояў. Абвясціце святы пост, склічце сход, збярыце старэйшын, усіх жыхароў краіны да дому Пана Бога вашага і заклікайце Пана. О, які дзень! Блізка дзень Пана, ён прыйдзе ад Усемагутнага, нібы спусташэнне. Затрубіце ў трубу на Сіёне, крычыце на гары Маёй святой, няхай спалохаюцца ўсе жыхары зямлі, бо прыходзіць дзень Пана, бо ён блізка. Дзень цемры і змроку, дзень воблачны і імглісты! Як світанне, разыходзіцца па гарах народ вялікі і моцны, якога не было спрадвеку, і пасля яго ўжо не будзе з пакалення ў пакаленне.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 3, 7–14 Тыя, хто верыць, будуць благаслаўлёныя разам з верным Абрагамам
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.
Браты:
Зразумейце, што тыя, хто верыць, гэта сыны Абрагама. І Пісанне, якое прадбачыла, што Бог праз веру апраўдае язычнікаў, ужо Абрагаму абвясціла добрую навіну: У табе благаслаўлёныя будуць усе народы. Таму тыя, хто верыць, будуць благаслаўлёныя разам з верным Абрагамам. А ўсе, хто спадзяецца на ўчынкі паводле Закону, знаходзяцца пад праклёнам, бо напісана: Пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напісана ў кнізе Закону, каб чыніць гэта. А што дзякуючы Закону ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта відавочна, бо справядлівы вераю жыць будзе. Закон жа не з веры, але той, хто выконвае наказы, той жыць будзе дзякуючы ім.
Хрыстус адкупіў нас ад праклёну Закону, стаўшы праклёнам за нас, бо напісана: Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве, — каб благаслаўленне Абрагама праз Хрыста Езуса пашырылася на язычнікаў, каб мы атрымалі праз веру абяцанага Духа.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 1, 1-2. 12-14 Раней я быў блюзнерцам, але быў памілаваны
Пачатак Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Павел, апостал Хрыста Езуса паводле загаду Бога, нашага Збаўцы і Надзеі нашай, Езуса Хрыста – Цімафею, сапраўднаму дзіцяці ў веры. Ласка, міласэрнасць і спакой ад Бога Айца і нашага Пана Езуса Хрыста.
Я дзякую нашаму Пану Езусу Хрысту, які ўмацаваў мяне, таму што Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы на службу, хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і. І ласка нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 9, 16-19. 22b-27 Для ўсіх я стаў усім, каб любою цаною збавіць некага
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо абавязак гэты ўскладзены на мяне, і гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля. Бо, калі раблю гэта з уласнай волі, атрымліваю ўзнагароду; а калі не з уласнай волі, то выконваю даручанае мне служэнне. Якая ж мая ўзнагарода? Каб, бескарысліва прапаведуючы Евангелле, я даносіў навіну пра Хрыста, не карыстаючыся маёю ўладаю ў Евангеллі. Таму што, будучы вольным ад усіх, я стаў нявольнікам ўсіх, каб здабыць яшчэ больш.
Для ўсіх я стаў усім, каб любою цаною збавіць некага. Раблю ж гэта дзеля Евангелля, каб стаць яго саўдзельнікам.
Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць яе. Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё; толькі тыя – каб атрымаць тленны вянок, а мы – нятленны. Таму я не бягу так, нібы бязмэтна, не змагаюся так, нібы б’ючы паветра; але я суровы да свайго цела і лічу яго паднявольным, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца няздатным.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 15, 12–20 Калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос з мёртвых, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння мёртвых? Калі ж няма ўваскрашэння мёртвых, то і Хрыстус не ўваскрос, а калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная.
Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі мёртвыя не ўваскрасаюць. Бо калі мёртвыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос. А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых. Тады загінулі і памерлыя ў Хрысце. І калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.
Але цяпер Хрыстус уваскрос з мёртвых, Першынец сярод тых, якія заснулі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 6, 2с–12 Ты, о чалавек Божы, імкніся да справядлівасці
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:
Гэтаму навучай і да гэтага заклікай. Калі хто навучае інакш і не трымаецца здаровых словаў нашага Пана Езуса Хрыста, а таксама згоднага з пабожнасцю вучэння, той заганарыўся, нічога не ведае, але мае хваравітую схільнасць да пытанняў і слоўных спрэчак. З гэтага ўзнікаюць зайздрасць, гнеў, блюзнерствы, зласлівыя падазрэнні, няспынныя спрэчкі пазбаўленых праўды людзей з сапсаваным мысленнем, якія лічаць, што пабожнасць — гэта карысць.
Сапраўды, пабожнасць разам з задавальненнем — гэта вялікая карысць. Бо мы нічога не прыносім у свет і не можам нічога вынесці. Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым.
А тыя, хто хоча ўзбагаціцца, трапляюць у спакусу і пастку, у шматлікія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія затапляюць людзей у згубе і пагібелі. Бо корань ўсялякага зла — гэта любоў да грошай, у пагоні за якімі некаторыя адступіліся ад веры і аддалі сябе шматлікім пакутам.
Але ты, о чалавек Божы, пазбягай памылак, імкніся да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці і лагоднасці. Змагайся добрым змаганнем веры, трымайся вечнага жыцця, да якога ты пакліканы і пра якое ты даў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Бар 1, 15–22 Мы зграшылі перад Панам і не паслухаліся
Чытанне кнігі прарока Баруха.
У тыя дні:
У Пана, Бога нашага, справядлівасць, у нас жа – сорам на тварах, як сёння ва ўсякага юдэя і ў жыхароў Ерузалема, і ў каралёў нашых, і ў кіраўнікоў нашых, і ў святароў нашых, і ў прарокаў нашых, і ў айцоў нашых, бо мы зграшылі перад Панам і не паслухаліся Яго, і не пачулі голасу Пана, Бога нашага, каб паступаць паводле наказаў Пана, якія Ён даў нам.
таго дня, калі Пан вывеў айцоў нашых з зямлі Егіпецкай, і да гэтага дня мы былі непаслухмяныя Пану, Богу нашаму, і не хвалявала нас, што мы не слухалі Ягоны голас. Таму і спасціглі нас няшчасці і праклён, якімі пагражаў Пан праз слугу свайго Майсея ў той дзень, калі вывеў айцоў нашых з зямлі Егіпецкай, каб даць нам зямлю, дзе плывуць малако і мёд, як сёння. І не слухалі мы голасу Пана Бога нашага ва ўсіх словах прарокаў, якіх пасылаў да нас, і кожны паступаў паводле злых намераў сэрца свайго, служачы чужым багам і чынячы зло перад вачыма Пана, Бога нашага.
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 38, 1. 12–21; 40, 3–5 Ці ты загадваў раніцы, ці сыходзіў ты да марскіх крыніцаў
Чытанне кнігі Ёва.
Пан адказаў Ёву з віхуры, кажучы:
Ці калі-небудзь у сваім жыцці ты загадваў раніцы, паказваў зараніцы месца яе, каб яна ахапіла межы зямлі і скінула з яе бязбожнікаў? Зямля змяняецца, як гліна пад пячаткай, і расфарбавана яна, як адзенне. Аднята ў бязбожнікаў святло іхняе, і высока ўзнятая рука іх зламана?
Ці сыходзіў ты да марскіх крыніцаў і ці даследаваў дно бездані? Ці адчыняліся табе брамы смерці, ці бачыў ты брамы смяротнага ценю? Ці аглядаў ты прастору зямлі? Раскажы, калі ведаеш пра ўсё гэта.
На якім шляху жыве святло, і дзе тое месца цемры, каб дайшоў ты да іхніх межаў і ведаў сцежкі да іх дому? Ты пазнаў гэта, бо ўжо тады быў народжаны, і лічба дзён тваіх вялікая?
І адказаў Ёў Пану: Вось я малы, што Табе адкажу? Руку сваю кладу на вусны свае. Я раз прамовіў, і ўжо не адкажу; нават двойчы, але нічога не дадам.